Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Берэ́т. Рус. бере́т (даўней і барет), укр. бере́т. Запазычанне (мабыць, праз рус. мову) з франц. béret ’шапачка баскаў’. Фасмер, 1, 156; Шанскі, 1, Б, 96–97; Рудніцкі, 112. Да гісторыі слова ў еўрап. мовах гл. Клюге, 52; MESz, 1, 304. Ст.-бел. бирет (XVI ст.) < польск. biret < франц. (гл. Булыка, Запазыч.).

Бес ’чорт’. Гэта слова зафіксавана толькі ў Інстр. II, 115. Нас., Касп., Шат. і іншыя слоўнікі яго не знаюць. Таму можна меркаваць, што на беларускай тэрыторыі яго няма. Таксама не прыводзіць беларускага слова і Трубачоў, Эт. сл., 1, 88–91. Паколькі прасл. běsъ з (і вытворныя) вельмі архаічная лексема, адсутнасць яе ў бел. мове сведчыць аб даволі ранняй яе замене лексемай čьrtъ. Да складанай праблематыкі, звязанай з běsъ, гл. Трубачоў, там жа.

Бето́н. Рус. бето́н (з першай палавіны XIX ст.), укр. бето́н. Запазычанне з ням. Beton (або прама з франц. béton, якое з’яўляецца крыніцай і для ням., гл. Клюге, 71). Фасмер, 1, 162; Шанскі, 1, Б, 112, гл. яшчэ MESz, 1, 290–291. Франц. béton < лац. bitumen ’бітум’. Бел. слова запазычана, відаць, праз рус. мову.

Бе́чка ’павека’ (Бяльк.). Слова, роднаснае абеча́йка (гл.), біча́йка (гл.). Зыходнае *ob‑věko (і яго вытворныя). Агляд форм і значэнняў гл. яшчэ Краўчук, УМШ, 1960, № 6, 61–62. Параўн. значэнне слав. *věko ’накрыўка, абечак; павека’.

Бёрда ’дэталь ткацкага станка’; таксама бе́рда. Рус. бёрдо, укр. бе́рдо, польск. bardo, чэш. brdo, балг. бъ̀рдо, серб.-харв. бр̋до і г. д. Прасл. bьrdo. Роднаснае: лат. birde ’ткацкі стан’, ст.-в.-ням. bort ’край’ і г. д. Траўтман, 33; Бернекер, 118, Фасмер, 1, 152. Падрабязна Трубачоў, Ремесл. терм., 26–31, 130–131.

Бзік, бзікава́ты. Гл. бзы́каць.

Бзы́каць ’гудзець’, таксама бзыча́ць, бзыя́ць (БРС, Сцяшк. МГ, Сцяц.). Гукапераймальнае ўтварэнне. Параўн. укр. бзича́ти, польск. bzikać, чэш. bzikati, bzučeti і г. д. Гл. Фасмер, 1, 164; Слаўскі, 53; падрабязна Махэк₂, 79. Сюды з іншай семантыкай бзы́каць ’злавацца, хвалявацца і бегаць’ (Шат.), бзды́каць ’бегаць з месца на месца’ (Бяльк.). Але бел. бзік (БРС), бзікава́ты ’з норавам, з дзівацтвамі’ (БРС, Бяльк.), рус. бзик ’дзівацтва’ запазычаны прама з польск. bzik, bzikowaty. Гл. Шанскі, 1, Б, 113.

Бі́блія. Рус. би́блия, укр. бі́блія, би́блія. Старое запазычанне з лац. biblia ’тс’ < грэч. βιβλία (мн. ад βιβλίον ’кніга’, па назве. г. Біблос, адкуль грэкі імпартавалі папірус). Фасмер, 1, 164; Шанскі, 1, Б, 116. Ст.-бел. библия, библея (Булыка, Запазыч.).

Бібліятэ́ка. Рус. библиоте́ка, укр. бібліоте́ка. З лац. (магчыма, праз польск.) bibliotheca < грэч. βιβλιοθήκη (да βιβλίον ’кніга’ і θήκη ’склад, сховішча’). Фасмер, 1, 164; Шахскі, 1, Б, 115; Кузняцоў, ЭИРЯ, 1, 39–45. Ст.-бел. библиотека, быблиотека (Булыка, Запазыч.).

Бі́бул ’картон’ (Арх. Бяльк., слонім.), бібу́ла ’прамакальная папера’ (Сцяц.). Укр. бібу́ла ’абгортачная папера’. З польск. bibuła ’від грубай паперы, якая ўцягвае ў сябе вільгаць’ (а гэта з лац. bibula да bibere ’піць’, гл. Варш. сл., 1, 145; Брукнер, 25). Ст.-бел. бибула ’тонкая абгортачная папера’ (XVII ст., Булыка, Запазыч.).