Саракі́

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Саракі́
Р. Сарако́ў
Д. Сарака́м
В. Саракі́
Т. Сарака́мі
М. Сарака́х

Крыніцы: krapivabr2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

саракі́, -ко́ў ед. нет, церк. со́роки

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Саракі, гл. Сарачыны

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

САРАКІ́,

у беларусаў веснавое свята нар. календара. Правасл. царква прымеркавала да яго дзень 40 пакутнікаў (адзначалася 9 сак. с. ст.). Лічба 40 часта абыгрывалася ў павер’ях і абрадавых дзеяннях. Дзяўчаты на С. пераломвалі 40 дошчачак і разрывалі 40 вяровачак (сімвалізавалі, відаць, сілы, што скоўвалі зямлю), каб наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. Калі на С. здараўся мароз, то чакалі яшчэ 40 маразоў і за кожным з іх з’ядалі па аднаму з 40 хлебных шарыкаў, спечаных да свята. На С. звычайна чакалі пацяплення, «адпушчэння» дрэў і прылёту птушак. Калі ад грамніц да С. трымалася добрае сухое надвор’е, то летам чакалася засуха.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Саракі́ ’40 штук’ (Серж. Грам., 62); ’свята 40 мучанікаў, 9/22 сакавіка’ (Нас., Інстр. 2), сараке́ (Шат.), сарака́ (Мат. Гом.), сырокі́ (Шн. 3), саракаві́к ’тс’, ’сарачыны’ (Мат. Гом.). Рус. Со́роки ’свята 9 сакавіка’. Ад сорак (гл.); параўн. Даль, 4, 275.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛУ́ШКІ,

1) бел. традыцыйная страва, вядомая і інш. слав. народам. На Беларусі наз. таксама палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні або ў адну качулку і рэзалі на кавалкі. Галушкі варылі, потым заскварвалі салам, залівалі малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі з юшкаю гатавалі як рэдкую страву. Вядомы па ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.

2) Пшанічная булачка. Існаваў звычай пячы на саракі 40 галушак. Цяпер сустракаецца спарадычна на Палессі.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 4, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).

Г.​Ф.​Вештарт.

Да арт. Абрадавае печыва. Вясельны каравай.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧЫ́НЫ,

у беларусаў і інш. хрысціянскіх народаў памінальны абрад, які адзначаецца на 40-ы дзень (6-ы тыдзень) пасля смерці чалавека. Як і інш. памінкі, звязаны з культам продкаў. На Беларусі наз. таксама саракавіны, саракі, саракапуст; шасціны. Паводле нар. павер’я, у гэты час душа нябожчыка наведвае родную хату, таму яе прыбіралі ручнікамі, на акно ставілі хлеб-соль і шклянку з вадой. На С. родныя наведваюць магілу памерлага, наладжваюць ў доме жалобны стол, які паходзіць ад стараж. язычніцкай трызны. Сярод абавязковых памінальных страў — куцця, канун і інш. Асобны прыбор з пітвом і стравай ставяць для памерлага. Неабходнасць адзначаць С. тлумачаць тым, што непамянутая душа асуджана на пакуты і не будзе спрыяць людзям у іх зямных справах.

У.​А.​Васілевіч.

т. 14, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Трапяту́ха ‘варэнік з бульбы, начынены мясам’ (ганц., Сл. Брэс.), трапяту́хі, трапятушкі ‘печыва з цёртай бульбы’ (ганц., Сл. ПЗБ). Відаць, ад назвы жаўранка (гл. наступнае слова), параўн. жаваранак 2 ‘булачка, якая выпякаецца на 9 (22) сакавіка’ (Нас.) аналагічна да галубцы, галёпа (рытуальнае печыва на Саракі ў выглядзе буслінай лапкі) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Саро́ка 1 ’птушка сямейства крумкачовых з доўгім хвастом і чорным з белым апярэннем’. Укр., рус. соро́ка, ц.-слав. сврака, польск., в.-луж., н.-луж. sroka, славін. sãrka, палаб. svorkó, чэш., славац. straka, серб.-харв. свра̏ка, славен. sráka, балг., макед. свра́ка. Прасл. *sorka і *svorka. Бліжэйшыя адпаведнікі ў літ. šárka ’сарока’, ст.-прус. sarke, ст.-інд. çari, çārikā ’майна’ (Траўтман, 419; Торб’ернсан, Liquid, 1, 30; 2, 62). Слав. ‑v‑ тлумачаць як вынік уплыву ц.-слав. свръчата і роднасных, напр. рус. сверчок і г. д.; гл. Праабражэнскі, 1, 358. Форму *sorka параўноўваюць яшчэ з лац. cornīx ’варона’, corvus ’крумкач’, грэч. χόραξ ’крумкач’, гл. Фасмер, 3, 723. Сной₁, 599 узводзіць назву птушкі да і.-е. кораня *kʼer‑ ’чорны’; гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 2, 1350; Борысь, 573; БЕР, 6, 564.

Саро́ка 2 ’жаночая шапачка ў выглядзе какошніка’ (Анім.), ’стужка (вузенькая рабенькая лентачка’ (пух., Сл. ПЗБ). Рус. дыял. соро́ка ’від жаночай шапачкі’, укр. палес. соро́ка ’жаночы галаўны ўбор у выглядзе цюбецейкі’. Ад сарока 1 у выніку падабенства з хвастом сарокі і пёстрай расфарбоўкай пер’яў (Кіпарскі, Gemeinslaw, 101; Торб’ёрнсан, Liquid, 1, 37; 2, 63; Фасмер, 3, 723.

Саро́ка 3 ’спецыяльны спосаб укарочвання «перадоўкі» (кароткай вяроўкі, якая канцамі прывязваецца да пярэдняй часткі воза) пры накладванні яе на жэрдку ў час укладвання снапоў’ (Шат.). Відавочна, ад сарока 1 (гл.) у выніку падабенства з хвастом сарокі.

Саро́ка 4 ’аладка’ (Сл. Брэс., Мат. Гом.). Ад саракі (гл.), таму што ў гэты дзень пячэцца рознае печыва (звычайна ў колькасці 40) для сустрэчы птушак, вясны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)