Ґебнуць ’загінуць’ (Сл. паўн.-зах.). Сл. паўн.-зах. лічыць гэта запазычаннем з літ. geĩbti ’абміраць, паміраць’. Няпэўна.
Ґе́ґа 1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽginti ’паліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.
Ґе́ґа 2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.
Ґе́лда ’неўрадлівая шаравата-белая глеба; зямля, якую цяжка апрацоўваць’ (Яшкін.). Ці не з польск. giełda ’натоўп, цісканіна, таўкатня’ (> ’утаптанае месца’ > ’неўрадлівая глеба’)? Аб польск. слове гл. Слаўскі, 1, 277.
Ґе́лдаць ’хутка есці, глытаць’ (Сл. паўн.-зах.). Вельмі нагадвае рус. дыял. колтну́ть ’глытнуць’, укр. ковта́ти ’глытаць’, ст.-польск. kłtać ’тс’ (магчымыя сувязі ў Бернекера, 1, 660). Тады ў бел. мове азванчэнне зычных у зыходнага *калта́ць (> *галда́ць). Далей пры перанясенні націску на першы склад «аднаўляецца» «зыходнае» е.
Ґе́лзаць ’кілзаць’ (Сцяц.). Як і кілзаць (гл.), запазычанне з польск. kiełzać ’тс’ (аб паходжанні польск. слоў гл. Брукнер, 227–228). У бел. мове адбылося азванчэнне k‑ > g‑, што нярэдка бывае ў словах, дзе ёсць санорны r або l. Параўн. ге́льзаць.
Ґе́ліць ’балець, нудзіць, ванітаваць, жадаць, карпець’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gélti ’ныць’.
Ґельза́ць ’кілзаць’ (Шатал.: «Каня трэба гельзаць…»). Дыялектная форма (з азванчэннем пачатковага к‑ > г‑) да кілза́ць ’тс’ (гл.), якое запазычана з польск. kiełzać. Параўн. Бел.-польск. ізал., 47–48. Гл. яшчэ ґе́лзаць.
Ґе́мзовы ’шаўровы’ (Сл. паўн.-зах.). Запазычанне з польск. giemzowy ’тс’ (да giemza ’шаўро’ < ням. Gemse; параўн. Слаўскі, 1, 277).
Ґе́раш ’дэраш (масць каня)’ (Сл. паўн.-зах.) Гл. дэ́раш.