Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Рэ́пех ’лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (ЛА, 1). Гл. рэпік.

Рэ́пік ’род шматгадовых травяністых раслін сямейства складанакветных’ (ТСБМ), ’Eupatorium L.’ (Байк. і Некр.), ’дзядкі’ (Касп.). Укр. репʼя́х, рус. репе́й, польск. rzep, в.-луж. rěpik, чэш., славац. repík ’тс’, серб. і харв. рѐпух ’тс’, балг. репей, ст.-слав. рѣпьѥ. Прасл. *rěpъ/*rěpьjь ’учэплівая расліна’ ад *rěpiti ’хапаць, чапляцца’ (Борысь, 533). Мяркуецца сувязь з літ. aprepti ’ахопліваць’, reples ’абцугі’, ст.-прус. raples ’тс’, лац. rapio ’хапаць, абрываць’ (Фасмер, 3, 471).

Рэ́піца ’хваставая частка пазваночніка ў жывёлін’ (ТСБМ). Укр. рі́пица ’тс’, рус. реп́ица ’тс’, польск. rząp ’хвасцец’, в.-луж. rjap ’хрыбет’, славен. rep ’хвост’, серб. і харв. ре̑п ’тс’. Прасл. *rępъ/*rępь азначала, напэўна, кароткі хвост, абрубак хваста, сам хвост як працяг хрыбта. Магчыма, роднаснае прасл. *rǫbiti ’рубіць’ і ням. Rumpf ’тулава’ (Трубачоў, Этимология–1964, 8).

Рэ́піць ’заўзята, з захапленнем граць, скакаць’ (Сцяшк. МГ). Ад рыпаць2 (гл.). Чаргаванне ы : э, магчыма, пад уплывам польск. rzępolić ’кепска граць на скрыпцы’, rzępak ’музыка’, rzępolą ’той, хто кепска грае на скрыпцы’. Польскія словы Брукнер звязвае з rząp ’хвасцец, зад’ (Брукнер, 474), што неверагодна. Можна таксама дапусціць уплыў назвы народнага танца Рэпка > рэпіць ’скакаць або граць Рэпку’ > ’граць, скакаць’.

Рэ́пішча ’поле пасля рэпы’ (Яшк.). Аналагічна грача́нішча ’поле пасля грэчкі’ (ЛА, 2), гарахаві́шча ’поле пасля гароху’ (ЛА, 2). Прасл. *rěpišče < *rěpa. Гл. рэпа1.

Рэ́пка1 ’драўляны блок, які прыводзіць у рух шпульку ў калаўроце’ (Касп., Нар. сл., Скарбы), ’кальцо для замацавання шпулькі ў калаўроце’ (Сл. ПЗБ, Шатал.), ’кальцо для прымацавання шыйкі касы да касся’ (Шатал.), рипа ’дэталь самапрадкі, якая злучае верхнюю частку з падстаўкай’ (Уладз.). Форма рэ́пка ўтварылася паводле народнай этымалогіі, магчыма, з-за знешняга падабенства дэталі да рэпы. З лат. ripa ’дыск; круг; шайба’.

Рэ́пка2 ’надкаленная косць’ (ТСБМ, Жд. 2; смарг., Сл. ПЗБ), анат. ’макаўка (у жывёлін)’ (гродз., Сл. ПЗБ). Укр. рі́пиця ’тс’. Іншая назва чашка (гл.). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Рэ́пка3 ’скрутак лык’ (Жыв. сл., ЛА, 4), ’звязка апрацаванага льну’ (Сцяшк. МГ), ’скрутак’ (віл., раг., Сл. ПЗБ). Паводле знешняга падабенства звязана з рэпка1 (гл.).

Рэ́пкі ’цукровыя буракі’ (Жыв. НС), ’чырвоныя буракі’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). Гл. рэпа1.

Рэ́пліка ’кароткі адказ, заўвага’ (ТСБМ). Ст.-бел. реплика < ст.-польск. replika < с.-лац. replica (Булыка, Лекс. запазыч., 51).

Рэ́пнік1 ’бацвінне рэпы’ (ТСБМ), рэпнік ’страва з бульбы, морквы, бручкі, забеленая малаком’ (З нар. сл.; гродз., Сл. ПЗБ), рэ́пнык ’тс’ (Сл. Брэс.). Ад рэпа1 (гл.).

Рэ́пнік2 ’Rapistrum’ (ЭПБ, 4), ’лопух’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. рэпік.

Рэ́пніца ’матыль бялянка рэпавая, Pieris rapae L.’ (ЭПБ, 4). Ад рэпа (гл.), паколькі вусені развіваюцца на лісцях рэпы, параўн. аналагічна бру́чніца ’матыль бялянка бручкавая, Pieris napi’ (ЭПБ, 1) < бручка (гл.).