ПІНЦЫРО́ЎКА (ад ням. pinzieren выдаляць канец),

прышчыпка, выдаленне верхавінкі парастка. У пладаводстве робяць у гадавальніках пры фарміраванні кроны ў раслін (абрыкос, груша, персік, яблыня) і ў садзе для рэгулявання росту парасткаў ці плоданашэння дрэў. Уручную або садовымі нажніцамі (секатарам) выдаляюць верхавінку і пакідаюць ч. парастка з 7—10 лістамі. За вегетац. перыяд П. праводзяць да 3 разоў. У агародніцтве П. робяць пры вырошчванні агуркоў (у цяпліцах), баклажанаў, брусельскай капусты, насенных раслін сталовага бурака і морквы (у адкрытым грунце); у паляводстве — пры доглядзе за насеннікамі цукр. буракоў (звычайна хім. сродкамі).

В.​І.​Кіцікаў.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)