Е́ЛЬСКІ РАЁН,

на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 як Каралінскі р-н, перайменаваны (1931) у Ельскі (у сучасных межах з 1965). Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 23,6 тыс. чал. (1997), гарадскога 51,7%. Сярэдняя шчыльнасць 17,3 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ельск, 70 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Багуціцкі, Валаўскі, Засінцаўскі, Качышчанскі, Млыноцкі, Рамязоўскі, Роза-Люксембургскі, Скараднянскі, Старавысокаўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986). Поўнасцю адселена 5 нас. пунктаў (1996), у зоне з правам адсялення знаходзяцца 46 нас. пунктаў, дзе пражывае 18,8 тыс. чал.

Тэр. раёна пераважна ў межах Мазырскага Палесся, цэнтр. і паўд.-ўсх. ч. ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня пласкахвалістая. 75% тэр. раёна на выш. 130—140 м, 25% — 140—160 м. Найвыш. пункт 177,8 м на Пд раёна (урочышча Ямны). Карысныя выкапні: торф, гліны для грубай керамікі, пясок, нафтавыя праяўленні, мінер. крыніца. У Е.р. ў 1952 упершыню на Беларусі атрымана са свідравіны нафта (18 т). Сярэдняя т-ра студз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. У паўд. ч. раёна працякае р. Славечна з прытокамі Чэрцень, Батыўля, Ясенец, Жалонь, на ПнУ — Мытва з прытокам Млынок. Меліярац. каналы: Белякоўскі, Воўне, Высокі, Высока-Махнавіцкі, Валаўскі, Зашыр’еўскі і інш. 10 вадасх., найб. Кочышча, Бабруйкаўскае, Княжабор’еўскае. Пераважаюць глебы (79,3%) дзярнова-падзолістыя забалочаныя і тарфяна-балотныя. Пад лесам 53% тэрыторыі. Найб. лясістасць на ПдЗ, лясы хваёвыя і бярозавыя. Балоты пераважна нізінныя, займаюць 16,9% тэр., усе асушаны. Найб. балотныя масівы: Гала, Перасечанае балота.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 45,4 тыс. га, з іх асушаных 27,6 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 9 калгасаў, 6 саўгасаў, 6 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэблевая ф-ка), буд. (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.) і харч. прам-сці. Леспрамгас. Лясгас.

Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Калінкавічы—Оўруч (Украіна), нафтаправод «Дружба». Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з г. Нароўля і г.п. Лельчыцы. У раёне 13 сярэдніх, 3 базавыя, 3 пачатковыя, 2 муз. школы, школа-інтэрнат, міжшкольны вытв.-вучэбны камбінат, 18 дашкольных устаноў, 38 клубаў і дамоў культуры, 26 б-к, 3 бальніцы, 20 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — царква (18 ст.) у г. Ельск. Выдаецца газ. «Народны голас».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 6, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́ЛЬЦБУРГ (Salzburg),

горад у зах. ч. Аўстрыі, у перадгор’ях Альпаў, у даліне р. Зальцах. Адм. ц. зямлі Зальцбург. 144 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: маш.-буд., паліграф., дрэваапр., швейная, харчовая. Ун-т (з 1622). Муз. акадэмія Моцартэум (з 1841). Штогадовы муз.-тэатр. фестываль (з 1917). Цэнтр турызму і курорт міжнар. значэння.

У 1—5 ст. н.э. на месцы З. існавала стараж.-рым. калонія Ювавум. З 739 рэзідэнцыя епіскапа (засн. каля 700), з 798 — архіепіскапа, а таксама купецкае паселішча (назва З. упершыню згадваецца ў 774). Гар. правы з 1368. Месца значных выступленняў у Сял. вайну 1524—26 (гл. ў арт. М.Гайсмайр). У 1622 засн. ун-т. У 1810—15 належаў Баварыі. У 1938—45 акупіраваны ням.-фаш. войскамі.

У 1945—55 у складзе амер. зоны акупацыі Аўстрыі.

Сярод арх. помнікаў абацтва бенедыкцінцаў (засн. каля 690): касцёл св. Пятра (12—13 ст.); комплекс раманскіх і гатычных кляштарных будынкаў (12—14 ст., у т. л. б-ка з багатымі зборамі, скарбніца, капітуляр); могільнік з катакомбамі (3 ст.) і комплексам капліц, у т. л. познагатычная капліца св. Маргарыты (1485—91); сабор (асвячоны ў 774, перабудаваны ў 1611—28 у стылі барока, арх. С.​Салары), абкружаны ансамблем з трох плошчаў з рэзідэнцыяй архіепіскапа (засн. каля 1120, перабудоўвалася ў 16—18 ст.); абацтва бенедыкцінак Нонберг: рамана-гатычны касцёл (11—12, 15 ст.) з раманскімі насценнымі размалёўкамі (сярэдзіна 12 ст.), кляштар (13—17 ст.); касцёл францысканцаў: раннегатычны неф (пач. 13 ст.), гатычны прэсбітэрый (пач. 14 ст.) са скульптурай Мадонны, познагатычная вежа (1486—94); барочныя цэрквы І.​Б.​Фішэра фон Эрлаха — Калегіяльная (1694—1707), Тройцы (1694—1702), Урсулінак (1699—1705), Шпітальная св. Іаана (1699—1704); б. стайні (1607—62) з зімовай (1662) і летняй (1693) школамі верхавой язды (у 1920—30-я г. перабудаваны ў «Дом прыроды») і будынак моцартаўскіх фестываляў «Фестшпільгаўз», арх. К.​Гольцмайстэр, Э.​Гютэр). Над старым горадам (на выш. 130 м) крэпасць Гоэнзальцбург (засн. ў 1077, перабудавана ў 1465—1519). Муз. акадэмія «Моцартэум» (1912—14, арх. Р.​Бернт). Радзіма В.​А.​Моцарта і яго дом-музей. Музей Караліны Аўгусты. Каля З. замак Гельбрун (1613—19, арх. Салары).

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

Панарама Зальцбурга.

т. 6, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,

частка нацыянальнага даходу, якая паступае ў індывід. спажыванне тых, хто працуе па найму. Адрозніваюць намінальную З.п. (сума грашовых сродкаў, атрыманых работнікам за выкананне работы на працягу пэўнага перыяду часу) і рэальную З.п. (тая колькасць тавараў і паслуг, якую можна за яе набыць). У залежнасці ад спецыфікі працы прымяняюць пагадзінную [аплата праводзіцца па тарыфных стаўках (акладах) адпаведна колькасці працы] і здзельную сістэму З.п. (аплата па фактычнай выпрацоўцы прадукцыі па здзельных расцэнках). У большасці краін мінімум З.п. ўстанаўліваецца законам.

Паводле працоўнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь З.п. — гэта сукупнасць узнагароджанняў у грашовай або (і) натуральнай форме, якія атрымлівае работнік за фактычна выкананую работу, а таксама за перыяды. што ўключаюцца ў рабочы час. Мінім. З.п. з’яўляецца асновай для вызначэння памераў рэсп. тарыфаў аплаты працы, пенсій, стыпендый, дапамог і інш. сац. выплат. У калектыўных дагаворах, пагадненнях можа быць прадугледжаны больш высокі памер мінім. З.п. Максімальны памер З.п. не абмяжоўваецца. Рэсп. тарыфамі аплаты працы з’яўляюцца месячныя тарыфныя стаўкі і службовыя аклады, якія вызначаюць узроўні аплаты працы для канкрэтных прафесійна-кваліфікацыйных груп работнікаў бюджэтных устаноў і арг-цый, а таксама наймальнікаў, якія карыстаюцца дзярж. датацыямі. Інш. наймальнікі, калі гэта прадугледжана калект. дагаворамі ці пагадненнямі, абавязаны выкарыстоўваць рэсп. тарыфы для дыферэнцыяцыі аплаты працы работнікаў. Рэсп. тарыфы аплаты працы вызначаюцца ўрадам або інш. упаўнаважаным органам з удзелам прафсаюзаў. Аплата працы ажыццяўляецца, як правіла, на аснове тарыфных ставак (службовых акладаў), якія вызначаюцца ў калект. дагаворы або наймальнікам. На цяжкіх работах, работах са шкоднымі ўмовамі працы і работах у мясцовасцях з цяжкімі кліматычнымі ўмовамі ўстанаўліваецца павышаная аплата працы.

Формы, сістэмы і памеры аплаты працы работнікаў устанаўліваюцца наймальнікам на аснове калект. дагавора, пагадненняў і працоўнага дагавора; работнікаў дзярж. бюджэтных устаноў — у парадку, які вызначаецца ўрадам; у вышэйшых дзярж. органах — устанаўліваюцца законам. Наймальнік у лік атрыманага ім прыбытку можа ўстанаўліваць работнікам узнагароджанне па выніках гадавой работы. Памер узнагароджання вызначаецца з улікам вынікаў працы работніка і працягласці бесперапыннага стажу работы ў дадзенага наймальніка. Работнікі маюць права на частку прыбытку прадпрыемства ў выпадках, прадугледжаных заканад. актамі або статутам прадпрыемства. З.п. падлягае індэксацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. Для забеспячэння выплат належнай работнікам З.п., гарантыйных і кампенсацыйных выплат наймальнікі абавязаны ствараць рэзервовы фонд З.п.

Ю.​Я.​Савельеў.

т. 6, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛІЧЭ́ННЕ,

сістэма правіл аперыравання са знакамі пэўнага віду, якая дазваляе даць дакладнае апісанне некаторага класа задач і алгарытмы іх рашэння; спосаб утварэння якой-н. сукупнасці (мноства) элементаў на аснове правіл атрымання новых элементаў з зададзеных зыходных. Мае фундаментальны характар, як і паняцце алгарытму. Узнікла і развівалася ў рамках матэматыкі (гл. Аперацыйнае злічэнне, Варыяцыйнае злічэнне, Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне). Пазней метады пабудовы З. пачалі выкарыстоўвацца ў логіцы (гл. Алгебра логікі, Матэматычная лінгвістыка). Агульная тэорыя З. выкарыстоўваецца ў алгарытмаў тэорыі.

У матэматычнай логіцы любое З. адназначна задаецца зыходнымі элементамі (алфавітам З.), правіламі ўтварэння формул дадзенага З. (слоў ці выразаў), сукупнасцю аксіём і правіл пераўтварэння (вывядзення) яго фразеалогіі. Прыпісванне элементам З. пэўных значэнняў (гл. Семантыка лагічная) пераўтварае З. ў фармалізаваную мову. Напр., у З. выказванняў шляхам пэўнай канечнай працэдуры (доказу; улічваецца толькі праўдзівасць ці непраўдзівасць выказвання) атрымліваюць выказванні-тэарэмы (гл. Логіка выказванняў). У выніку атрымліваюць лагічную сістэму, якая фармалізуе разважанне, заснаванае на структуры складаных выказванняў у адрозненне ад унутранай структуры элементарных выказванняў. Пры З. прэдыкатаў атрымліваюць сцвярджэнні (формулы, тэарэмы) з улікам суб’ектна-прэдыкатыўнай структуры выказванняў (напр., «элемент X мае ўласцівасць P), што дае магчымасць выяўляць сувязь аб’ектаў з іх уласцівасцямі і суадносіны паміж імі, колькасна характарызаваць сувязь рэчаў, уласцівасцей і адносін з дапамогай лагічных эквівалентаў выразаў «усе», «некаторыя», «кожны» і інш. (гл. Квантары). Такое З. адпавядае логіцы прэдыкатаў, калі яно мае ўласцівасці несупярэчлівасці (кожная тэарэма агульназначная) і паўнаты (кожная агульназначная формула даказальная). З. прэдыкатаў уключае З. выказванняў і разглядаецца звычайна як яго пашырэнне шляхам фармалізацыі вывадаў, заснаваных на ўнутранай структуры выказванняў. Тэорыю З. прэдыкатаў распрацаваў ням. логік, матэматык і філосаф Г.​Фрэге, чым істотна ўзбагаціў сілагістыку Арыстоцеля і традыц. сілагістыку. Абагульненне З. выказванняў — З. класаў, дзе дадаткова разглядаецца суб’ектна-прэдыкатная структура выказванняў і пры гэтым з кожным прэдыкатам (уласцівасцю) звязваецца ўся сукупнасць элементаў (клас) з разгляданай вобласці, якія маюць гэтую ўласцівасць (гл. Логіка класаў). З. класаў часам разглядаюць як фармалізаваную тэорыю мностваў, выкарыстоўваюць як дапаможны этап пры пераходзе ад З. выказванняў да З. прэдыкатаў і будуюць на базе З. выказванняў з дапамогай адпаведнай інтэрпрэтацыі яго формул.

Літ.:

Гильберт Д., Аккерман В. Основы теоретической логики: Пер. с нем. М., 1947;

Методологические проблемы развития и применения математики. М., 1985;

Жуков Н.И. Философские основания математики. 2 изд. Мн., 1990.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ САЮ́З МО́ЛАДЗІ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КСМЗБ),

нелегальная камуніст. арг-цыя моладзі Зах. Беларусі ў 1924—38. Існаваў як тэр. аўтаномная частка Камуністычнага саюза моладзі Польшчы (КСМП). Яго дзейнасць накіроўвалі КСМП і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ). Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі — ЦК. Пасля адыходу ў 1921 Зах. Беларусі да Польшчы разрозненыя камсамольскія арг-цыі пачалі адраджаць сваю дзейнасць. Скліканая ЦК КПЗБ у студз. 1924 камсамольская канферэнцыя Зах. Беларусі прыняла рашэнне пра стварэнне адзінага саюза — КСМЗБ. У яго аснову быў пакладзены прынцып дэмакр. цэнтралізму, а ўся структура і дзейнасць рэгламентаваліся ў адпаведнасці са Статутам камсамола Польшчы. Нізавым звяном КСМЗБ былі ячэйкі (ад 3 да 7 чл.), якія аб’ядноўваліся ў раённыя (гарадскія), а тыя — у акр. арг-цыі. У розныя гады КСМЗБ падзяляўся на 6—10 акруг, аб’ядноўваў ад 1200 (1925) да 3500-4000 (1932) членаў; у іх ліку было 80% сялян, 83% беларусаў, каля 15% яўрэяў. КСМЗБ дапамагалі КП(б)Б і камсамол БССР. У Мінску з 1925 дзейнічала школа для парт. і камс. функцыянераў Зах. Беларусі; на тэр. БССР КСМЗБ правёў свой адзіны з’езд (сак. 1931, в. Сляпянка пад Мінскам) і III канферэнцыю (1932). КСМЗБ накіроўваў барацьбу сялянскай, рабочай, вучнёўскай моладзі за сац. і нац. вызваленне, за дэмакр. свабоды, за ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. супраць пагрозы вайны і інш. У сярэдзіне 1930-х г., ён дапамагаў КПЗБ праводзіць лінію па стварэнні адзінага антыфаш. фронту. Выдаваў свае газ. і час.: «Малады камуніст», «Малады змагар», «Пад сцягам камсамола», «Камсамолец» (на бел., польск., рус. і яўр. мовах) і інш. На працягу ўсёй сваёй гісторыі КСМЗБ праследаваўся ўладамі, да 73 яго членаў знаходзілася ў турмах. Кіруючымі дзеячамі КСМЗБ у розныя часы былі: В.​З.​Харужая, М.​М.​Дворнікаў, В.​П.​Ласковіч, Я.​І.​Скурко (М.​Танк), П.​Пестрак, І.​Я.​Дабрыян, С.​В.​Прытыцкі, Л.​Р.​Шайкоўскі і інш. КСМЗБ спыніў дзейнасць у 1938 у сувязі з беспадстаўным роспускам Камінтэрнам Кампартыі Польшчы, у т. л. КПЗБ.

Літ.:

Віхраў А.А. Баявы памочнік КПЗБ (1921—1928 гг.). Мн., 1975;

Революционный авангард трудящейся молодежи Западной Белоруссии (1921—1939 гг.): Док. и материалы. Мн., 1978.

М.​В.​Бобер.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛО́ГІЯ (ад космас + ...логія),

вучэнне пра Сусвет як адзінае цэлае і пра ўсю ахопленую назіраннямі вобласць свету як яго частку. Вывучае пытанні размеркавання і руху матэрыі ў прасторы, развіцця фіз. карціны Сусвету, геам. ўласцівасці прасторы-часу; яе развіццё звязана са стварэннем агульнай тэорыі адноснасці (1915; гл. Адноснасці тэорыя). Развівалася як раздзел астраноміі, сучасная К. выкарыстоўвае законы фізікі, астрафізікі, а таксама агульныя палажэнні філасофіі.

Грунтуецца на аднародных і ізатропных мадэлях, прапанаваных А.Фрыдманам (1922, 1924), у якіх выкарыстоўваецца дапушчэнне: у Сусвеце няма якіх-н. вылучаных пунктаў і напрамкаў. Асноўны вывад тэорыі Фрыдмана: Сусвет не застаецца нязменным у часе, ён расшыраецца або сціскаецца. Чырвонае зрушэнне ў спектрах далёкіх галактык сведчыць пра расшырэнне Сусвету (амер. астраном Э.​Хабл, 1929). З улікам назіральных даных працягласць касмалагічнага расшырэння 10—20 млрд. гадоў. Адкрыццё рэліктавага цеплавога выпрамянення з абс. т-рай 2,7 К (1965) пацвярджае «гарачую» мадэль Сусвету, паводле якой у пачатку касмалагічнага расшырэння шчыльнасць энергіі (масы) і т-ра мелі экстрэмальна вял. значэнні. Геам. ўласцівасці прасторы залежаць ад сярэдняй шчыльнасці масы р: у залежнасці ад таго ρ > ρk ці ρ < ρk дзе ρk~ 10​−28 кг/м³ — крытычная шчыльнасць, трохмерная прастора мае дадатную ці адмоўную крывізну, а яе аб’ём канечны («закрытая» мадэль) ці бесканечны («адкрытая» мадэль); пры ρ=ρk — плоская мадэль. Характар эвалюцыі залежыць ад тыпу мадэлі. Паводле існуючых ацэнак ρ~ρχ. К. вывучае фіз. працэсы на розных этапах касмалагічнага расшырэння. Тэарэтычна растлумачана ўтварэнне хім. элементаў, а таксама ўзнікненне буйнамаштабнай структуры (галактык) у Сусвеце. На аснове выкарыстання адзіных мадэлей у фізіцы элементарных часціц для апісання працэсаў у першыя імгненні касмалагічнага расшырэння прапанаваны інфляцыйны касмалагічны сцэнарый, які дае магчымасць растлумачыць шэраг праблем (аднароднасць, ізатрапію Сусвету і інш.). Адна з важнейшых праблем — праблема касмалагічнай сінгулярнасці — чакае свайго вырашэння. Нягледзячы на паспяховае развіццё тэорыі «ранняга» Сусвету, стварэнне канчатковага касмалагічнага сцэнарыя — справа будучага.

Літ.:

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Вайнберг С. Первые три минуты: Современный взгляд на происхождение Вселенной: Пер. с англ. М., 1981;

Линде А.Д. Физика элементарных частиц и инфляционная космология. М., 1990;

Minkevich A.V. Problem of cosmological singularity and gauge theories of gravitation // Acta Physica. Polonica B. 1998. Vol. 29, № 4.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЁЛ (ад лац. castellum невял. крэпасць),

1) польск. і бел. назва рымска-каталіцкага храма. Паводле царк. дагматыкі К. з’яўляецца домам Бога і месцам малітвы. Паводле прызначэння бываюць: базілікі (К. са спец. папскімі прывілеямі, асноўныя ў Рыме); кафедральныя (К., дзе ёсць кафедра епіскапа і знаходзяцца кафедральны капітул); калегіяты (К., якім нададзены спец. ганаровы статус, ёсць свой калегіяцкі капітул); кляштарныя; парафіяльныя (прыходскія, фарныя); філіяльныя (у складзе прыхода); капліцы. На Беларусі К. пачалі сістэматычна будаваць пасля Крэўскай уніі 1385, найб шырока — пасля Брэсцкай уніі 1596.

Унутраная прастора К. падзяляецца на 3 традыц. для хрысц. храма часткі: бабінец (прытвор, нартэкс), цэнтр. частку і прэсбітэрый (алтарную частку). У адрозненне ад правасл. храма (царквы) у К. алтаром наз. не частка прасторы, а ўзвышанае ахвярнае месца з распяццем, абразом або статуяй святога. Гал., часта шматфігурны, алтар размяшчаецца ў прэсбітэрыі (звычайна аддзелены ад цэнтр. часткі невысокай агароджай). У К. можа быць некалькі дадатковых бакавых алтароў у цэнтр. частцы, там таксама знаходзяцца кафедра для ксяндза, спавядальня, лаўкі для вернікаў. На сценах жывапісныя або скульпт. сцэны з крыжовага шляху Ісуса Хрыста (стацыі), дадатковыя абразы, эпітафіі і помнікі фундатарам (іх тут часта хавалі), месца для хароў, арган і інш. Пры прэсбітэрыі размяшчаюцца сакрысція і часам касцельная б-ха. Інтэр’ер К. звычайна багата ўпрыгожаны. Вял. К. будавалі з крыптай.

Першыя мураваныя К. (15 ст.) мелі рысы готыкі (Ішкалдскі Троіцкі касцёл, Уселюбскі касцёл). У 16 ст. будавалі К. трохчасткавай кампазіцыі з адной магутнай вежай пры ўваходзе (Гнезнаўскі касцёл Міхаіла архангела). Першы К. у стылі барока — Нясвіжскі касцёл езуітаў. Найб. пашыраны тып К. ў 17—18 ст. — базіліка з 2-вежавым фасадам (Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў, Княжыцкі касцёл і кляштар дамініканцаў). Шматлікія каталіцкія ордэны манаскія ў Гродне, Слоніме, Пінску, Оршы, Мінску, Полацку, Віцебску і інш. стваралі ансамблі будынкаў кляштара і К. з выразнай барочнай пластыкай гал. фасадаў. Архітэктура драўляных К. імітавала формы мураваных храмаў. З пач. 19 ст. К. будавалі ў стылях класіцызму і несапраўднай готыкі (Мінскі Чырвоны касцёл, Сар’ёўскі касцёл, Відзаўскі Троіцкі касцёл і інш.).

2) Тэрмін для абазначэння рымска-каталіцкай царквы як рэліг. арг-цыі ў Польшчы.

Т.​В.​Габрусь (архітэктура).

Касцёл у г. Ліманова (Польшча). 1918.
Касцёл Сымона і Алены (Чырвоны) у Мінску.

т. 8, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛО́НІЯ (ісп. Cataluña. каталонскае Catalunya),

гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс. км². Нас. 6 млн. чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г. Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн. прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).

У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз. Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст. паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач. іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.​Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).

т. 8, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1817—64,

баявыя дзеянні войск Рас. імперыі па заваяванні і каланізацыі тэр. Паўн. Каўказа, населенай адыгамі, кабардзінцамі, чэркесамі, чэчэнцамі і інш. горскімі народамі. Расія імкнулася таксама зрабіць бяспечнымі шляхі зносін з далучаным да яе ў 1-й трэці 19 ст. Закаўказзем, спыніць набегі паўн.-каўказскіх горцаў.

Рас. рэгулярнымі войскамі (прыбл. ад 50 тыс. чал. у 1819 да 200 тыс. у 1856) і прыдадзеным ім (да 1860) Чарнаморскім казацкім войскам (каля 40 тыс. чал.) камандавалі генералы А.​П.​Ярмолаў (1816—27), І.Ф.Паскевіч (1827—31), Р.​У.​Розен (1831—38), Я.​А.​Галавін (1838—42), А.​І.​Нейгарт (1842—44), М.​С.​Варанцоў (1844—54, гл. Варанцовы), М.​М.​Мураўёў (1854—56), А.​І.​Барацінскі (1856—60), М.​І.​Еўдакімаў (1862—64). Найб. актыўна вялася з канца 1820-х г., калі ў Чэчні і Дагестане склаўся імамат на чале з правіцелем — імамам. Імам Газі-Магамед (са снеж. 1828) абвясціў свяшчэнную вайну супраць іншаверцаў (г. зн. рускіх). Пасля яго гібелі ў кастр. 1832 у час штурму рас. часцямі аула Гімры супраціўленнем горцаў (да 20 тыс. узбр. воінаў-мюрыдаў у 1843) кіравалі імамы Гамзат-бек (1832—34) і Шаміль (1834—59). Лепш узброеныя і колькасна большыя рас. войскі Каўказскага корпуса (з 1854 арміі), абапіраючыся на створаную імі сістэму крэпасцей захапілі рэзідэнцыі Шаміля аулы Ахульга (1839) і Ведзено (1859). Горцы вялі партыз. вайну, блакіравалі рас. атрады, раптоўна нападалі на ўмацаванні і гарады. У час Крымскай вайны 1853—56 рас. войскі адбілі спробы чэркесаў на чале з намеснікам Шаміля па Зах. Каўказе (з 1848) Мухамед-Эмінам захапіць Чарнаморскую і Лабінскую ўмацаваныя лініі (ліст. 1853) і спробу Шаміля прарвацца праз Грузію на злучэнне з тур. войскамі (жн. 1854). 6.9.1859 рас. вайскоўцы захапілі аул Гуніб у Дагестане і ўзялі у палон Шаміля, 2 снеж. капітулявалі асн. сілы чэркесаў на чале з Мухамед-Эмінам. У 1860—64 баявыя дзеянні адбываліся ў гарах Чарнаморскага ўзбярэжжа Каўказа. 2.6.1864 рас. войскі захапілі апошнюю базу чэркесаў ва ўрочышчы Кбаада (цяпер Красная Паляна каля г. Сочы).

Літ.:

Из истории русско-кавказской войны: Док. и материалы. Нальчик, 1991;

Дегоев В.В. Кавказский вопрос в международных отношениях 30—60-гг. XIX в. Владикавказ, 1992;

Блиев М.М., Дегоев В.В. Кавказская война. М., 1994;

Алюнін С. Сацыяльная база Каўказскай вайны (XIX ст.) // Бел. гіст. часоп. 1997. № 2.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРЫ́ЛА І МЯФО́ДЗІЙ,

славянскія асветнікі, стваральнікі слав. азбукі, прапаведнікі хрысціянства. Браты; нарадзіліся ў г. Салунь (цяпер Салонікі, Грэцыя). Большасць вучоных лічаць іх балгарамі.

Кірыла (да прыняцця манаства ў 869 — Канстанцін; каля 827—14 2.869). Атрымаў адукацыю пры двары імператара Міхаіла ў Канстанцінопалі, прыняў сан святара і стаў бібліятэкарам патрыярха Фоція. Пазней прызначаны настаўнікам філасофіі, за што празваны Філосафам. У пач. 860-х г. з дыпламат.-рэліг. місіяй наведаў хазар у грэч. калоніі Херсанес (Крым).

Мяфодзій (815—6.4.885). Быў на ваен. службе і 10 гадоў кіраваў адной з падуладных Візантыі славяна-балг. абласцей, потым ігумен манастыра Паліхрон на беразе Мармуровага мора.

У 863 К. і М. запрошаны ў Маравію для пропаведзі хрысціянства на слав. мове. Прыбылі сюды са створанай імі слав. азбукай і ўласнымі перакладамі рэліг. кніг на слав. мову, царк. службу вялі па-славянску. З-за незадаволенасці ням. місіянераў, якія ў сваёй службе выкарыстоўвалі латынь, былі вымушаны пакінуць Маравію. У 867 па запрашэнні папы Мікалая I прыбылі ў Рым, дзе абаранялі права славян на родную мову ў літургіі. Пасля смерці ў Рыме Кірылы Мяфодзій пасвячоны ў сан епіскапа. У 882—884 жыў у Візантыі і Маравіі, дзе працягваў прапаведніцкую і асветніцкую дзейнасць. Імёны К. і М. сталі сімвалам культурнай еднасці і самастойнасці славян. Назва стараж. слав. азбукі кірыліца паходзіць ад імя Кірыла. Браты фактычна сталі стваральнікамі літ. стараслав. мовы, зразумелай тады ўсім слав. народам. На Беларусі пра дзейнасць К. і М. ведалі ўжо з 11 ст. праз творы Чарнарызца Храбра «О письменах» і праз жыціі К. і М. Асветнікі кананізаваны правасл. царквой як Роўнаапостальныя К. і М., настаўнікі Славенскія. 11 мая (с. ст.) — Дзень св. К. і М., які ў Балгарыі, а з 1986 і ў слав. рэспубліках б. Сав. Саюза, у т. л. на Беларусі, адзначаецца як дзень слав. пісьменства і культуры. Ушаноўваюцца як святыя і каталіцкай царквой. У Балгарыі існуе ордэн К. і М., якім на Беларусі ўзнагароджаны П.​Броўка, Н.​Гілевіч, В.​Нікіфаровіч.

Літ.:

Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;

Бернштейн С.Б. Константин-философ и Мефодий. М., 1984;

Истрин В.А. 1100 лет славянской азбуки. 2 изд. М., 1988.

Г.​П.​Тварановіч.

Кірыла і Мяфодзій.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)