На́сцеж ’на ўсю шыр, поўнасцю’ (ТСБМ, ТС), на́сьцеж ’тс’ (Др., Бяльк.), на́сцяж ’тс’ (Сл. ПЗБ), на́сціж ’тс’ (Сл. ПЗБ), укр. на́стеж, на́стіж, насте́жи, насте́жір, рус. на́стежь, настежу́, польск. naścież, naoścież, naścieżaj, славен. na steżaj, балг. дыял. настьеш. Са спалучэння прыназоўніка на з назоўнікам сцеж(а), для якога ўзнаўляецца значэнне ’слуп, шула’, параўн. на всю стэжу ’насцеж’: На всю стэжу очыняны (драг., З нар. сл.), сцежэя́ ’задняе шула ў варотах’ (ТС), польск. ścieżaj ’завес’, славен. stežaj ’тс’, ц.-слав. стежеръ ’тс’, чэш. stežeje ’завес, стрыжань’ і пад. роднасныя да сце́жар (гл.) (Фасмер, 3, 48; Брукнер, 354); першапачатковае значэнне ’раскрыць так, каб быў бачны слуп, стрыжань ці завесы, на якіх трымаліся вароты, дзверы’, тыпалагічна падобнае развіццё семантыкі гл. у на́піта ’насцеж’. Формы з ‑я‑, магчыма, ад сцяж: у сця́ж ’у адзін рад’ (палес., Нар. сл.) (да прасл. *steg‑). Гл. таксама Шуба, Прысл., і 16 (параўноўвае з рус. за‑стег‑ну‑ть), Атанасаў, БЕ, 37, 1987, 1–2, 102–104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)