ГНОТАБІЯЛО́ГІЯ
(ад грэч. gnōtos вядомы + біялогія),
раздзел эксперым. біялогіі і медыцыны, які займаецца атрыманнем і вырошчваннем у стэрыльных умовах гнотабіётаў — жывёл, свабодных ад мікраарганізмаў, гельмінтаў і членістаногіх, а таксама стэрыльных жывёл, спецыяльна заражоных пэўнымі відамі мікраарганізмаў. Сфарміравалася ў 1960-я г. Вывучае ўзаемаадносіны паміж макра- і мікраарганізмамі, што мае значэнне для вырашэння праблем трансплантацыі органаў, імуналогіі, генетыкі, мікрабіялогіі, марфалогіі, фізіялогіі, радыебіялогіі, касм. біялогіі і медыцыны, хірургіі, анкалогіі і інш. Развіццё гнотабіялогіі прывяло да меркавання, што нармальнае жыццё чалавека і вышэйшых жывёл магчыма толькі пры наяўнасці ў іх мікрафлоры.
Літ.:
Чахава О.В. Гнотобиология. М., 1972;
Гнотобиология в хирургии. М., 1982;
Теоретические и практические основы гнотобиологии. М., 1983.
А.С.Леанцюк.
т. 5, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)