Асё́л. Рус. осёл, укр. осел, польск. osioł, серб.-луж. wosoł, чэш. osel, славац. osol, балг. осел, серб.-харв. осао, славен. ȏsel. Палаб. asål з с.-н.-ням. esel (Лер-Сплавінскі–Палянскі, 20). Ст.-слав., ст.-рус. осьлъ, ст.-бел. оселъ. Праслав. запазычанне з герм. (гоцк.) asilus < лац. asinus, збліжанае з утварэннямі на ‑ьlъ тыпу *kozьlъ, *orьlъ. Кіпарскі, Gemeinslav., 208; Стэндар–Петарсан, Slav.-germ., 133, 369, 534; Брух, Зб. Крэчмеру, 12; Мартынаў, Лекс. взаим., 98–99, дзе гл. іншую літаратуру. Лац. asinus і грэч. ὄνος праз фракійска-ілірыйскае пасрэдніцтва з неўдакладненай малаазіяцкай мовы (Вальдэ-Гофман, 1, 73); Траўтман, 14, дапускаў балта-славянскі характар слова (параўн. літ. ãsilas), аднак балтыйскія словы маглі быць запазычаны самастойна (Фасмер, 3, 157) ці з усходнеславянскіх моў (Фрэнкель, KZ, 63, 204), Буга (Rinkt., 3, 763–764) указвае на беларускую мову як крыніцу літоўскага слова. Думка Мейе, Études, 186; Сабалеўскага, ЖМНП, 1911, 5, 163, пра лац. asellus як крыніцу славянскага слова не сустракае падтрымкі. Беларускі фразеалагізм асёл маляваны, паводле Янкоўскага, БФ, 57, пайшоў ад вандроўных цыркаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ата́ва ’маладая трава, якая вырасла на месцы скошанай у той жа год’. Рус., укр., балг. отава, серб.-харв. о̀тава, польск. otawa, чэш., славац., славен. otava, в.-луж. wotawa ’тс’. Праслав. *otava выводзяць звычайна ад дзеяслова *otyti ’растлусцець, вырасці’ (ад *tyti), адкуль (з аблаўтам) *otaviti ’заставіць расці’ і далей — *otava (як слава пры слыць, забава пры забыць). Параўн. ст.-чэш. otaviti sě ’акрыяць’, сучаснае чэш. zotaviti ’асвяжыць, даць сілу’. Іначай Махэк, 345: *ot‑aviti sę ’зноў з’явіцца’, што семантычна лепш супастаўляецца з чэш. otavče ’асенняе куранё’ і ўказанымі значэннямі, аднак сустракаецца з пэўнымі фанетычнымі цяжкасцямі і патрабуе ўдакладненняў у рэканструкцыі семантыкі прэфікса *оt‑ (па балтыйскаму ўзору). Махэк₂ (422) прызнаў гэту этымалогію памылковай. Голуб-Копечны лічаць асноўным ot‑ ’зноў’, а ‑ava суфіксальным. Параўнанне з літ. atólas атава’ і іншымі балтыйскімі формамі, зробленае Міклашычам і падтрыманае Траўтманам, 16, выклікала пярэчанні Эндзеліна (Мюленбах-Эндзелін, 1, 149), які тлумачыў балтыйскае слова іначай (параўн. Фрэнкель, 22). Вывядзенне слова з цюрк. от ’трава’ (Міклашыч, 228; Дзмітрыеў, Строй, 541; Курс суч., 161) выклікае пярэчанні. Супрун, Зб. Крымскаму, 128–129.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Атра́ма, тра́ма ’бэлька ў хаце, што падтрымлівае іншыя бэлькі’ (БРС, ЭШ, Касп.), атраміна (Касп.); трам, трамо́к, отра́ма (Шушк.); атран (КЭС). Пра рэалію — трам гл. Малчанава, Мат. культ., 95. З XVII ст. трамъ (Булыка, Запазыч.). Укр. трам ’бэлька, вага’, отрамувати ’абчасаць, зрабіць бэльку чатырохграннай’, трям, трямок ’бэлька; частка ткацкага станка’. Польск. (з XVI ст.) — tram, чэш.ст.-чэш.), славац. tram, в.-луж., н.-луж. tramaн.-луж. tramʼ), славен. trȃm(e) ’тс’. Брукнер (574, 575), Махэк₂ (649) абгрунтавана лічаць запазычаннем з ням. Tram, ст.-в.-ням. trame ў заходнія славянскія мовы (і славенскую); беларускае і ўкраінскае з заходнеславянскіх, для беларускай верагодная крыніца — польская. А‑ мае пратэтычны характар. Цяжка згадзіцца з меркаваннем Цыхуна (Лекс. балтызмы, 50) пра запазычанне з літ. atramà ’падпора, устой’, паколькі семантыка літоўскага слова супадае з беларускай, а незафіксаваная ў літоўскай форма без a‑ пашырана ў беларускай мове больш, чым з а‑; націск у літоўскай таксама адрозніваецца ад беларускага, які супадае з польскім. Агульнасць польскай, беларускай і літоўскай форм можа азначаць (насуперак Цыхуну) і пашырэнне польскай формы, прадстаўленай хаця і без пратэзы ва ўсіх заходнеславянскіх мовах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́дны ’ніякі, ніводны’ (ТСБМ), жо́дны ’тс’ (Багушэвіч). Рус. дыял. смал., кур., варонеж., паўд., свярдл. жа́дный, укр. жо́ден, жо́дний, жа́дний, польск. żadny, чэш. žádný, славац. žiaden, żiadny, в.-луж. žadyn, žane, н.-луж. žeden ’тс’. Ст.-бел. жадный, жаденъ (з 1338 г.) ’ніякі’. Выказваецца думка, што ст.-бел. < польск. Гіст. лекс., 91–95; Булыка, Запазыч., 112; Трубачоў, ВЯ, 1959, 1, 28–33; Махэк₂, 721. Апошні лічыць польск. < чэш. у сувязі з адсутнасцю насавога галоснага. Брукнер (660) ставіў пры ўказанні на ўкр. < польск. пытальнік. Сяткоўскі (Bohemizmy Fonetyczne w języku polskim, II, 1970, 25–27) дапускае магчымасць узаемадзеяння ўнутраных і знешніх фактараў пры замацаванні польск. формы, паколькі насавыя засведчаны ў ст.-польск. і славін. Гл. яшчэ Булахаў, Прым., 3, 73–75. Існуюць дзве этымалагічныя версіі паходжання слова: з кораня *žęd‑ (гл. жада́ць, жадзён) або з выразу *ni‑že‑jedьnъ. Агляд іх даў Трубачоў, які прыводзіць шэраг фактаў і паралелей і абгрунтавана схіляецца да другой, звяртаючы ўвагу на ўкр. жо́ден (пра ўкр. слова гл. Бяўзэнка, Доповіді і повідомл., Ужг. ДУ, 4). Паводле Трубачова, безумоўна, характар польск. запазычання мае форма жа́дны. Літ. žė̃dnas ’жадны’ < бел., польск. (Фрэнкель, 1295).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыр ’кармленне жывёл, што гулліва забаўляюцца’ (ТСБМ), дыял. жыр ’тлушч’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жир ’тлушч’, дыял. арханг. ’месца кармлення рыбы’, укр. жир ’тлушч’, ’кармленне жывёлы’, польск. żyr, żer ’кармленне і ежа жывёлы’, в.-луж. žeŕ, чэш. žír ’тс’, славац. žír ’тлушч’, ’кармленне свінні ў лесе жалудамі’, žer ’пажыранне раслін насякомымі; пасьба на апалых жалудах’, славен. žȋr, žer ’пасьба свіннёй у лесе; харч; ураджайнасць; плод; карысць’, серб.-харв. жи̑р ’жолуд’, балг. дыял. жир ’жолуд’, ’тлушч’, макед. жир ’жолуд’. Ст.-слав. жиръ ’паша’. Ст.-рус. жир ’багацце, жыллё, паша; тлушч’. Літ. žyras ’кармленне жывёл’ < польск. (Фрэнкель, 1313) ці бел. Паводле Якабсона (Writings, 2, 627), да *žьrati, *žirati (гл. жэрці), што прынялі Мартынаў–Міхневіч (Маладосць, 1969, 12, 140), якія лічаць менш верагоднай версію Міклашыча (411) аб суадноснасці жыцьжыр (як піцьпір), асцярожна падтрыманую Мейе (Études, 405), Фасмерам (2, 56) і прынятую Праабражэнскім (1, 233), Шанскім (1, Д, Е, Ж, 293), Іванавым (Слав. и балканское языкознание, 1975, 60), Скокам (3, 680–681), БЕР (1, 547). Непасрэдныя супастаўленні з іншымі і.-е. мовамі супярэчлівыя. Гл. літаратуру ў Фасмера, Скока, БЕР.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руб ’вузкі край або вузкі бок якога-небудзь прадмета’ (ТСБМ), ’кант, брыж, край’, ’зарубка, выступ’, ’шво, рубец’ (ТС), рубова́ты ’зубчаты, з выступамі’ (ТС), ст.-бел. рубъ ’абрывак тканіны’, ’хустка’, ’вопратка’, ’рыззё’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. руб ’рубец’, рус. дыял. руб ’грубае адзенне, лахманы’, польск. rąb ’рубец’, ręby ’кант, край, левы бок тканіны’, в.-луж. rub ’удар; кавалак палатна; палатняная хустка’, в.-луж., н.-луж. rub ’грубая тканіна, саван, адзенне’, чэш. rub ’адваротны, левы бок’, славен. rȏb ’тс’, серб.-харв. ру̑б ’край; кант; рубец (на сукенцы)’, балг. ръб ’рубец (на вопратцы)’. Стараж.-рус. рубъ ’кавалак, абрывак тканіны’. Прасл. *rǫbъ, як і *rǫbiti ’сячы’, з і.-е. *remb‑/*romb‑/*romb‑ ’сячы; рабіць зарубку, насечку, рубец, шрам’. Роднаснае да літ. rum̃bas ’рубец, шрам’, лат. rùobs ’зарубка, насечка’ (Фасмер, 3, 510; Глухак, 532; Брукнер, 455; Чарных, 2, 125). Далей збліжаюць са ст.-в.-ням. rant(t) ’край шчыта’, ст.-ісл. rond ’край, рабро, край шчыта’, с.-в.-ням. ranft ’рамка, край’ (Траўтман, 236; Мюленбах-Эндзелін, 3, 557; Торп, 339; Фасмер, 3, 510).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руда́1 ’прыродная мінеральная сыравіна з металамі або іх злучэннямі’ (ТСБМ). У тым жа значэнні ўкр., рус. руда́, польск., в.-луж. ruda, чэш., славац. ruda, славен. rúda, серб.-харв. ру́да, балг. ру́да́. Прасл. *ruda ад і.-е. кораня *reudh‑ (*roudh‑/*rudh‑) ’чырвоны, руды, рыжы’. Суадносіцца з прасл. *rudъjь ’руды, чырвоны, рыжы’, гл. руды (Трубачоў, Этимология–1988–1990; ESJSt, 13, 781). Адносна сувязі з і.-е. *r(e)udh‑ ’медзь’ гл. Глухак, 533; Нов. в рус. этим., 1, 199.

Руда́2 ’красільнае рэчыва, што змяшчаецца ў ільняным палатне, выводзіцца з палатна вымочваннем і адбельваннем’ (Сл. Брэс.). Ад руды (гл.) як чэрня ’чорная фарба, чорнае адзенне’ < чорны, голя ’голае месца’ і пад.

Руда́3 ’рудая вада на балоце’ (навагр., Нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’іржа, іржавы налёт’ (ТС), ’гразь’ (Нас., Мат. Маг., Касп.). Гл. руда2, руды.

Руда́4 ’кроў’ (Нас., Гарэц.). Укр., рус. руда́ ’тс’. Выводзяць з руда3, магчыма, у выніку табуізацыі слова кроў (Фасмер, 3, 513 з літ-рай), або з першаснага значэння ’штосьці чырвонае’ (Борысь, SEK, 4, 188), параўн. ст.-інд. rudhirám ’кроў’ (< і.-е. *roudh‑ ’чырвоны, руды’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Руно́1 ’шэрсць авечкі’ (ТСБМ), ’воўна з адной авечкі’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., ТС), ’воўна з ягнят і маладых авечак’ (малар., Сл. Брэс.), ’неразабраная воўна з авечкі’, ’пух у качкі’ (ТС), ру́на ’шэрсць’ (Касп.), ’воўна з адной авечкі’, ’скрутак воўны’ (Сл. ПЗБ, Нас.), ст.-бел. руно ’адзінка колькасці воўны’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. ру́но, рус. руно́, польск. runo, чэш. rouno, славац. rúno, славен. rúno, серб.-харв. ру́но, балг. ру́но, макед. руно, ст.-слав. руно. Прасл. *runo [< *rou̯‑no] ’воўна на целе авечкі; скура авечкі з воўнай’ — вытворнае з суфіксам ‑no ад таго ж кораня, што і рваць < прасл. *rъvati з карнявым вакалізмам, як у літ. ráuti ’рваць, вырываць, скубці’, лат. raût ’вырываць, дзерці’. Прасл. *runo першасна — ’тое, што вырвана, выскубана’ > ’воўна, выскубаная з авечкі’, бо калісьці воўну бралі, выскубаючы яе з авечкі. Параўн. лац. vellus ’авечая воўна’ ад vellō ’рву, вырываю, скубу’ (Борысь, 527–528; Міклашыч, 284; ESJSt, 13, 783; Глухак, 534).

Руно́2 ’густая рунь’ (ТС), ру́на (ру́но) ’пушыстая зелень на засеяным полі’ (Нас.), укр. ру́но ’усходы’, рус. руно́ ’пучок хмелю з карэннаму. Гл. рунь.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ры́нуць ’рынуцца’, ’кінуць’ (ТСБМ), ры́нуцца ’імкліва кінуцца, хлынуць’ (ТСБМ, Гарэц.), рынуцца, рынацца ’легчы адпачыць пасля цяжкай работы’ (віл., паст., Сл. ПЗБ; Бяльк.), ры́нуць ’кінуцца, рынуцца імкліва’ (ТС, Нар. Гом.; б.-каш., Шпіл.), ’упасці’, ’кінуць’ (Яруш.; Янк.), ри́нутый ’кінуты’, ри́нуць ’кінуць’, ’пакінуць’, ри́нуцьца ’рушыць’, ’кінуцца’, ’упасці’ (Нас.), рус. ри́нуть, дыял. взры́нуть ’ускіпець’, ’раздражніцца’, взры́нуться ’уз’есціся’, укр. ри́нути ’моцна цячы’, ст.-рус. ринути ’кінуць, піхнуць’, риятися ’злавацца’, славац. rinúť, чэш. řinouti se ’ліцца’, славен. ríniti ’соваць, рухаць’, ’давіць’, серб.-харв. rȉnuti ’піхнуць’, ри̏нути се ’рынуцца, ’кінуцца’, ’стукнуцца’, нарнути ’злосна забрахаць, накінуцца’, мак. рине ’кідаю’, балг. ри́на ’разграбаю, ачышчаю’, ст.-слав. ринѫти ’кінуцца’. Прасл. *rinǫti sę ’цячы, ліцца’, ’біць ключом’ (Копечны, 307). І.‑е. база *erei‑ ’цячы’ з коранем *er ’рушыць’, ’зрушыць’. Роднаснае да ст.-інд. rin̥ati, rín̥vati ’застаўляе цячы’, ’выпускае’, ríyate ’пачынае цячы’, грэч. ὀρῑ́νω, лесб. ὀρῑννω ’прыводжу ў рух, узбуджаю, раздражняю, лац. rivus ’ручай’, ir‑rito ’раздражняю’, ірл. rían ’мора’, гальск. Renos ’Рэйн’. Далей звязана з рой, рэ́яць, рака́. (Фасмер, 3, 484 з літ-рай; Скок, 3, 144; Сной у Безлай, 3, 181).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свіне́ц ‘цяжкі мяккі легкаплаўкі метал сінявата-шэрага колеру’ (ТСБМ): свінец волаво чыстае (Сержп. Прымхі). Рус. свине́ц, укр. свине́ць, ст.-рус., рус.-ц.-слав. свиньць, славен. svínəc, балг. свине́ц ‘волава’ (з рус.БЕР, 6, 550). Прасл. *svinьcь. Роднаснае літ. švìrnas ‘свінец’, лат. svins ‘волава’. Сувязь з грэч. χυαυος ‘сіняе рэчыва’, іран. *spana‑ ‘жалеза’ лічыцца сумніўнай, гл. Фасмер, 3, 577; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1160; Сной₁, 624; Новое в рус. этим., 203–205. Насуперак гэтаму Данка і Вітчак (ABSl, 21, 83–91) лічаць яе верагоднай, выводзячы зыходнае *svinъ ‘волава’ з і.-е. *k̑wn̥:s ‘нейкі карысны камень’, ‘нейкі метал’, якому адпавядае грэч. мікен. ku‑wa‑no ‘шкло блакітнага колеру’, фрак. σπινος ‘каштоўны камень’, хец. kuwanna ‘медзь’, іран. s(p)ana ‘жалеза’, ст.-перс. *âsana‑ ‘тс’. У Беларусі назва распаўсюдзілася пад рускім уплывам, народная назва — волаво (гл. волава), параўн. свінец як волово (ТС). Рус. о́лово ў народнай мове адпавядае цын (Нас.), цына (Ласт.). Параўн. аднак ст.-бел. свинья ‘адзінка вымярэння колькасці свінцу і волава’ (Ст.-бел. лексікон), што, відаць, сведчыць пра народнаэтымалагічнае асваенне старой назвы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)