спружы́на, ‑ы, ж.

1. Пругкая металічная палоска, спіраль і пад., якая, з’яўляючыся дэталлю механізма, процідзейнічае ціску. Баявая спружына. □ Верх у той шапцы трымала з сярэдзіны сталёвая спружына, і ён быў увесь напяты, роўненькі і круглы. Краўчанка. Адзін [крот] залез галавой у пастку, спружына пераціснула яму шыю. Жычка.

2. перан.; чаго або якая. Рухаючая сіла чаго‑н. Сапраўды, выяўленне спружын грамадскіх паводзін чалавека — велізарная каштоўнасць мастацтва. Перкін. Пісьменнік .. хоча сам стаць у .. становішча [героя], зразумець унутраных спружыны яго паводзін. Кучар.

•••

Як на спружынах — вельмі хутка, энергічна. Дзед, як па спружынах, падхапіўся (адкуль той і спрыт узяўся!) і пекануў у каршуна. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старшыня́, ‑і, м.

1. Асоба, якая вядзе сход, праводзіць пасяджэнне. Ён [палкоўнік Груп] — камандзір і старшыня, Сам абвясціў павестку дня. Колас.

2. Кіраўнік некаторых устаноў, аб’яднанняў, арганізацый або іх аддзелаў, органаў. Старшыня выканкома. Старшыня камітэта па друку. □ — Я скажу, сусед, аб гэтым Табе толькі пад сакрэтам: У мяне, бач, ёсць радня — Сельсавета старшыня. Крапіва. Лаўніцкі застаўся чакаць старшыню калгаса — яму сказалі, што ён павінен тут хутка быць. Шахавец.

3. (з вялікай літары). У саставе афіцыйнай назвы кіраўніка дзяржавы, урада або вышэйшых дзяржаўных органаў. Старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР. Старшыня Савета Міністраў СССР. Старшыня Савета Нацыянальнасцей. Старшыня Вярхоўнага Суда СССР.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стушава́цца, ‑шуюся, ‑шуешся, ‑шуецца; зак.

1. Спец. Стаць стушаваным, пры дапамозе тушоўкі зрабіць паступовы пераход ад цёмнага да светлага. Лініі на малюнку стушаваліся. // перан. Стаць менш прыкметным, выразным; згладзіцца. Потым і яшчэ былі такія экскурсіі, а потым вучыліся .. [хлопцы] пад зямлёю, але ўсё гэта неяк стушавалася ў памяці, выразна, да драбніц запомніўся толькі першы спуск. Лупсякоў.

2. перан. Разм. Сумецца, збянтэжыцца. Стушавацца на экзаменах. □ Дзяўчына раптам заўважыла, што ў загадчыка няма аднае рукі, і ад гэтага крыху стушавалася і адказала: — Не. Дуброўскі. Яўлампія Аляксандраўна няўлоўна павяла выгнутым брывом, Антон Пятровіч трохі стушаваўся і заспяшыў, каб чокнуцца з Віктарам, жонкай і дачкой. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

твары́цца, творыцца; незак.

1. Рабіцца, адбывацца. — Што на свеце пачало тварыцца, — разважаў .. [Яхім]. — Вір закруціў людзей, і ўсё паляцела дагары нагамі. Колас. Базарная плошча апусцела, на вуліцы творыцца незразумелае: плачучы, жанчыны вядуць пад рукі мужчын, захліпаецца гармонік, абняўшыся, надрываючы да знямогі галасы, спяваюць двое п’яных. Навуменка. Радыёла так грымела, што ў нашым пакоі нельга было чытаць. Можаце ўявіць, што тварылася ў тым пакоі, дзе жылі Віктар з Ганнай. Гаўрылкін.

2. Стварацца (пра якія‑н. матэрыяльныя або духоўныя каштоўнасці). У вёсцы збіраецца моладзь. Там спяваюць новую песню пра шчасце, што творыцца наступным пакаленням. Чорны.

3. Зал. да тварыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

урадзі́цца, ураджуся, уродзішся, уродзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вырасці, паспець (пра плады, злакавыя расліны і пад.). — А як авёс наш урадзіўся? Схадзіць бы ў Ліпава пабачыць! Колас.

2. Разм. Нарадзіцца, з’явіцца на свет (пра чалавека). [Жонка:] Я ведаю, што гавару. Бачыла я калі прасветлую гадзіну? Або Марыльчына дзіця ўрадзілася на вялікае шчасце? Чорны. // Аказацца з якімі‑н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння. [Адам] прывык да сваёй адзіноты. Апраўдваўся: такі ён ужо ўрадзіўся. Замкнуты, нелюдзімы. Вышынскі. // у каго. Нарадзіцца падобным на каго‑н. Урадзіцца ў бацьку. □ — Дзіва што, — казала [Кліменту] Анісева маці. — Месца табе трэба шмат... І ў каго ты ўрадзіўся такі гмах? Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фарту́х, ‑а, м.

1. Жаночая адзежа пэўнага крою, якую надзяваюць спераду на сукенку, спадніцу, каб не забрудзіць іх. Надзейка даўно сабрала на стол, пераадзелася ў выхадное плацце, падвязала свежы вышываны фартух. Хадкевіч. // Прадмет рабочага адзення з рознага матэрыялу (скуры, гумы, брызенту і інш.), які адзяваюць, каб засцерагчы вопратку ад забруджвання. Даяркі былі ў белых касынках і белых фартухах. Шамякін. Кучаравы шавец нацягнуў замусолены фартух і заўзята ўзяўся за работу. Няхай. Уладкаваўся [хлапец] у пякарні, далі яму там белы фартух і белы каўпак. Кулакоўскі.

2. Спец. Назва рознага роду покрывак, чахлоў і пад., якія прызначаюцца для машын, механізмаў, тэхнічных прыстасаванняў.

[Ням. Vortuch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хра́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Зламацца, пераламацца з хрустам, трэскам. [Базыль:] — Можа, у вас шворан ёсць, а то мой храснуў на грэблі, відаць, не даеду... Броўка. // Утварыць хруст, трэск. Штосьці храснула, нібы зламалася пад нагой сухая галінка, і вартавыя курчыліся ўжо на зямлі. Бураўкін. / у безас. ужыв. Пятрок што мае сілы ўпёрся плячом у борт, ад натугі аж храснула ў паясніцы. Хадановіч.

2. Разм. груб. Моцна стукнуць, выцяць. Не памятаючы, што раблю, узняў дручок і храснуў ім не то па кані, не то па жаўнер у. Сяргейчык. [Галя:] — А тады як храсне гэтая бутэлька.. [немцу] па галаве, ён і кулямёт выпусціў. Курто.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., каго-што.

1. Забаўляць, пацяшаць. [Невядома] каго елка больш цешыла: дзяцей ці дарослых! Таўлай.

2. Прыносіць асалоду, задавальненне; радаваць. Настрой быў ва ўсіх узняты, і гэта цешыла членаў камітэта. Пестрак. // Песціць (зрок, слых і пад.). Пяшчотныя гукі прыроды цешылі вуха. Маўр. [Тапурыя:] — Няхай жыве ўсё жывое і прыгожае, што чалавечае сэрца цешыць! Самуйлёнак.

3. Суцяшаць, супакойваць; абнадзейваць. Што з таго — слязой скупой Цешыць смутак над магілай брата. Кірэенка. Мінуў тыдзень, другі, і я ўсё цешыў сябе надзеяй, што Мухтару не спадабаецца там, сярод тых прышлых людзей. Васілёнак.

•••

Цешыць (пацяшаць) вока — радаваць, даваць асалоду.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цю́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Разм.

1. Аднакр. да цюкаць.

2. каго. Забіць, прыкончыць. Шалёная думка была мільганула ў Міхася — цюкнуць шаўца табурэткай па галаве — і канцы ў ваду. Асіпенка. [Арцём:] Прыйшлі мы, вартавога цюкнулі, сувязнога гэтага для адводу звязалі. Брыль. // што. Надбіць. Цюкнуць яйцо.

3. Выпіць. Цюкнуць чарачку.

4. безас. перан. Раптоўна з’явіцца, узнікнуць (пра намер, думку, план і пад.). Адразу ж, у той жа момант, [Базылю] цюкнула: у гэтай варэйцы схавана Язэпава золата. Сачанка.

•••

Цюкнуць у галаву — тое, што і стукнуць у галаву (гл. стукнуць). Тут толькі хлопчыку цюкнула ў галаву: а што калі там Гараська прачнуўся ды выкуліўся з калыскі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штаны́, ‑оў; адз. няма.

1. Верхняе мужчынскае адзенне, якое мае дзве калашыны і закрывае ніжнюю частку тулава разам з нагамі. На ім [Багданёнку] былі саматканыя паўсуконныя штаны-галіфэ мясцовага фасону. Чарнышэвіч. Пояс зграбна падбіраў у таліі парусінавыя штаны і часучовую кашулю пад сінім пінжаком. Рамановіч.

2. У паляўнічай справе — поўсць, пер’е на вонкавым баку ног жывёл, якія адрозніваюцца ад астатняй поўсці ці пер’я. Штаны на нагах грыфа.

3. Спец. Злучэнне дымаходаў, якія ідуць ад розных катлоў, у адзін для падачы дыму, чаду, газаў у трубу.

•••

Штаны кароткія ў каго — не дарос хто‑н. для выканання якой‑н. справы.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)