бе́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Які, ратуючыся, тайна, самавольна збег з месца жыхарства. Беглы селянін. / у знач. наз. бе́глы, ‑ага, м.; бе́глая, ‑ай, ж. Не вельмі ўважлівы, павярхоўны. Загорскі падаў жанчыне табурэтку, яна падзякавала, села, агледзела пакой беглым позіркам. Мележ.

2. Дастаткова свабодны, які праходзіць без усякіх цяжкасцей. Беглае чытанне.

3. Які адзначае толькі асобныя рысы, асаблівасці чаго‑н.; зроблены на скорую руку. Беглы агляд. □ Пасля кароткага, але вельмі насычанага змястоўнага гістарычнага экскурсу аўтар перайшоў да мастацкай сучаснасці Савецкай Беларусі, кінуў некалькі беглых, але трапных заўваг адносна яе стану. Ліс.

4. Непастаянны, часовы. Яшчэ два гады [Сцяпан] прашлындаў, наймаючыся то ў сельпо, то ў прамкамбінат на якую беглую работу. Скрыган.

•••

Беглая галосная гл. галосны.

Беглы агонь гл. агонь.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перасе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. перасеў, ‑села; заг. перасядзь; зак.

1. Устаўшы з аднаго месца, сесці на другое. [Клара] гулка бахнула вечкамі парты, устала і папрасіла ў Веры Іванаўны, класнага кіраўніка, дазволіць ёй перасесці на другую парту. Б. Стральцоў. Ганна Сцяпанаўна перасела на мяккае крэсла, адкуль было зручней глядзець. Шыцік.

2. Перайсці з аднаго транспарту на другі, каб ехаць далей. Перасесці з цягніка на самалёт. □ Дзесьці па дарозе да Масквы, на адной з невялікіх станцый, я павінен буду выйсці з цягніка, перасесці ў глыбокія сялянскія мажары і ехаць у Віхораўскі калгас. Галавач. // Перайсці на іншую работу, памяняць месца работы. З калгаснага трактара к таму часу перасеў [Анкуда] на тралёвачнік. Карамазаў.

3. Засесці (у горле і пад.). Бульба ў горле перасела.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ску́ла 1, ‑ы, ж.

1. Адна з парных касцей чэрапа, размешчаная ніжэй вочніцы над верхняй сківіцай твару, а таксама адпаведная частка твару. Пасля таго, як нарадзілася дзіця, Ірына схуднела. Вочы яе запалі, скулы завастрыліся. Новікаў. Увесь гэты чалавек, выраз яго твару, вострыя скулы, гарачы тон прамовы нечым прываблівалі. «Маладосць». Белы маршчыністы лоб над загарэлымі скуламі шчодра акроплены потам. Брыль.

2. Спец. Выгіб корпуса судна ў тым месцы, дзе борт, закругляючыся, пераходзіць у днішча.

ску́ла 2, ‑ы, ж.

Гнойны нарыў, фурункул. Пан доўга ганяўся за зайцамі, крычаў на ўсё горла супраць ветру, вось і села яму скула ў горле. Якімовіч. [Вацік:] — Дык нельга ж цярпець такі боль: скулу трэба выціснуць, а рану загаіць. Баранавых.

•••

Гадзіць як благой (ліхой) скуле гл. гадзіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарня́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае цёмныя валасы і смуглы твар; з цёмнымі валасамі. Перад .. [Евай] стаяў незнаёмы чарнявы хлопец з бліскучымі цёмнымі вачыма. Колас. [Лёнік] зняў кепку,.. выцер далонямі мокрыя ад поту скроні, чарнявую галаву, твар. Марціновіч. // Чарнаваты, цёмны (пра валасы); смуглы (пра твар). Чарнявы, з тонкім носам і прыгожымі вусікамі твар лейтэнанта ажывіўся, у вачах мільганулі хітрыя іскрынкі. Мележ. Калі дзяўчына села і паправіла на галаве зблытаныя чарнявыя валасы, Святлана ўбачыла, што гэта — машыністка. Кулакоўскі. / у знач. наз. чарня́вы, ‑ага, м.; чарня́вая, ‑ай, ж. Алёшка ціха сказаў да чарнявага слова, і той пайшоў з хаты. Мікуліч. А там, за вечным ціхім снегам, Які не сходзіць з галавы, Дарожкі-сцежкі, што абегаў, Калі чарнявую лавіў. Семашкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пуц1 ’сякера з доўгім тапарышчам; калун’ (ЛА, 2; ТС; Сл. Брэс.; Янк. 1; петрык., Шатал.; слуц., Нар. словатв.; ПСл; Нар. Гом., Сл. ПЗБ), пуцо ’тс’ (Сл. ПЗБ), пуц ’сякера з малым тапарышчам’ (Сцяшк. Сл.). Запазычанне з ням. Putz ’тс’, параўн. putzen ’чысціць, прыбіраць’ і тлумачэнне Янкоўскага: “цяслярская прылада, цяжкая сякера, якой ачэсваюць тоўстыя бярвенні” (Янк. 1).

Пуц2 ’тугадум’ (клец., Нар. лекс.), ’глупства (са зладзейскага жаргону)’ (Полымя, 2001, 6, 204). Метафара да пуці, параўн. ’тупая сякера’ (ст.-дар., Сл. ПЗБ) і перан. калун ’тупы чалавек’.

Пуц3 ’ногаць’ (карэліц., Шат.). Няясна.

Пуц4 — выклічнік для імітацыі лёгкага падзення (Нас.), прысядання: я лаўлю курыцу, а яна пуц — і села (ЭШ), раптоўнага спынення: пуц — ды стаў конь (Шат.), сюды ж пу́цнуць ’упасці’: пуцнуло яблоко (Нас.), ’упасці ад стомы, зваліцца’ (слонім., Жыв. НС). Паводле Смаль–Стоцкага (Приміт., 168), адзін з варыянтаў “навейшага гукапераймання” для імітацыі раптоўнага дзеяння, параўн. укр. пац, пэц, пуц, пуць, польск. puc, pęc, pac: puc go na ziemię, а таксама выклічнік для нацкоўвання сабакі: puc go!, тое ж і серб.-харв. puc (адносна апошняга Скок, 3, 65; Путанец, там жа, параўноўвае са ст.-слав. устити ’incitare’, серб.-харв. usta і пад.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

па́сці, паду, падзеш, падзе; падзём, падзяце, падуць; пр. паў, пала; зак.

1. Упасці. Пасці на калені. □ І слязінка адна з воч матулі старой пала ў гэта вядзерка з крынічнай вадой. Дубоўка. Заслона важка пала на падлогу. Гартны.

2. Легчы, распаўсюдзіцца (пра цемень, змрок і пад.). На лес, на шлях, На поле пала ноч. Астрэйка.

3. перан. Прыйсціся, трапіць (пра выбар, падазрэнне і пад.). Падазронасць ксяндза пала на сына арганіста, касцельнага вартаўніка і сваіх парабкаў. Машара. Але калі справа павернецца ўсур’ёз? Падзе цень і на яго, Ваўчка. Хадкевіч.

4. Перастаць існаваць, быць знішчаным, звергнутым. Стары лад паў. □ Мы ўпэўнены, Што недалёка той час, Калі ўсе падуць перашкоды І прыйдуць на свята Камуны да нас З’яднаныя дружбай народы. Танк.

5. Быць пераможаным, здацца, скарыцца (пра горад, крэпасць і пад.). Пала варожая крэпасць. □ Ды толькі не здаўся народ Беларусі, Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся. Броўка.

6. Загінуць на полі бітвы. Гавораць людзі: — Паў ён за айчыну У бітве смерцю смелых, Як герой. Зарыцкі.

7. Здохнуць (пра жывёлу). — Бяда... Ратуйце!.. — шаптаў, стукаючы зубамі ад хвалявання, пастух Іван Багатоўскі. — Пала адна карова. Місько.

8. Маральна апусціцца, стаць нікчэмным. [Маёр:] Я не паду так нізка, каб гэтыя бачылі, што робіцца ў маёй душы. Кучар.

9. Нар.-паэт. Апусціцца на ваду (пра гусей, лебедзяў). Ой, ляцелі гусі дый з-пад Беларусі, Селі яны, палі на сівым Дунаю! Селі яны, палі, ваду замуцілі. З нар. Селі гусанькі — Гусі-лебедзі, Палі шэрыя на ваду. Трус.

•••

Ні села ні пала — нечакана, без прычыны. — Набылі б яшчэ тыдзень які. А то ні села ні пала, узняліся, як тыя птушкі з перапуду, і толькі іх бачыў. Пальчэўскі.

Пасці духам — замаркоціцца, занудзіцца, страціць надзею.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сула́1 ’бярозавы сок’ (ігн., воран., Сл. ПЗБ). З літ. sulà ’тс’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 73).

Сула́2 ’гурт жанчын, якія ўдзельнічаюць у абрадзе ваджэння стралы/сулы’ (усх.-палес., СіБФ, 1986, 45), ’абрадавае дзеянне ў выглядзе доўгай змейкі гуляючых, якая скручваецца ў тугі клубок’ (добр., Земляроб. каляндар), ’абрадавы кіёчак, які пускаюць у раку пры ваджэнні сулы’ (гом., бран.). Паводле Вінаградавай (Язык культуры, 230), назва паходзіць з фальклорнага тэксту, які суправаджае абрад (“Ой лятить сула да й удоль села”), дзе сула можа чаргавацца са страла (гл. страла3), што дае падставы звязаць яе са стараж.-рус. сула, сулица ’кароткае кідальнае кап’ё’ (гл. суліца), гл. Антропаў, Веснік ЕДУ, 1987, 1, 56. Сумніўная генетычная сувязь з рум. (малд.) sul ’вясенні абрад провадаў (пахавання) зробленай з дэталяў ткацкага стана лялькі’ (< рум. sul ’вал ткацкага стана’), гл. Г. И. Кабакова. Этногенез, ранняя этническая история и культура славян. М., 1985, 54–55.

Су́ла ’рыба судак’ (калінк., Арх. ГУ), заўвага пра гандаль рыбай: “из Малороссіи разныя рыбы, особливо сула” (Меер Крыч.). Параўн. укр. сула́ ’судак, Lucioperca lucioperca L.’, рус. сула́ ’тс’, славац. šúl, šula ’тс’, серб.-харв. šulj ’тс’, балг. сула ’шчыпоўка’, сулка ’судак’. Запазычанне з цюркскіх моў, параўн. каракалп. сыла ’тс’, магчыма, таксама праз пасрэдніцтва венг. süllö ’тс’, гл. Каламіец, Рыбы, 116; Фасмер, 3, 799; ЕСУМ, 5, 471.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

адсу́нуць, ‑суну, ‑сунеш, ‑суне; зак., што.

Перасунуць на нейкую адлегласць што‑н. ад каго‑, чаго‑н. Патржанецкі хлёбнуў чаю і адсунуў ад сябе шклянку. Чарнышэвіч. Як толькі замільгалі ў акне чырвонаармейскія шапкі, «дзяўчына» старанна ўзялася месці хату. Адсунула стол і пачала вымятаць з-пад кута. Крапіва. // Адводзячы ўбок, адкрыць што‑н. Адсунушы завалу, Міхалка чуў, што Скуратовіч выйшаў у чыстыя сенцы, адсунуў зас[а]ўку ў дзвярах. Чорны. // Сунучы, адхінуць, адсланіць. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. // перан. Зрабіць, менш важным, менш значным. Будзённае жыццё падхапіла Находню імклівай плынню і заняло яго думы, адсунуўшы на задні план асабістае. Хадкевіч. // перан. Вылучыцца, дасягнуць значных поспехаў, апярэдзіўшы іншых. [Купрыян:] — Ну, ты, брат Мікіта, і дока! Але ж і на выдумкі хват! Усіх інжынераў далёка Пакінуў, адсунуў назад! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

укало́ць, укалю, уколеш, уколе; зак., каго-што.

1. Параніць, уваткнуўшы ў цела што‑н. вострае. Села [Глафіра] цыраваць панчоху — укалола палец і адлажыла работу па пасля. Пальчэўскі. / у перан. ужыв. Ён [дзядзька] так укалоў мяне позіркам строгім, Што я ў той жа момант пабег да дзвярэй. Прыходзька. // перан. Выклікаць непрыемнае пачуццё, падобнае на адчуванне ўколу. Праходзілі апошнія нашы дні, і нейкае падсвядомае прадчуванне балюча ўкалола сэрца. Карпюк. // Разм. Зрабіць укол (у 2 знач.). Іван Іванавіч загадаў зрабіць хворай укол. Надзя скоранька набрала ў шпрыц лякарства, укалола ў руку. Арабей.

2. перан. Пакрыўдзіць, абразіць; даняць. Незалежны і паўафіцыйны тон [лейтэнанта] укалоў дзяўчыну. Карпюк. У голасе Прасі на гэты раз гучала непадробленая злосць і жаданне ўкалоць абоіх: і гаспадара і падчарыцу. Васілевіч.

3. Разм. Уваткнуць што ў што‑н. Укалоць кветку ў валасы. Укалоць пруток у клубок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.

Разм.

1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.

2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.

3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.

4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.

•••

Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).

Чорт уссеў на каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)