СТАФІЛІ́НЫ, стафілініды,

каротканадкрылыя (Staphilinidae),

сямейства жукоў падатр. разнаедных. Больш за 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, гнаі, расл. і жывёльных рэштках, у грыбах, мурашніках, гнёздах птушак, норах млекакормячых, на кветках, пад карой дрэў і інш. На Беларусі каля 700 відаў. Ў Чырв. кнізе 2 віды: С. валасаты (Emus hirtus) і С. пахучы (Ocypus olens).

Даўж. да 40 мм. Цела вузкае, прадаўгаватае, чорнае, карычневае, аранжава-чырв., жоўтае і інш. Галава вял., з буйнымі сківіцамі, можа ўцягвацца ў пярэднягрудзі. Вусікі пераважна 11-членікавыя. Надкрылы ўкарочаныя (адсюль другая назва). Крылы часта даўжэйшыя за цела. Ногі бегальныя. Лічынкі падобныя на дарослых асобін, з кароткімі нагамі, на канцы брушка членістыя прыдаткі — цэркі. Большасць С. — драпежнікі і сапрафагі. Некат. віды С. выкарыстоўваюць для барацьбы са шкоднікамі раслін.

Літ.:

Киршенблат Я.Д. Сем. Staphylinidae — стафилины, или коротконадкрылые жуки // Определитель насекомых Европейской части СССР. Т. 2. Жесткокрылые и веерокрылые. М.; Л., 1965;

Тихомирова А.Л. Морфоэкологические особенности и филогенез стафилинид. М., 1973.

С.​А.​Максімава.

Стафіліны: 1 — валасаты; 2 — пахучы; 3 — чырванакрылы; 4 — галакрыл чырвананогі; 5 — сінякрыл берагавы.

т. 15, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)