трыбушыць, ‑бушу, ‑бушыш, ‑бушыць; незак., каго-што.

Разм.

1. Патрашыць, вымаць вантробы з забітай жывёліны. На пагорку два цецерукі з-пад самых ног вылецелі, каршуна ўзагнаў, які на пні сойку трыбушыў, потым пастаяў ля здаравеннага вужа і панаглядаў, як ён жабу заглытваў, і падаўся далей. Ляўданскі.

2. Разварочваць, разрываць што‑н., даставаць, вымаць усё тое, што знаходзіцца ў чым‑н. Сядзеў бы [Юрка] ля цапоў з Тодарчыкам ці Вольнай і рэзаў бы перавяслы — трыбушыў снапы. Пташнікаў. Торба была нечым напакавана. Але хлапчукі не сталі трыбушыць, прынеслі, як ёсць, да стайні. Чыгрынаў.

3. перан. Трэсці каго‑н., рабіць вобыск. — Газету канфіскавалі? — запытаў Войцік у вартаўніка. — Перад самым світаннем з’явілася цэлая хеўра і пачала трыбушыць рэдакцыю. Машара. [Пятро Пятровіч:] — Пасля саўгас у нас арганізаваўся, паступіў я ў камсамол, у час калектывізацыі трыбушыў гэтага самага свайго «апекуна». Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)