На Беларусі даследаванні вядуцца з 1920 (агляд фауны галінаставусых ракападобных Віцебскай, Гродзенскай і Мінскай губ.), паглыбленыя — з 1950-х г. у БДУ, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі, Бел.н.-д. і праектна-канструктарскім ін-це рыбнай гаспадаркі, Віцебскім ун-це. Вывучаецца фауна ракападобных, іх біял. асаблівасці, энергетыка і функцыян. роля ў водных экасістэмах, стан і перспектывы промыслу рачных ракаў, развіццё і станаўленне фауны ракападобных вадасховішчаў, колькасныя заканамернасці жыўлення і росту. У Браслаўскіх азёрах выяўлены і даследаваны рэлікты ледавіковага перыяду — лімнакалянус, мізіда рэліктавая, палазея, понтапарэя. Распрацаваны пытанні аквакультуры прэснаводных крэветак, інтрадукаваны субтрапічныя крэветкі ў вадаёмы-ахаладжальнікі ДРЭС, новыя для Беларусі віды мізід і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́МАЎ (Аляксей Канстанцінавіч) (21.8.1907, Масква — 5.9.1944),
бел. кампазітар, піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1934, клас Г.Нейгаўза), кампазіцыі вучыўся ў М.Гнесіна. У 1937—41 выкладаў у Бел. кансерваторыі. Вёў канцэртна-выканальніцкую дзейнасць, аддаваў перавагу творчасці кампазітараў-рамантыкаў. Аўтар аднаго з першых бел.фп. канцэртаў (1940), які значна паўплываў на развіццё гэтага жанру ў бел. музыцы. З інш. твораў: муз. камедыя «Прыгоды Фрыца» (лібр. А.Астрэйкі і У.Няфёда, 1944), «Беларуская танцавальная сюіта» і Варыяцыі для фп., капрычыо на тэму бел.нар. песні «Чаму ж мне не пець» для фп., апрацоўкі бел.нар. песень для хору. Дыпламант Усесаюзнага конкурсу піяністаў (1938).
Літ.:
Назина И.Д. Белорусский фортепианный концерт. Мн., 1977. С. 11—16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НІКАВЫЯ, конікі сапраўдныя (Tettigonioidea),
надсямейства даўгавусых насякомых атр. прамакрылых. Вядомы з верхняй пермі. Каля 1130 родаў, больш за 7000 відаў. Пашыраны ўсюды (каля 70% відаў — у трапічным і субтрапічных паясах). На Беларусі найб. вядомыя конікі: бадзяжны (Podisma pedestris), звычайны (Chorthippus brunneus), зялёны (Tettigonia viridissima), шэры (Decticus verrucivorus), пілахвост хваёвы (Baibitistes constrictus), пласцінакрыл звычайны (Phaneroptera falcata). Жывуць на сенажацях, лясных палянах, у садах.
Даўж. 8—132 мм. Вусікі даўжэйшыя за цела, мнагачленікавыя. На брушку ў самак доўгі серпа- ці шаблепадобны яйцаклад. На надкрылах у самцоў органы стракатання. Заднія ногі скакальныя, на галёнках пярэдніх ног органы слыху. Расліннаедныя ці ўсёедныя, радзей драпежнікі. Развіццё з няпоўным ператварэннем. За год 1 пакаленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБАЧЭ́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (1.12.1792, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 24.2.1856),
расійскі матэматык, стваральнік неэўклідавай геаметрыі. Скончыў Казанскі ун-т (1811), дзе і працаваў з 1811 (з 1827 рэктар), з 1846 памочнік папячыцеля Казанскай навуч. акругі. Навук. працы па алгебры, геаметрыі, матэм. аналізе, механіцы, фізіцы і астраноміі. Распрацаваў метад лікавага набліжанага рашэння алг. ураўненняў, даў агульнае вызначэнне функцыі, вызначыў розніцу паміж неперарыўнасцю і дыферэнцаванасцю функцый. Адкрыў новую геам. сістэму (1826, апубл. 1829—30) — адну з неэўклідавых геаметрый — Лабачэўскага геаметрыю. Адкрыццё Л., што не атрымала прызнання сучаснікаў, пазней карэнным чынам змяніла ўяўленні аб прыродзе прасторы, у аснове якіх больш за 2 тыс. гадоў ляжала вучэнне Эўкліда, і зрабіла вял. ўплыў на развіццёматэм. мыслення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСА́Ж ((Lesage) Ален Рэнэ) (8.5.1668, г. Сарзо, Францыя — 17.11.1747),
французскі пісьменнік; прадстаўнік Асветніцтва. У сатыр. камедыях «Крыспэн — сапернік свайго гаспадара» (1707) і «Цюркарэ» (1709) прадоўжыў традыцыі Мальера. У сац.-быт. раманах «Кульгавы д’ябал» (1707), «Гісторыя Жыль Бласа з Сантыльяны» (1715—35) яскравыя сатыр. карціны франц. жыцця прасякнуты рысамі асветніцкага класіцызму, барока і ранняга ракако. Аўтар раманаў «Прыгоды Роберта Шэвалье...» (1732), «Гісторыя Эстэбаніла Гансалеса» (1734), «Саламанкскі бакалаўр» (1736), сатыр. аповесці «Дзень Парак» (1735), зб-каў камічных опер «Кірмашовы тэатр, або Камічная опера» (т. 1—10, 1721—37), п’ес «Іспанскі тэатр» (1700) і інш. Паўплываў на развіццёбыт. і сатыр. рамана на рубяжы 18—19 ст. у Расіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГАЧНЫЯ МАЛЮ́СКІ (Pulmonata),
падклас бруханогіх малюскаў. 2 надатр.: сядзячавокія (Basommatophora) і сцяблініставокія (Stylommatophora), каля 100 сям., больш за 35 тыс. відаў. Вядомы з карбону (каля 350 млн.г. назад), росквіт у кайназоі (каля 25 млн.г. назад). Пашыраны ўсюды; большасць жыве на сушы, частка — у прэснай вадзе, нямногія — у моры. На Беларусі больш за 50 відаў, з іх каля 30 відаў прэснаводныя. Найб. вядомыя слімакі, слізнякі.
У большасці Л.м. ракавіна 0,6—210 мм. Цела мае галаву, вантробны мяшок са скурнай складкай — мантыяй, нагу. Унутр. паверхня мантыйнай поласці функцыянуе як лёгкае. Раслінна- і дэтрытаедныя, ёсць драпежнікі. Гермафрадыты; большасць відаў утварае сперматафоры, некаторыя яйцажывародныя. Развіццё без стадыі лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́НСКІ (Леанід Паўлавіч) (10.11.1921, в. Казусёўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 7.9.1982),
бел. гісторык. Д-ргіст.н. (1975), праф. (1974). Скончыў Магілёўскі пед.ін-т (1948). У 1948—49 нам. дырэктара Цэнтр.дзярж.гіст. архіва ў Мінску. З 1952 у Ін-це гісторыі АНБССР, з 1966 у БПІ. Даследаваў сялянскі рух на Беларусі ў 1900—17, станаўленне і развіццё капіталізму ў бел. вёсцы, сац. расслаенне сялянства, сталыпінскую агр. рэформу на Беларусі і інш. Адзін з аўтараў «Нарысаў гісторыі прафсаюзаў Беларусі (1905—1969 гг.)» (1970).
Тв.:
Развитие капитализма в сельском хозяйстве Белоруссии (II половина XIX в.). Мн., 1971;
Стольшинская аграрная реформа в Белоруссии. Мн., 1978;
Классовая борьба в белорусской деревне, 1907—1914. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСТАНО́ГІЯ (Phyllopoda),
атрад шчэлепаногіх ракападобных. 3 падатр.: шчэлепаногія (Anostraca), шчытні (Notostraca) і ракавінныя (Conchostraca). Больш за 600 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўнутр. вадаёмах. Найб. прымітыўныя з сучасных ракападобных. Выкапнёвыя вядомы з марскіх (кембрый—дэвон) і кантынентальных (карбон—антрапаген) адкладаў. На Беларусі рэшткі Л. адзначаны ў пародах дэвону—трыясу. Найб. вядомыя — дафніі, шчытні, басміна даўгадзюбая (Bosmina longirostris) і інш.
Даўж. да 30 мм. Большасць з хіцінавай ракавінай, на галаве шчыток. Органы руху — да 7 (зрэдку да 70) пар лістападобных ног (адсюль назва) і другая пара галінастых вусікаў. Вочы фасетачныя. Раздзельнаполыя, размнажэнне часта шляхам партэнагенезу. Развіццё прамое або з метамарфозай. Кормяцца пераважна мікраарганізмамі, дэтрытам. Фільтратары, індыкатары забруджвання вады. Некат, Л. (дафніі, басміны і інш.) — корм для рыб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЬВОЎ ((Lwoff) Андрэ Мішэль) (8.5. 1902, Алье, Францыя — 1994),
французскі генетык і мікрабіёлаг. Чл.Франц.АН (1977). Замежны чл.АМНСССР (1967), Нац.АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва. Прэзідэнт міжнар. асацыяцыі мікрабіял. т-ваў (1962—70). Сын эмігрантаў з Расіі. Скончыў Парыжскі ун-т (1921). З 1921 у Пастэраўскім ін-це ў Парыжы, з 1959 праф. Парыжскага ун-та, з 1969 дырэктар Нац. ін-та даследаванняў раку. Навук. працы па роставых фактарах мікробаў, фізіялогіі вірусаў, індукцыі і рэпрэсіі ферментаў. Даказаў (разам з А.Гутман) спадчынную прыроду лізагеніі, адкрыў здольнасць ультрафіялетавых прамянёў індуцыраваць развіццё прафага; зрабіў уклад у вучэнне аб латэнтных вірусных інфекцыях. Яго даследаванні пакладзены ў аснову тэорыі рэгулявання сінтэзу бялку. Нобелеўская прэмія 1965 (разам з Ф.Жакобам і Ж.Мано).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮСТР (франц. lustre глянец, бляск ад лац. lustro асвятляю),
пігмент для размалёўкі керамічных вырабаў паверх абпаленай глазуры (гл.Паліва). Мае метал. ці перламутравы адліў, водбліск, адценні ад залаціста-карычневага і зеленаватага да медна-чырвонага і фіялетавага. У склад Л. ўваходзяць солі смаляных кіслот і вокіслы металаў (золата, плаціны, серабра, медзі, жалеза). Пакрыццё Л. дазваляе ствараць у кераміцы імітацыю каштоўных метал. вырабаў. Вынаходніцтва і пашырэнне звязваюць з забаронай ісламам карыстацца ў побыце посудам з каштоўных металаў. Кераміка з размалёўкай Л. вядома з канца 8—9 ст. у Егіпце, Іране, Іраку і Сірыі. Росквіт егіп. і іранскай вытв-сці вырабаў з Л. (10—13 ст.) паўплываў на развіццё іспана-маўрытанскай керамікі 13—15 ст. і італьян. маёлікі 15—16 ст.