СЛАІ́СТАСЦЬ горных парод,

будова горных парод у выглядзе налягання аднаго на другі слаёў або пластоў. Уласціва большасці асадкавых і вулканагенна-асадкавых парод, метамарфічным і магматычным утварэнням. Адрозніваюць С. асадкавых тоўшчаў, унутры слоя (слойчатасць), магматычную першасную і рэліктавую метамарфічных тоўшчаў. С. асадкавых тоўшчаў узнікае пры зменах гідрадынамічных і фіз.-хім.умоў асадканамнажэння пад уздзеяннем тэктанічных і кліматычных фактараў, можа ўзнікаць у выніку працэсаў дыягенезу і катагенезу. Утвараецца з гарыз. ці слабанахіленых слаёў парод, якія фарміруюць С. раўнамерную і нераўнамерную, тонкую, дробную, буйную і вельмі буйную. С. унутры слоя (слойчатасць) фарміруецца з тонкіх слайкоў, якія групуюцца ў серыі або пачкі; падзяляецца на гарызантальную, косую, хвалістую і інш. Вылучаюць генетычныя тыпы С.: рачны (рэчышчаў, поймаў, пляжаў), азёрны, азёрна-ледавіковы, часовых вадацёкаў, эолавы, зоны марскіх хваляванняў, цячэнняў і спакойнай седыментацыі. С. магматычная першасная ўласціва інтрузіям, якія крышталізаваліся ў спакойным тэктанічным становішчы і абумоўлена крышталізацыйнай дыферэнцыяцыяй магмы. С. рэшткавая метамарфічных тоўшчаў захоўваецца пры метамарфізацыі слаістых асадкавых і магматычных утварэнняў. С. улічваецца пры рэканструкцыі палеагеаграфічных умоў, стратыграфічным расчляненні, высвятленні ўмоў крышталізацыі інтрузій, пры пошуках карысных выкапняў.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)