рака на ПдБеларусі, у Старадарожскім і Любанскім раёнах Мінскай вобласці і Акцябрскім раёне Гомельскай вобласці, правы прыток Пцічы (басейн Прыпяці). Даўжыня 128 км. Плошча вадазбору 3,6 тысяч км². Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне, Прыпяцкім Палессі. Асноўныя прытокі: Таліца (справа), Солан, Нешчанка, магістральныя асушальныя каналы Слаўкавіцка-Ямінскі і Чавускі (злева).
Даліна на вялікім працягу невыразная, месцамі шырынёй 0,3—1 км. Пойма пераважна двухбаковая, ніжэй вёскі Падарэссе ў Старадарожскім раёне яе шырыня 0,1—1 км. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае, шырыня ў вярхоўі 5—10 м, у ніжнім цячэнні 30—35 м. Берагі на натуральных участках нізкія. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 54%, летне-асенняй межані — 30% гадавога сцёку. Летне-асеннія паводкі кожны год, зімовыя радзей. Замярзае ў 2-й палове снежня, крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 16,7 м³/с. Пасля пабудовы Арэскай меліярацыйнай сістэмы і Любанскага вадасховішча сцёк Арэсы значна зарэгуляваны. Крыніца водазабеспячэння сажалак рыбакамбіната «Любань». На рацэ горад Любань.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́Х (Juglans),
род кветкавых раслін сямейства арэхавых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Паўднёвай Еўропе, Азіі, Амерыцы. У некаторых месцах утвараюць так званыя арэхавыя лясы. Шэраг відаў вырошчваюць з прамысловымі мэтамі. На Беларусі ў паўднёвых і заходніх раёнах, у садах і парках вырошчваюць як інтрадукаваныя дэкаратыўныя і арэхаплодныя культуры арэх грэцкі (J. regia), маньчжурскі (J. mandshurica), шэры (J. cinerea), чорны (J. nigra) і інш.
Лістападныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 50 м з разгалістай кронай. Лісце буйное, складанае няпарнаперыстае. Кветкі раздзельнаполыя: мужчынскія ў доўгіх каташках, жаночыя адзіночныя або па некалькі ў гронках. Плод касцянкападобны з вонкавай мясістай зялёнай абалонкай і цвёрдай дравяністай унутранай; мае гаспадарчую назву «арэх». Ядры арэхаў (насенне) смачныя, багатыя алеем (да 68%), бялкамі (да 18%), вугляводамі. Выкарыстоўваецца ў харчовай і кандытарскай прамысловасці. Лісце і абалонкі пладоў маюць вітамін C і дубільныя рэчывы. Драўніна арэха прыгожая, цвёрдая, з малюнкам; з яе робяць мэблю, музычныя інструменты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХАЎСК,
гарадскі пасёлак у Беларусі, у Аршанскім раёне Віцебскай вобласці, на беразе Арэхаўскага возера пры вытоку з яго ракі Аршыца. За 27 км ад горада Орша, 120 км ад Віцебска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Хлюсціна на лініі Орша—Смаленск. Аўтадарогамі злучаны з Оршай і Віцебскам. 3,5 тысяч жыхароў (1995). БелДРЭС, прадпрыемствы лёгкай і харчовай прамысловасці. Брацкая магіла савецкіх воінаў. Помнік архітэктуры 19 стагоддзя — Спаская царква.
Узнік у пачатку 20 стагоддзя як заводскі пасёлак Выдрыца каля вёскі Арэхі Аршанскага раёна ў сувязі з будаўніцтвам завода сухой перагонкі драўніны. Пасля закрыцця завода (1917) пасёлак сельскага тыпу. З 1924 у Аршанскім раёне. З пачаткам будаўніцтва 11.7.1927 БелДРЭС зліўся з вёскай Выдрыца і 25.7.1929 пераўтвораны ў рабочы пасёлак пад назвай Арэхі-Выдрыца. У 1939 было 3,7 тысяч жыхароў. З ліпеня 1941 да 24.6.1944 акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, амаль цалкам знішчаны. 11.7.1946 пераўтвораны ў гарадскі пасёлак Арэхаўск. У 1946—54 цэнтр Арэхаўскага раёна. У 1969 у Арэхаўску 5,3 тысячы жыхароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАБІ́СТАЯ ДАПАМО́ЖНАЯ ГАСПАДА́РКА,
гаспадарка грамадзян на прысядзібных участках. У СССР пасля калектывізацыі лічылася неперспектыўнай і цярпела істотныя абмежаванні (вял. падаткі, забарона на набыццё коней і тэхнікі на ўласныя патрэбы, абмежаванне на ўтрыманне жыўнасці і гэтак далей). З ажыццяўленнем зямельнай рэформы ў час пераходу да рыначных адносін ствараюцца больш спрыяльныя ўмовы для яе развіцця: участкі зямлі для асабістай дапаможнай гаспадаркі павялічаны да 1 га (з правам іх прыватызацыі), дазволена трымаць коней, набываць с.-г. машыны, наймаць сезонных работнікаў, наладжаны выпуск малагабарытнай тэхнікі і гэтак далей. У 1994 на Беларусі было 1 млн. 905,6 тыс. асабістых дапаможных гаспадарак. Займаючы 15,1% усіх с.-г. угоддзяў, яны далі 85,3% бульбы, 22,1% мяса (у забойнай вазе), 35,8% малака, 42,6% яек, 67,1% воўны ад агульнарэсп. іх вытворчасці. З павелічэннем зямельнага надзелу, павышэннем узроўню тэхн. аснашчанасці і таварнасці асабістыя дапаможныя гаспадаркі фактычна набліжаюцца да сял. гаспадарак. У міжнар. стандартах статыстыкі і аналізу прыняты больш шырокі тэрмін — дамашняя гаспадарка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСАЦЫЯТЫ́ЎНЫ СЛО́ЎНІК,
лінгвістычны даведнік, у якім фіксуюцца семантычныя сувязі паміж словамі (з указаннем іх частаты), выяўленыя ў выніку прамога псіхалінгвістычнага апытання носьбітаў мовы (інфармантаў).
Інфармантам даецца слова-стымул і прапануецца адказаць на яго першым словам-рэакцыяй (свабодны асацыятыўны эксперымент) альбо сінанімічнымі, антанімічнымі, тэматычна звязанымі і інш. словамі-рэакцыямі (накіраваны асацыятыўны эксперымент). Вынікі такіх эксперыментаў афармляюцца ў выглядзе розных тыпаў асацыятыўных слоўнікаў. Прамы асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-стымулаў і ўсіх выяўленых на іх слоў-рэакцый ці толькі тых, што сустрэліся ў адказах 10 і больш інфармантаў, т.зв. ўстойлівыя асацыяцыі. Адваротны асацыятыўны слоўнік складаецца з рэестравых слоў-рэакцый і ўсіх слоў-стымулаў, што выклікалі іх, ці толькі тых, якія з’яўляюцца ўстойлівай асацыяцыяй. Слоўнік асацыятыўных нормаў сумяшчае рысы прамога і адваротнага асацыятыўных слоўнікаў. Асацыятыўны тэзаўрус на падставе выяўленых сувязяў паміж словамі пэўнай мовы групуе іх у семантычныя палі, вызначае ўзаемаадносіны паміж імі і гэтак далей
На Беларусі выдадзены толькі прамы «Асацыятыўны слоўнік беларускай мовы» А.І.Цітовай (1981).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСВЕ́ЙСКІ,
біялагічны заказнік на Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці. Засн. ў 1977 як паляўнічы заказнік для зберажэння месцаў масавага гнездавання вадаплаўных птушак і стварэння ўмоў для іх размнажэння. Уключае Асвейскае возера, частку Асвейскага балота і тэрыторыю на Пд ад мяжы з Латвіяй і Пскоўскай вобласці Пл. 22,6 тыс.га (1995).
У заказніку наладжана ахова мясц. і пралётных вадаплаўных (лебедзь, гусь, качка) і інш. птушак. Вял колькасць звычайнай чайкі, гогаля, паганак, лысухі, трапляюцца шыраканоска, шылахвостка, даўгадзюбы крахаль і інш. Жывуць шэры журавель, белая курапатка, вял. кулон, вял. вераценнік, чорны бусел, арлан-белахвост, сапсан, дзербнік. Гняздуюцца рэдкія чырвонагаловы нырэц, малая чайка, чубатая чэрнець, белакрылая крачка. Ёсць каштоўныя млекакормячыя — андатра, бабёр. Лясы багатыя баравой дзічынай. Водзяцца лось, дзік, казуля, заяц, ліс, воўк, у вадаёмах — акунь, шчупак, сазан, лешч, язь, мянтуз, плотка і інш. Праводзяць кальцаванні птушак, арніталагічныя даследаванні, заказнік — база для вывучэння біял. асноў вядзення паляўнічай гаспадаркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІПО́ВІЦКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,
у Беларусі, у Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобл., на р. Свіслач (за 43,6 км ад вусця) у бас. Дняпра. Створана ў 1953. Пл. 11,9 км², даўж. 23,7 км, найб.Шыр. 1,2 км, найб.глыб. 8,5 м. Чаша — затопленыя рэчышча і пойма Свіслачы, ложа са шматлікімі мелкаводдзямі, ёсць невял. астравы агульнай пл. 15 га. Дно выслана глеем (60% пл.), каля берагоў — пяском. Катлавіна выцягнутая па даліне ракі, са стромкімі, радзей спадзістымі схіламі, укрытымі лесам (часткова пад ворывам). Берагі пераважна высокія, месцамі да 6—8 м.
Замярзае ў пач.снеж., лёд трымаецца да пач. красавіка. Летам вада праграваецца да 21 °C (у паверхневым слоі). Сярэднегадавая амплітуда вагання ўзроўню 81 см. Праточнасць вялікая, аб’ём воднай масы аднаўляецца за 7—8 сутак. Сярэднегадавы сцёк у створы плаціны 790 млн.м³. Каля 35% плошчы зарастае. Выкарыстоўваецца ў энергет. мэтах (Асіповіцкая ГЭС), на водазабеспячэнне сажалак рыбгаса «Свіслач» і Асіповіцкага кардонна-руберойдавага з-да. Зона адпачынку «Асіповічы», санаторый «Вяззе». Курганны могільнік, каля в. Лапічы — гарадзішча жал. веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНЕ́ЖЫЦЫ,
вёска ў Беларусі, у Пінскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на Пн ад Пінска, 173 км ад Брэста, на аўтатрасе Гомель—Брэст. 1197 ж., 367 двароў (1995). Забудоўваюцца паводле праекта планіроўкі 1968 (БелНДІдзіпрасельбуд; карэкціроўка 1980, аўтар забудовы арх. Н.Нядзелька, інж. В.Хандогін). Гал. вось кампазіцыі — шырокі бульвар, які звязвае асн. ўезд у вёску з боку Пінска з цэнтр. плошчай, дзе знаходзяцца адм. будынак, гандл. цэнтр, Дом культуры з залай на 600 месцаў. Цэнтр вёскі забудоўваецца 2—3-павярховымі 8-12-кватэрнымі секцыйнымі і 2—4-кватэрнымі жылымі дамамі з кватэрамі ў 2 узроўнях. Унутрыквартальная прастора азялененая і добраўпарадкаваная, мае малыя арх. формы — пляцоўкі для адпачынку і інш. У паўн. частцы вёскі сканцэнтравана індывід. забудова сядзібнага тыпу, на ПнЗ — вытв. зона. На У ад цэнтр. плошчы створаны парк з зонамі адпачынку і спорту. Сярэдняя школа, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСПЕРГІ́Л (Aspergillus),
род недасканалых грыбоў класа гіфаміцэтаў. Каля 100 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Упершыню апісаны італьян. міколагам П. Мікелі ў 1729. На Беларусінайб. практычнае значэнне маюць аспергілы: чорны (Aspergillus niger), жоўта-рысавы (Aspergillus flavus-oryzae), гнездавы (Aspergillus nidulans), дымучы (Aspergillus fumigatus), рознакаляровы (Aspergillus versicolor). Большасць іх сапратрофы. Развіваюцца ў глебе, асабліва на раслінных субстратах. Некаторыя — паразіты чалавека, жывёл і раслін, узбуджальнікі аспергілёзу.
Калоніі аспергілаў — напылы плесні рознага колеру, часцей блакітна-зялёнага і чорнага. Вегетатыўнае цела — шматклетачны, галінасты, бясколерны або бледна-карычневы міцэлій унутры субстрату. Канідыяносцы аднаклетачныя ці з папярочнымі перагародкамі. Канідыі розных колеру, формы і памераў. Пладовыя целы (клейстатэцыі) шарападобныя, светлыя. Сумкі акруглыя або эліптычныя. Разбураюць тканіну, скуру, пластмасы. Выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці як прадуцэнты антыбіётыкаў, ферментаў, арган.к-т, вітамінаў, спірту, алкалоідаў, а таксама пры ацэнцы ўстойлівасці паперы да плеснення, пры вызначэнні эфектыўнасці фумігацыі, у лабараторных даследаваннях. Некаторыя віды выкарыстоўваюць для біял. барацьбы з фітапатагенпымі мікраарганізмамі.
Аспергіл чорны: 1 — агульны выгляд; 2 — канідыяносец з канідыямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎГУСТ II (August) Моцны
(12.5.1670, Дрэздэн — 1.2.1733),
курфюрст саксонскі (Фрыдрых Аўгуст I; 1694—1733), кароль Рэчы Паспалітай [1697—1706, 1709—33]. Сын саксонскага курфюрста Іагана Георга III. Стаў курфюрстам у Саксоніі пасля смерці брата Іагана Георга IV. У 1697 перайшоў у каталіцтва і пасля смерці караля Яна III Сабескага выбраны на трон Рэчы Паспалітай. У 1699 завяршыў польска-тур. войны (гл.Карлавіцкі кангрэс 1698—99). Меў намер ператварыць ВКЛ у незалежную дзяржаву са спадчыннай манархіяй. Удзельнічаў на баку Расіі ў Паўночнай вайне 1700—21. Шведскі кароль Карл XII на тэр.Беларусі і Літвы разбіў яго войскі і паводле Альтранштацкага міру 1706 прымусіў Аўгуста II адрачыся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. Пасля паражэння швед. арміі каля Палтавы (1709) вярнуўся на трон Рэчы Паспалітай. У 1716 спрабаваў усталяваць тут абсалютызм. У змаганні з самавольствам шляхты абапіраўся на падтрымку Прусіі і Расіі, што прывяло да ўмяшання апошняй ва ўнутр. справы Рэчы Паспалітай. Празваны Моцным за фіз. сілу і любоўныя прыгоды.