Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Мяшолка ’лапата для замешвання корму жывёле’ (Касп.). Да мяша́ць (гл.) > мяшалка. Аб мене а > о гл. Карскі, 1, 94–102.

Мяшонка ’мяшанка’ (Бяльк.; паўн.-усх., КЭС), ’мятая бульба, замешаная мукой’ (іўеў., Сцяшк. Сл.). Да мяша́ць (гл.) > мяша́нка. Аб мене а > о гл. Карскі, 1, 94–102.

Мяшочнік, мяшэчнік ’той, хто мяшкамі скупляе харчовыя прадукты з мэтай іх спекуляцыі’ (ТСБМ). З рус. мешочник ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 110).

Мяшу́лка ’мешалка, лапатка’ (Бяльк.; хоц., Мат. Маг.; іўеў., Сцяшк. Сл.), смал. мешулка ’тс’, ’вясло’. Да мяша́ць (гл.) > мяшалка. Аб мене а > у гл. Карскі, 1, 113.

Мяшча́нка ’абывацелька’, мяшчанства ’абывацельшчына’ (ТСБМ). З рус. меща́нка, меща́нство ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 74). Гл. таксама мешчані́н.

*Мяшы́на, ст.-бел. мешына ’вырабленая аўчына’ (XVI ст.), ст.-рус. мечина, мячина, мѣшина ’тс’, рус. меша, мешына ’сырая неапрацаваная аўчына’ запазычаны з асм.-тур. mešin, крым.-тат. mašin ’аўчына’ (Радлаў, 4, 2114; Булыка, Лекс. запазыч., 114) < перс. mēš ’авечка, баран’ (Бернекер, 2, 47; Фасмер, 2, 614). Ст.-рус. формы з ‑ч‑ пад уплывам мячити ’рабіць мяккім’.

Мяшэй, мяжэй ’расліна з сям. злакавых, Setaria glauca (L.) P. Beauv.’ (маг., Кіс.). Укр. миші́й, мише́й, рус. мышей, раст. мышай, якія, паводле аўтараў ЕСУМ (3, 470), з’яўляюцца вынікам відазмены тукавай формы муші́й, муши́й, збліжанай з ми́ша ’мыш’. Лексема муші́й (муши́й, муші́йка, муши́ця, му́шка) ’цімафееўка’ і інш., якім у іншых слав. мовах адпавядаюць: чэш. mušec, серб.-харв. му̏хар, ми̏вар, мо̀хар ’брыца, Echinochloa crus galli Roem.’, славен. múšec, múhec ’тс’, звязваюцца з му́ха (яшчэ Мацэнаўэр, Cizí sl., 258), што з’яўляецца другасным. Этымалогія, аднак, няясная (Махэк, Jména, 294; Бязлай, 2, 208; ЕСУМ, 3, 544).

Мяшэніцца ’мяшацца, збівацца, блытаць’ (Нас.). Рус. смал. мишениться ’падманвацца’, уладз. мишенить ’вяла рабіць што-небудзь’. Утворана ад мешань < мяша́ць (гл.).

На1 прыназоўнік (з він. і месн. скл.) і прэфікс, параўн. укр., рус. на, польск. na, палаб. no, в.-луж., н.-луж. na, чэш., славац. na, славен. na, серб.-харв. на, макед., балг. на. Побач з прасторавым і часавым значэннем можа выражаць кірунак, мэту, прызначэнне, на базе якіх узнікла больш спецыфічнае значэнне аб’екта (адрасата), якое звычайна выражаецца дав. скл.: кажу на яго (= яму), гаварыць на маці (= маці), што лічыцца «латгала-крывіцкай інавацыяй» (гл.: Прохарава С. М. Сов. славяноведение, 1986, 3, 76), аднак апошняе вядома і інш. слав. мовам, асабліва на поўдні Славіі, параўн. балг. казвам на него, давам на Иван, макед. му зборува на можот і інш., што можа сведчыць пра больш раннюю тэндэнцыю да такога ўжывання прыназоўніка на. Прасл. *na, роднаснае да літ. nuõ, лат. nùo ’ад, з’, ст.-прус. no/na ’адпаведна, па’, далей параўноўваюць з грэч. ἀνά ’на, уверх’, гоц. ana ’на, у, супраць’, ст.-в.-ням. an(a) ’на’. У якасці прэфікса ўжываецца пры дзеясловах, прыметніках і (рэдка) назоўніках, што адпавядае літоўскай прыстаўцы nu‑ ў дзеясловах і nuo‑ ў назоўніках, параўн. Фрэнкель, 511; у прыметнікаў у большасці зах.-слав. і паўд.-слав. моў мае дэмінутыўнае значэнне, параўн. в.-луж. naběl ’белаваты’, серб.-харв. на́црн ’чарнаваты’ і пад., ва ўсх.-слав. і польск. — узмацняльнае значэнне, параўн. рус. на́крепко, польск. naprzykry ’вельмі прыкры’ і пад., што адпавядае значэнню прыстаўкі най-, пры дапамозе якой утвараюцца формы найвышэйшай ступені ў слав. мовах, параўн. укр. най-, рус. наи‑, польск. naj‑, в.-луж. naj‑, чэш. nej‑, славен. naj‑, серб.-харв. нај‑, макед. naj‑, балг. най-, гл. Фасмер, 3, 33, параўн. Копечны (ESSJ SG, 1, 121), які ўслед за Міклашычам (4, 213) лічыць градацыйнае на- іншага паходжання. Гл. таксама Махэк₂, 387 (адмаўляе роднаснасць паміж на і літ. nuo з-за антанімічнага значэння), Скок, 3, 495, ESSJ SG, 1, 115 і далей (з аглядам літаратуры і версій).

На́2, на́це ’на, бяры(це), вазьмі(це)’ (Шат., Касп., Бяльк., Гарэц., БРС, Байк. і Некр., Грыг.), сюды ж на́, на́ — падзыўныя словы для сабакі, палеск. ня́, ня́ ’тс’ (ТС); укр. на́, на́те, рус. на́, на́те, польск. na, nacie, чэш. na, nate, славац. na, славен. nȃ, nate, серб.-харв. на, макед. на, балг. на́ ’вазьмі; вось’. Роднаснае да літ. , лат. na ’ну’, ст.-інд. nā́‑nā ’ў розных месцах, па-рознаму’ і інш., гл. Фасмер, 3, 33; Махэк₂, 387; Брукнер, 351; Скок, 3, 495; Шустар-Шэўц, 13, 977.

Наагу́л ’увогуле, наогул’ (Гарэц., Яруш., Касп., Бяльк.), наогул (ТСБМ), укр. навгу́л ’агульна, усе разам’, польск. na ogół ’увогуле, агульна, без дэталізацыі’. Ад агу́л ’усе разам, гурт’ (гл. агульны); адносна літаратурнай формы можна выказаць меркаванне аб запазычанні з польск. (націск, адсутнасць пратэзы перад о́).