бурака...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач. бурак, напр.: буракакапалка, буракарэзка, буракасейны, буракаўборачны.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

бурака...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «бурак», напрыклад: буракакапалка, буракамыйка, буракарэзка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бура́к

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. бура́к буракі́
Р. бурака́ бурако́ў
Д. бураку́ бурака́м
В. бура́к буракі́
Т. бурако́м бурака́мі
М. бураку́ бурака́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),

падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.

Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.

У.​П.​Пярэднеў.

Мангольд: 1 — серабрыстачаранковы; 2 — жоўтачаранковы; 3 — чырвоначаранковы.

т. 10, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУБО́ЧАК,

суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.

т. 8, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА (Heterodera schachtii),

паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.

Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.

Бураковая нематода: 1 — самец; 2 — самка; 3 — самкі на каранях цукровага бурака.

т. 3, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЦЫРО́ЎКА (ад ням. pinzieren выдаляць канец),

прышчыпка, выдаленне верхавінкі парастка. У пладаводстве робяць у гадавальніках пры фарміраванні кроны ў раслін (абрыкос, груша, персік, яблыня) і ў садзе для рэгулявання росту парасткаў ці плоданашэння дрэў. Уручную або садовымі нажніцамі (секатарам) выдаляюць верхавінку і пакідаюць ч. парастка з 7—10 лістамі. За вегетац. перыяд П. праводзяць да 3 разоў. У агародніцтве П. робяць пры вырошчванні агуркоў (у цяпліцах), баклажанаў, брусельскай капусты, насенных раслін сталовага бурака і морквы (у адкрытым грунце); у паляводстве — пры доглядзе за насеннікамі цукр. буракоў (звычайна хім. сродкамі).

В.​І.​Кіцікаў.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бура́к (БРС, Шат., Нас., Сцяшк., Кіс., Гарэц., Бесар.). Рус. бура́к, укр. буря́к, бура́к, чэш. burák, польск. burak (borak). Відавочна, ад назвы колеру буры (гл.). Так Слаўскі, 50. Іншая версія выводзіць назву бурака з с.-лац. borāgo, італ. borragine (але гэтыя словы маюць іншае значэнне; Бернекер, 72; Брукнер, 49; Фасмер, 1, 243; Рудніцкі, 268). Магчымы ўплыў польскай мовы на ўсх.-слав. (Слаўскі, там жа; Булыка, Запазыч., 52). Зусім іначай Махэк₂, 77 (< buryňa, burgyňa ’бургундскі бурак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лады́га1, лады́ґа, лады́жка ’сцябло расліны’, ’сцябло дудкаватай расліны’, ’сцябло агуркоў без лісцяў’, ’ліст бурака са сцяблом’, ’кветканоснае сцябло цыбулі’ (Жд. 2, Нас., Сл. паўн.-зах.), польск., ст.-польск. łodyga ’сцябло расліны’, ’галоўка з насеннем’, ’сцябло капусных раслін’ (чэш. і славац. lodyha запазычаны з польск.Махэк₂, 338). Паводле пашырэння лексемы ладыга можна дапусціць яе паходжанне з польскай мовы. Слаўскі (5, 137) мяркуе, што гэта паўн.-слав. лексема oldyga, якая мае той жа корань, што і прасл. oldi/oldy ’лодка’, звязанае з і.-е. *aldh‑ ’выдзеўбаны ствол дрэва, лодка-чайка’. Сюды ж светлаг. лады́га ’вялікі, дарослы хлопец’ і ўкр. лади́га ’луста, акрайчык хлеба’ (семантычныя пераносы паводле падабенства).

Лады́га2 ’нага ад калена да пяты’, ’галёнка’, лады́жка ’тс’ (Нас.). Укр. сулдыга (< sǫ‑lodyga — гл. Міклашыч, Vergl. gr., 2, 285) ’нага ад калена да пяты’, рус. лоды́га ’заканчэнне галёнкі’, ’шчыкалатка’, ’косць нагі’, ’бабкі’, ’вялікая стана нагі’, ’падваконнік’, ст.-рус. ’падножжа калоны’ (з XII ст.), ’косць для гульні’. Да лады́га1. Названа паводле падабенства касцей канечнасцей да ствала, сцябла (Слаўскі, 5, 137), параўн. таксама літ. káulas ’косць’ — лац. caulis ’сцябло расліны’, ’рагавы стрыжань птушынага пяра’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лыч1 ’выцягнутая пярэдняя частка галавы некаторых жывёл, рыла’ (Нас., ТСБМ, Мядзв., Грыг., Гарэц., Касп., Растарг., Клім., ТС, Сл. ПЗБ, Мікуц.; КЭС, лаг.; рагач., КЭС), ’твар, брудны твар’ (КТС, Касп.), лы́чак ’лыч’ (Ян.), лы́чык ’рыльца ў парасяці’ (Нас.). Укр. паўн., валын., палес. лич, ли́че, ли́ччя ’свінячае рыла’, ’не пакрытая поўсцю пярэдняя частка галавы каня’, рус. смал., бран., калін. лыч ’рыла свінні’, наўг. лы́чко ’морда сабакі’; польск. łycz ’рыла’, ’доўгі нос’, ’рыла дзіка’, lycz lodzi ’нос карабля’, паводле Слаўскага (5, 384), запазычана з бел. мовы. Трубачоў (Слав. языкозн., V, 181) узводзіць гэту лексему да прасл. дыял. lyčь < *lūkjo‑, супастаўляючы яе ўслед за Траўтманам (151), Фрэнкелем (344, 361), з літ. laũkas ’з белай плямай на лбе’, лац. lūcidus ’ясны’, літ. liaukà ’шыйная залоза’, laukos ’залозы ў свінні’, лат. laukos, ļauka ’пухліна залоз у свінні’. Інакш і больш імаверна Краўчук (Бел.-укр. ізал., 38), які мяркуе, што бел. форма была запазычана з укр. гаворак і ўзыходзіць да прасл. ličь, якое з’яўляецца роднасным да прасл. likъ, lice. Сюды ж лычава́ць ’рыць лычом’ (карэліц., Сцяшк. Сл.), ’рабіць падкоп (пад каго-небудзь)’ (Юрч. Вытв.).

Лыч2, лы́чык ’верхняя частка бурака, націна’ (Нас.), віл. лы́чыкі ’націна буракоў’ (Сл. ПЗБ), рус. лыч, паўн.-дзв. ’валасы над ілбом’, вяц., валаг., калін., перм. ’націна караняплодаў (бручкі, морквы, рэпы, буракоў, бульбы)’, наўг. ’лісты і сцябло рэпы’, казан. лычы́ ’агурэчнік’. Бел.-рус. ізалекса. Роднаснае да лыка (гл.), якое да прасл. lyk‑o (н. роду), побач з якім існавалі формы ж. роду (параўн. рус. лыка ’лыка’) і м. роду — lykъ/lykь > lyčь < *lūkʼ‑, як у літ. і лат. мовах (lùnkas, lûks), якое абазначала выцягнутыя, (як лыка) падоўжаныя прадметы, параўн. суч. бел. лы́чык ’край буханкі хлеба’ (глыб., Сл. ПЗБ), лычка ’колца, круг кілбасы’, лычка, лычкі ’вузкія папярочныя нашыўкі на пагонах’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)