наплы́сці, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. наплыў, ‑плыла, ‑плыло; зак.

1. Плывучы, наткнуцца на што‑н. Наплысці на корч. Наплысці на камень.

2. Прыплыўшы, набрацца ў нейкай колькасці. Наплыло шмат смецця.

3. Нацячы на паверхню чаго‑н. На вочы наплылі слёзы. На параненае месца наплыла кроў.

4. Набліжаючыся, насунуцца, закрыць сабой (пра хмары, воблакі, туман і пад.). Наплылі аднекуль хмары, закапаў дождж. Лупсякоў. На раку, На лугі Туманы наплылі. Кляшторны. // Пра гукі, пах. Здалёк наплыў гул гармат. У акно наплыў водар бэзу. // перан. Ахапіць, з’явіцца (пра думкі, пачуцці, успаміны, вобразы і пад.). Наплылі ўспаміны. □ На душу наплыло пачуццё шчасця. Пестрак. Андрэй хацеў сказаць мужыкам цэлую прамову, але так многа наплыло ўсякіх думак, што ён не ведаў, з чаго пачаць. Колас.

5. Разм. Трапіць куды‑н. Наплыла вада ў пограб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўцаБРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом.каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. калівокорч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран.корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калевакорч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рага́ч, ‑а, м.

1. Самец аленя, лася і некаторых іншых рагатых жывёл. І раптам: роў ласёў... Ён скаланае зямлю і неба. Два велізарныя рагачы на маіх вачах б’юцца насмерць. Карамазаў.

2. Ніжняя частка хвойнага дрэва з вывернутым коранем; корч. [Талаш:] — Не памілуе вас пан, прыпомніць кожны.. рагач, што выкапалі вы для сахі, каб калупацца ў полі. Колас. У ельніку ля лазы на сухастоіне каркала варона, моцна і дзярката: падлятала ўгару і зноў садзілася на доўгі выгнуты рагач. Пташнікаў.

3. Драўляная саха; драўляная частка сахі. Прыйшоў багач — кідай рагач, бяры сявеньку ды сёй памаленьку. Прыказка.

4. Абл. Вілкі, якімі ставяць у печ або вымаюць з печы гаршкі, чыгуны. — Будзе ўжо булькаць! От расхадзіўся.. — ласкава прыгаворвае да чыгуна [бабка] і, падхапіўшы яго рагачом, выцягвае з печы на прыпечак. Каліна.

5. Разм. Раганосец. Вінаватая фрау, шмат маладзейшая за свайго рагача, на каленях прасіла не ганьбіць яе — не заяўляць у паліцыю і не пісаць нічога сыну на фронт. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сашчапі́цца, ‑шчаплюся, ‑шчэпішся, ‑шчэпіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Змацавацца, злучыцца пры дапамозе чаго‑н. // чым і без дап. Закрануўшы што‑н., зачапіцца. Корч не стукнуўся аб човен, але затое яны сашчапіліся і далей паплылі ўжо абодва разам. Маўр. Вось.. [быкі] сышліся галовамі, сашчапіліся рагамі! Колас. // Сплёўшыся, злучыцца разам (пра пальцы, рукі і пад.). Гэлька не магла, глядзець у вароты хлява, яна адвярнулася ў другі бок. Сашчапіліся пальцы ў кулакі, сцяліся зубы. Сташэўскі. // З сілай сціснуцца (пра зубы і пад.). Іван у апошняе імгненне паспеў схапіць ваўкадава за ашыйнік і ў амаль нечалавечым напружанні рук не даў сашчапіцца на сабе ягоным зубам. Быкаў.

2. Сысціся ў бойцы. Праціўнікі ўжо сашчапіліся загрудкі, ужо адзін, хапаючыся за пісталет, паляцеў потырч праз крэсла. Лынькоў. Відаць, што тут [каля клуба] была снежная бойка .. Адзін хлапчук, увесь аблеплены снегам, сашчапіўся з другім. Сташэўскі. // Пачаць спрэчку, сварку. [Анэта:] — Дальбог, хутка аглухну ад іх лёскату на [лічыльніках]. То адзін, то другі, гэтак кожненькі вечар. А то мала гэтага, дык яшчэ сашчэпяцца сварыцца. Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смаляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.

2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.

3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.

•••

Смаляная падманка гл. падманка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. каго-што. Заняць чыё‑н. або вольнае месца; замяніць каго‑н. Не было патрэбы адбудоўваць карчму і не было каму заступіць месца старога шынкара: сыноў Абрам не меў, а дочкі павыходзілі замуж. Колас. // без дап. Заняць якую‑н. пасаду, прыступіць да работы. Заступіць на пасаду сакратара.

2. Прыступіць да работы, дзяжурства і пад., змяніўшы каго‑н. — Так і быць. — Конюх дастае з кішэні вялікі чыгунны гадзіннік. — Да дванаццаці ты дзяжурны, а там я заступлю. Курто. Увечары Міхалёў са сваім аддзяленнем заступіў у каравул. Хомчанка.

3. каго-што. Загарадзіць, засланіць сабой каго‑, што‑н. Ліда Сцяпанаўна інстынктыўна заступіла сабой дачку і стаяла, быццам скамянелая. Шчарбатаў. Спрытны Корч тут жа знарок заступіў Васіля, схаваў ад Ганны. Мележ.

•••

Заступіць дарогу каму — а) нечакана з’явіўшыся перад кім‑н., спыніць яго рух. — Не, Якаў, даражэнькі! — Лукер’я заступіла яму дарогу. — Не, я цябе так не пушчу з хаты. Папалуднуеш разам з намі. Чарнышэвіч; б) перашкодзіць дзейнасці каго‑, чаго‑н. Бывае так, што чалавек табе ніколі, як кажуць, не заступаў дарогу, а ты яго неўзлюбіш па нейкім прадчуванні. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

смалі́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Які змяшчае ў сабе смалу; у якім многа смалы. Смалісты корч. Смалістыя стружкі. □ Цімохава хата была моцная, ёмкая, пабудаваная з тоўстага сасновага дрэва, гладка спушчанага пад склюд, смалістага, здаровага. Колас. Да вёскі дарогу.. [карэспандэнту] паказвалі свежыя смалістыя слупы, што выстраіліся ад самай станцыі. Шахавец. Пад соснамі смалістымі ў бары Курган высокі Лукашу сябры насыпалі. Танк.

2. Які мае адносіны да смалы, уласцівы смале. Смалісты пах хвоі. □ Нават лёгкі подых ветру нёс востры смалісты водар прасохлага на сонцы бярвення. Дуброўскі. // Насыпаны пахам смалы. Бор, напоўнены мяккім, Смалістым паветрам, Не звініць, Не шуміць, Не пяе... Свірка.

3. Які складаецца з хваёвых дрэў (пра лес). Па тых лугавых, лясных сцежках хадзіў і я з бацькам у бярозавыя гаі, у смалістыя бары. Бялевіч. Лес быў смалісты, сасновы. Навуменка. У саснячку густым, смалістым — Загледзішся на цуд такі — У беленькіх манішках чыстых Стаяць фарсіста маслякі. Цвірка.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Я сяджу адразу ж за шафёрам і таму часта затрымліваю позірк на яго высокай падстрыжанаю патыліцы. Чорныя, смалістыя валасы, дзябёлы чысты карак, на ёмкіх плячах бялюткая шаўковая тэніска. Ракітны. [Ілка] шыракаплечы, тоўсты, з доўгімі смалістымі вусамі і кароткай густой барадой. Лупсякоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Скорс, скорш ‘загнутая частка полаза’ (брэсц., Нар. словатв.), ско́рсы, уско́рсы, ско́рчні ‘галоўка ў палазах’ (ЛА, 2), ско́ршні ‘тс’ (барыс., Сл. ПЗБ), ско́рчэнь, ско́рсэнь, ско́рсінь, ско́рсень ‘загнуты канец полаза’, ‘планка, што ідзе ад галоўкі полаза да першага капыла’ (Маслен.). Укр. скорс ‘загнуты канец полаза ў саней; адрэзак пня, які служыць балванкай для вырабу люлькі’, ско́рсина ‘частка дрэва, якая выкарыстоўваецца на палазы’, ко́рса ‘полаз у саней’, корс ‘выгін полаза’, ско́рца ‘загнуты канец полаза’, польск. дыял. усх. korsa, korza, звыч. мн. л. korsy, korzy ‘загнутыя часткі палазоў, насы палазоў’, з украінскай, гл. Слаўскі. 2, 498 і наст. Украінскія словы Слаўскі (там жа) ставіць у сувязь з рус. корёжить ‘карабаціць’, дыял. корга́ ‘крывая галіна; палка, загнутая на канцы і г. д.’, далей да і.-е. *kr̥‑g‑: *kr̥‑ǵ‑. У ЭССЯ (13, 240) падаецца прасл. *kъrsъ, да якога апрача ўкраінскіх лексем узводзяцца яшчэ чэш. krs ‘маларослае чахлае дрэва’, krsek ‘карлікавае дрэва’, krsati ‘змяншацца, апускацца’, ст.-рус. корсокъ ‘кавалак, пласт, скіба’, якія параўноўваюцца з ст.-інд. krśá ‘худы, слабы чалавек’, авест. kərəsa‑ ‘худы’, што ўзыходзяць да экспрэсіўнага і.-е. *krko‑. ЕСУМ (3, 43) узнаўляе прасл. *kъrsъ/*kъrsь < *і.-е. кораня *kr̥‑kʼ‑, паралельнага *kr̥‑k‑, ад якога ўтворана прасл. *kъrčькорч’. Іншая версія ў Пятлёвай, якая на рускім дыялектным матэрыяле з гэтым коранем узнаўляе прасл. *kъrsati < *kъrt‑s‑ati ‘рэзаць’, гл. Этимология–1976, 137–139.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пабі́ць, ‑б’ю, ‑б’еш, ‑б’е; ‑б’ём, ‑б’яце; заг. пабі; зак., каго-што.

1. Разбіць на кавалкі, часткі. Пабіць талерку. // Разбіць усё, многае. Пабіць пасуду.

2. Забіць, перабіць усіх, многіх. [Дзед:] — Я табе пакажу, як бэсціць героя турэцкай вайны, старога мікалаеўскага ваяку, які, можна сказаць, вось гэтай слаўнай рукой сотні ворагаў пабіў — батальёны турак палажыў... Лынькоў. // Знішчыць, пашкодзіць пасевы, расліны градам, марозам. Град пабіў жыта. Рунь пабілі марозы.

3. Перамагчы ворага. [Алена:] — У сяле гавораць, што пад Ганусамі паўстанцы-сяляне ўшчэнт пабілі палякаў. Колас. // Перамагчы ў спаборніцтве, спрэчцы, дыспуце і пад.

4. Нанесці пабоі; збіць. На сэрцы [у Маі] цяжка, нават балела цела, нібы яе пабілі. Дуброўскі. // Пашкодзіць ударам (якую‑н. частку цела). Пабіць бок. □ Афіцэр, які зваліўся з лесак, моцна пабіў сабе спіну аб сасновы корч. Колас.

5. Сапсаваць, пашкодзіць (пра воспу, моль і пад.). Моль пабіла паліто. Воспа пабіла твар.

6. Разм. Раздзяліць, падзяліць на якія‑н. часткі. Пабіць поле на агароды. Пабіць кругляк на клёпкі.

7. З’явіцца, узнікнуць; усыпаць. Кусцістыя бровы генерала пабіла сівізна. Алешка. // безас. Пакрыцца плямамі. У яго [Светазара] ажно твар на плямы пабіла. Ракітны.

8. У картачнай гульні — пакрыць карту партнёра старшай картай. — А твайго валеціка я паб’ю сваёю дамачкай, — весела сказаў Глеб. Васілёнак.

•••

Пабіць рэкорд — устанавіць новы рэкорд, новыя нормы. Вось хвілінай раней перадавалі, што ўкраінскія сталявары пабілі сусветны рэкорд па выплаўцы сталі. Шыцік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбы́ць, ‑буду, ‑будзеш, ‑будзе; зак.

1. што. Выканаць якую‑н. павіннасць, абавязак; прабыць вызначаны тэрмін дзе‑н. Цімох Будзік.. адбыў два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы, сядзеў як крымінальнік. Колас. Фёдар недзе ў Сібіры адбыў пакаранне за ўдзел у нейкай рэвалюцыйнай справе. Корбан. // Выканаць што‑н. фармальна, як бы з-пад прымусу. Корч не любіць, каб рабілі абы-як, абы адбыць. Мележ. А з паперай той у канторы толькі фармальнасці адбылі, па кнігах пазапісвалі: калі мясцком накіроўвае, значыць, ведае каго! Шынклер.

2. Паехаць, адправіцца куды‑н. З Цэнтральнага штаба паведамілі, што партызан Уладзімір Струн пасля лячэння ў шпіталі выпісаўся і адбыў на фронт. Сабаленка.

3. што. Правесці, зрабіць, закончыць што‑н. [Вадзіцель:] — Дык ты, брат, як адбудзеш усе там справы ў вашым бюро, заходзь начаваць да мяне на Пушкінскі пасёлак. Васілевіч. Як вяселле адбылі, Тады прыкмеціў, Вочы карыя былі... На цэлым свеце Прыгажэйшых не знайсці. Дзяргай.

4. Абысціся, абмежавацца чым‑н. нязначным, лёгкадаступным. [Дзед Мікола:] — А небарака Васіліса, наша паварыха, зусім разгубілася: што варыць? Тут варэнікамі, пельменямі ці пловам не адбудзеш. Скрыпка. Дзякуем не адбудзеш. Прымаўка.

5. Прабыць дзе‑н. пэўны тэрмін; закончыць сваё знаходжанне дзе‑н. І вось ужо адбылі, адгасцявалі, збіраюцца ехаць: Пятро з сынком Валодзькам зноў — у той свой далёкі Тамбоў, а Адам з Мікіткам паедзе ў Віцебск. Ракітны.

•••

Не адбудзе, не прыбудзе — не будзе ні выгады, ні страты.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)