Мурза́ч ’нягоднік’ (пін., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем му́рза 1, мурза́ты і мярзотнік, тураў. мерза́ву ’нягоднік’.
Му́ркаць, му́ркнуты, мурну́ць, муркота́ць ’ціха вурчаць, утвараючы гукі «мур-мур» (пра ката)’, ’мармытаць, бурчаць, гаварыць сабе пад нос’ (ТСБМ, Выг. дыс., ТС; З нар. сл., ігн., шальч., Сл. ПЗБ), ’паціху падаваць голас’ (ТС). Укр. му́ркати, му́ркнути, муркота́ти ’тс’. Бел.-укр. ізалекса. Балтызм. Параўн. літ. mur̃kti, murkúoti, murksóti ’мурлыкаць’, ’сядзець прыжмурыўшыся’ (Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 85). Сюды ж пін. му́рка ’мянушка сабакі’ (КЭС). Спрошчана як гукапераймальнае тлумачыць паходжанне Васілеўскі (Прадукт. тыпы, 72, 79). Гэтак жа і аўтары ЕСУМ (4, 538).
Мурла́т, мурла́та, мурла́ціна ’апрацаванае бервяно памерам 10×5 см’ (Сцяшк.), ’апошняе бервяно (верхні вянец зруба), на якое абапіраюцца кроквы’ (Тарн., Шушк., ТС; глус., Янк. Мат.; КЭС, лаг.; нараўл., КЭС; міёр., Нар. словатв.; Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), ’бэлька’ (Ян.), кам. ’кладзь, апора страхі на сохах’, нараўл. ’падруба ў доме’ (Нар. сл.); кобр. мурлатэ ’бярвёны над вокнамі’ (Сл. Брэс.); ст.-бел. мурлатъ, мулатъ, мулартъ, мурлятъ (XVII ст.) запазычаны са ст.-польск. murłat, murłata, якое з с.-в.-ням. mūrlatte, суч. ням. Mauerlatte, якое з mūr ’сцяна’ і latte ’жардзіна’, ’паласа’ (Чартко, Бел. лінгв. зб., 150; Булыка, Лекс. запазыч., 97; Грынавяцкене, Сл. ПЗБ, 3, 85).
Мурла́та ’франтон’ (кобр., ДАБМ, к. 230). Да мурла́т (гл.). Семантычны перанос паводле сумежнасці: відаць, франтон рабіўся з мурлат (ачасаных бярвенняў) накшталт больш старога закоту — узвядзення папярочнай сцяны аж да вільчыка з бярвенняў; а не з дошак, як пазней.
Мурло ’хара’, ’тоўсты і шырокі твар чалавека’, ’чалавек з такім тварам’, ’грубы, неахайны’, мурла́ты, мурла́сты ’мардаты’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Растарг.; мсцісл., Нар. словатв.; КЭС, лаг.; глус., Янк. Мат.; паўд.-усх., КЭС). Укр. мурло, рус. тамб., сіб. мурло, мурно ’морда жывёлы, рот’, тул. мурле́ ’шчокі’. Даль (2, 941), Гараеў (219) узводзяць да цюрк. murun, burun ’нос’, а заканчэнне ‑ло пад уплывам лексемы ры́ло. Фасмер (3, 13) дапускае анаматапеічнасць. Можна, аднак, дапусціць, што усх.-слав. мурло́ ўтварылася ў выніку кантамінацыі некалькіх лексем як са значэннем ’брудны, неахайны’ (параўн. літ. máura), так і ’шырокая морда, рот, твар, губа, хара’ (параўн. літ. máuėe, terlė́, marmū̃zė, burnà).
Мурлы́каць ’муркаць’, ’гаварыць, напяваць мяккім голасам’, (ТСБМ, Яруш.). Рус. мурлыкать, мурлычить, варон. ’неразборліва гаварыць’, кастр. ’дрэнна спяваць’, кур. ’няясна чытаць’, пск., цвяр. ’манатонна, журботна і ціха пець’. Бел.-рус. ізалекса. Гукапераймальнае (Фасмер, 3, 13). Гэтак жа Васілеўскі (Прадукт. тыпы, 79).
Мурме́ль ’маўклівы, негаваркі чалавек’ (астрав., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 85), паходзіць з літ. mùrma ’бурклівы чалавек’.
Му́рнік, му́ршчык ’пячнік’ (брасл., Сл. ПЗБ). Рус. пск. му́рник ’муляр’, прыбалт. (Літ. і ЛатвССР) ’пячнік’. Балтызм. Параўн. літ. mũrininkas, лат. mùrnieks ’тс’ (Грынавяцкене, 3, 85).
Мурны́каць ’мурлыкаць’, ’мармытаць, спяваць сабе пад нос’ (Нас.). У выніку кантамінацыі лексем мурлыкаць і курна́ ’мурлыканне’.