САРАКІ́,
у беларусаў веснавое свята нар. календара. Правасл. царква прымеркавала да яго дзень 40 пакутнікаў (адзначалася 9 сак. с. ст.). Лічба 40 часта абыгрывалася ў павер’ях і абрадавых дзеяннях. Дзяўчаты на С. пераломвалі 40 дошчачак і разрывалі 40 вяровачак (сімвалізавалі, відаць, сілы, што скоўвалі зямлю), каб наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. Калі на С. здараўся мароз, то чакалі яшчэ 40 маразоў і за кожным з іх з’ядалі па аднаму з 40 хлебных шарыкаў, спечаных да свята. На С. звычайна чакалі пацяплення, «адпушчэння» дрэў і прылёту птушак. Калі ад грамніц да С. трымалася добрае сухое надвор’е, то летам чакалася засуха.
У.А.Васілевіч.
т. 14, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)