гаспада́р, ‑а, м.

1. Уласнік, уладальнік каго‑, чаго‑н. Гаспадар кнігі. Гаспадар кватэры. Гаспадар фабрыкі. // Прыватны наймальнік. Гаспадар не хацеў задавольваць патрабаванні рабочых, пагражаў абвясціць лакаут. Лынькоў. // Селянін, уладальнік сялянскага двара, надзелу. Ніхто.. [Лаўрэна] не лічыў за гаспадара, а яго хату — за гаспадарку. Якімовіч. Пад самы лес бягуць шнуры, І брыюць спрытна, без заганы, Зялёны дол гаспадары. Колас.

2. (звычайна з азначэннем). Чалавек, які вядзе гаспадарку, займаецца гаспадарчымі справамі. Дбайны гаспадар. □ Навучыліся тут людзі працаваць.., адчуваць сябе добрымі, руплівымі гаспадарамі. Кулакоўскі.

3. Галава сям’і, дома. Мужчыны падалі адзін аднаму рукі, гаспадар — цвёрда і самаўпэўнена, госць — .. нясмела. Чорны.

4. Той, хто мае ўладу над кім‑, чым‑н.; паўнаўладны распарадчык. Гаспадар становішча. □ Кандрат Гуга быў больш-менш незалежным гаспадаром у сваім доме. Колас.

5. Разм. Муж. Вестка пра падзенне самаўладства ўсімі ўспрымалася як вестка пра канец вайны, пра тое, што да дзяцей вернуцца бацькі, да маці — сыны, да жонак — гаспадары. Лобан.

•••

Гаспадар свайго слова — пра чалавека, у якога слова не разыходзіцца са справай.

Сам сабе гаспадар гл. сам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

знаёмы, ‑ая, ‑ае; знаем, ‑а.

1. Раней зведаны, спазнаны, прывычны. Знаёмы голас. Знаёмая мелодыя. □ Зося лёгка разбірала знаёмы почырк. Крапіва. Ішоў дзед Талаш не спяшаючыся, выбіраючы глухія лясныя сцежкі, так добра знаёмыя дзеду. Колас.

2. з чым або каму-чаму. Які зведаў, выпрабаваў што‑н., мае пазнанні ў чым‑н. Як чалавек, знаёмы з тутэйшымі парадкамі, .. [Кібрык] з самага пачатку сеў воддаль, на тахту. Шыцік. Рэдактар надзеў акуляры, паклаў на стол жылістыя рукі — ім, відаць, знаёма была ў свой час фізічная праца. Хадкевіч.

3. Які знаходзіцца з кім‑н. у знаёмстве (у 1 знач.). Мяркуючы па тым, як .. [юнакі] сустрэліся, як жартуюць, лёгка можна было заключыць, што яны даўно знаёмыя і паважаюць адзін аднаго. Анісаў.

4. у знач. наз. знаёмы, ‑ага, м.; знаёмая, ‑ай, ж. Той, (тая), хто знаходзіцца ў знаёмстве з кім‑н.; знаёмы чалавек. У цэнтры горада, ля крамы, на рагу, Знаёмая знаёмую спаткала. Корбан. Бацька і маці пайшлі да знаёмых у госці, а Віця застаўся дома. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наме́ціць, ‑мечу, ‑меціш, ‑меціць; зак., каго-што.

1. Паставіць меткі, знакі на чым‑н. Намеціць дрэвы для высечкі. Намеціць бялізну.

2. Абазначыць, ставячы меткі, знакі. Намеціць дарогу тычкамі.

3. Лёгкімі штрыхамі, лініямі абазначыць асноўныя контуры чаго‑н. Намеціць пярэдні план карціны. Намеціць фасад будучага дома. // перан. Зрабіць, стварыць у агульных рысах; накідаць. Намеціць схему ўрока.

4. Папярэдне вызначыць каго‑, што‑н. Калі.. трэба было намеціць кандыдатуру сакратара райкома камсамола, Андрыян Цітавіч адразу прыгадаў Валю Красачку. Марціновіч. Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкова паедзе ў горад. Гартны.

5. Прымеціць, выбраць каго‑, што‑н. з якой‑н. мэтай. [Раечка] намеціла аднаго афіцэра і, прыцікаваўшы, калі ён будзе стаяць адзін, падышла запытаць. Лобан.

6. Задумаць, запланаваць зрабіць што‑н. Зараз .. [краіне] усё пад сілу, і ўсё, што намеціла партыя, будзе выканана. Карпаў. З Сюзанай звязана ўсё самае лепшае, што намеціў .. [Міця] зрабіць у жыцці. Навуменка. Памаўчалі, пасля загаварыў старшыня: — .. Вось што... Ульяна, і вы, Тодар... На вечар мы ўчора намецілі праўленне, не адкладаць жа. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыпыні́ць, ‑пыню, ‑пыпіш, ‑пыніць; зак., каго-што.

1. Спыніць рух каго‑, чаго‑н. на некаторы час. Сцяпан прыпыніў машыну, і Рыгор, шчыра падзякаваўшы хлопцу, вылез з кабіны. Краўчанка. На Залессі, каля Цімохавага стажка, прыпынілі статак. Колас. // Сцішыць, зменшыць скорасць хады, руху. Прыпынілі і коні хаду ля яе [дзяўчыны], ад здзіўлення застыў падзішах на сядле. Дубоўка.

2. Перастаць рабіць што‑н., спыніць што‑н. на некаторы час. Старыя прыпынілі нейкую сваю гаворку і абое глядзелі на Зосю. Крапіва. [Косця] прыпыніў нараду і заявіў, што зараз жа пойдзе да дырэктара. Карпюк. Пакуль ён апамятайся, у памяшканні засталіся толькі брыгадзір, некалькі мужчын ды хлопцы — шахматысты. Апошнія нават прыпынілі гульню. Кулакоўскі.

3. Разм. Кончыць рабіць што‑н., управіцца з чым‑н. А дома з дзецьмі была маці. Яе жаночая работа І гэта вечная турбота То каля печы, то на полі, Сказаць, не зводзіцца ніколі. Адно прыпыніш — там другое, Глядзіш, як бачыш, набяжыць. Колас.

4. Даць прыпынак, прытулак, схованку. Спяшаліся сеяць, спяшаліся хаваць, спяшаліся прыпыніць худобу па мала вядомых выспах, па недаступных астравах. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

основа́ние ср.

1. (действие) заснава́нне, -ння ср.;

год основа́ния го́рода год заснава́ння го́рада;

2. (основа) асно́ва, -вы ж.;

экономи́ческое основа́ние эканамі́чная асно́ва;

3. мат. асно́ва, -вы ж.;

основа́ние треуго́льника асно́ва трохвуго́льніка;

4. (причина) падста́ва, -вы ж.;

на како́м основа́нии на яко́й падста́ве;

на основа́нии э́того на падста́ве гэ́тага;

он име́ет основа́ние ён мае падста́ву;

5. (дома, колонны и т. п.) фунда́мент, -та м., падму́рак, -рка м.;

6. (подножие) падно́жжа, -жжа ср.;

основа́ние горы́ падно́жжа гары́;

◊

до основа́ния дашчэ́нту, ушчэ́нт.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

до́бра

1. нареч. хорошо́;

д. працу́е — хорошо́ рабо́тает;

д. апрана́цца — хорошо́ одева́ться;

д. пашы́ты касцю́м — хорошо́ сши́тый костю́м;

2. нареч. как сле́дует, хорошо́, хороше́нько;

зачыні́ць д. дзве́ры — закры́ть хороше́нько (хорошо́) дверь;

д. ўсы́паць — хороше́нько (как сле́дует) всы́пать;

3. нареч. (удачно) благоприя́тно, благополу́чно;

абста́віны скла́ліся д. — обстоя́тельства сложи́лись благоприя́тно;

4. нареч. изря́дно, прили́чно;

д. пад’е́сці — изря́дно (прили́чно) закуси́ть;

5. нареч. хорошо́, благоскло́нно;

д. адне́сціся — (да каго́, чаго́) хорошо́ (благоскло́нно) отнести́сть (к кому́, чему́);

6. в знач. сказ. с инф. хорошо́;

д. табе́ гавары́ць — хорошо́ тебе́ говори́ть;

7. в знач. безл. сказ. хорошо́;

д. на ву́ліцы — хорошо́ на у́лице;

8. в знач. сказ. с союзами што, як хорошо́; бла́го;

д., што ты прыйшо́ў — хорошо́, что ты пришёл; бла́го ты пришёл;

9. частица (выражение согласия) хорошо́, ла́дно, прекра́сно, отли́чно, добро́;

10. в знач. сущ. хорошо́;

атрыма́ць «д.» на экза́мене — получи́ть «хорошо́» на экза́мене;

◊ д. падве́шаны язы́к — хорошо́ подве́шенный язы́к;

у гасця́х д., а до́ма лепш — посл. в гостя́х хорошо́, а до́ма лу́чше

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Сяло́ ’вёска, вялікая вёска’ (ТСБМ, Шымк. Собр., Ласт., Некр. і Байк., Шат., Касп., Сл. ПЗБ), село́ ’тс’ (Маш., ТС), сэло́ ’тс’ (пруж., бяроз., Сл. ПЗБ), сыло́ ’тс’ (кам., Сл. ПЗБ; бяроз., Нар. ск.), перан. сяло́ (село́) ’дзеравеншчына, мужыччо’, сяло́‑брала (село́‑брело), сяла́‑брала (села́‑брела) ’цёмны, неадукаваны чалавек, дурань’ (Нас.), у выразах (быць) у (на) сяле ’быць у вёсцы, не знаходзіцца дома’ (валож., шчуч., смарг., паст., в.-дзв., Сл. ПЗБ), (ісці) на сяло (ісці) ’у госці’, ’сусед да суседа’, ’на вячоркі’ (Касп.); адсюль сяло́ ’вечаровыя зборкі, паседзіны’ (Барад.); ст.-бел. село ’пасяленне; вёска’ (Шадурскі, Бел. мова, 87). Укр., рус. село́, стараж.-рус. село, польск. sioło (з усходнеславянскіх — Брукнер, 491), у тапонімах: Długosiodło, Siedlce, в.-луж. sydło (рэфлекс прасл. ě ў в.-луж. і чэш. пад уплывам дзеяслова *sěděti — Шустар-Шэўц, 1396), н.-луж. sedlišćo ’жыллё’, чэш. sídlo ’месцазнаходжанне; рэзідэнцыя’, sedlák ’селянін’, славац. sedliak ’тс’, серб.-харв. се́ло, славен. sélo, балг. се́ло, макед. село, ст.-слав. село. Прасл. *sedlo < і.-е. *sed‑ ’сядзець’, роднаснае гоц. sitls ’сядзенне, крэсла’, лац. sella (< *sedlā) ’сядзенне’; гл. Бязлай, 3, 225–226; Махэк₂, 539; Скок, 3, 218–219. Фасмер (3, 596), Мее (419), Траўтман (248), Покарны (898) выдзяляюць яшчэ прасл. *selo ’ралля’, параўн. стараж.-рус. село ’поле, ралля; луг’: село земли, славен. sélo ’глеба’: selo kopati, якое ва ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх супала з *sedlo; адрозніваюцца яны толькі ў заходнеславянскіх, параўн. чэш. selo ’сяло; ралля’, дыял. мар. selo ’сяло’ і вышэйпрыведзеныя формы з суфіксам ‑dl‑. На думку Курынай, матывацыя дзеясловам *sědeti першапачатковага *selo ’ралля, поле’ адбылася з пераходам да аседласці (Слав. языкозн., XIII, 371). Гл. ЕСУМ, 5, 209–210; Борысь, 548; ESJSt, 13, 799–800; Глухак, 544. Аб семантычным дыялектызме сяло ’наведванне; госці’, які разглядаецца як фінска-балтыйска-беларуская семантычная ізаглоса, гл. Кальбушэўскі, ABSl, 16, 159–164; Непакупны, Связи, 83–85.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

майда́н

1. Абгароджанае або неабгароджанае месца для жывёлы ў полі або ў лесе, каля дома (Брэсц. ДАБМ, к. 232).

2. Месца, дзе знаходзіліся прамысловыя збудаванні лясных або рыбных промыслаў (Стол.), дзе выганялі дзёгаць і выпальвалі кавальскі вугаль (Бых. Рам. 1912, 3, Краснап. Бяльк., Слаўг.); яма, дзе гналі смалу (Мін. губ. Зял. 1864, 119). Тое ж майда́нак (раён Белавежскай пушчы, Гродз.).

3. Шырокая прастора; вялікая гала (Стол.).

4. Незабудаванае месца ў населеных пунктах, дзе збіраецца народ, дзе адбываецца гандаль; зборны пункт; узвышанае месца, узгорак (Пінскі пав. Булг. 196).

5. Вялікі абшар ворнай зямлі (Нясв.).

6. Зарослы хмызняком роў (Міласл. Бяльк.).

7. Вялікі двор у маёнтку (Ваўк. Сцяшк.).

□ в. Майда́н Бых. (Рам. 1912, 3), ур. Майдан (лес) каля в. Беражцы Жытк., ур. Майдан (поле на месцы асушанага балота) каля в. Чарнякоўка Слаўг.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

ПАРО́ДЫЯ (ад грэч. parōdia літар. спевы навыварат),

жанр сатырычнай літаратуры (гл. Сатыра). Заснавана на камічным перайманні стылю асобнага пісьменніка, пэўнага жанру ці літ. кірунку, што знарок скажае, акарыкатурвае тыя ці інш. рысы арыгінала з мэтай высмеяць іх. П. — своеасаблівая з дапамогай імітацыі крытыка літ., навук. ці публіцыст. прац з пункту погляду ідэйнага ці стылістычнага напаўнення твора, маст. канцэпцыі аўтара, яго паліт. ці грамадз. пазіцый. Пераймаючы жанравую форму арыгінала (вершаванага ці празаічнага твора), П., як правіла, захоўвае яго фармальныя прыкметы (стыль, кампазіцыю і інш.). Супярэчнасць, што ўзнікае паміж зместам П. і формай арыгінала, спрыяе зусім інш. сэнсаваму напаўненню, адваротнаму тлумачэнню асн. думкі арыгінала. Чым выразней пазнаецца ў П. арыгінал, тым мацнейшая яна па сваёй маст. вартасці. Вылучаюць П.: гумарыстычную, якая завастрае слабыя бакі арыгінала, але не адмаўляе іх («Паэтычныя залёты» П.​Сушко); сатырычную якая скіравана супраць арыгінала («Бойся Бога» П.​Марціновіча). Паводле зместу П. падзяляюць на сацыяльна-бытавыя («З Уладзіміра Скарынкіна» Г.​Юрчанкі), палітычныя («Малебен» Я.​Коласа), літаратурныя («Літаратурная пародыя» Ц.​Дзеразы). Існуюць П. і ў форме перафразавання вядомага выказвання. П. выкарыстоўваюць у цырку, лялечным тэатры, на эстрадзе.

П. — адзін з найстаражытнейшых жанраў. Вядомы парадыйныя раман («Гарганцюа і Пантагруэль» Ф.​Рабле), памфлет (Д.​Дэфо, Дж.​Свіфт, Вальтэр і інш.), ода (А.​Сумарокаў), трагедыя («Падшчыпа» І.​Крылова). У рус. л-ры пач. 19 ст. часцей сустракалася гумарыст. П. (А.​Пушкін, І.​Дзмітрыеў, А.​Шахаўской). З сярэдзіны 19 ст. пачалося сатыр. напаўненне П. («Гісторыя аднаго горада» М.​Салтыкова-Шчадрына, «Лісты да вучонага суседа» А.​Чэхава). Сатыр. П. пісалі У.​Маякоўскі, Дз.​Бедны і інш.

У бел. л-ры элементы парадыйнага жанру сустракаюцца ў ананімнай «Прамове Мялешкі» 17 ст. Як найб. завершаны жанр П. склалася да сярэдзіны 19 ст. (ананімныя паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат»). Блізкія да сац.-быт. і паліт. П. «Калыханка» Ф.​Багушэвіча, «Янка і свабода», «Ісцінна чорнае трыо» Я.​Купалы, «Пратэст» Ядвігіна Ш. Вызначаюцца актуальнасцю пародыі К.​Крапівы (паэмы «Малітва па-беларуску», «Нібы сатыра на Нібы паэму М.​Грамыкі «Гвалт над формай»). У 1920—30-я г. П. пісалі Я.​Купала, Я.​Колас, А.​Александровіч, П.​Трус, М.​Хведаровіч. П. сустракаецца ў Р.​Барадуліна, В.​Віткі, А.​Вольскага, А.​Вялюгіна, Н.​Гілевіча, С.​Дзяргая, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, П.​Макаля, М.​Мятліцкага, М.​Скрыпкі, Я.​Таўшчэзнага і інш. У пач. 1970-х г. з’явілася ананімная паэма Ведзьмака Лысагорскага «Сказ пра Лысую гару», якая стала П. на многія перыпетыі жыцця пісьменніцкага гурту і тагачаснага літ. працэсу. Элементы парадыйнага жанру знаходзяцца ў празаічных творах М.​Адамчыка, П.​Васючэнкі, А.​Вырвіча, А.​Глобуса, у п’есах А.​Ждана, С.​Кавалёва, А.​Петрашкевіча і інш. Існуе П. на прамову, рэпартаж, некат. дэтэктыўныя, паэт., празаічныя і драм. творы, крытычныя працы і інш.

Публ.: Барадулін Р. Дойны конь. Мн., 1965; Юрчанка Г. Немеладычныя мелодыі. Мн., 1974; Яго ж. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979; Скрыпка М. І з перцам і з сэрцам. Мн., 1977; Вітка В. Для дома, для альбома і трохі для эпохі. Мн., 1983; Адамчык М. Забойства на Каляды: Аповесць. Апавяданні. Мн., 1994; Глобус А. Новы дамавікамерон. Мн., 1998; Васючэнка П., Вырвіч А. Прыгоды аднаго губашлёпа. Мн., 1999.

Літ.:

Борев Ю.Б. Комическое... М., 1970.

Л.​М.​Гарэлік.

т. 12, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,

галіна архітэктуры, якая развіваецца пад пераважным уплывам нар. буд. традыцый. У ім увасоблены светапогляд народа, яго ўменне сродкамі архітэктуры арганізаваць жыццёвую прастору ў канкрэтных прыродна-кліматычных і сац.-эканам. умовах на ўзроўні размяшчэння населеных пунктаў і іх планіроўкі, фарміравання сядзібных комплексаў і інтэр’ера асобных памяшканняў. Уяўленні чалавека пра арганізацыю асяроддзя для існавання замацоўваліся таксама спосабамі буд. вытворчасці, рытуальнымі абрадамі, што іх суправаджалі, сімвалізмам арх.-канструктыўных элементаў будынкаў і прыёмамі дэкар. ўпрыгожвання. Гэта абумовіла з’яўленне адметных рыс архітэктуры кожнага народа. Прагрэс. прынцыпы і эстэт. ідэалы Н.д. рабілі ўплыў на прафес. архітэктуру. Творчасць многіх вядучых архітэктараў свету (К.Мельнікаў, Ле Карбюзье, К.Тангэ і інш.) характарызуе асэнсаванне працэсаў узаемадзеяння канстр. і фарматворчых асноў Н.д. Аб’екты нар. архітэктуры, размяшчэнне і формы якіх дакладна адпавядаюць прыродна-кліматычным умовам і асаблівасцям мясцовасці, звычайна з’яўляюцца важнымі кампанентамі ландшафту. Для сучаснай навукі і тэхнікі Н.д. — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы і адпачынку.

Бел. Н.д. мае шмат агульнага з рус., літ., укр., польскім. Яно адметнае высокім майстэрствам, дасканаласцю тэхн. і дэкар. прыёмаў, арыгінальнасцю канструкцый. З сярэднявечча гістарычна склаліся тыпы сельскіх паселішчаў: вёска, засценак, мястэчка, сяло, хутар. Са старажытнасці вядомы вёскі з бессістэмнай (хаатычнай) забудовай, лінейнай або радковай планіроўкай. З 16 ст. пашырылася сістэмная вулічная забудова. Кожнае паселішча мела пэўную колькасць сядзіб, якія ўключалі двор, агарод і гумнішча. У двары стаялі хата, клець, варыўня, павець, хлявы, адрына, пуня. Непадалёку ад двара ставілі лазню. Важнымі элементамі Н.д. былі малыя арх. формы (агароджы, брамы, азяроды, студні і інш.) і вытв. пабудовы (кузні, ветракі, вадзяныя млыны). Стараж. тыпы планіроўкі двароў — вянковы (усе пабудовы згрупаваны ў прамавугольны ў плане «вянок») і пагонны [хата ставілася тарцом або пад вуглом да вуліцы, а гасп. пабудовы — у адну лінію (пагон) за хатай]. З 2-й пал. 19 ст. пашырыліся новыя тыпы сядзібнай планіроўкі: П-падобнай, 2-раднай, Г-падобнай і з нязвязанымі пабудовамі.

Асн. буд. матэрыял у Н.д. — дрэва (гл. Драўлянае дойлідства). Да 3 ст. асн. канструкцыя была слупавая, яна дазваляла будаваць пры дапамозе простых прылад працы. Паступова яе замянілі зрубныя канструкцыі. Зруб рабілі з акоранага, з 12 ст. — з ачасанага бярвення, часцей на 4 грані; вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок» з адной або 2 чашкамі. Тэхніка рубкі вуглоў без «астатку» (без выступаў бярвён) — «у чысты вугал» здаўна вядома ў гар. жыллі, з пач. 20 ст. пашырана і ў сял. жыллі. Зруб-клець квадратнага ці прамавугольнага плана (суадносіны 1:1—1:1,3) была асн. аб’ёмна-прасторавай і канструктыўнай адзінкай, з якой складалася структура разнастайных будынкаў. Даўжыня бервяна (6—9 м) вызначала памеры зруба пры вышыні ў 9—13 вянкоў (2,2—2,4 м). Суадносіны вышынь зруба і страхі (2:1—1:1) залежалі ад Канструкцыі страхі. Найб. старадаўняя яе канструкцыя — на стаяках і закотам — паступова замянялася лёгкімі дахамі каркаснага тыпу (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Найб. пашыраны дахі 2-схільныя; выкарыстоўвалі таксама 3- і 4-схільныя (вальмавыя), шатровыя, а таксама пераходнага тыпу — з «залобкам» (верхняй ч. вальмы) або з «прычолкам» (ніжняй ч. вальмы). Матэрыял і тэхніка пакрыцця залежалі ад мясц. буд. матэрыялу і традыцый, найб. пашыраны салома, дрэва (дошкі, дранка), з сярэдзіны 19 ст. — гонта, бляха, дахоўка. Падлога часта была земляная або гліняная, з 19 ст. — дашчаная.

На пабудову хат ішла якасная хваёвая драўніна. Сцены імшыліся і пакідаліся адкрытымі ўнутры і звонку. Зруб ставілі на вуглавыя камяні ці драўляныя калоды (штандары), часам проста на зямлю. Для ўцяплення хаты ніжні вянок (падваліна) абносіўся прызбай. З сярэдзіны 19 ст. бытуюць каменныя фундаменты. Аконныя і дзвярныя праёмы прарэзвалі ў гатовым зрубе ці рабілі пры яго складанні. Валаковыя вокны рабілі ў выглядзе невял. адтулін у 2 сумежных вянках, якія зачыняліся драўлянай засаўкай. З часам памеры акон павялічваліся, у іх канструкцыі паявіліся рамы. Большымі сталі і дзвярныя праёмы, замест завес і клямак драўляных пачалі рабіць металічныя. Пашырыліся знадворныя ўпрыгожанні хаты з выкарыстаннем расл., геам. і зааморфных матываў. Асн. сродкі аздобы нар. жылля — скразная і краявая разьба (гл. Разьба архітэктурная), маст. раскладка шалёўкі і паліхромія. Найб. стараж. форма ўпрыгожання — разныя вільчыкі. У пач. 20 ст. з’явіліся ліштвы і вуглавыя накладкі. У інтэр’еры адзін з кутоў займала печ, найчасцей пры ўваходзе. Самая стараж. столь скляпеністая, потым плоская на «траме» — тоўстай бэльцы ўздоўж хаты, пазней — на папярочных бэльках і камбінаваная; насцілалася з дошак у адзін рад — «упрытык», часцей у 2 рады — «у разбежку», зверху ўцяплялася кастрыцай, сухім мохам, лісцем і пяском ці зямлёй. З 1950-х г. столь часта падшываюць фанерай або сухой тынкоўкай, абклейваюць шпалерамі. Стараж. 1 -камерная хата была асновай развіцця больш дасканалых тыпаў жылля. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня рамесніка ці крама. Жылыя памяшканні са двара мелі дадатковы ўваход. Для гар. забудовы характэрны хаты на падклетах (да 16 ст.), 2-павярховыя драўляныя дамы ці на высокіх мураваных сутарэннях, дамы з мезанінам ці мансардай. На сядзібах гараджан гасп. будынкаў было менш. Забудова фальваркаў мела больш складаную кампазіцыю, акрамя палаца і сядзібнага двара, сярод будынкаў былі лямусы, сырніцы, бровары, лядоўні і інш. Наводдаль ставілі хлявы, стайні і інш. будынкі для свойскай жывёлы, гумны з асецямі ці еўнямі, сянніцы. Буд-ва ў гарадах і мястэчках вялося ў цесным супрацоўніцтве вясковых майстроў з прафес. будаўнікамі. Своеасаблівасці эканомікі і культуры гар. жыцця спрыялі развіццю тыпалогіі будынкаў (крамы, гандлёвыя рады, корчмы, ратушы і інш.), ускладненню і ўзбагачэнню арх. форм і дэкар. прыёмаў. Найб. выразна ўзаемадзеянне нар. традыцый з прафес, прыёмамі праяўлялася ў архітэктуры культавых будынкаў (цэрквы, касцёлы, капліцы, званіцы і інш.). У гар. жыллі 16—18 ст. склаўся арыгінальны тып дома рамесніка, дзе спалучаліся жылыя і вытв. часткі, гал. фасад афармлялі падчэні. Гіст., сац.-эканам., прыродныя ўмовы садзейнічалі і адначасова вызначалі для кожнага гісторыка-этнагр. рэгіёна Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, усх. і зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) фарміраванне тыпалагічных рыс, арх., канстр.-тэхн. і маст. асаблівасцей. Н.д. кожнага рэгіёна ўзбагачаецца разнастайнасцю лакальных варыянтаў. Нар. архітэктура захавала свае рысы ў самадз. буд-ве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Будуюць часцей на аснове праектнай дакументацыі, распрацаванай спецыялістамі з улікам пажаданняў заказчыка. Пашыраны новыя буд. матэрыялы (сілікатная цэгла, газа-сілікатныя блокі, шыфер, пластыкі і інш.), інж. абсталяванне (катлы, газавыя пліты, сантэхн. прылады). Рэгіянальныя аспекты Н.д. захоўваюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб. Маст. традыцыі арх. дэкору характарызуюць усх. раёны Беларусі (Гомель, Ветка, Рагачоў, Шклоў і інш.). Гл. таксама Сельская архітэктура.

Літ.:

Беларускае народнае жыллё. Мн., 1973;

Якімовіч Ю.А. Драўлянае дойлідства Беларускага Палесся XVII—XIX стст. Мн., 1978;

Трацевский В.В. История архитектуры народного жилища Белоруссии. Мн., 1989;

Локотко А.И. Белорусское народное зодчество: Середина XIX—XX в. Мн., 1991;

Яго ж. Нацыянальныя рысы беларускай архітэктуры. Мн., 1999;

Сергачев С.А. Белорусское народное зодчество. Мн., 1992.

С.​А.​Сергачоў.

Да арт. Народнае дойлідства: 1 — жылы дом у г. Ветка Гомельскай вобл.; 2 — жылы дом у вёсцы Стараселле Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.; 3 — фрагмент дэкору ўвахода жылога дома ў Віцебску; 4 — жылы дом у г. Чачэрск Гомельскай вобл.

т. 11, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)