Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

Про́цьма ’вялікае мноства, безліч’ (ТСБМ, Гарэц., Касп., Сцяшк., ТС; мін., Шн. 2, Шат., Др.-Падб.), ’змрок, цемра’ (Шат., Др.-Падб.), ’поўнасцю, цалкам’ (ТС), про́цьменны ’пражорлівы’ (Касп.). Па тыпу словаўтварэння аддзеяслоўны дэрыват з нулявым суфіксам. Тады трэба дапусціць дзеяслоў *працьміць. Далей гл. цьма.

Проч 1 ’акрамя’ (Нас., ТС). З апроч (гл. апрача) з адпадзеннем галоснай пратэзы.

Проч 2 ’прэч’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ). Паводле аўтараў слоўніка (там жа), з рус. прочь ’тс’, што неабавязкова, параўн. ст.-бел. прочъ: вышол прочъ (Карскі, 1, 322).

Про́чка ’праход у агароджы’ (паст., Сл. ПЗБ). Дэрыват з суфіксам ‑к‑ ад *прачкнуць (гл. чыкаць 1).

Про́чкі ’пакіданне на некаторы час сваёй хаты, сям’і з прычыны нязгоды, неладоў’ (ТСБМ, Гарэц.; баран., Шн. 2, Др.-Падб., Сцяшк.; Растарг.), ісці ў проч (мін., Шн. 2; Нас.), ісці прочкі (калінк., З нар. сл.), ісці ў прочкі (лях., Сл. ПЗБ) ’тс’. Рус. смал. прочкі ’адсутнасць, адлучка’. Утворана ад проч 2 (гл.) з суф. ‑кі; аб словаўтварэнні гл. Карскі 2–3, 69; Шуба, Прыслоўе, 62 і наст.

Про́шва ’карункавая або вышываная палоска, якую ўшываюць у настольнік, ручнік’ (ТСБМ, Інстр. 1, Сл. Брэс.), ’навалачка’ (брэсц., Нар. лекс.), про́шыўка ’тс’ (Сл. Брэс.). Рус. про́шва, про́шивка ’аблямоўка, палоска іншага колеру (у тым ліку карункавая або вышываная), якія ўшываюцца ў адзежу, настольнік, ручнік і да т. п.’, укр. про́шивка ’каўнер жаночай кашулі’. Дэрыват ад прашы́ць з суф. ‑ва (адносна суфіксацыі гл. Сцяцко, Афікс. наз., 34) і прашыва́ць з суф. ‑ка, гл. шыць.

Про́швуст ’сатканае, але яшчэ не адрэзанае ад асновы палатно’ (брэсц., Нар. лекс.). Нейкая кантамінацыя, магчыма, з прошва і хуста (гл.).

Про́шка-рабо́шка ’божая кароўка’ (віц., Шатал.). Утворана ад уласнага імя Прохар > Прошка і ад рабы. Аб другасным асэнсаванні назваў божай кароўкі ў сувязі з імёнамі людзей і святых гл. Трубачоў, Этимология–1975, 12.

Про́шкі ’парашкі’ (шальч., Сл. ПЗБ), ст.-бел. прошекъ ’парашок’. З польск. proszek, proszki ’тс’.

Про́шукі ’скрытыя, тайныя дзеянні, накіраваныя на дасягненне заганных ці злачынных мэт’ (ТСБМ). Да шукаць (гл.). Калька рус. происки ’тс’ < искать ’шукаць’.

Про́шча 1 ’месца (крыніца, камень) у лесе, сярод балота, надзеленае надзвычайнай сілай; святое месца’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Шат., Касп., Доўн.-Зап.), ’капліца’: абракацца хадзілі людзі ў прошчу (светлаг., SOr, 39, 356); ’багамолле’ (Нас.). Укр. про́ща ’паломніцтва; адпушчэнне грахоў; надмагільная прамова’, рус. про́ща ’адпушчэнне грахоў, цудоўнае выздараўленне’, ст.-рус. проща ’тс’. Паводле Фасмера (3, 387), узыходзіць да *prostja ад prostъ (гл. просты), першапачаткова ў значэнні ’вольны’, параўн. ст.-бел. простый ’свабодны, вольны’, у тым ліку ’вольны ад хваробы, грахоў’, чэш. prostiti ’вызваліць’, ст.-рус. простити ’зрабіць здаровым’, укр. прости́ти ’дараваць’, што паўплывала на першасную семантыку слова (гл. ЕСУМ, 4, 606).

Про́шча 2 ’неахайніца’ (Касп.). Этымалагічна ўзыходзіць да просты (гл.), г. зн. ’непрыбраная, недагледжаная жанчына’; да семантыкі параўн. проставалосая ’з непрычасанымі валасамі на галаве’, да фанетыкі ст.-бел. прощъ ’проста, прама’. Параўн. яшчэ прасцяк, прастуха і да т. п.