ПРЫНАЗО́ЎНІК,

службовае слова, з дапамогай якога выражаюцца адносіны паміж галоўнымі і залежнымі кампанентамі словазлучэння. П. марфалагічна нязменныя, не маюць самаст. лексічнага і грамат. значэння, не з’яўляюцца членамі сказа. Ужываюцца з паўназначнымі словамі, дапаўняюць іх ці ўдакладняюць значэнне пэўнага ўскоснага склону. Значэнне П. выяўляецца ў словазлучэнні, дзе яны выражаюць розныя грамат. адносіны (прасторавыя, часавыя, аб’ектныя, якасныя, колькасныя, размеркавальныя, прычынныя, мэтавыя, параўнальныя, спосабу дзеяння, меры і ступені і інш.).

Могуць ужывацца з адным склонам («каля», «праз»), двума («аб», «пад») і трыма («у», «па»). Паводле марфал. будовы і паходжання П. падзяляюцца на невытворныя («з», «пры») і вытворныя («збоку», «наконт»), паводле структуры — на простыя («ад», «замест»), складаныя («з-за», «па-над») і састаўныя («у адносінах да», «у сувязі з»). У сучаснай бел. мове ў функцыі П. ўжываюцца прыслоўна-прыназоўнікавыя канструкцыі («асобна ад», «згодна з»), Пры перадачы аднолькавых ці блізкіх грамат. значэнняў часта выкарыстоўваюцца розныя П., якія ў такіх выпадках выступаюць як сінонімы (параўн.: «пад лесам — каля лесу», «з радасці — ад радасці»).

Літ.:

Шуба П.П. Прыназоўнік у беларускай мове. Мн., 1971;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)