І́ЛЛІЧ-СВІ́ТЫЧ (Уладзіслаў Маркавіч) (12.9.1934, Кіеў — 22.8.1966),

рускі мовазнавец-кампаратывіст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1957). Канд. філал. н. (1963). Абгрунтаваў настратычную тэорыю (гл. Настратычныя мовы) роднасці індаеўрап., картвельскіх, семіта-хаміцкіх, дравідыйскіх, уральскіх і алтайскіх моў; стварыў параўнальны слоўнік агульных каранёў «Спроба параўнання настратычных моў» (т. 1, 1971). Аўтар фундаментальнай працы «Іменная акцэнтуацыя ў балтыйскім і славянскім» (1963), этымалагічных і параўнальна-фанет. даследаванняў па слав. і балт. мовах, індаеўрапеістыцы.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 222—226.

т. 7, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ілліч-Світыч У. М. 6/551; 7/286; 8/106

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НАСТРАТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ (ад лац noster наш),

макрасям’я моў, якая ўключае шэраг моўных сем’яў і моў Еўразіі і Афрыкі (індаеўрапейскія мовы, семіта-хаміцкія мовы, уральскія мовы, дравідыйскія мовы, алтайскія мовы, картвельскія мовы). Падзяляюцца на ўсходненастратычныя (уральскія, дравідыйскія, алтайскія) і заходненастратычныя (індаеўрап., картвельскія, семіта-хаміцкія). Дакладныя межы настратычнай сям’і не вызначаны. Роднасць Н.м. у наяўнасці ў іх генетычна тоесных каранёвых і афіксальных марфем (каля 1000). Корпус каранёвых марфем уключае ў сябе карані адзінак асн. слоўнікавага фонду, што адлюстроўваюць найб. значныя для чалавека рэаліі і паняцці (часткі цела, роднасныя адносіны, асн. з’явы прыроды, назвы жывёл і раслін, прасторавыя адносіны, элементарныя дзеянні і працэсы, асн. якасці). Фаналагічная структура настратычнай прамовы мела, верагодна, 7 галосных і вял. колькасць зычных. Многія даследчыкі лічаць настратычную сістэму блізкай да аглюцінатыўнай (гл. Аглюцінатыўныя мовы). Гіпотэзу пра роднасць Н.м. выказаў у пач. 20 ст. дацкі вучоны Х.​Педэрсен. Яе навук. абгрунтаванасць даказаў рас. вучоны У.​Іліч-Світыч.

Літ.:

Иллич-Свитыч ВМ. Опыт сравнения ностратических языков: Сравнительный словарь. Т. 1—3. М., 1971—84.

т. 11, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ненаўце́й, нінаўцёй ’нечакана’ (Бяльк.). Рус. дыял. ненавтейнечакана, незнарок’. Другая частка (пасля адмоўя не-) звязана з ‑цеяць, гл. зацеяць, зацей, паралельным да -цяваць, параўн. выцяваць ’выдумляць’ (Нас.), што суадносяць з таіць (Гараеў, 114; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1959, 7–8), рус. наўг. ненаний ’нечакана, незнарок; раптоўна’ (ад чаяти ’чакаць’) тлумачыць семантыку зыходнага дзеяслова. Устаўка ў як у выпадку нацянькі, наўцянькі ’нацянькі, проста’ (Бяльк.), гл. паў-. Параўн. няўцейкам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заце́й, заце́ў ’падахвочванне’ (Нас.). Рус. затея, уст. затей, пск., смал. затев, укр. затія, уст. затіва (Грынч.). Ст.-рус. затѣи, затѣя (XVII ст.). Утворана бязафіксным шляхам у ст.-рус. ад затѣяти, затѣвати (XVI, XVII стст.), прэфіксальнага да *тѣвати (параўн. выцяваць ’выдумляць’, выцяванне ’выдумка’, Нас.). Корань параўноўваюць з таіць (гл.) са зменай aiě (Гараеў, 114; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1959, 2, 7–8) з лат. tĩtît ’злаваць, раздражняць’, tĩtinât ’тс’ (Мюленбах-Эндзелін, IV, 207–208; Фасмер, 2, 82) ці разглядаюць як пераафармленне дѣяти (Гараеў, 114; КЭСРЯ, 159). Першая гіпотэза здаецца больш пераканаўчай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Клудзе́ц ’палачка, на якую насаджваецца цэўка ў чаўнаку’ (Нар. лекс.). Параўн. рус. хлуд ’жэрдзь’, серб.-харв. хлуд ’тс’, славен. hlód ’тоўстая цурка’, польск. chląd ’сцябло’, чэш. chloud ’палка’, палаб. chlęd ’тс’. Экспрэсіўны пераход х > к. Бел. клудзец да xlǫd‑ьcь паводле прадуктыўнай словаўтваральнай мадэлі. Прасл. xlędъ надзейна суадносіцца з балтыйскай лексічнай групай: літ. sklanda ’жэрдзь у плоце’, лат. sklanda ’жэрдзь’ (Махэк, Slavia, 16, 2–3, 180; Іліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 93). Адзін з прыкладаў адпаведнасці пачатковага славянскага х і пачатковага балтыйскага sk (Мартынаў, Слав. акком., 140–141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахлу́дзець ’астыць, адубець, стаць цвёрдым’ (КЭС. лаг.), охлу́дыты ’акачанець, астыць’ (Клім.). Ад хлуд, хлу́дзіна ’кій, дубец’, як адубець ’страціць гнуткасць (ад холаду)’ ад дуб, акалець ад кол і г. д., пры гэтым, аднак, цяжка вытлумачыць адрозненні ў націску; драг. хлуд ’акачаненне, здранцвенне; цурбан (у праклёнах)’ (Клім.) можа сведчыць пра другасную сувязь з хлуд ’кій’, параўн. рус. хлу́да ’немач, слабасць’, збліжанае Махэкам₂, 200, з чэш. chlouditi ’марыць (холадам)’, ст.-чэш. chlúditi слабець’; тады ад незафіксаванага *хлудзіць < *chlǫditi ’пазбаўляць сілы’; параўн. Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94. Ці не сюды польск. ochłódnąć (на думку Брукнера, 180 «пазнейшае») замест ochłodnąć ці ochłonąć ’астыць, прыйсці да сябе пасля хвалявання’, для якога акрамя ўздзеяння формы chłód холад’ можна дапусціць уплыў бел. ахлудзець?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ахля́ць ’аслабець і апусціць рукі, апусціцца, здацца’ (Янк. II), ’аслабець; заняпасці’ (Ян.), охляб ’заняпаў, аслабеў’ (Бесар.), параўн. «стаў худы і больш ахлялы» (КТС), схліялы ’кволы, слабы; стары’, схліяць ’аслабець, састарыцца’ (Яўс.), укр. охлясти і охлянути ’схуднець, аслабець, страціць сілы’; апошняе разам з ц.-слав. (рус.) охлѧдание ’абыякавасць’, ахлѧнѧти ’аслабець’ з *xlęd‑nǫ‑ti ’страціць сілы’, параўн. хлянуты ’страціць сілы, схуднець’ (Клім.), што звязана чаргаваннем галосных кораня з *xlǫditi ’пазбаўляць сілы’, параўн. чэш. chlouditi ’тс’, гл. Бернекер, 388 і наст.; Скок, 1, 672; Ілліч–Світыч, ВЯ, 1961, 4, 94, насуперак Фасмеру, 4, 246. Для некаторых форм і значэнняў магчымы ўплыў утварэнняў з *xlęb‑, параўн. хляблы ’худы, слабы’ (Нік. Очерки), укр. охляб(ну)ти ’аслабнуць’ (пра сувязь частак у чым-небудзь) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Віха́ць ’віхляць’ (Нас.), віха́цца ’віхляцца’ (БРС, Касп., Бяльк.), віханьне (Бяльк.). Рус. вихать ’вагаць, хістаць’ таксама ў складаннях з прыстаўкамі (вы́вихнуць і г. д.), укр. виха́ти ’махаць’, славен. vihati ’вывіхаць, махаць’. Паводле Праабражэнскага, 1, 86 і наст. і Гараева, 50, вытворнае з экспрэсіўным суфіксам ‑х‑ да віць (гл.). Існаванне прамежкавай ступені (назоўніка *vixъ, які ад віць пры дапамозе суфікса ‑х‑, як смех, успех і г. д.) (Шанскі, 1, В, 112), відавочна, не абавязковае. Буга (РФВ, 75, 153) параўноўвае з літ. viskù, viškė́ti ’вагацца, знаходзіцца ў руху’, прычым мяркуемае літ. *viškù пераўтворана ў viskù пад уплывам літ. vizgù, vizgė́ti ’варушыцца, шавяліцца’. Фасмер (1, 324) лічыць гэта няпэўным. Іліч–Світыч (ВЯ, 1961, 4, 98) услед за Мацэнауэрам ставіць пытанне аб адпаведнасці слав. ‑x‑ балт. ‑zg‑ у сярэдзіне слова і слав. *vixati непасрэдна супастаўляе з літ. vizgė́ti, vizgúoti ’віхляцца’, vìzginti ’вярцець хвастом’. Параўн. віхляць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́ршы1 — парадкавы лічэбнік да адзін, ’першапачатковы’, ’самы важны, галоўны, вядучы’ (Нас., Мік., Мядзв., Шат., ТСБМ). З польск. pierwszy (Мядзв., Іліч–Світыч, Этимология–1963, 81), якое з першаснага польск. pierwy < прасл. pьrvь(jь); суфікс ‑sz‑ у польскім слове пад уплывам польск. mniejszy ’меншы’, większy ’большы’, dzisiejszy ’сённяшні’ (Брукнер, 410); паводле Банькоўскага (2, 561), са скарочанага najpierwszy. Сюды ж: пе́ршыя пе́ўні ’час прыблізна каля 24 гадзін ночы’ (Мядзв.) і вытворныя першыня́, першына́ (Яруш.; ТСБМ; міёр., Нар. словатв.), першатво́р, першапі́с ’арыгінал рукапісу’ (Др.-Падб.), пе́ршанства ’верх, першынство’ (Нас.), перша́к ’першы гатунак’ (Бяльк.), першацёлка ’карова першым целем’ (навагр., Нар. словатв.; шчуч., З нар. сл.), першына́ ’трава першага ўкосу’ (слонім., Сл. рэг. лекс.).

Пе́ршы2 ’як раней’ (Нас.) — прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. з суф. ‑ы, (як у стараж.-рус. пакы ’зноўку’ (XII ст.) ці малы ’мала’ (Лаўрэнцьеўскі летапіс 1327 г.) ад прыметніка пе́ршы1 (гл.). Сюды ж і першы‑на́‑першы ’спачатку’ (Касп.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)