БАХАНЬКО́Ў Арцём Яфімавіч
(н. 29.1.1924, в. Саламір’е Полацкага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1986), праф. (1995). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1955). У 1960—92 працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1992 заг. кафедры бел. мовы пры прэзідыуме АН Беларусі. Навук. працы ў галіне лексікі, дыялекталогіі, гісторыі бел. мовы. Аўтар манаграфіі «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд: Сацыялінгвістычны нарыс» (1982). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (1994); «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 1988—89), тлумачальных слоўнікаў бел. і рус. моў для сярэдняй школы.
т. 2, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)