Рэвізо́р ’той, хто робіць рэвізію, кантралёр’ (ТСБМ). Ст.-бел. ревизоръ ’тс’ < ст.-польск. rewizor < лац. revīsor (Булыка, Лекс. запазыч., 24) < лац. rěvīso ’зноў гляджу (аглядаю)’.
*Рэві́ла, рэвіло ’усеагульны роў; плакса’ (ТС). Экспрэсіўная форма з адценнем узмацняльнасці ад раўці (гл. роў 2), аналагічна мазіла ’мазь’ (З нар. сл.), равула ’румза’ (Нар. лекс.).
Рэ́вот ’страшны роў, рыканне, шум; крык, плач’ (ТС). Укр. ревіт, славацк. revot ’шум, роў’. Магчыма, бязафікснае ўтварэнне ад *рэвата́ць (параўн. рус. наўг. ревотать ’іржаць’), мадэль як рагатаць — рогат.
Рэ́вох ’страшны роў, рыканне, шум; крык, плач’ (ТС). Экспрэсіўнае ўтварэнне ад роў 2 (гл.). На форму магла яшчэ паўплываць лексема рэйвах (гл.).
Рэ́воцень ’плакса’ (ТС). Экспрэсіўная форма з адценнем асуджэння ад раўці (гл.).
Рэ́га ’рыбалоўная прылада (аснова з дрэва з нацягнутай сеткай)’ (Мат. Гом.). Магчыма, звязана з літ. назвай палазоў rãgai. Параўн. семантыку назваў рыбалоўных прылад полаз (гл. полаз 2), сані.
Рэгава́нне ’матэрыял, якім пакрываецца вата пры пашыве ватняга адзення’ (шальч., Сл. ПЗБ). Гл. рыгаванне.
Рэга́лы ’калёсы для перавозкі снапоў і сена’ (брасл., Сл. ПЗБ), рыґалы ’спецыяльная рама на возе’ (пух., Жыв. сл.). Рус. ре́гель ’падпорка, перакладзіна; даўгая тонкая планка’. Відаць, з польск. rygiel ’бэлька’ < сяр.-н.-ням. regel ’рычаг, падпорка’, першакрыніца нар.-лац. regula ’кій, планка’ (Фасмер, 3, 457). Форма дры́галы ’жэрдкі, прымацаваныя да калёсаў вазіць бярвёны’ (Стан.) утварылася паводле народнай этымалогіі ад дрыгаць.
Рэ́галь ’невялікі пераносны арган XVI–XVIII ст.’ (Булыка, СІС). Ст.-бел. рекгалъ (регалъ) ’невялікі арган’ < ст.-польск. regał ’тс’ < ням. Regal ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 166).
Рэ́гаць, ры́гаць ’рыпаць, брымкаць’ (ТС), рэгацца ’моцна брахаць’ (Ян.). Славен. ré̥gati ’квакаць’, серб. і харв. ре̏гати, регѐтати ’рычаць’, ре̏га ’рык’. Прасл. *regati, гукапераймальны корань *rech‑ (Бязлай, 3, 167). Гл. яшчэ рогат.