Рэ́йдаць 1 ’гаварыць лухту’ (З нар. сл., Жыв. сл.), рэ́йдзіць, рэ́ндаць ’гаварыць абы-што’ (Сцяшк. Сл.), рэ́йдзіць, рэ́йдаць ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), рэ́йды ’плёткі’ (Сл. ПЗБ), рэ́йдало ’чалавек, які гаворыць лухту; рот’ (Нар. лекс.). Параўнанне з літ. raizgýti ’плесці’ (Весці АН БССР, 1969, 4, 131) сумніўна. Серб.-харв. рдати ’лаяцца’. Магчыма, з ідыш redn ’балбатаць’ < ням. réden ’размаўляць’. Гл. яшчэ райдоліць, райдун, райдак.
Рэ́йдаць 2, рэ́йдзіць ’хадзіць без справы’ (воран., Сл. ПЗБ). Магчыма, звязана з папярэднім словам; развіццё семантыкі: ’гаварыць лухту’ > ’нічога не рабіць’ > ’хадзіць без справы’.
Рэ́йды ’старое адзенне’ (Сл. Гродз., Сл. рэг. лекс.). З польск. rędy ’лахманы’, параўн. яшчэ славац. randy ’тс’.
Рэ́йза ’неахайніца’ (Сцяшк. Сл.), ’назола’ (івац., Жыв. сл.), рэ́ўза ’неахайніца’ (Касп.). Магчыма далейшае развіццё значэння ад ’плакса’ да ’неахайніца’ (гл. рэўза). Параўн. яшчэ рэмзаць, румзаць (гл.).
Рэ́йка 1 ’вузкі стальны брус на чыгунцы’ (ТСБМ, Касп., Шат., Байк. і Некр.), ’вузкая тонкая дошчачка’ (ТСБМ, Бяльк., Шушк.), ’жалезная шына (у плузе) да якой прымацоўваецца лямеш і паліца’ (Бяльк.). Ад рэя 1.
Рэ́йка 2 ’сэрца, лёгкія, печань у жывёлы’ (Бяльк., Нас., Дабр.). Паводле Фасмера (3, 463) — няяснае. Пятлёва суадносіць гэту лексему з *rějati (sę), для якой на базе рус. дыял. ре́ять ’часта дыхаць, запыхацца’, ре́яться ’задыхацца’ выводзяць яе семантычнае адгалінаванне ’дыхаць’. Такім чынам, рэ́йка можа азначаць ’тое, чым дыхаюць; орган дыхання’ або, што больш верагодна ’тое, што мае малую вагу і таму усплывае у вадзе (супе)’ (Пятлёва, Этимология–1975, 42–44). Параўн. у Фасмера, які рус. лёгкое суадносіць з лёгкий, таму што, калі вантробы жывёл кладуць у ваду, лёгкія застаюцца на паверхні. Таксама ён прыводзіць адпаведнікі з іншых моў: англ. lights ’лёгкія некаторых жывёл’ > light ’лёгкі’, парт. leves ’лёгкія’ > leve ’лёгкі’ (Фасмер, 3, 474).
Рэйліковаць (рейликовать) ’пярэчыць’ (Гарб.). Ад польск. replikować ’адказваць на абвінавачанні, папрокі’ < лац. replico ’выступаць з пярэчаннем’. Гл. рэпліка.
Рэ́йсмус ’інструмент для правядзення паралельных ліній’ (ТСБМ), рэ́смас ’тс’ (Касп., Інстр. 2), рэ́смус ’тс’ (ТС, Інстр. 2), ’грунтвага, ватэрпас’ (Мат. Гом.). З ням. Reißmaß < reißen ’крэсліць’ і Maß ’мера’ (Булыка, СІС, 2, 318).
Рэ́йсы ’сляды поту, слёз натвары’: рэйсамі пот цячэць (ЛА, 3). Месца фіксацыі (в.-дзв.) дазваляе дапусціць уплыў лат. rasot ’пацець (напр. пра вокны)’, rasains ’расісты’.
Рэ́йтар ’наёмны салдат кавалерыі ў арміях Зах. Еўропы, Польшчы і ВКЛ у XVI–XVII стст.) (Булыка, СІС). Ст.-бел. райтаръ (рейтаръ) ’кавалерыст; разбойнік’ < ст.-польск. rajtar < ням. Reiter і непасрэдна з ням. (Булыка, Лекс. запазыч., 62).
Рэйту́зы ’вузкія штаны ў абцяжку (першапачаткова для верхавой язды)’ (ТСБМ). З польск. rajtuzy ’тс’ < ням. Reithosen ’тс’ < reiten ’ездзіць на кані’ і Hose ’штаны’ (Брукнер, 453).
Рэ́ка ’рака’ (ашм., Сл. ПЗБ). Націск пад уплывам польск. rzeka ’тс’, гл. рака́.