ФРУАСА́Р (Froissart) Жан (каля 1337, г. Валансьен, Францыя — пасля 1404),

французскі храніст і паэт. Служыў пры двары англ. караля, потым франц. знаці. Гісторык франц. і англ. рыцарства, у «Хроніках» апісаў ваен. і паліт. падзеі 1327—1400 (гал. ч. Стогадовай вайны 1337—1453), мяняў паліт. арыентацыю адпаведна інтарэсам сваіх апекуноў (першапачаткова англічан, потым французаў). Для збору матэрыялу падарожнічаў па Англіі, Францыі, Іспаніі, Італіі, таксама выкарыстаў працы льежскага храніста Ж.​Лебеля. З канца 15 ст. «Хронікі» шмат разоў выдаваліся, аказалі ўплыў на хранаграфію (асабліва англ.) 15—16 ст. Вершы і паэмы Ф. напісаны ў духу куртуазнай літаратуры.

Тв.:

Рус. пер. — Любовный плен. М., 1994.

т. 16, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРЫ́ДМАН (Friedman) Джэром Айзек (н. 28.3.1930, г. Чыкага, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1992), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1980). Бацькі з Беларусі. Скончыў Чыкагскі ун-т (1956). З 1957 у Станфардскім ун-це, з 1960 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1967 праф., у 1983—88 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій. Даследаваў рассеянне электронаў на дэйтроне і нуклонах. Эксперыментальна пацвердзіў існаванне кваркаў (з Г.У.Кендалам і Р.Э.Тэйларам, 1968). Нобелеўская прэмія 1990 (з Кендалам і Тэйларам).

Тв.:

Рус. пер. — Глубоко-неупругое рассеяние: Сравнение с кварковой моделью // Успехи физ. наук. 1991. Т. 161, №12.

М.​М.​Касцюковіч.

Дж.А.Фрыдман.

т. 16, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФУКО́ (Foucault) Жан Бернар Леон (18.9.1819, Парыж — 11.2.1868),

французскі фізік-эксперыментатар. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай ΛΗ (1860). Чл. Парыжскай АН (1865). З 1855 у Парыжскай абсерваторыі, з 1862 чл. Бюро даўгот у Парыжы. Навук. працы па оптыцы, механіцы і электрамагнетызме. Вызначыў скорасць святла ў паветры і вадзе метадам вярчальнага люстэрка (1850; метад Ф.), што канчаткова пацвердзіла хвалевую прыроду святла. Правёў дослед з маятнікам на доўгім падвесе (гл. Фуко маятнік), што з’явілася доказам сутачнага вярчэння Зямлі. Выявіў эл. віхравыя токі (токі Ф.). Вынайшаў гіраскоп (1852), сканструяваў шэраг аптычных прылад.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

А.​І.​Болсун.

Ж.Б.Л.Фуко.

т. 16, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ГАРД (Haggard) Генры Райдэр (22.6.1856, Брадэнем, Вялікабрытанія — 14.5.1925),

англійскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў. Аўтар прыгодніцкіх і гіст. раманаў «Капальні цара Саламона» (1885, экранізаваны ў 1938), «Клеапатра» (1889, экранізаваны ў 1939 і 1964), «Дачка Мантэсумы» (1893), «Цудоўная Маргарэт» (1907), у якіх прагматызму супрацьпаставіў свет экзотыкі, далёкага мінулага. У позніх творах «Пярсцёнак царыцы Саўскай» (1910), «Дзіця буры» (1913), «Свяшчэнная кветка» (1915) і інш. паэтызаваў «моцную асобу», апраўдваў каланіялізм.

Тв.:

Рус. пер. — Копи царя Соломона;

Прекрасная Маргарет. Мн., 1990;

Клеопатра;

Владычица Зари. М., 1991;

Хозяйка Блосхолма. Мн., 1991;

Бенита: Романы. Мн., 1994;

Дочь Монтесумы. Мн., 1995;

Она;

Ледяные боги;

Аэша. Мн., 1995.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́РШБАХ (Herschbach) Дадлі Роберт (н. 18.6.1932, г. Сан-Хасэ, ЗША),

амерыканскі фізікахімік. Чл. Нац. АН ЗША (1967), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1964). Скончыў Гарвардскі ун-т (1958), дзе і працаваў з 1963 (у 1977—80 дэкан ф-та). Навук. працы па малекулярнай дынаміцы хім. рэакцый, па ўдасканаленні метаду малекулярных пучкоў. Распрацаваў метады разліку энергет. узроўняў унутрымалекулярнага вярчэння. Вынайшаў метад перакрыжаваных малекулярных пучкоў, які дазваляе вывучаць узаемадзеянне малекул у час хім. рэакцыі. Нац. навук. медаль ЗША (1991). Нобелеўская прэмія 1986 (з Лі Янам і Дж.Ч.Полані).

Тв.:

Рус. пер. — Молекулярная динамика элементарных химических реакций: Нобелевская лекция. М., 1988.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Р.Хершбах.

т. 17, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ЧКАК (Hitchcock) Алфрэд (13.8.1899, Лондан — 29.4.1980),

англа-амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў каталіцкі каледж і інж. вучылішча. З 1920 працаваў у кіно як мастак, з 1922 як сцэнарыст і рэжысёр. Вядомасць прынесла серыя дэтэктыўных фільмаў, насычаных «чорным гумарам» і адметных наватарскімі прыёмамі для стварэння напружанай злавеснай атмасферы страху і іроніі: «Шантаж» (1929), «Чалавек, які вельмі многа ведаў» (1934), «39 крокаў» (1935), «Лэдзі знікае» (1938) і інш. З 1939 у Галівудзе, стварыў фільмы «Рэбека» (1940), «Падазрэнне» (1941), «Галавакружэнне» (1958), «Псіхоз» (1960), «Марні» (1964), «Шаленства» (1971) і інш., у якіх падкрэсленасць паталагічных учынкаў, фрэйдысцкія матывы.

Літ.:

Трюффо Ф. Кинематограф по Хичкоку: Пер. с англ. М., 1996.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ГАРТ (Hogarth) Уільям (10.11.1697, Лондан — 25.10.1764),

англійскі мастак і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў гравёра Э.​Геймбла, з 1720 у акадэміі Дж.​Торнхіла ў Лондане. У творах, якія вылучаюцца жывой непасрэднасцю, з пазіцый асветніцтва выявіў заганы тагачаснага англ. грамадства: серыі «Кар’ера прастытуткі» (1730—31), «Кар’ера мота» (1732—35), «Модны шлюб» (1743—45), «Выбары» (каля 1754). Выканаў партрэты, якім уласцівы жыццесцвярджальнасць і рэалістычнасць: «Капітан Т.​Корэм» (1740), «Аўтапартрэт» (1745), «Дзяўчына з крэветкамі». Аўтар тэарэт. трактата «Аналіз прыгажосці» (1753).

Тв.:

Рус. пер. — Анализ красоты. 2 изд. Л.;

М., 1987.

Літ.:

Герман М.Ю. У.​Хогарт и его время. Л., 1977.

У.Хогарт. Модны шлюб. 1743—45.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦУЙ (Tsui) Даніэль Чы (н. 28.2.1939, прав. Хэнань, Кітай),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (2000). З 1958 у ЗША. Скончыў Чыкагскі ун-т (1967). З 1982 праф. Прынстанскага ун-та. Навук. працы па цвердацельнай электроніцы, эл. уласцівасцях паўправадніковых мікраструктур і тонкіх плёнак, квантавай фізіцы электронных матэрыялаў (уздзеянне моцных магн. палёў і нізкіх тэмператур). Эксперыментальна адкрыў дробавы квантавы эфект Хола (1982; з А.​Госардам і Г.Шцёрмерам). Нобелеўская прэмія 1998 (з Р.Б.Лафлінам і Шцёрмерам).

Тв.:

Рус. пер. — Соотношение беспорядка и взаимодействия в двумерном электронном газе, помещенном в сильное магнитное поле // Успехи физ. наук. 2000. Т. 170, № 3.

М.​М.​Касцюковіч.

Д.Ч.Цуй.

т. 17, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́НБА Самсон Якаўлевіч (18.6.1886, с. Атара Ачамчырскага р-на, Абхазія — 1937),

абхазскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Скончыў Хонскую настаўніцкую семінарыю (1914). Працаваў настаўнікам, рэдактарам. У 1921—25 і 1930—32 нарком асветы Абхазіі, у 1925—30 старшыня ЦВК Абхазскай АССР, з 1932 у Абхазскім НДІ. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Пісаў на абхазскай і рус. мовах. Друкаваўся з 1916. Аўтар рамант. паэмы «Дзева гор» (1919), аповесці «Сейдык» (1934), п’ес на гіст. і быт. тэмы «Махаджыры» (1920), «Апсны Ханым» (1923), «З мінулых дзён» (1929), якія заклалі аснову абхазскай нац. драматургіі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Сухуми, 1960.

Літ.:

Лакоба Н. Самсон Чанба: Жизнь и творчество. Сухуми, 1972.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭХ (Ćech) Сватаплук (21.2.1846, мяст. Остршадак каля г. Бенешаў, Чэхія — 23.2.1908),

чэшскі пісьменнік. Скончыў Пражскі ун-т (1869). У 1878—99 заснавальнік і рэдактар час. «Květy» («Кветкі»). У зб-ках вершаў «Ранішнія песні» (1887), «Новыя песні» (1888), паэмах «Песні раба» (1894), «Касцы» (1903) асуджаў тагачасны лад, нац. і сац. прыгнёт, апяваў барацьбу працоўных супраць прыгнятальнікаў. Аўтар сатыр. аповесці «Падарожжа пана Броўчака ў XV стагоддзе» (1888), у якой філістэрству і беспрынцыповасці грамадства проціпаставіў гераічнае гусіцкае мінулае. Для яго твораў характэрны рамант. тэндэнцыі і рэалізм.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1954.

Літ.:

Кишкин Л.С. Сватоплук Чех: Очерк жизни и творчества. М., 1959;

Чех Сватоплук: Биобиблиогр. указ. М., 1959.

т. 17, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)