насу́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Рухаючыся, наблізіцца да каго‑, чаго‑н. — Хмараю насунулася войска... Патапталі нашы палі і паплавы. Гартны. На самалёт насунулася рэдкая імжа з дробных пясчынак. Шыцік. // перан. Надысці, наблізіцца (пра час, падзеі і пад.). Неяк адразу насунулася асенняя ноч. Грахоўскі. Было маленства, а пасля яго адразу насунулася сталасць. Чарнышэвіч.
2. Рухаючыся, закрыць, засланіць сабою. Некалі, тысячагоддзі назад, шумелі тут трапічныя лясы. Потым насунуўся ляднік, усё жывое замерла. Навуменка. Дзень быў няроўны: то пасвятлее, то зноў насунуцца нізкія кужэльныя хмары. Мележ. // Ссунуўшыся, закрыць сабой што‑н. На дзвюх табурэтках, захутанае ў цёплую коўдру, варушылася малое. З-пад хусткі, што насунулася яму на тварык, ружавеў носік. Гаўрылкін.
3. Разм. Нечакана апынуцца перад кім‑, чым‑н., наткнуцца, наскочыць на каго‑, што‑н. Адразу тры аўтамашыны насунуліся адна на адну. Новікаў. Стаяла такая цемра, што хоць на ваўка насунься. Кірэйчык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пракало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. што. Праткнуць наскрозь, навылет чым‑н. вострым, колючым. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку. Пташнікаў. Вастраверхія елкі імкнуліся ўгару, нібы хацелі пракалоць блакітнае неба. Чарнышэвіч. // Колючы, пранікнуць куды‑н. або даць выйсце чаму‑н. Пракалоць пухір. // Утварыць (адтуліну) пры дапамозе чаго‑н. вострага, колючага. Хітры Зорах .. непрыкметна пракалоў сцізорыкам дзірку ў мяшку. Бядуля.
2. каго. Раніць каго‑н. колючай зброяй. Пракалоць штыком. □ Як толькі машыніст узяўся за рэгулятар і павярнуў, яго навылёт пракалоў клінок дзянікінца. Барашка. // што. Параніць, зрабіўшы пракол. [Палотны] рассцілалі на росным лузе ці на атаве, і па доўгай палатнянай дарожцы можна было бегчы ва ўвесь дух, не баючыся пракалоць аб іржэўнік ногі. Навуменка.
3. перан.; каго-што. Пранікнуць, прайсці наскрозь; пранізаць. На твары калючая ўсмешка, так і праколе, здаецца, навылет і Зэнку і гаспадара. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяцёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Лічба «5». // Разм. Назва розных прадметаў, якія нумаруюцца гэтай лічбай (трамваяў, аўтобусаў і пад.).
2. Адзнака паспяховасці ў пяцібальнай сістэме, якая абазначае «выдатна». Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік. А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.
3. Разм. Колькасць 5; пяцёра. Падзяліўшы групу напалам, .. [Шыбаеў] пакінуў пяцёрку байцоў у лесе паблізу дарогі. Краўчанка. // Група, якая складаецца з пяці чалавек або з пяці прадметаў. [Мікола:] — Мазурэнка сказаў расшырыць арганізацыю. Браць правераных. Уключаць у пяцёркі. Так, каб адзін другога не ведалі, а толькі таго, хто дае заданне. Навуменка.
4. Разм. Грашовы знак або сума ў пяць рублёў. Калі дзялілі каравай, на талерку клаў кожны, колькі мог. Палажыў і Якаў цэлую пяцёрку. Чарнышэвіч. [Соня] разгладжвала пакалечаных рублёўкі, траячкі, пяцёркі. Корбан.
5. Ігральная карта, якая мае пяць ачкоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскало́цца, ‑калюся, ‑колешся, ‑колецца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Раздзяліцца, разваліцца на часткі ад удару або ціску, даць трэшчыну. Раскалолася, як цацачная, і рухнула каменная лазня, выбуховай хваляй скінула з рэек вагон. Навуменка. Лёдавая паверхня мора раскалолася і была падобна на панцыр гіганцкай чарапахі. Бяганская. / у перан. ужыв. І раптам увесь гэты гарачы і ясны дзень раскалоўся ад свісту. Чорны.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Распасціся на дзве або некалькі груп у выніку рознагалоссяў. Свет раскалоўся на два лагеры. □ Народніцтва раскалолася на прыхільнікаў і праціўнікаў палітычнай барацьбы. «Полымя».
3. перан. Разм. Выдаць, расказаць тайныя, сакрэтныя звесткі. Спачатку [Косцік] хацеў падгаварыць і Воўку, каб разам .. ісці ў лес, потым перадумаў. Воўку — не. Скнара ён і размазня. Зловяць немцы, прыціснуць Воўку, ён і расколецца. Арабей. Пан Мазурэцкі глядзеў на Рыгора і думаў сабе: «Гэты расколецца, нідзе дзенецца». Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сівізна́, ‑ы, ж.
1. Сівыя валасы; сівы колер валасоў. [Бондар] выглядаў старэй за свае гады, бо сівізна ўжо ўбілася ў яго густыя чорныя вусы і пабяліла скроні. Чарнышэвіч. Сівізна ў бараду, а чорт у рабрыну. Прымаўка. // Пра старасць. І Даніла так правёў усё жыццё, — год за годам, адзін дзесятак за другім, — аж да сівізны. Бядуля.
2. перан. Шаравата-белы налёт па чым‑н.; шаравата-белы колер, афарбоўка чаго‑н. Сівізна старых камянёў. □ З кустоў і травы знікала сівізна замаразкаў. М. Ткачоў. Сасонкі яшчэ невысокія, але ўжо ўвабраліся ў сілу. Пасля дажджу адліваюць сівізной. Навуменка.
3. Сівінка ў футры. Собаль з сівізной. □ [Дзед:] «Ваш бабёр, свет Мікалаевіч, чагосьці»... «Ну, кажыце!».. — «Сівізна па ім пайшла.» Я здзівіўся: то ж на футры, ягамосці, сівізна якраз каштоўнасцю й была. Вялюгін.
4. перан. Даўніна, старажытнасць. Каб легенды глухой сівізны мне з даверам дубы шапталі. Бураўкін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
слі́зкі, ‑ая, ‑ае.
1. Гладкі, такі, на якім цяжка ўтрымацца, устаяць, або які цяжка ўтрымаць. Слізкі паркет. □ Прайшоў дожджык, дарога зрабілася ліпучая, слізкая. Маўр. [Косцік] бягом прывалок дзве жэрдкі і па слізкім лёдзе насунуў іх танчэйшымі канцамі да Аксінні. Пальчэўскі. // перан. Выкрутлівы, хітры (пра чалавека). Нейкі слізкі быў гэты чалавек. Корбан.
2. перан. Ненадзейны, небяспечны. Бадзянне ў дарогах і гэты слізкі і няпэўны шлях дробнага ашуканства, на які стаў .. [Пракоп], і неакрэсленасць яго ролі, — усё гэта ўставала, як прыкры сон. Колас. // Які мае ў сабе што‑н. няпэўнае, двухсэнсавае. І не для слоўнай акрабатыкі Я ўзяў такую тэму слізкую. Панчанка. Па застыглым твары Саладухі паўзе слізкая ўсмешка. Шамякін.
3. Пакрыты сліззю. Нават адсюль, з дарогі, можна ўбачыць слізкія каптурыкі масл[я]коў. Навуменка. Вясною вылазіць [вуж] рашуча з нары, Знаходзіць пянёчак-рагулю, Праз вузкую шчыліну пнецца-паўзе, Слізкую скуру здзірае. Жычка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сме́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае смех, весялосць; пацешны, забаўны. Смешнае апавяданне. □ [Хлопец] быў, бадай, прыроджаны комін, бо ўмеў сур’ёзна гаварыць смешныя рэчы. Навуменка. [Таццяна] .. дзівілася, як гэта раней яна магла жыць без яго, без гэтага маленькага, смешнага, крыклівага стварэння. Шамякін. / у знач. наз. сме́шнае, ‑ага, н. Ды музыкі знаюць свае сцежкі — Смешнае іграюць без усмешкі. Лужанін. // Які выклікае насмешку, іронію сваёй недарэчнасцю. У гэты момант падаспеў пяты [чалавек], у вузкіх штанах і ў смешнай куртцы з двума хвастамі. Самуйлёнак. Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Зарэцкі.
2. Тое, што нельга ўспрымаць сур’ёзна. Розныя смешныя довады лезлі ў галаву. Бядуля. // Дзіўны. [Пракоп:] — Смешная ты, маці! Няўжо ты думаеш, што я такі дурны і палезу ў воду, не пабачыўшы броду? Колас.
•••
Да смешнага — у вышэйшай ступені, надзвычай. Вынаходства Андрэя было да смешнага простым, і таму аб ім неўзабаве ведаў увесь завод. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́дні, ‑яя, ‑яе.
1. Які размешчаны ўнізе. Меле сподні камень муку ды толькі радуецца, што цяпер ён яшчэ лепш служыць людзям. Якімовіч.
2. Які знаходзіцца са споду (у 2 знач.). На сподняй старане каменя, пад якой чалавек мог хавацца ад якой-небудзь прыгоды, немаведама кім і калі, быў выразаны рысунак. Чорны.
3. Які мае адносіны да споду (у 4 знач.). [Ніна] выцерлася споднім бокам кофтачкі і ступіла на бераг. Мележ. Васількевіч са сподняй кішэні скураной тужуркі выняў зашмальцаваны блакноцік, аловак з блішчастым медным наканечнікам. Навуменка.
4. Які надзяваецца пад іншае адзенне або непасрэдна на цела; ніжні (пра бялізну). Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі. Вільгельміна ў сподняй спадніцы .. сарамліва падалася ўбок. Гартны. / у знач. наз. спо́дняе, ‑яга, н. Мікола як спаў у адным споднім, гэтак і выскачыў у сенцы, а пасля на гарышча. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спяша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак., з інф., з чым і без дап.
1. Імкнуцца рабіць што‑н. як можна хутчэй; спяшаць. Яны стаялі ўжо ля каліткі дома, дзе кватаравала Рэня. Алёшка спяшаўся дагаварыць: — Я люблю.. Цябе... Цябе я люблю... Лынькоў. Ляснічы няпэўна гмыкнуў. Ён ніколі не спяшаўся з вывадамі. Навуменка. Пакручасты кароткі хвост, прыроблены да апошняй літары, і распырсканае ў канцы чарніла павялі [Агнёва] на думку, што начальнік спяшаўся. Асіпенка.
2. Імкнуцца хутчэй ісці, рухацца, хутчэй трапіць куды‑н. Кожны дзень яна спяшаецца да бальшака І, прыклаўшы руку да вачэй, Прагна ўглядаецца на захад .. А яе каханага яшчэ і сёння Не адпускае вайна. Сіпакоў. Да кагосьці ляцеў і кагосьці ў душу сваю клікаў, Так спяшаўся — хаця б не спазніцца, паспець. Кірэенка. Алена расшпіляе і зноў зашпіляе ватоўку, перавязвае на галаве хустку і спяшаецца на двор, да сяброўкі Ганны. Ермаловіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
страката́ць, стракачу, стракочаш, стракоча; незак.
Утвараць строкат (пра некаторых насякомых, птушак). Блытаючыся, балбатаў цецярук і бесперастанку стракаталі конікі, пераскакваючы з травінкі на травінку і абтрасаючы, як жывое срэбра, кроплі расы. Пташнікаў. У глыбіні нечага надворка стракаталі і мільгалі белым воллем у нерухомым вішняку быстрыя сарокі. Адамчык. // Утвараць рэдкія кароткія і частыя гукі (пра матор, кулямёт і пад.). [Курт] нават не чуў, як стракатаў яго аўтамат, бо ўсё вухала, грымела, калацілася і мацней за ўсё, здавалася, білася сэрца. Сабаленка. Поле поўніцца жыццём — спорна і дробна стракоча жняярка. Мележ. // Хутка працаваць на чым‑н., што ўтварае строкат. Стракочуць [у фінаддзеле] арыфмометрамі, ляскаюць костачкамі лічыльнікаў, падрахоўваючы не толькі рублі, а і капейкі. Навуменка. Зіна стракатала на машыне, Люська чытала. Марціновіч. // перан. Разм. Хутка, бесперастанку гаварыць, балбатаць. — Шкада, панове, — стракатала Ядзя, — што ў нас есці няма. Новікаў. / у паэт. ужыв. І малы даверлівы шчыгол Аб сваіх прыгодах ёй [Галі] стракоча. Агняцвет.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)