Прасцікава́ць ’хадзіць напрасткі’ (Сл. ПЗБ). Дзеяслоў ад *прасця́к ’прамая дарога’ (гл. прасцяко́м).
Прасціна́ 1 ’прадмет пасцельнай бялізны’ (ТСБМ, Сцяшк.), прасціня́, прастаня́ ’тс’ (Сл. ПЗБ), прасці́нка ’тс’ (Нас.). Рус. простыня́, дыял. про́стынь, ц.-слав. простыни ’тс’. Прасл. *prostyni ад просты, г. зн. ’прамое палатно, не сшытае і не падшыванае’ (Фасмер, 3, 381, з літ-рай). Аб суфіксе *‑yni гл. Слаўскі, SP, 1, 139–141. У бел. словах адбылося, відаць, больш позняе набліжэнне да прадуктыўнага словаўтваральнага тыпу на ‑ін‑.
Прасціна́ 2 ’няўдобіца’ (воран., Сл. ПЗБ). Ад просты з суф. ‑іна.
Прасціра́дла ’прасціна’, ’коўдра’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп.; слуц., Шн. 2; В. В., Сцяшк.), прасціра́дло, прасція́дла ’пакрывала’ (Сл. ПЗБ). З польск. prześcieradło, prześciradło ’тс’ (Кюнэ, Poln., 90), якія ўзводзяць да *prostrati, *prosterti ’разаслаць, праслаць’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. дыял. *prostiradlo, параўн. чэш. prostěradlo, в.-луж. přesćeradło, н.-луж. pśesćeradło (Банькоўскі, 2, 913).
Прасці́ць ’прабачыць’ (Сл. ПЗБ). Аўтары слоўніка (там жа) узводзяць да рус. прости́ть ’тс’ < прасл. *prostiti, параўн. укр. прости́ти, ст.-рус. простити ’прабачыць’, ’вылячыць’, серб.-харв. про̀стити, славен. prostíti, чэш. prostiti ’звольніць’. Да *prostъ (гл. просты), г. зн. ’зрабіць вольным ад чаго-небудзь’; гл. Фасмер, 3, 380. Параўн. прошча.
Прасця́г ’свабодны, вялікі прастор’ (ТСБМ, Гарэц.). Нульсуфіксальнае ўтварэнне ад прасцяга́ць ’прасціраць, распаўсюджваць’ (Стан.); да цягці (гл.) або да сцяг ’група прадметаў, размешчаных у рад’: сцяг гаравы ’горны хрыбет’ (гл.). Тады першаснае значэнне ’перспектыва’. Укр. простягти́ ’прасцерці, распаўсюдзіць’ разглядаецца як вынік кантамінацыі протягти́ і розтягти́ (ЕСУМ, 4, 607).
*Прасцяком, просцяко́м ’напрасткі’ (ТС). Укр. простяко́м ’тс’. Тв. скл. ад *прасцяк < просты ’прамы (пра дарогу)’. Параўн. рус. дыял. про́сто і про́стец ’прамая дарога, напрасткі’. Гл. яшчэ прастава́ць.
Прасцяро́га ’перасцярога’ (Касп.). З польск. przestroga ’тс’, параўн. з поўнагалоссем укр. пересторо́га (з польск., гл. Банькоўскі, 2, 910).
Прася́нік ’расліна бор, Milium L.’ (маг., Кіс.). Рус., укр. прося́ник, польск. prosownica, чэш. prosník. Да проса, па знешняму выгляду (гл. Махэк, Jména, 289 і наст.).
Прася́ні́ца ’брыца, Echinochloa L.’ (віл., Сл. ПЗБ). Да проса; па знешняму выгляду: ’пустазелле з чорнымі зярнятамі’. Гл. яшчэ прасянік.