МАНГО́ЛЬД, лісцевы бурак (Beta cicla, B. vulgaris cicla),
падвід бурака звычайнага, агароднінная культура з сям. лебядовых. Вядомы з 8 ст. да н.э., продак звычайнага караняплоднага бурака. Культывуецца пераважна ў Зах. і Паўд. Еўропе.
Двухгадовая травяністая расліна. У 1-ы год утварае разетку лісця і моцна разгалінаваны корань, на 2-і дае кветаносы і насенне. Лісце буйное, кучаравае, маршчыністае з чаранкамі і жылкамі рознага колеру (дэкар. сарты) або гладкае, хвалістае. Кветкі дробныя, зялёныя ці белаватыя. Плады пры выспяванні зрастаюцца ў суплоддзе (клубочак). У лісцевых сартоў М. ядомае лісце, у чаранковых — і чаранкі. Харч. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУБО́ЧАК,
суквецце, у якім усе кветкі шчыльна скучаны, развіваюцца ад верхавінкі да асновы і маюць выгляд галовак. У кожнай кветцы лісцікі калякветніка ахопліваюць завязь, зрастаюцца з ёй, потым развіваюцца ў зрослыя плады (арэшкі) і ўтвараюць суплоддзе, якое таксама наз. К. Характэрны для бурака, лебяды і інш. раслін сям. лебядовых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВАЯ НЕМАТО́ДА (Heterodera schachtii),
паразітычны круглы чарвяк сям. Heteroderidae, які пашкоджвае карані буракоў і інш. раслін з сям. капуставых і лебядовых (капуста, турнэпс, радыска, рыжак, шпінат). Пашырана ва ўсіх раёнах буракасеяння; на Беларусі найб. шкодная ў Брэсцкай і Мінскай абласцях.
Вясной лічынкі пранікаюць у карані раслін, праходзяць стадыі развіцця, ператвараюцца ў самак і самцоў. За вегетац. перыяд бураковая нематода дае 1 пакаленне. У пашкоджаных раслін утвараецца густая сетка дробных каранёў (барадатасць), лісце жаўцее і робіцца кучаравае, караняплоды буракоў дробныя, з паніжанай цукрыстасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНЦЫРО́ЎКА (ад ням. pinzieren выдаляць канец),
прышчыпка, выдаленне верхавінкі парастка. У пладаводстве робяць у гадавальніках пры фарміраванні кроны ў раслін (абрыкос, груша, персік, яблыня) і ў садзе для рэгулявання росту парасткаў ці плоданашэння дрэў. Уручную або садовымі нажніцамі (секатарам) выдаляюць верхавінку і пакідаюць ч. парастка з 7—10 лістамі. За вегетац. перыяд П. праводзяць да 3 разоў. У агародніцтве П. робяць пры вырошчванні агуркоў (у цяпліцах), баклажанаў, брусельскай капусты, насенных раслін сталовага бурака і морквы (у адкрытым грунце); у паляводстве — пры доглядзе за насеннікамі цукр. буракоў (звычайна хім. сродкамі).