МАГРЫ́Т ((Magritte) Рэне) (21.11.1898, г. Лесінь, Бельгія — 15.8.1967),
бельгійскі жывапісец; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сюррэалізму. Вучыўся ў Брусельскай АМ (1916). Зазнаў уплыў Дж. Дэ Кірыка. З 1927 у Парыжы. У ранні перыяд працаваў у рэчышчы футурызму і кубізму («Конніца», 1922; «Жанчына», 1923, і інш.). Пазней выпрацаваў індывідуальны кірунак у сюррэалізме, у творах камбінаваў выявы з несупастаўляльных элементаў рэальных прадметаў, істот і краявідаў, што напаўняла іх таямнічасцю і містычным сэнсам і набліжала да метафіз. жывапісу. Жывапісная манера адметная гладкасцю пісьма, гарманічным спалучэннем чыстых колераў, строгім лінейным ладам: «Цяжкая працягласць» (1926), «Двайная таямніца» (1927), «Закаханыя» (1928), «Чорная магія» (1935), «Прыступкі лета» (1937), «Настальгія па ўласнай краіне» (1940), «Хлеб штодзённы» (1942), «Балкон» (1950), «Царства святла» (1954), «Урок цемры» (1955), «Замак у Пірэнеях» (1959), «Вялікая вайна» (1964) і інш.Іл.гл.таксама да арт.Сюррэалізм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),
вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс.г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЕРГЕЙМ ((Mannerheim) Карл Густаў Эміль) (16.6.1867, Вільняс, каля г. Турку, Фінляндыя — 28.1.1951),
фінскі дзярж. і ваен. дзеяч. Маршал Фінляндыі (1933 1942), барон. Скончыў Гельсінгфорскі ун-т (1887) і Мікалаеўскае кав. вучылішча (Пецярбург). У 1889—1917 на службе ў рас. арміі, ген.-лейт. (1917). Удзельнік рус.-яп. і 1-й сусв. войнаў. У снеж. 1918 — ліп. 1919 рэгент Фінляндыі. З 1931 старшыня Савета абароны краіны, намагаўся ўзмацніць абарончую моц Фінляндыі, у т. л. з дапамогай фартыфікацыйных збудаванняў і загарод (гл.«Манергейма лінія»). З 1939 галоўнакамандуючы фін. арміяй, дзеяннямі якой кіраваў у савецка-фінляндскую вайну 1939—40, а таксама ў 1941—44 у 2-ю сусв. вайну як саюзнік фаш. Германіі. У 1944—46 прэзідэнт Фінляндыі. У вер. 1944 прыняў рашэнне аб выхадзе краіны з Берлінскага пакта 1940 і з вайны. Аўтар кн. «Праз Азію з Захаду на Усход» (1940), мемуараў (1951).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РГАНЦУ АКСІ́ДЫ,
аксіды, якія ўтварае марганец. Вядомыя: монааксід MnO, сесквіаксід Mn2O3, аксід Mn(II, III) Mn3O4, дыаксід MnO2, аксід Mn (VII) ці марганцавы ангідрыд Mn2O7. Дыаксід — самае пашыранае ў прыродзе злучэнне марганцу. Для MnO2 вядомыя 5 крышт. медыфікацый; найб. устойлівая β-MnO2 — мінерал піралюзіт. Іншыя М.а. таксама трапляюцца ў выглядзе мінералаў: MnO — манганазіт, α-Mn2O3 — курнаіт, β-Mn2O3 — біксбііт, Mn3O4 — гаўсманіт.
М.а. — крышт. рэчывы (акрамя Mn2O7 — масляная зялёная вадкасць, tпл 5,9 °C, шчыльн. 2400 кг/м³), не раствараюцца ў вадзе. Пры награванні вышэйшых М.а. вылучаецца кісларод і ўтвараюцца ніжэйшыя (меншай валентнасці) М.а. (напр., аксід Mn(IV) MnO2 раскладаецца пры т-ры каля 600 °C з утварэннем аксіду Mn(III) Mn2O3). Найб. шырока выкарыстоўваюць MnO2: для атрымання марганцу і яго злучэнняў, сікатываў, як дэпалярызатар у сухіх элементах, кампанент рудога пігменту (умбры) для фарбаў, акісляльнік у гідраметалургіі цынку, медзі, урану, для асвятлення шкла і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,
маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст.н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРО́МЕТР,
прылада для раздзялення з дапамогай эл. і магн. палёў пучкоў іанізаваных атамаў, малекул ці інш. часціц з рознымі адносінамі масы m часціцы да яе эл. зараду e. Распрацаваны амер. фізікам А.Дэмпстэрам (1918) і ўдасканалены Ф.У.Астанам (1925).
Бывае статычны, дзе форма траекторыі часціцы ў пастаянных (у часе) палях залежыць ад m/e, і дынамічны, дзе велічыня m/e вызначаецца па перыядзе ваганняў часціцы ў пераменным эл. або магн. полі, па рэзанансных частотах ці інш. спосабам. Рэгістрацыя часціц ажыццяўляецца эл. метадамі, напр., лічыльнікам іонных токаў, а таксама з дапамогай прыстаўкі з фотапласцінкамі (мас-спектрограф; распрацаваны Ф.У.Астанам у 1919). Па атрыманым мас-спектры вызначаюцца маса і канцэнтрацыя кампанентаў у даследуемым рэчыве. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, касм. даследаваннях, хіміі, біялогіі, геалогіі, ядз. тэхніцы і інш.
Схема мас-спектрометра Дэмпстэра: 1, 4 — дыяфрагмы; 2 — цыліндр Фарадэя; 3 — вакуумная камера; 5 — крыніца іонаў; R — радыус цэнтральнай арбіты іонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГА́РСКАЯ ШКО́ЛА,
адна з сакратаўскіх школ стараж.-грэч. філасофіі 4 ст. да н.э. Заснаваў Эўклід — вучань Сакрата. У М.ш. ўваходзілі мегарац Стылпон, Эўбулід, Дыядор Крон і інш. У тэарэт. плане прадстаўнікі М.ш. зрабілі спробу аб’яднаць у адзінае цэлае вучэнні Сакрата, элеятаў і сафістаў. Пры разглядзе быцця Эўклід абсалютызаваў агульнае і супрацьпастаўляў яго адзінкаваму, свет уяўляў як адзінае, вечнае, нерухомае, саматоеснае. Лічылася, што ў гэтым адзіным арганічна спалучаны розум, дабро, бог; толькі адзінае існае. Адзінкавага ж не існуе. З дапамогай сафізмаў прадстаўнік М.ш. Дыядор Крон адмаўляў катэгорыю магчымасці, бо лічыў магчымым толькі сапраўднае, а тое, што несапраўднае, тое і немагчымае. Таму, на яго думку, не існуе нерэалізаваных магчымасцей. Ідэі М.ш. ў далейшым зрабілі ўплыў на стоікаў (Зянона) і скептыкаў (Пірона і Тымона). Разважанні пра розныя формы лагічных імплікацый, а таксама многія сафізмы дайшлі да нашых часоў і выкарыстоўваюцца пры вывучэнні класічнай логікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЕ́ДЫКА-БІЯТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т»
(«МБІ»),
навукова-даследчае і праектна-канструктарскае дзярж. прадпрыемства. Уваходзіць у склад канцэрна «Белбіяфарм». Засн. ў 1972 у Мінску як «Белдзіпрабіясінтэз» (Бел. філіял Дзярж. праектна-вышукальнага ін-та мікрабіял. прам-сці «Паўддзіпрабіясінтэз», Адэса), на базе якога ў 1984 створаны Усесаюзны н.-д. і праектна-канструктарскі ін-тмікрабіял. вытв-сцей. З 14.10.1991 Н.-д. і праектна-канструктарскі медыка-біятэхналагічны ін-т Дзяржкампрама Беларусі. З 27.3.1997 сучасная назва. Асн. кірункі навук. даследаванняў: селекцыя і калекцыяніраванне штамаў мікраарганізмаў-прадуцэнтаў, якія выкарыстоўваюцца на прамысл. прадпрыемствах; кантроль экалаг. становішча на прадпрыемствах і распрацоўка мерапрыемстваў па яго паляпшэнні; распрацоўка новых тэхналогій атрымання прэпаратаў мед., вет. і харч. прызначэння на аснове хім. і мікрабіял. сінтэзу, а таксама на аснове кампанентаў расліннай і жывёльнай сыравіны, тэхналогій і абсталявання для эканоміі энергарэсурсаў. Выкананне праектных работ для бел. і замежных прадпрыемстваў фармацэўтычнай, мед. і мікрабіял. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕМБРА́НА (лац. membrana скурка, перапонка),
1) у тэхніцы — тонкая гнуткая пласцінка (плёнка), звычайна замацаваная па перыметры. Прызначана раздзяляць 2 поласці з рознымі ціскамі або аддзяляць замкнёную поласць ад агульнага аб’ёму.
Бываюць плоскія, гафрыраваныя, інш. складанага профілю; метал. (з сталі, фольгі, элінвару, бронзы) і неметал. (з гумы, скуры, пластмасы і інш.) Выкарыстоўваюцца ў мех. гуказапісвальных і гукаўзнаўляльных апаратах (мікрафонах, тэлефонах), як адчувальныя элементы (у мембранных цягамерах, дыфманометрах), для ўшчыльнення (у мембранных помпах, вакуумных клапанах і інш.).
2) У тэорыі пругкасці — замацаваная па контуры бясконца тонкая плёнка, модуль пругкасці якой у перпендыкулярным да паверхні напрамку роўны нулю. Такая М. з’яўляецца пругкай сістэмай, выкарыстоўваецца як нясучы элемент у мембранных вісячых сістэмах. У прыблізных разліках прымаецца нерасцяжнай.
3) М. біялагічныя — структуры, што забяспечваюць цэласнасць клетак і арганел. Гл.Біялагічныя мембраны.
4) Крыніца гуку ў некаторых муз. інструментах: нацягнутая на рэзанатар скура, сінт. плёнка і інш.Гл.таксамаМембранныя метады раздзялення.