Стэп ‘бязлесная раўніна, пусташ’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., ТС), сцеп (сьцеп, степ) ‘тс’ (ТС, Бяльк., Косіч). Параўн. укр. степ, рус. степь. Мяркуецца, што з’яўляецца метафарычным пераносам у геаграфічную тэрміналогію анатамічнага тэрміна прасл. *stьpь ‘хрыбет, спіна (у жывёл)’, параўн. рус. степь ‘хрыбет, спіна (у быка, каровы, каня, сабакі)’, гл. Мяркулава, Этимология–1968, 86–91), харв. stȃpi ‘свіныя лапаткі’, stȇpi ‘кавалак свінога мяса з лапаткамі’ (Борысь, Etymologie, 407–408), утворанага з дапамогай суф. ‑ь (< ‑ĭ‑) ад асновы, засведчанай у літ. stìpti ‘затрымлівацца, марудзіць; цапянець’, stiprùs ‘моцны, цвёрды’, лат. stipt ‘рабіцца цвёрдым’, лац. stipes ‘пень, калода’ (< і.-е. ste̯ip‑, stip‑). Іншыя версіі гл. Фасмер, 3, 755–756; ЕСУМ, 5, 409. Беларускае слова, відаць, з украінскай і/ці рускай моў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супаста́т старое ’вораг, непрыяцель’, лаянк. ’разбойны, злачынец, ліхадзей’ (ТСБМ), ’упарты чалавек’ (чэрв., Жд. 2), ’тс’, ’варожы воін’ (Бяльк.), ’супраціўнік, нягоднік’ (Рам. 1; рас., Сл. ПЗБ), супуста́тка, лаянк. Укр., рус. супоста́т, ст.-рус. супостатъ ’праціўнік; д’ябал’, ст.-слав. сѫпостатъ ’вораг, непрыяцель, праціўнік’. З *sǫ‑po‑statъ, дзе *sǫ‑ і *po‑ прыстаўкі; *‑statъ утворана з суф. *‑tъ ад *stati, *stanǫ ’стаць’, гл. Слаўскі, SP, 2, 37; ESJSt, 14. 863 (< *sъ‑po‑stati ’паставіць аднаго супраць другога’); параўноўваюць з літ. stótas ’той, які пастаўлены’, авест. stāta ’той, які стаіць’, лац. praestātus ’пастаўлены’; гл. Траўтман, 283; Мее, 302; Фасмер, 3, 805. Паводле Львова (Этимология–1972, 112–113), дакладная калька грэч. ύπ‑εν‑αντίος < ύπο‑ ’з’, έν‑ ’перад, па’, ‑άντίος ’той, які знаходзіцца насупраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сце́жар, стэ́жар ’укапаны высокі шост, вакол якога кладуць стог’ (Сцяшк., Янк. Мат., Сл. Брэс., Сл. ПЗБ), ’падсціл пад стог’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, ДАБМ, Сл. Брэс.), сцежаро́к ’тс’ (ТС), ст.-бел. стежеры, стожары ’насціл пад стог’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. сте́жар ’тс’, сте́жір ’месца, дзе стаяць стагі’, рус. сте́жер ’жардзіна ў стозе’ (у СРНГ адсутнічае), стараж.-рус. стежеръ ’слуп’, ’мэта’ (?), в.-луж. sćežor ’мачта’, н.-луж. sćažor ’жардзіна ў стозе’, славен. stežer ’крук’, харв. дыял. stežȃr ’кол, да якога прывязваюць коней на таку пры малацьбе’, балг. сте́жер ’тс’, макед. стежер ’тс’, ст.-слав. стежеръ ’слуп, апора’. Прасл. *stežerъ звязана са *stogъ, гл. стажар (Шустар-Шэўц, 1275; Бязлай, 3, 317; Фасмер, 3, 752).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыно́вец ’сын брата або сястры’ (Сцяшк.), ’пляменнік, звычайна сын брата’ (бяроз., Шатал.), сыно́вяц ’тс’ (Сцяц. Сл.; шчуч., З нар. сл.; гродз., свісл., маст., Сл. ПЗБ), сыно́вэц ’няродны, прыёмны сын’ (Чэрн.), сыно́выць, сыно́вэць ’пляменнік’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. сино́ве́ць, синови́ць ’тс’, рус. сыно́ве́ц, стараж.-рус. сыновьць ’тс’, польск. synowiec, чэш., славац. synovec ’тс’, каш. senovc ’зяць’, в.-луж. synowc ’пляменнік’, серб.-харв. сино́вац ’тс’, славен. sinovec ’тс’. Вытворныя ад *synъ, паводле Скока (3, 237), ад варыянтнай асновы *synov‑, што адлюстравана ў адпрыметнікавым назоўніку харв. sinov ’сын брата або сястры’ (XIII–XIV стст.), пазней толькі з суф. ‑ьc > ‑ac: sinòvac ’сын брата’; відаць, самастойныя ўтварэнні асобных славянскіх моў. Меркаванні пра архаічны характар назвы гл. Панюціч, Лексіка, 39.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сёлета ‘сяголета’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Яруш., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), сёлетка ‘тс (Янк. 3.), сёлетні ‘сяголетні’. Вытворнае ад займ. *sь ‘гэты’ (гл. сей) і Р. скл. лета ў значэнні ‘год’. Параўн. рус. се́го́ду і ўкр. сері́к ‘тс’; гл. аб рус. слове Фасмер (3, 589). Аб пераходзе е > о гл. Карскі, 1, 176. Ён жа (2–3, 74) форму сёлета тлумачыць як сцягненне спалучэння сего лета: сео́лета > сёлета. Хутчэй непасрэдна са спалучэння *se (н. р. ад *sь) і ле́та з пераносам націску і пераходам е ў ё (Шымкевіч запісваў яшчэ сё‑лѣта ‘гэтага году’, гл. Шымк. Собр.). Параўн. энклітычнае ўжыванне *sь у ле́тась ‘мінулым летам’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тверць ’цвёрдасць, зацвярдзенне’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тве́ржа ’крэпасць, цытадэль’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твердь ’гарт’, тве́рджа ’цвёрдасць; крэпасць’, рус. твердь ’цвёрдасць; крэпасць’, стараж.-рус. твьрдь ’нябесны звод; крэпасць’, польск. twierdz ’цвёрдасць’, старое ’крэпасць’, twierdza ’крэпасць’, в.-луж. twjerdź ’цвёрдасць; сухадол’, н.-луж. twarź ’цвёрдасць; сухадол; крэпасць’, чэш. tvrz, славац. tvrdz ’крэпасць’, балг. твърд ’цвёрдасць; крэпасць’, ст.-слав. тврьдь ’тс’. Дэрыват ад цвёрды (гл.), значэнне ’крэпасць’ лічыцца калькай лац. firmitās ’цвёрдасць; крэпасць, умацаванне’ або с.-в.-ням. vestenunge ’умацаванне, крэпасць’ (Фасмер, 4, 32). Хутчэй за ўсё, слова ўзнікла ў выніку дыстантнай дысіміляцыі з цвердзь (цьвердзь) ’усякая цвёрдая, моцная аснова’ (Ласт.), гл. Пра магчымасць запазычання формаў са значэннем ’крэпасць’ са стараславянскай гл. ЕСУМ, 5, 532.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́ ’сцежка’ (Бяльк., Адм.), трапі́на ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ), тропі́на ’тс’ (Мат. Гом.), тро́па ’сцяжынка’ (ігн., Сл. ПЗБ), трапі́нка ’тс’ (Ян.), тропі́нка ’тс’ (ТС), тропэ́на ’дарога’ (драг., Ск. нар. мовы), тро́пка ’сцяжынка’ (Нас., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі, Др.-Падб.). Укр. тропа́, троп, тріп ’след’, ’вузкая горная сцежка’, ’шлях, кірунак’, укр. гуц. трапа́ш ’зімовая дарога, вытаптаная авечкамі’, рус. тропа́ ’сцежка, дарожка’, стараж.-рус. тропа ’шлях, дарога’, польск. trop ’след, каляіна’. Дапускаюць прасл. *tropa, відавочна, звязанае з тра́паць, тро́паць ’стукаць нагамі, тупаць’ (гл.), параўн. роднасныя лат. trapa ’натоўп, куча’, алб. trap ’сцежка’, ст.-грэч. ἀτραπός ’сцяжынка’ (Фасмер, 4, 105; Чарных, 2, 496–497; Брукнер, 577; ЕСУМ, 5, 649). Гл. таксама троп ’дарога, след’, трэп ’дарога, сцежка’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ігрэ́ц ’ігрок’ (Гарэц., Касп., Др.-Падб.), ’музыка’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Інстр. III). Рус. дыял. игре́ц ’нячысты ці злы дух, бес; дамавы’ (шырока ў гаворках), тамб., вяц. ’мянушка грубага, нявыхаванага чалавека’, пенз. ’спявак’, дан., разан. ’параліч’, укр. грець ’апаплексічны ўдар, параліч’, уст. ’музыка, ігрок’, польск. уст. igrzec ’вандроўны артыст, камедыянт’, в.-луж. herc ’музы́ка’, н.-луж. gere ’ігрок’, ’музы́ка’, чэш., славац. herec ’артыст’, славен. igr̀c, igrèc ’ігрок’, ’музыка’, серб.-харв. уст. ìgrac, igarac ’ігрок’, балг. игре́ц ’артыст’. Ц.-слав. игрьць ’акцёр, скамарох’, ст.-рус. игрецъ ’танцор, скамарох’, ’музыка’, ’артыст’, ’спакуснік, д’ябал’, ’ігрок’. Ад *jьgrati (гл. іграць) з дапамогай суф. Nomina agentis ‑ьcь у прасл. Трубачоў, Эт. сл., 8, 212–213; Слаўскі, 1, 446. Параўн. іграч.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ірдзе́ць, ірдзе́цца ’вылучацца сваім ярка-чырвоным колерам; чырванець’ (ТСБМ, Шат.), ірдзі́цца ’тс’ (Гарэц.), ірдзе́цца ’чырванець, гарэць чырванню; чырванець, наліваючыся кроўю (твар) ад злосці’ (Янк. II), ірдзі́ць ’злавацца’ (Мат. Маг.). Рус. рдеть, рде́ться ’чырванець’, укр. рди́тися ’гарачыцца’, чэш. rdíti se ’чырванець’, славен. rdeti ’тс’. Ст.-слав. рьдѣти сѧ ’чырванець’, ст.-рус. ръдѣтисѧ ’чырванець’, ’быць румяным, квітнеючым’, ’чырванець, саромецца’. Прасл. *rъděti узыходзіць да і.-е. кораня *reudh‑/*roudh‑ ’чырвоны’; параўн. лац. rubēre, ст.-в.-ням. irrotên ’чырванець’ (падрабязней агульны і.-е. фон гл. іржа1). Гл. Покарны, 1, 872–873; Фасмер, 3, 453; КЭСРЯ, 386; Махэк₂, 510; Голуб-Копечны, 310; Бахіліна, История цветообозначений, 125–134, дзе шлях семантычнага развіцця ў рускай мове. З іншым вакалізмам гл. руда, руды, рыжы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Істу́жка, стужка ’палоска каляровай тканіны, якая скарытоўваецца для ўпрыгожання, аблямоўкі і іншых мэт’, ’доўгая вузкая палоска з якога-н. матэрыялу, якая служыць для тэхнічных і іншых патрэб’ (ТСБМ, Касп., Бяльк., Мядзв., Жд. 2, Інстр. I). Рус. смал. сту́жка, исту́жка ’істужка’, укр. стьо́жка ’тс’, польск. wstęga, wstążka ’істужка, палоска’, в.-луж. уст. stuha ’істужка, шнурок, завязка’, н.-луж. stuga ’шнурок, рэмень’, ст.-чэш. vztúha, чэш. stuka, stužka ’істужка’, славац. stuha, stužka, stuhľa ’істужка, палоска, пояс’, славен. stȏgla ’шнурок, раменьчык’. Ст.-рус. сътуга ’звязка, скрэпа’. Прасл. *sъtǫga, корань *‑tǫg‑/*‑tęg‑, гл. тугі, цягнуць, цяга (Фасмер, 3, 786; Брукнер, 635). Махэк₂ (590) прапаноўвае праформу *vъstęga, дзе vъs‑ паказвае напрамак дагары. Бел. суфіксацыя ‑к‑a; і‑ пратэтычнае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)