БАРСЕЛО́НА

(Barcelona),

горад на ПнУ Іспаніі, у міжрэччы рэк Бесас і Льёбрэгат. Адм. ц. аўт. вобласці Каталонія і прав. Барселона. 1624 тыс. ж., у агламерацыі больш за 4,65 млн. ж. (1991; 2-і пасля Мадрыда па колькасці жыхароў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м., аўтамаб., паромныя зносіны з партамі Балеарскіх і Канарскіх а-воў, суседніх краін. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Асн. галіны прам-сці: тэкст. (1-е месца ў краіне), машынабудаванне (у тым ліку аўта-, судна-, лакаматывабудаванне), вытв-сць энергет. абсталявання, станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і інш., хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., цэм., гарбарная, харч. і інш. Метрапалітэн. Барселонскі універсітэт і 2 інш. ун-ты. Музеі: археал.; нар. рамёстваў і мастацтваў; Федэрыка Марэса; гісторыі горада; прыгожых мастацтваў у Каталоніі; сучаснага мастацтва; Музей Пікаса. Месца правядзення міжнар. гандл.-прамысл. кірмашоў. Сусв. выстаўкі ў 1888 і 1929. У Барселоне адбыліся XXV летнія Алімп. гульні (1992).

Першапачаткова грэч., з 236 да нашай эры карфагенская, з 218 да нашай эры рым. калонія. У 415 захоплена вестготамі, у 6 ст. сталіца іх дзяржавы. З 712 пад уладай арабаў, з 801 сталіца франкскай Ісп. маркі, пасля яе падзелу (874) — Барселонскага графства, у 1137 — аб’яднанага з Арагонам. У час грамадз. вайны ў Барселоне знаходзіўся рэсп. ўрад (1937—39). З 1977 адм. ц. аўт. вобласці Каталонія.

Стары і Новы гарады звязаны пл. Пласа дэ Каталунья, якая акружана фантанамі і скульпт. групамі (1927), з’яўляецца дзелавым цэнтрам Барселоны. Помнікі архітэктуры: раманская царква Сан-Пабла дэль Кампе (10—13 ст.); гатычныя сабор (1298—15 ст.); царква Санта-Марыя дэль Мар (1320—70); біржа (1380—92); судовая палата «Аўдыенсія» (15 ст.); барочная царква Нуэстра Сеньёра дэ Белен (1687—1729). У канцы 19 — пач. 20 ст. Барселона — буйны цэнтр архітэктуры стылю мадэрн і авангардызму. Своеасаблівасць гораду надаюць мудрагелістыя пабудовы арх. А.Гаўдзі (паркавы комплекс Гуэль, 1885—89; царква Саграда Фамілія, з 1884, не закончана; жылыя дамы Каса Батла, 1905—07, і Каса Міла, 1905—10). Сучасныя пабудовы: аўтамаб. з-д «SEAT», Дом гандлю, будынак Калегіі архітэктараў з фрызам па эскізах П.Пікаса.

т. 2, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)