Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Трылі́снік ‘назва некаторых раслін з трайчастымі лістамі’ (ТСБМ, Бяльк., Меер Крыч.), ‘бабоўнік, Menyanthes trifoliata L.’ (Кіс.; навагр., клім., ЛА, 1), ‘канюшына’ (Ласт., Др.-Падб.). Паводле наяўнасці трайчастых лістоў, названы рус. трилистник, чэш. třílistník, třulistník, мар. trumfulija (Махэк, Jména, 183), ням. Dreiblatt ‘бабоўнік’ — магчыма, у некаторых выпадках узорам было лац. tri‑folium ‘канюшына, трыліснік’ (Пастусяк, Pogranicze, 138; Мяркулава, Очерки, 35–36).

Тала́хкаць ’стукаць, грукаць’ (ТС), толоха́ты ’балбатаць, малоць языком’ (бяроз., Шатал.), талахну́ти ’крутануць; узбоўтаць’ (Клім.), тало́хнуцца ’штурхануць, стукнуцца’ (Ласт.). Ад гукапераймальнага імітатыва *талах (гл. талых), аналагічнага тарах, тарарах (гл.), першапачаткова, відаць, з талала́хаць, гл. Сюды ж талахлі́вы ’паспешлівы, неразважлівы’, талахава́ты ’дураслівы, нявытрыманы’ (Сцяшк. Сл.). Параўн. чэш. tlachati ’балбатаць, малоць языком’, славац. tláchať ’тс’, якія Махэк₂ (644) разглядае як “ch‑інтэнсівы” ад tlapati ’ступаць, крочыць’ (гл. толапень).

То́пленік ’тапелец’ (Нас., Байк. і Некр., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС), то́плянік (tòplanik) ’тс’ (Федар. 4), тапе́льнік ’тс’ (Байк. і Некр.), то́пельнік ’тс’ (Сл. ПЗБ), уто́пленік, то́пленік ’тс’ (Некр. і Байк.), сюды ж то́пленік ’затанулае бервяно’ (пух., Сл. ПЗБ), то́пленікі ’патоплены ў вадзе лесаматэрыял’ (ТС), то́пленік, топля́к ’патануўшае бервяно, дрэва’ (лельч., Жыв. сл.), таплі́ннік ’тс’ (барыс., Сл. ПЗБ). Ад дзеепрыметніка (у)топлы ’затанулы’, што да тапіць1, гл.

Трасці́ ‘трэсці, калаціць’ (Некр. і Байк., Касп., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘абшукваць’ (Ласт.), трясці́ ‘трэсці’ (Бяльк.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), ст.-бел. трасти, трести, трясти ‘трэсці’, ‘рабіць вобыск’ (ГСБМ). Гл. трэсці; сюды ж трасці́, вытраса́ць ‘пчол падглядаць — падбіраць мёд’ (брасл., паст., ЛА, 1), відаць, табуізаваны дзеяслоў з першасным значэннем ‘шукаць, вышукваць’. Пад уплывам асабовых і прыставачных формаў утворана траса́ць ‘трэсці’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Турба́н1 ‘музычны інструмент тэорба’ (Нас.). Відаць, праз польск. tyorba, teorban ‘вялікая лютня’ з франц. théorbe, téorbe, tuorbe ‘тс’, італ. tiorba ‘тс’. Гл. тарба́н.

Турба́н2 ‘усходні галаўны ўбор, палотнішча, абматанае вакол галавы’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Вруб.). Праз польск. turban ‘тс’, якое (магчыма, праз франц. turban) з тур. tülbend ‘муслін’ < перс. dülbänd ‘тканіна з крапівы’ (SWO, 1980, 783; Фасмер, 4, 136; Арол, 4, 129).

Турля́цца ‘штурхацца, піхацца’ (Жд. 3, ТС). Параўн. укр. турля́ці ‘піхаць, ганяць’, рус. турля́ться ‘кідацца, піхацца’, польск. turlać sie ‘куляцца’, мажліва, сюды і славен. turláti ‘праколваць, пранізваць’, адносна якога Сной (Бязлай, 4, 250) сцвярджае: «вакалізм славянскага кораня няясны, мажліва, экспрэсіўны». Вытворнае ад гукапераймальнага па паходжанні турліць, гл. Польск. turlać разглядаюць як варыянт tulać ‘каціць, куляць’ (Варш. сл.). Сюды ж турля́жка ‘тачка, вазок на двух колах вазіць зямлю’ (Ласт.).

Туту́н ‘тытунь, Nicotiana rustica L.’ (Некр. і Байк., Ласт., Кіс., Касп.), туту́нь ‘махорка’ (Мал.). Запазычанае з польск. tutuń ‘тс’. У літаратурным тыту́нь, тыту́н (гл.), у дыял. тыту́нь віргінскі ‘Nicotiana tabacum L.’ (гродз., Кіс.), як і ў польск. tytoń, адбылося распадабненне цюркскага сінгарманізму, параўн. ст.-бел. тютюнъ, титунъ, титюнъ, тытюнъ (з XVII ст.), запазычаныя з крым.-тат., асм.-тур. tütün (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Параўн. таксама цюцюн, гл.

Тэксты́ль ‘ткацкія вырабы’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ‘валакно’ (Некр. і Байк., Ласт.). З заходнееўрапейскіх моў, параўн. ням. textil, франц. textile ‘прадзільны, ткацкі’, што, у сваю чаргу, з лац. textīlis ‘тканы’ > texo ‘ткаць’ (Фасмер, 4, 37); паводле Арла (4, 54), у выніку адаптацыі заходнееўрапейскіх слоў і запазычанага рус. тексти́льный ‘тканы’ да лац. textus ‘тканая рэч’, таго ж паходжання, што і тэкст, гл. Параўн. польск. tekstylia ‘тэкстыльныя рэчы’.

Та́йка ’сяброўка, таварышка’ (Бяльк., ПСл, Мат. Гом.), ’сяброўка (у звароце)’ (брагін., З нар. сл.; Нар. словатв.), ’сяброўка, якой давяраюць патаемныя думкі’ (Нар. Гом.), ’сардэчная сяброўка’ (слуц., маг., Стан.), ’зварот да жанчыны, пераважна да дзяўчыны’ (Ян., Растарг.), ’даверлівы зварот да дзяўчыны, жанчыны аднаго ўзросту’ (ТС), памяншальныя та́енька, та́ечка ’тс’ (Кос., ТС), та́ічка ’сяброўка’ (Мат. Маг.), ’таварышка, кума’ (Бяльк.), та́ечка ’даражэнькая, мілая, сяброўка, дзяўчынка’ (Растарг.), ’сяброўка, прыяцелька, паверніца тайн’ (Ласт.), сюды ж тэ́йка ’сяброўка, таварышка’ (калінк., Мат. Гом.). Параўн. укр. палес. та́я ’абазнаная ў шмат якіх тайнах жанчына; сяброўка-суседка’. Няясна; у народнай свядомасці звязваецца з таіць, тайна (гл.), параўн. не мажэ таіцца да й кажэ (Сержп.), та́йнік, тайка ’той, перад кім няма сакрэту, нічога тайнага’ (Ласт.). Аднак, відаць, не можа разглядацца асобна ад серб.-харв. tȃjka, tájko, tȃjko ’татка’, балг. тайко, те́йко ’татулька’, н.-луж. tejka ’бабуля’ і асабліва балг. дыял. а́йкъ ’сяброўка з маладых гадоў’: с нейъ бе́хме а́йки (БД, 5, 107), што належаць да т. зв. дзіцячых слоў гукапераймальнага паходжання, параўн. Шустар-Шэўц, 1502.

Та́лент ’надзвычайныя здольнасці’; ’чалавек з надзвычайнымі здольнасцямі’ (ТСБМ), ’прыродны дар, здольнасць’, ’пакліканне’ (Ласт., Сл. ПЗБ), тале́нт ’тс’ (Байк. і Некр.), та́лінт ’здольнасць да нейкага майстэрства ці мастацтва’ (Варл.). Праз польск. talent, з франц. talent ’здольнасць, прыродны дар’, што да лац. talentum ’грэчаская мера вагі і грашовая адзінка’ < грэч. ταλαντον ’тс’, гл. талант. Развіццё значэння ад ’каштоўная манета’, ’каштоўны дар’ да ’прыродны дар’, ’выключныя здольнасці’ (Брукнер, 564; Длугаш-Курчабова, 493).