Прэць ’гнісці, псавацца ад сырасці і цеплыні’; ’пацець, пакрывацца потам’, ’гатавацца’ (Ласт., Байк. і Некр., ТСБМ; брасл., шальч., даўг., гродз., астрав., Сл. ПЗБ; ТС), ’адмакаць’ (мядз., Сл. ПЗБ). Рус. преть ’пацець, прэць’, укр. прі́ти ’тлець, гніць, пацець, прэць’, польск. przeć ’пацець, буцьвець, прэць’, н.-луж. prěś ’засыхаць, вянуць’, параўн. таксама серб. *прети ’псавацца пад уплывам вільгаці і цеплыні’, рэканструяванае на падставе дзеепрыметнікаў испрѐл ’засушаны, завялы (пра садавіну, гародніну)’, пре̏лав ’падгарэлы’ (Огледна св., 65). Прасл. *preti, звязанае з *para, гл. пар (Фасмер, 3, 362; Шустар-Шэўц, 2, 1156; ЕСУМ, 4, 588; Бязлай, 3, 25). Роднасныя грэч. πρήυω, πίμπρημι ’палю, спальваю’. Персан (875; гл. Коген, Запіскі, 9, 84–85), Брукнер (442), Банькоўскі (2, 825) не аддзяляюць ад *perti (гл. пе́рці ’пхаць, папіхаць, моцна націскаць’), разглядаючы *pьrěti ’прэць’ як інхаатыўны дзеяслоў ад яго.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сенако́с ‘нарыхтоўка сена і час, калі косяць сена’, ‘луг, прызначаны для касьбы’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), сенако́с ‘тс’ (ТС), сынока́с ‘тс’ (кам., Жыв. НС). Параўн. укр. сінокі́с ‘луг, сенажаць’, рус. сеноко́с ‘сенажаць; нарыхтоўка сена’, польск. sianokos ‘нарыхтоўка сена’, харв. sjenòkos ‘тс’, senokȍša ‘луг’, славен. senokȍs ‘касец сена’, макед. сенокосач ‘тс’. Адносна новае ўтварэнне, характэрнае для асобных славянскіх моў, паколькі, як сцвярджае Брукнер (259), “w średniowieczu nikt trawy nie kosił, tylko siekł”, параўн. старое славен. senosȅk ‘касец’ (Фурлан у Бязлай, 3, 228; гл. сячы): ад сена і касіць (гл.) па мадэлі сенажаць (гл.). Бязлай (Eseji, 140) мяркуе пра этнакультурны падзел славянства ў залежнасці ад ужывання аграрных тэрмінаў *požьnь (гл. пожня), *sěnožętъ і *pokosъ (гл. пакоша), *sěnokosъ у арэальным плане, што патрабуе далейшага вывучэння экспансіі інавацыйных утварэнняў на славянскіх тэрыторыях.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скапе́ць (skapieć) ‘сціснуцца, зменшыцца, захірэць, згінуць’: skapièŭ, jak skvarka (Федар. 4). Параўн. польск. skapieć, skapać ‘змарнець, апасці, згінуць’. Да прасл. *kapěti, якое Трубачоў (ЭССЯ, 9, 146) рэканструюе на падставе польск. kapieć ‘змяншацца, скарачацца, убываць, прападаць, чэзнуць’, што суадносіцца з *kapati (гл. ка́паць). Сюды ж адпаведныя балг. ска́пя ‘згніць, распасціся’, дыял. ска́па ‘данасіць адзенне, парваць’, макед. скапе ‘згінуць, распасціся; загінуць, прапасці’, серб.-харв. skȁpati ‘згінуць, загінуць’, славац. skapať ‘згінуць, здохнуць, знікнуць’, укр. ска́па́тися ‘знікаць, гінуць’ (лічыцца запазычаннем з польскай ці славацкай, гл. ЕСУМ, 5, 265). Развіццё значэння ‘капаць’, ‘ападаць, выцякаць кропля за кропляй’ (Брукнер, 217). Пра перыферыйнасць слова на Беларусі сведчыць замена выразу skapièŭ, jak skvarka выразам skipièŭ, jak skvarka (Федар. 4), што адлюстроўваюць спосаб спажывання сала на Палессі, параўн. плеска́ць сало на рожну́ на огне́ — дзе́ржыць лу́сту хле́ба і ка́пае тым са́лом (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спрыт ‘дасканаласць, умельства’, ‘фізічная лоўкасць, паваротлівасць, хуткасць у руках’ (ТСБМ, Бяльк., Сл. ПЗБ), ‘кемлівасць’ (Ласт.), спры́тны, спры́тнасць (Касп., Байк. і Некр., Гарэц., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). З польск. spryt, sprytny (Кюнэ, Poln., 99 з літ-рай), якое выступае ў польскай мове з XVIII ст. як запазычанне з франц. esprit ‘дух; задума, розум; здольнасць, талент і да т. п.’; гл. Брукнер, 510; Борысь, 571. Ужо Карскі (Белорусы, 146) сумняваўся ў этымалогіі, прапанаванай упершыню Ліндэ, схіляючыся да выказанай раней Міклашычам (266) думкі пра сувязь з прыць (гл.). Мартынаў (Лекс. Палесся, 16–17) звязвае з гоц. sprauto ‘хутка’, чаму пярэчыць Смулкова (Бел.-польск. ізал., 118–119), якая бачыць тут налажэнне значэнняў розных па паходжанні слоў — паланізмаў спрыт, спрытны і прыткі, прытны (гл.). Гл. таксама Фасмер, 3, 391–392; Булахаў, Бел. мова, 57.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяве́ц1 ’сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́бель ’паслядоўны спіс, пералік; лісток паспяховасці вучняў’, ’дошка (або кніга) для ўліку прысутнасці на працы’ (ТСБМ), та́бэль ’тс’ (Некр. і Байк.). Укр., рус. та́бель ’табель’, польск., в.-луж. tabela ’табель; табліца’, чэш. tabela ’табліца’, славац. tabela ’табель; табліца’, славен. tabéla ’тс’, серб.-харв. табѐла ’тс’, макед. табела ’тс’, балг. табе́ла ’таблічка, дошчачка з надпісам’. У старабеларускай мове з 1710 г. фіксуецца памяншальнае табелька ’рэестр лічбавых дадзеных’ са ст.-польск. tabela (Булыка, Лекс. запазыч., 57), сучаснае табэ́лка ’табліца множання’ (Сцяшк. Сл.) з польск. tabelka ’таблічка’. Паўторнае запазычанне праз рус. та́бель, якое ад часоў Пятра I (табель о рангах) з нідэрл. tabel ’табліца; табель’ < лац. tabella ’дошчачка, таблічка’ < tabula ’дошка, табліца’, звязанага з умбр. tafle ’на дошцы’; (Фасмер, 4, 6; ЕСУМ, 5, 499). Аб далейшых сувязях гл. Брукнер, 562–563; Махэк₂, 633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́йстра ’клунак, хатуль, мяшочак’ (Нас., Гарэц.), ’кайстра, торбачка’ (Бяльк.), ’кайстра, торба, сакваяж, дарожны мяшок’, ’кашэль’, ’паднос’, ’сподак’ (Ласт.), та́йстрачка ’торбачка’ (Некр. і Байк.), ст.-бел. тайстра, стайстра ’кайстра; торба’ (1556 г., Булыка, Запазыч., 316; Ст.-бел. лексікон). Укр. та́йстра, дыял. стра́йста ’торба, з якой кормяць коней’, рус. смал. та́йстра ’вялікі мяшок’, тра́йста ’кашэль’, старое польск. tajstra ’мяшок для прадуктаў (паляўнічы, салдацкі)’. Запазычанне з польск. (ст.-польск.) tajstra (Булыка, там жа), якое Брукнер (564) адносіў да чэш. tanistra ’(вайскавы) ранец’ з далейшымі нямецкімі і лацінскімі роднаснымі паралелямі; падрабязней гл. Фасмер, 4, 12; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 388, а таксама ка́йстра. Больш верагодны шлях, паводле Враб’е (Зб. Расэці, 994–995), праз украінскую з рум. tráistă ’торба, мяшок, сумка’. Карпацкі балканізм, параўн. алб. tráistë ’тс’, якое, у сваю чаргу, з візант.-грэч. τάγιστρον ’мяшок для фуражу’ (ЕСУМ, 5, 504).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труна́ ‘дамавіна’ (ТСБМ, Нас., Багушэвіч, Байк. і Некр., Бес., Ласт., Федар. 4, Шым. Собр., Сержп. Прымхі, Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Яруш., Мал., Булг., Гарэц., Мат., Др.-Падб., Варл., ТС, Вруб., Растарг.; петрык., Яшк. Мясц., ЛА, 3, Сл. ПЗБ), ‘пагібель, канец; вельмі дрэнна’ (ТСБМ), ст.-бел. труна (трумна, трунна) ‘труна’ (1577 г., ГСБМ). Запазычана са ст.-польск. trona, truna, trumna, trunna < с.-в.-ням. truhe ‘скрыня, труна’ (Булыка, Лекс. запазыч., 102), якое з’яўляецца роднасным ням. сілез. trūne ‘тс’, truhe, н.-в.-ням. truhne ‘тс’, ‘сундук’, trügge ‘карыта’, нарв. trygja ‘кошык для рыбы’, англ. trough ‘карыта’, ‘дзяжа, кадка’, якія, відаць, зводзяцца да гоц. triu, англ. tree ‘дрэва’, што да і.-е. *dereu̯(o)‑ ‘дрэва’ (Фасмер, 4, 109; Брукнер, 577; Шустар-Шэўц, 1538; ЕСУМ, 5, 656; Васэрцыер, 236, 237; Борысь, 644). Польск. trumna Вінцэнц (гл.) лічыць гіперкарэктнай формай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пле́сці, плясці́, плесць, плэсты́, плыстэ́ ’перавіваючы (палосы, лазу, ніці, стужкі), злучаць (іх) у адно цэлае, вырабляць што-н.’, ’вязаць’, ’віць вяроўкі’, ’гаварыць без сэнсу’, ’гаварыць у сне’, ’узводзіць паклёп, паклёпнічаць’; сюды ж у слалучэннях: плётма пле́сці ’хлусіць’, пле́сці кашалі́ без дужак, плесці плота без калкоў ’гаварыць няпраўду, што папала’; пле́сціся, плясці́ся, пле́сцца ’паволі ехаць, ісці, заплятаючыся, чапляючы нагой за нагу’, плётма плесціся ’ўвесь час цягнуцца, ісці’ (ТСБМ, Яруш., Нас., Др.-Падб., Шат.; Касп., Сл. ПЗБ, Мат. Гом., ТС; сміл., Стан.; дзятл., Сцяшк. Сл.; ЛА, 4). Укр. плести́, рус. плести́, плесть, польск. pleść, н.-луж. plasć, в.-луж. plesć, палаб. plitě ’пляце’, чэш. plésti, славац. pliesť, славен. plésti, серб.-харв. плѐсти, харв. чак. plȅst, макед. плете, балг. плета́, ст.-слав. плести ’плесці’. Прасл. *plesti < і.-е. *plekʼ‑te/o: ст.-в.-ням. flehtan, англ.-сакс. fleohtan, лац. plectō ’плесці’; без суф. ‑te/o: ст.-грэч. πλέκω, лац. plicāre ’складаць, загінаць, звіваць’ < і.-е. *piekʼ‑ (Міклашыч, 250; Махэк₂, 459; Фасмер, 3, 280; Брукнер, 418; Бязлай, 3, 56); Трубачоў (Ремесл. терм., 248) — *plek‑ (*plekʼ‑). Мее (Études, 180) рэканструюе прасл. форму як *plet‑. Банькоўскі (2, 606) выводзіць тры прасл. формы: *plesti/*plęsti > *plěsti > *plet‑/*plēt‑/*plot ’пашыраць, павялічваць, дадаючы новыя элементы’. Тое ж абазначае і літ. plė̃sti, platùs ’шырокі’. Адносна значэння ’ілгаць, абгаворваць, узводзіць паклёп’: Брукнер (418), Махэк₂ (459). Фасмер (3, 280), Копечны (Zákl. zásoba, 269) бачаць у ім семантычны перанос прасл. *plesti. Фурлан (JS, 29, 120) выводзіць лексему з гэтым значэннем з і.-е. *pléte/o < *(s)pel‑ ’узнёсла гаварыць’, ад якога можа быць і літ. рlерė́ ’балбатаць, несці бязглуздзіцу’ (Бязлай, 3, 56), што непераканаўча (Куркіна, Этимология–1994–1996, 199). Паводле Станкевіча (Зб. тв., 1), плісціся ў значэнні ’цягнуцца’ — русізм, што неабавязкова, параўн. балг. жарт. плете́ ’ідзе’ (БЕР, 5, 342).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяро́ўка (Сцяшк. МГ, Касп., БРС, КТС, Шат.), вярёўка, вяроўка (Бяльк.) ’вяроўка, якой звязваюць снапы, сена, салому на возе’ (Янк. I), палес. вэроўка, во̂роўка, вароўка ’вяроўка, якой паднімаюць вулей на дрэва’; ’прыстасаванне для пад’ёму бортніка на дрэва’ (Анох.). Укр. вірьовка, рус. верёвка, вярёвка, ст.-рус. веревка ’вяроўка, матуз’ (з XVI ст.). Усходнеславянскае ўтварэнне (суф. ‑ъка). Узыходзіць да ст.-рус. вьрвь; параўн. ст.-слав. врьвь < прасл. vьrvь, якое з’яўляецца роднасным да літ. virvė̃, лат. vìrve ’вяроўка’, ст.-прус. wirbe ’канат’, літ. vérti ’прасоўваць нітку’, лат. vẽrt ’нанізваць’, грэч. Ϝερύω ’цягну, валаку’, Ϝρυτήρ ’вяроўка, цеціва’, ст.-інд. varatrā́ ’дзяга, вяроўка’. Прасл. vьrvь ўтворана ад verti ’звязваць, зачыняць’ < і.-е. *u̯er‑ (Міклашыч, 382; Гараеў, 1896, 43; Майргофер, 19, 154; Мюленбах-Эндзелін, 4, 619; Праабражэнскі, 1, 73; Траўтман, 362; Фасмер, 1, 294–285; КЭСРЯ, 75; Брукнер, 623–624; БЕР, 1, 187; Скок, 3, 633; Младэнаў, 79).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)