МАДЭЛІ́РАВАННЕ ў навуцы і тэхніцы,

1) даследаванне складаных фіз. працэсаў, з’яў, аб’ектаў шляхам пабудовы і вывучэння іх мадэлей. Грунтуецца на падобнасці тэорыі і размернасцей аналізе.

Мадэль аб’екта, геаметрычна падобная да арыгінала, мае паменшаны або павялічаны памер, а мадэль працэсу (з’явы) можа адрознівацца ад рэальнага працэсу колькаснымі фіз. характарыстыкамі (магутнасцю, энергіяй, ціскам, шчыльнасцю асяроддзя, амплітудай ваганняў, сілай узаемадзеяння, скорасцю і інш.). Падобнымі наз. з’явы, у якіх усе працэсы (поўная падобнасць) ці найб. важныя пры пэўным даследаванні (лакальная падобнасць) адрозніваюцца ад параметраў другой з’явы ў пэўную колькасць разоў. Найб. пашырана М. гідрааэрамех з’яў, мех. уласцівасцей канструкцый і збудаванняў, цеплавых і аэрадынамічных працэсаў, натурных умоў функцыянавання складаных тэхн. сістэм. М. шырока карыстаюцца ў буд. справе, гідраўліцы і гідратэхніцы, авіяцыі, ракетнай і касм. тэхніцы, у судна-, прылада- і машынабудаванні, нафта- і газаздабычы, цепла- і электратэхніцы (напр., М. электраэнергет. сістэм), навук. даследаваннях (фіз. эксперыментах) і інш. З паяўленнем ЭВМ пашырылася т.зв. аналагавае М. з выкарыстаннем спецыяльна сканструяваных для гэтага аналагавых вылічальных машын, якія мадэліруюць суадносіны паміж бесперапынна зменнымі велічынямі (машыннымі пераменнымі) — аналагамі адпаведных зыходных пераменных. Вядучае месца сярод інш. метадаў даследаванняў належыць матэматычнаму мадэліраванню з дапамогай лічбавых электронных вылічальных машын, пры якім даследаванне рэальных з’яў зводзіцца да рашэння адпаведных матэм. задач. Увядзенне ў практыку ЭВМ і машыннае, або кібернетычнае, М. (жывых сістэм, інж сетак, працэсаў распазнавання, сістэмы «чалавек—машына» і інш.) дазваляе вывучаць складаныя сістэмы і з’явы без пабудовы іх фіз. мадэлей.

2) Выраб мадэлей новых прамысл. вырабаў, якія плануецца выпускаць, для адпрацоўкі іх аптымальнай канструкцыі і формы; адзін з асн. метадаў мастацкага канструявання.

3) Выраб мадэлей самалётаў, суднаў і інш. у спартыўных (гл. Мадэлізм спартыўны), доследных і навуч. мэтах (дэманстрацыйнае М.).

Літ.:

Чавчанидзе В.В., Гельман О.Я. Моделирование в науке и технике. М., 1966;

Полисар Г.Л. Моделирование. М., 1963;

Новик И.Б. О моделировании сложных систем. М., 1965;

Седов Л.И. Методы подобия и размерности в механике. 10 изд. М., 1987.

У.​М.​Сацута.

т. 9, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТЭМАТЫ́ЧНАЕ МАДЭЛІ́РАВАННЕ,

метад даследавання аб’ектаў (з’яў, працэсаў, сістэм) шляхам пабудовы і вывучэння іх матэм. мадэлей; адзін з гал. спосабаў навук. пазнання, прагназавання, кіравання і тэхн. праектавання. Уключае 3 асн. этапы: стварэнне мадэлі аб’екта, пераўтварэнне яе ў алгарытм, а алгарытму — у праграму для ЭВМ.

Мадэль аб’екта запісваецца ў матэм. форме з дапамогай законаў прыродазнаўчых і тэхн. навук. У ёй адлюстроўваюцца найважнейшыя ўласцівасці аб’екта, сувязі паміж яго часткамі і інш. Метадамі выліч. матэматыкі мадэль пераўтвараюць у вылічальна-лагічны алгарытм, а затым у праграму для рэалізацыі на ЭВМ, з дапамогай якой праводзяць «доследы» патрэбных якасных і колькасных характарыстык аб’екта. Працэс М.м. пастаянна паляпшаюць і ўдакладняюць ва ўсіх звёнах і паўтараюць да дасягнення патрэбнай дакладнасці супадзення рэальных і імітацыйных даных. Элементы М.м. выкарыстоўвалі з часу паяўлення дакладных навук. Шырокае развіццё яго пачалося ў 1940-я г. і звязана ў асн. са стварэннем ЭВМ (гл. Мадэліраванне ў навуцы і тэхніцы). У канцы 20 ст. М.м. становіцца інтэлектуальным ядром інфарм. тэхналогій, працэсу інфарматызацыі грамадства. Яно выкарыстоўваецца ў ядз. і касм. тэхніцы, авія-, судна-, машынабудаванні, хім. вытв-сці, эканоміцы, сацыялогіі, біялогіі, медыцыне. а таксама там, дзе прамы натурны эксперымент немэтазгодны або немагчымы. Адзін з заснавальнікаў М.м. — рас. вучоны А.А.Самарскі.

На Беларусі М.м. развіваецца ў ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.

Літ.:

Самарский А.А., Михайлов А.П. Математическое моделирование: Идеи. Методы. Примеры. М., 1997;

Самарский А.А., Михайлов А.П. Компьютеры и жизнь: (Мат. моделирование). М., 1987;

Матус П.П., Рычагов Г.П. Математическое моделирование в биологии и медицине: (Аннотацион. справ.). Мн., 1997;

Математическое моделирование: Пер. с англ. М., 1979;

Самарский А.А., Вабищевич П.Н., Матус П.П. Разностные схемы с операторными множителями. Мн., 1998.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

Да арт. Матэматычнае мадэліраванне.

т. 10, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ТЭРДАМ (Rotterdam),

горад на З Нідэрландаў. Знаходзіцца на паўн. рукаве дэльты р. Рэйн; каналам Новы водны шлях злучаны з Паўн. морам, інш. каналамі — з Амстэрдамам і Гаагай. 1105 тыс. ж. з прыгарадамі (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Найб. марскі порт свету (штогадовы грузаабарот каля 300 млн. т), аванпарты на Паўн. моры — Улардынген, Східам, Хук-ван-Холанд, Еўрапорт; вузел суднаходства ў бас. р. Рэйн. Абслугоўвае трансп. сувязі Нідэрландаў (каля 60% знешнегандл. абароту краіны), Германіі, Бельгіі, Швейцарыі і інш. краін. Паромная сувязь з Вялікабрытаніяй. Нафта- і прадуктаправодамі злучаны з прадпрыемствамі Германіі і Бельгіі. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-прамысл. цэнтр краіны (праўленні транснац. манаполій, банкаў). Прам-сць базіруецца гал. ч. на прывазной сыравіне. У Р. і яго ваколіцах буйныя нафтахім. і нафтаперапр. прадпрыемствы (штогод перапрацоўваюць больш за 100 млн. т нафты). З інш. галін прам-сці найб. развіты металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і аўтамабілебудаванне, абсталяванне для партоў, эл.-тэхн. і інш.), хім., лёгкая (асабліва тэкст. і швейная), харч. і харчасмакавая (вытв-сць кармоў, маргарыну, перапрацоўка чаю, какавы, кавы). Метрапалітэн. Ун-т імя Эразма, Акадэмія, мастацтваў, Нац. ін-т навігацыі і караблебудавання і інш. Музеі: гіст., марскі, горада, этналогіі. Карцінная галерэя. Гатычныя цэрквы (15 ст.), у т. л. царква Сінт-Лаўрэнскерк, дамы і ветраныя млыны (17—18 ст.).

На тэр. сучаснага Р. паселішча вядома з 9 ст., у пісьмовых крыніцах — з 1282. З 1 340 горад. У 1572 захоплены і разрабаваны іспанцамі, далучыўся да паўстання Нідэрландаў супраць ісп. панавання. Пасля адмены ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598 у Р. перасялілася шмат франц. пратэстантаў (гандляры і рамеснікі). У 17—18 ст. цэнтр гандлю (у асн. з Францыяй і Англіяй), караблебудаўніцтва і сукнаробства. Пасля злучэння ў 1882 Р. каналам з Паўн. морам — адзін з найб. партоў свету. У 2-ю сусв. вайну моцна пацярпеў ад ням. бамбардзіровак.

т. 13, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сліп

(англ. slip = коўзаць)

1) збудаванне ў выглядзе нахіленай плоскасці для спуску суднаў на ваду або пад’ёму іх на бераг;

2) спуск у кармавой частцы прамысловага судна для пад’ёму на палубу здабытых кітоў або трала з уловам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фоб

(англ. fob, ад free on board = свабодна на борце)

знешнегандлёвы дагавор, звязаны з марской перавозкай тавараў, калі прадавец абавязаны за ўласны кошт даставіць груз на судна, пасля чаго ўсе затраты пераносяцца на пакупніка (гл. таксама сіф).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тра́нспарт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Галіна народнай гаспадаркі, звязаная з перавозкай людзей і грузаў, а таксама сродкі для такой перавозкі. Чыгуначны транспарт. Аўтамабільны транспарт. Гарадскі транспарт.

2. Перавозка чаго‑н. Транспарт нафты хімічным заводам. // Кніжн. Дастаўка чаго‑н. чым‑н. Транспарт газаў кроўю.

3. Партыя атрыманых або прызначаных для перавозкі грузаў. Транспарт з літаратурай паспяхова дайшоў да прызначанага месца.

4. Абоз або сукупнасць якіх‑н. сродкаў для перавозкі спецыяльнага прызначэння. Санітарны транспарт. Артылерыйскі транспарт.

5. Судна ваеннага флоту для перавозкі грузаў і людзей. Мінны транспарт. Дэсантны транспарт.

•••

Гужавы транспарт — від транспарту, у якім цяглавай сілай з’яўляецца жывёла (коні, валы, вярблюды і пад.).

[Ад лац. transportare — пераносіць, перавозіць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

борт м.

1. (судна) Bord m -(e)s, -е;

пра́вы борт Stéuerbord m, n;

ле́вы борт Báckbord m, n;

браць на борт an Bord nehmen*;

чалаве́к за бо́ртам! Mann über Bord!;

2. аўта Séitenwand f -, -wände, Bórdwand f;

3. (у вопратцы) Bórte f -, -n

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

бала́ст

(англ. ballast)

1) спецыяльны груз для забеспячэння правільнай асадкі і ўстойлівасці судна, для рэгулявання вышыні палёту аэрастата;

2) верхні слой чыгуначнага палатна з шчэбню, гравію, які надае ўстойлівасць рэйкавай каляі;

3) перан. тое, што з’яўляецца лішнім, непатрэбным.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

абсерва́цыя

(лац. observatio)

1) уважлівае нагляданне, сачэнне, агляд, 2) назіранне на працягу пэўнага тэрміну над ізаляванымі ў спецыяльным памяшканні здаровымі людзьмі, якія маглі мець кантакт з хворымі;

3) вызначэнне месцазнаходжання судна па берагавых прадметах або па нябесных свяцілах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

па́рус

(гр. pharos)

1) умацаваны на мачце кавалак моцнай тканіны, які надзімаецца ветрам і прыводзіць у рух судна;

2) верхні, самы буйны пялёстак у кветак бабовых раслін;

3) архіт. трохвугольнае сферычнае скляпенне, якое нагадвае па форме надзьмуты парус.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)