наста́ўніцкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да настаўніка (у 1 знач.). Настаўніцкі калектыў. Настаўніцкія кадры. □ Цяпер у Лабановіча ўжо трохі ёсць настаўніцкая практыка. Колас. // Прызначаны для настаўніка. Настаўніцкая газета. □ Я сядзеў на першай парце, якраз насупраць настаўніцкага століка. Хведаровіч.
2. у знач. наз. наста́ўніцкая, ‑ай, ж. Пакой у школе, дзе збіраюцца настаўнікі. Настаўнікі разышліся па класах, .. і Святлана засталася ў настаўніцкай адна. Шахавец.
3. Павучальны. Выціраючы хустачкай пот з твару, [Качура] гаварыў ужо салідным настаўніцкім тонам, выстукваючы алоўкам па стале. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няве́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.
Дзяўчына (або жанчына), якая выходзіць замуж; маладая. Нявеста была, як нявеста: у беласнежным вэлюме, з вянком, з букецікам белых красак на грудзях. Лынькоў. // Дзяўчына (або жанчына), якая мае жаніха; будучая жонка. Партызаны здзіўлена паглядзелі на маладых людзей. А Віктар.., падышоўшы да Бярозіна, сказаў, нібы бацьку: — Васіль Макаравіч, гэта мая нявеста, Наташа. Шчарбатаў. // Аб маладой дзяўчыне, якая дасягнула шлюбнага ўзросту. [Зіна:] — У Фросі дочкі — ужо нявесты. Адна восенню ў інстытут будзе паступаць. Другая ў дзевяты клас перайшла... Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабо́льшаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. Стаць большым па колькасці. Людзей на вуліцы пабольшала. □ Колішняя.. старая лесапільня стала большая, рабочых у ёй пабольшала. Чорны. І вось ужо далёка ззаду засталася сядзіба саўгаса, домікі. Іх апошнія дні пабольшала. Даніленка.
2. Стаць большым па велічыні, памерах, аб’ёму. Дзень пабольшаў. □ Сонца апусцілася нізка, заружавела і пабольшала. Якімовіч. // Падрасці. За тры гады дрэвы ў вёсцы пабольшалі, параскашнелі. Гаўрылкін.
3. Стаць большым па сіле, інтэнсіўнасці. Неспакой пабольшаў. □ Дождж пабольшаў. Пакуль [Люба] дайшла да дома, усё было скрозь мокра. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.
1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.
2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).
3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
парыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што і без дап.
1. Незак. да парваць (у 5 знач.).
2. Настойліва вабіць, заманьваць куды‑н. З якой незвычайнай сілай парываюць .. [старасвецкія шляхі Беларусі] да сябе і як моцна дакранаюцца да струн душы! Колас. / у безас. ужыв. Паходню парывала неадкладна зайсці да Кудзіных — хоць бы яны дазналіся пра яго прыезд. Хадкевіч. // Узрушаць, хваляваць. І ўстануць з’явы, як жывыя, Малюнкі сэрцу дарагія, І моцна душу парываюць. Колас. Праз колькі дзесяткаў год ужо гучалі .. [словы Купалы], узрушалі, парывалі не адно сэрца. Ліс.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паста́віцца 1, ‑ставіцца; зак.
Быць пастаўленым. — Прадаў [зруб]. Яшчэ і другі, як толькі паставіцца, сплавіць. Савіцкі.
паста́віцца 2, ‑стаўлюся, ‑ставішся, ‑ставіцца; зак.
Праявіць, выказаць якім‑н. чынам свае адносіны да каго‑, чаго‑н. [Нявідны] адразу паставіўся варожа да свайго допыту і ўзяў курс на тое, каб меней гаварыць і нічога не расказваць аб тым, што іх будзе найбольш цікавіць. Колас. Нарэшце і Марынка не так ужо непрыхільна паставілася да таго, што планы, пра якія.. [Паходня] гаварыў ёй пры сустрэчах і пісаў, разышліся з сапраўднасцю. Хадкевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераве́зці, ‑вязу, ‑вязеш, ‑вязе; ‑вязём, ‑везяце; пр. перавёз, ‑везла і ‑вязла, ‑везла і ‑вязло; зак., каго-што.
1. Перамясціць, даставіць якім‑н. транспартам з аднаго месца на другое. Перавезці дзяцей на дачу. □ Ужо некалькі дзён дзед не вартаваў птушкаферму: яе перавезлі на дальні выган. Даніленка. Цэлую ноч вазілі снапы. Перавезлі апошнія, калі ўсходзіла сонца. Чарнышэвіч.
2. Везучы, перамясціць цераз што‑н. на другі бок чаго‑н. Валодзька спыняецца на беразе Нёмана і гукае на той бок паромшчыку: — Дзеду, а мо перавёз бы? Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
празвіне́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак.
1. Утварыць звонкі, высокі гук. Ужо празвінеў першы званок, а Павел усё яшчэ не з’яўляўся. Шахавец. // Пачуцца, прагучаць (пра звонкі гук, голас). Танклявы галасок маленькай Верачкі празвінеў за сталом так нечакана, што ўсе сціхлі і павярнуліся да яе. Каршукоў.
2. перан. Стаць вядомым. [Аксіння:] — Глінчыха вунь, Наталька Чарнавус ды другія некаторыя гэтым летам на ўвесь раён празвіняць. Кулакоўскі. [Баяніст:] Наш ансамбль будуць запісваць для радыё. І пра цябе [Гэлю] запішуць. На ўвесь свет празвініш! Губарэвіч.
3. Звінець некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серабры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
1. Рабіцца серабрыстым, набываць серабрысты колер, бляск. Дзьмуў лёгкі ветрык, рабацела рака, а калі выглядала сонца з-за хмар, вада серабрылася. Гурскі. // Выдзяляцца сваім серабрыстым колерам, бляскам, віднецца (пра што‑н. серабрыстае). На аддаленых вяршынях серабрацца воблакі. Бядуля. Усё дно ракі серабрыцца на сонцы, зіхаціць, усланае маляўкай... Краўчанка. // Сівець; зіхацець сівізной. На скронях ужо серабрыліся валасінкі і паглыбіліся зморшчкі ля вачэй, якія, як і раней, захавалі свой сталёвы колер і сваю напорыстасць. Пестрак.
2. Зал. да серабрыць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Разм. Хадзіць туды-сюды (звычайна без мэты, без справы); бадзяцца без работы. І па шырокім тратуары Ужо сланяюцца не пары, А хлопцы крочаць на завод, І кожнаму — дваццаты год. Грахоўскі. Вавіць час застаўся Дома матчын сын, З кута ў кут сланяўся Без яе, адзін. Калачынскі. Палонныя сланяліся, як сонныя мухі, па двары і хаваліся ў будынак. С. Александровіч.
2. Злёгку хістацца. Сланяцца ад стомы. □ [Маці:] — Што ты, здурэў? Чалавек з голаду аж сланяецца, а ён — галіцца. Дамашэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)