ГАЛЬВАНІЗА́ЦЫЯ ў медыцыне,
метад электралячэння, заснаваны на выкарыстанні ў лек. і прафілакт. мэтах пастаяннага эл. току малой сілы і нізкага напружання; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Выкарыстоўваецца пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы (радыкуліты, плексіты, неўрыты), траўматычных, рэўматычных, абменных артрытах і інш. Станоўчы эфект дасягаецца праз змяненні фіз.-хім. працэсаў у клетках тканак тых участкаў цела, на якія накладваюцца электроды.
т. 4, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЭМАРЫ́Н (франц. garde-marine літар. марская гвардыя),
званне ў ВМФ Расіі ў 1716—1917. Уведзена Пятром I для выпускнікоў Марской акадэміі пры накіраванні іх на флоцкую практыку (пасля практыкі атрымлівалі афіцэрскі чын). Напачатку прыраўноўваліся да салдат гвардыі і насілі форму Праабражэнскага палка. З 1752 гардэмарынамі наз. выпускнікі Марскога кадэцкага корпуса. У 1906 уведзена званне «карабельны гардэмарын».
т. 5, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСА́Н,
нармальны гексан (н-гексан), насычаны вуглевадарод CH3—(CH2)4—CH3. Бясколерная вадкасць, tкіп 69 °C, шчыльн. 659,4 кг/м³ (20 °C). Гексан маюць бензінавыя фракцыі нафты і газавых кандэнсатаў. Пры хім. перапрацоўцы нафтапрадуктаў (напр., каталітычным рыформінгу) дэгідрацыклізуецца ў бензол. Непажаданы кампанент сінт. бензіну з-за нізкага актанавага ліку (25). Выкарыстоўваюць як растваральнік і вадкасць у нізкатэмпературных тэрмометрах.
т. 5, с. 137
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕНТА́ЛЬ (Карл Іванавіч) (1786, Кашырскі р-н Цвярской вобл., Расія — каля 1862),
бел. ўрач. Д-р медыцыны (1805). У 1811—12 аператар і інспектар Мінскай, у 1815—39 Віцебскай урачэбных упраў. Навук. працы па барацьбе з халерай і інш. эпідэмічнымі хваробамі. Прапанаваў шэраг уралагічных прылад. Адзін з першых у Еўропе выкарыстаў гіпс пры лячэнні пераломаў касцей (Мінск, 1812).
т. 5, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМЕНАРЭ́Я (ад гіпа... + аменарэя),
гіпаменструальны сіндром, аслабленне менструальнага цыкла. Праяўляецца мізэрнымі менструацыямі (10—20 мл крыві), апсаменарэяй (працягласць менструацыі 1—2 дні) і алігаменарэяй (менструацыі праз 40—60 дзён); заканчваецца, як правіла, аменарэяй. Бывае пры хваробах, якія пашкоджваюць адно ці некалькі звёнаў, што рэгулююць менструальны цыкл: ц. н. с. (гіпаталамус — гіпофіз — яечнікі), шчытападобная залоза, наднырачнікі — матка.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРМАРФО́З (ад гіпер... + марф... + ...оз),
гіпертэлія, звышспецыялізацыя, залішняе павелічэнне арганізма або яго асобных органаў у сувязі з парушэннем у эвалюцыйным развіцці балансу з асяроддзем у выніку хуткай яго змены (напр., гіганцкія мезазойскія рэптыліі, буйныя іклы ў выкапнёвых шаблязубых тыграў і інш.). Гіпермарфоз — следства надзвычайнай спецыялізацыі да вузкіх умоў існавання, пры нязначнай змене асяроддзя вядзе да вымірання гэтай групы арганізмаў.
т. 5, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ, скідавыя горы,
падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,
максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.
т. 5, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛО́ ((Dollo) Луі) (7.12.1857, г. Ліль, Францыя — 19.4.1931),
бельгійскі палеантолаг. Замежны чл.-кар. АН СССР (1928). Вучань і паслядоўнік У.А.Кавалеўскага. Праф. Брусельскага ун-та і хавальнік Прыродазнаўча-гіст. музея. Адкрыў «закон неабарачальнасці эвалюцыі» (закон Д., 1893). Вывучаў марфал. асаблівасці выкапнёвых пазваночных. Асн. праца «Эталагічная палеанталогія» (1909) прысвечана выкарыстанню эталагічнага метаду пры вывучэнні выкапнёвых рыб, дыназаўраў і некат. млекакормячых.
т. 6, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАСКАНА́ЛЫ ЛІК,
цэлы дадатны лік, роўны суме сваіх правільных (меншых за гэты лік) дзельнікаў. Напр., 6 =1+2+3; 28 = 1+2+4+7+14. Цотныя Д.л. вылічваюцца па формуле 2p−1∙(2p−1) (Эўклід; 3 ст. да н.э.) пры ўмове, што лікі р і (2p-1) простыя; ніводнага няцотнага Д.л. не знойдзена.
т. 6, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)