ХІ́ЧКАК (Hitchcock) Алфрэд (13.8.1899, Лондан — 29.4.1980),

англа-амерыканскі кінарэжысёр, прадзюсер. Скончыў каталіцкі каледж і інж. вучылішча. З 1920 працаваў у кіно як мастак, з 1922 як сцэнарыст і рэжысёр. Вядомасць прынесла серыя дэтэктыўных фільмаў, насычаных «чорным гумарам» і адметных наватарскімі прыёмамі для стварэння напружанай злавеснай атмасферы страху і іроніі: «Шантаж» (1929), «Чалавек, які вельмі многа ведаў» (1934), «39 крокаў» (1935), «Лэдзі знікае» (1938) і інш. З 1939 у Галівудзе, стварыў фільмы «Рэбека» (1940), «Падазрэнне» (1941), «Галавакружэнне» (1958), «Псіхоз» (1960), «Марні» (1964), «Шаленства» (1971) і інш., у якіх падкрэсленасць паталагічных учынкаў, фрэйдысцкія матывы.

Літ.:

Трюффо Ф. Кинематограф по Хичкоку: Пер. с англ. М., 1996.

т. 17, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)