Тверць ’цвёрдасць, зацвярдзенне’ (пух., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тве́ржа ’крэпасць, цытадэль’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. твердь ’гарт’, тве́рджа ’цвёрдасць; крэпасць’, рус. твердь ’цвёрдасць; крэпасць’, стараж.-рус. твьрдь ’нябесны звод; крэпасць’, польск. twierdz ’цвёрдасць’, старое ’крэпасць’, twierdza ’крэпасць’, в.-луж. twjerdź ’цвёрдасць; сухадол’, н.-луж. twarź ’цвёрдасць; сухадол; крэпасць’, чэш. tvrz, славац. tvrdz ’крэпасць’, балг. твърд ’цвёрдасць; крэпасць’, ст.-слав. тврьдь ’тс’. Дэрыват ад цвёрды (гл.), значэнне ’крэпасць’ лічыцца калькай лац. firmitās ’цвёрдасць; крэпасць, умацаванне’ або с.-в.-ням. vestenunge ’умацаванне, крэпасць’ (Фасмер, 4, 32). Хутчэй за ўсё, слова ўзнікла ў выніку дыстантнай дысіміляцыі з цвердзь (цьвердзь) ’усякая цвёрдая, моцная аснова’ (Ласт.), гл. Пра магчымасць запазычання формаў са значэннем ’крэпасць’ са стараславянскай гл. ЕСУМ, 5, 532.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)