ТА́СА (Tasso) Тарквата (11.3.1544, г. Сарэнта, Італія — 25.4.1595),

італьянскі паэт; прадстаўнік позняга Адраджэння. Вучыўся ва ун-тах Падуі і Балонні (1560—65). З 1565 служыў у кардынала Луіджы д’Эстэ, з 1572 прыдворны паэт ферарскага герцага Альфонса II д’Эстэ. Першы адметны твор — фантаст. паэма «Рынальда» (1562). У пастаральнай драме «Амінта» (1573) уславіў каханне. Гал. твор — эпічная паэма ў актавах «Вызвалены Іерусалім» (1580), напісаная ў традыцыях гераічнага эпасу і рыцарскага рамана. Асн. канфлікт твора — сутыкненне рэліг. абавязку і пачуцця. Паэма была асуджана інквізіцыяй, 2-я рэдакцыя пад назвай «Заваяваны Іерусалім» (1593) мае артадаксальна-каталіцкі характар. Аўтар паэмы «Сем дзён стварэння свету» (1594), філас. «Дыялогаў» (зберагліся 28, у т. л. «Бацька сям’і», 1583) і інш. У апошнія гады жыцця пасля цяжкай псіхічнай хваробы адышоў ад ідэй гуманізму, пачаўся заняпад яго творчасці. Вобраз Т. як чалавека і паэта адлюстраваны ў творах І.​В.​Гётэ, Дж.​Байрана, Дж.​Леапардзі, К.​Бацюшкава, Н.​Кукальніка і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Освобожденный Иерусалим. Т. 1—2. М., 1911;

Аминта. М.; Л., 1937.

Т.Таса.

т. 15, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)