САЦЫЯЛІНГВІ́СТЫКА, сацыяльная лінгвістыка,
навуковая дысцыпліна, у якой мова разглядаецца найперш як грамадская з’ява (у процілегласць падыходам прыродазнаўчым, гіст., псіхал.), як сацыяльна разгалінаваны сродак зносін людзей, што ў вял. ступені залежыць ад сац. стратыфікацыі саміх носьбітаў мовы (палажэнне ў грамадстве, характар заняткаў, адукаванасць, узрост, пол і інш.). Развіваецца на сумежжы мовазнаўства, сацыялогіі, псіхалогіі сацыяльнай і этнаграфіі. Распрацоўвае шырокі комплекс праблем сац. прыроды мовы, што раскрываецца ў грамадскіх функцыях розных моўных утварэнняў (этнамоў, кайнэ, літаратурных моў, сацыяльных дыялектаў і інш.), механізму ўздзеяння сац. фактараў на мову, дынамікі двухмоўя і шматмоўя, тыпалогіі моўных сітуацый, моўнай палітыкі дзяржавы, сувязей мовы і культуры і інш. На Беларусі вытокі сацыялінгвістычных даследаванняў у працах Я.Ф.Карскага і П.А.Бузука. Пытанні С. распрацоўвалі і распрацоўваюць А.І.Жураўскі, А.А.Лукашанец, В.У.Мартынаў, А.Я.Міхневіч, Н.Б.Мячкоўская, Б.Ю.Норман, А.Я.Супрун, П.П.Шуба, В.К.Шчэрбін і інш.
Літ.:
Новое в лингвистике. Вып. 7. Социолингвистика. М., 1975;
Лукашанец А.А., Михневич А.Е., Щербин В.К. Общество—язык—политика. Мн., 1988;
Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. 2 изд. М., 2000.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Во́ддаль (БРС, КТС, Гарэц.; КЭС, лаг.). З водаль (гл.) у выніку яго пераасэнсавання як слова з прыстаўкай од‑, вод‑ (Шуба, Прыслоўе, 113). У варыянце воддаля (Жд., 2, КТС) прыстаўка заканамерная (од (от) + род. скл. даль; параўн. рус. о́тдали, укр. ві́ддалі), але канчатак, відаць, з род. скл. м. р.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жывасі́лам ’гвалтоўна’ (ТСБМ), жывасі́ллю ’тс’ (Касп.). Укр. живоси́лом ’тс’. Прыслоўе ўтворана з тв. скл. наз. *жывасіл, не зафіксаванага ў суч. бел. мове (Шуба, Прыслоўе, 104), ці хутчэй з тв. скл. сілам, сіллю; параўн. у Даля пск. сило́м, дыял. си́лью ад наз. сіло (гл.), да якога далучаецца першы кампанент жыв‑.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ву́сяка ’вось, якраз’ (Шат.). Са спалучэння вось як шляхам універбацыі, лабіялізацыі о ў пазіцыі пасля в і далучэння прыслоўнага суфікса ‑а; параўн. ту́та (< тут), та́ма (< там) і г. д., або ад вось пры дапамозе «пустога» суфікса ‑ка, як ву́нека ад вунь; параўн. авосе́ка ’вось’ (Шуба, Прыслоўе, 62; Карскі 2–3, 69).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Во́даль ’на невялікай адлегласці (ад чаго-небудзь), убаку’ (Нас., Касп., Бяльк., КТС), во́даля ’тс’ (Шат.). Рус. о́даль, укр. дыял. о́даль ’тс’. З о‑ і даль (гл.) у форме він. або род. скл. адз. л.; прыстаўка о‑ надае значэнне непаўнаты якасці (Шуба, Прыслоўе, 113). Форма водаля, відавочна, у выніку кантамінацыі з воддаля (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анё́, анё́ж, аня́ж, аняго́, аняго́ж, аняго́ні, аняго́жчы, ’няўжо, хіба’ (Касп., Бяльк.). Гэты рад прыслоўяў утвораны з узмацняльнай часціцы а‑, прыставачнага элемента не (ня) (гл. Шуба, Прыслоўе, 167), займеннікавага элемента ё, яго і часціцы ж (магчыма, паўторнага ні). Утварэнне некаторых з гэтых прыслоўяў патрабуе ўдакладненняў (напрыклад, ці не ўдзельнічае ў іх утварэнні прыметнік гожы?).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛІЧЭ́БНІК,
часціна мовы, якая абазначае абстрактны лік, пэўную і няпэўную колькасць прадметаў або парадак пры іх лічэнні. Паводле значэння Л. падзяляюцца на колькасныя, зборныя і парадкавыя. Да колькасных адносяцца пэўнаколькасныя — указваюць на дакладную колькасць прадметаў («два вучні») ці на пэўны лік безадносна да прадметаў («два і сем — дзевяць»), няпэўнаколькасныя — маюць недакладнае лікавае значэнне («многа»), дробавыя — называюць пэўную частку цэлага прадмета («трэць чалавецтва»). Зборныя абазначаюць колькасць прадметаў як адно цэлае («чацвёра сутак»). Парадкавыя ўказваюць на парадкавы нумар прадметаў пры пералічэнні («трэці дом»), Паводле граматычных адзнак Л. неаднародныя: адны з іх змяняюцца па родах, ліках і склонах («адзін», «тысяча», «мільён»), другія — па родах і склонах («два», «абодва») ці толькі па склонах («тры», «чатыры» і інш.). Паводле марфал. складу падзяляюцца на простыя («адзін»), складаныя («адзінаццаць») і састаўныя («дваццаць пяць»). Л. не ўтвараюць адзінага тыпу скланенняў і могуць нагадваць па канчатках скланенне розных іменных часцін мовы. Спалучаюцца толькі з назоўнікамі.
Літ.:
Вярхоў П.В. Лічэбнік у беларускай мове [параўнальна з рускай і ўкраінскай мовамі]. Мн., 1961;
Чабярук А.І. Лічэбнік у беларускіх гаворках. Мн., 1977;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы Мн., 1996.
А.І.Наркевіч.
т. 9, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНАЗО́ЎНІК,
службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).
Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).
Літ.:
Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;
Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
А.І.Наркевіч.
т. 13, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛАНЕ́ННЕ,
1) катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.
2) Тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе наз. парадыгмай С. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад’ектыўнае (прыметнікавае) С.
С. ад’ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.
3) Група назоўнікаў, аб’яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.
Вылучаюць 3 тыпы С. Да 1-га С. адносяцца назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»), да 2-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»), да 3-га — назоўнікі жан. роду (тыпу «ноч», «даль»). Асобныя групы складаюць назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»), рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя») і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некат. прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца грамат. формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтакс. сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985;
Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.
А.І.Наркевіч.
т. 14, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ні́цма ’ніц, тварам уніз’ (Кліх, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, ТС), ’стрымгалоў’ (Шат.). Да ніц 1 (гл.), прыслоўе ўтворана пры дапамозе суфікса ‑ма, па паходжанню — назоўнікавы канчатак тв. скл. падв. л. (Карскі 2–3, 67). Шуба (Прыслоўе, 58) бачыць у ім кантамінацыю формы ніцам (гл.) з канчаткам тв. скл. і дзеясловаў на ‑ма (тыпу ле́жма).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)