ХАМЯКО́Ў Аляксей Сцяпанавіч (13.5.1804, Масква — 5.10.1860),
рускі філосаф, гісторык, паэт і публіцыст, адзін з заснавальнікаў славянафільства. Скончыў Маскоўскі ун-т (1822). Да 1829 на ваен. службе, потым займаўся літ. і грамадскай дзейнасцю. Выступаў за самаўладную дзяржаўнасць, але лічыў мэтазгодным яе рэфармаванне ў ліберальным кірунку, ліквідацыю прыгоннага права і смяротнага пакарання. Яго філас. погляды грунтаваліся на багаслоўскіх ідэях хрысціянства, найперш на вучэнні пра саборнасць, якую разумеў як мноства, аб’яднанае сілай любві ў арган. цэлае, як гарманічнае спалучэнне адзінства і свабоды. На яго думку, яднанне ў ісціне рэалізуецца толькі правасл. царквой. бо каталіцызм сцвярджае толькі адзінства, а пратэстантызм — свабоду. Анталогія Х. тэацэнтрычная: першаасновай усяго існага лічыў божы розум. Сцвярджаў, што розум (божы і чалавечы) непарыўна звязаны з воляй. Адвяргаў рацыяналізм, які, на яго думку, супярэчыць саборнаму пачатку, і абгрунтоўваў неабходнасць цэласных ведаў. Усеаг. гісторыю тлумачыў як вынік узаемадзеяння 2 пачаткаў: «іранскага» (сімвал свабоды духу, маральнай самасвядомасці) і «кушыцкага» (сімвал панавання неабходнасці і чалавечай пакорнасці). На яго думку, Расія ўвасабляе «іранскі» пачатак і процістаіць нац. і рэліг. абсалютызацыі і самаізаляцыі. Будучыню Расіі звязваў з «уваскрашэннем стараж. Русі». Славянафільскім пафасам прасякнута і яго паэзія, у якой заклік да аб’яднання славян пад эгідай Расіі (вершы «Развітанне з Адрыянопалем», «Арол»), адлюстраваны грамадскі ідэал Х. (вершаваныя трагедыі «Ярмак», паст. 1827, «Дзмітрый Самазванец», паст. 1833). Аўтар працы «Запіскі пра ўсеагульную гісторыю» (ч. 1—2, выд. 1871—73), публіцыст. твораў «Пра старое і новае» (1839), «Пра магчымасць рускай мастацкай школы» (1847), зб. «24 вершы» (1844) і інш.
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1994: Стихотворения и драмы. Л., 1969;
О старом и новом: Стати и очерки. М., 1988;
Сочинения богословские СПб., 1995.
Літ.:
Сухов А.Д. Хомяков, философ славянофильства. М., 1993;
Благова Т.И. Родоначальники славянофильства: А.Хомяков и И.Киреевский. М., 1995;
Зернов Н.М. Три русских пророка: Хомяков. Достоевский. Соловьев: Пер. с англ.М., 1995;
Бердяев Н.А. А.С.Хомяков. Томск, 1996;
Кошелев В.А. А.С.Хомяков, жизнеописание в документах, в рассуждениях и разысканиях. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРКО́Р Адам Ганоры Карлавіч (21.1.1818, в. Слівіна Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 23.11.1886),
бел. і польскі гісторык, археолаг, этнограф, выдавец, грамадскі дзеяч. З роду Кіркораў. Чл.-кар. Імператарскага археал.т-ва (1856), чл.Рус.геагр.т-ва (1857), Акадэміі ведаў у Кракаве (1873). Вучыўся ў Магілёўскай (да 1834) і Віленскай (да 1838) гімназіях. Выдаваў у Вільні літ.-навук. альманахі «Радэгаст» (1843), «Разумовыя дзённікі» (т. 1—3, 1845—46), «Віленскі альманах» (1859, 1862), час. «Teka Wileńska» («Віленскі зборнік», т. 1—6, 1857—58). З 1849 чл. Віленскага статыстычнага к-та, рэдактар «Памятнай кніжкі Віленскай губерні» (1850—54). З 1855 чл. Віленскай археал. камісіі, хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, якому ахвяраваў сваю археал.-этнагр. калекцыю. У 1850—60-я г. кіраўнік віленскага гуртка бел., польск. і літ. літаратараў і дзеячаў культуры. У 1859—65 рэдактар газ.«Виленский вестник». З 1859 уладальнік друкарні ў Вільні, дзе выдаваліся танныя кнігі на польск., літ. і рус. мовах (планаваліся і на бел.). У 1868—71 адзін з выдаўцоў газ. «Новое время» (Пецярбург). З 1872 у Кракаве, чытаў лекцыі па гісторыі слав. літаратур, у т. л. і беларускай. Археал., краязнаўчыя, этнагр. даследаванні праводзіў у Віленскай і Мінскай губ. (Ашмянскі, Барысаўскі, Вілейскі, Віленскі, Лідскі, Мінскі, Навагрудскі, Свянцянскі пав.), дзе даследаваў каля 1000 курганоў, запісваў узоры вусна-паэт. творчасці (песні, прыказкі, прымаўкі, паданні), абрады, звычаі, гульні, танцы, нар. святы. У працах «Рэшткі язычніцкіх звычаяў на Беларусі» (1839), «Аб этнаграфічнай мяжы літоўскай і славянскай народнасцей у Літве» (1857), «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857—59), «Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе» («Жывапісная Расія», т. 3, ч. 1—2, 1882) адзначаў багацце, самабытнасць духоўнай і матэрыяльнай культуры бел. народа, падкрэсліваў гіст. і этнагр. своеасаблівасць беларусаў, іх мовы, пісьмовых традыцый, даў этнічную і сац.-быт. характарыстыку тыпаў беларуса. Аўтар «Нарысаў сучаснай рускай літаратуры» (1873), кн. «Пра літаратуру братніх славянскіх народаў» (1874), дзе выказаў ідэю аб бел. культуры як цэласнай шматвяковай гіст. з’яве ў адзінстве пісьмовых і вусна-паэт. традыцый. Аўтар мемуараў «Літоўскія абразкі» (1874), «З віленскіх успамінаў» (1884), «Успаміны з 1860—1863 гг.» (1884—85).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТО́ЦКІЯ,
шляхецкі род герба «Пілава» ў Рэчы Паспалітай. Прозвішча ад в. Потак у Ксёнжскім пав. Кракаўскага ваяв. У 17—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайск. пасады ў Польшчы. Карысталіся графскім тытулам, які ў 18 ст. прызнаны ў Аўстрыі і ў 19 ст. ў Расіі. З Беларуссю найб. былі звязаны:
Крыштоф (каля 1600 — вер. або кастр. 1675), чашнік ВКЛ у 1645—46, падстолі ў 1646—53, стольнік у 1653—58, крайчы ў 1658—61, падчашы з 1661. Міхал (? — 1711?), ген.-маёр, падстолі ВКЛ з 1700. Яўстахі (каля 1720—25.2.1768), ген.-маёр, генерал артылерыі ВКЛ з 1759, староста львоўскі. Iгнацы (Раман Ігнацы Францішак; 28.2.1750, Радзынь-Падляскі, Люблінскае ваяв. — 20.8.1809), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Пісар вялікі ВКЛ у 1773—83, маршалак надворны ў 1783—91, маршалак вялікі ў 1791—92, маршалак Пастаяннай Рады ў 1778—80. Адзін з гал. дзеячаў Адукацыйнай камісіі з часу яе ўтварэння, узначальваў Т-ва элементарных кніг. Быў адным з лідэраў рэфарматарскай партыі на Чатырохгадовым сойме 1788—92, адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. За ўдзел у працы дэпутацыі па выпрацоўцы канстытуцыі прызначаны міністрам паліцыі абодвух народаў у Стражы правоў, з-за чаго выйшаў са складу Адукацыйнай камісіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 выконваў абавязкі адсутнага ваен. міністра. У 1792—94 у эміграцыі ў Саксоніі. Адзін з арганізатараў паўстання 1794. Увайшоў у склад Найвышэйшай нацыянальнай рады як кіраўнік аддзела замежных інтарэсаў. Належаў да памяркоўнага крыла паўстанцаў. Пасля задушэння паўстання зняволены ў С.-Пецярбургу. З 1796 жыў у Аўстрыі. Станіслаў Шчэнсны (Фелікс; 1752?, Крыстынопаль, Валынскае ваяв. — 14 або 15.3.1805), харунжы вялікі каронны ў 1774—80, ваявода рускі ў 1782—88, генерал кароннай артылерыі ў 1788—92, чл. Пастаяннай Рады ў 1782—86, чл. Адукацыйнай камісіі ў 1782—93, ген.-лейтэнант (1784). На Чатырохгадовым сойме 1788—92 выступаў супраць прагрэс. рэформ, адзін з гал. праціўнікаў Канстытуцыі 3 мая 1791. 27.4.1792 у С.-Пецярбургу падпісаў акт утварэння Таргавіцкай канфедэрацыі і стаў яе ген. маршалкам. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 у Брэсце, потым у Гродне, ажыццяўляў вярх. ўладу ў Рэчы Паспалітай. У 1795 атрымаў чын рас. ген.-аншэфа, жыў у сваіх укр. маёнтках. Ян (1761—1815), пісьменнік, гісторык, гл.Патоцкі Я.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЧЭ́ТА Уладзімір Іванавіч (21.10.1878, г. Палтава, Украіна —23.6.1947),
бел.гісторык-славіст. Акад.АНБССР (1928), АНСССР (1946, чл.-кар. 1939). Д-рн. (1918), засл.праф.Бел. рэспублікі (1926), засл. дз. нав.Узб. ССР (1943). Скончыў Маскоўскі ун-т (1901). У 1910—11 прыват-дацэнт, у 1918—22 праф. Маскоўскага ун-та. Адзін са стваральнікаў і старшыня праўлення Бел.навук.-культ.т-ва ў Маскве (1918—19), чытаў курс лекцый «Гісторыя беларускага народа» ў Бел.нар. ун-це ў Маскве. Па прапанове ўрада БССР узначаліў Маск. камісію па арганізацыі БДУ, з ліп. 1921 першы рэктар БДУ. Адзін з арганізатараў Інбелкульта (аўтар яго статута) і АНБССР, архіўнай справы ў БССР. Чл.ЦВКБССР у 1921—30. 13.9.1930 П. арыштаваны па т.зв. «акадэмічнай справе». У жн. 1931 сасланы на 5 гадоў у г. Вятка, у чэрв. 1934 месца ссылкі заменена на г. Варонеж, дзе ён працаваў прафесарам у пед. ін-це. У 1935 справа П. перагледжана, ён пераехаў у Маскву, выкладаў у ВНУ. З 1937 працаваў у Ін-це гісторыі АНСССР, дзе з 1939 узначальваў сектар славяназнаўства, адначасова быў заг. кафедры зах. і паўд. славян Маскоўскага ун-та. У 1941 разам з ін-там эвакуіраваны ў Ташкент. У 1946 разам з акад. Б.Дз.Грэкавым заснаваў і стаў дырэктарам Ін-та славяназнаўства АНСССР. Даследаваў праблемы гісторыі Беларусі, ВКЛ і Расіі 16—20 ст., Украіны, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Сербіі, Балгарыі. Апублікаваў каля 150 прац па гісторыі, гістарыяграфіі, археалогіі, архівазнаўстве, краязнаўстве, гісторыі права Беларусі. Вял. значэнне надаваў прапагандзе і папулярызацыі бел. мовы і л-ры.
Тв.:
История крестьянских волнений в России. Мн., 1923;
Гісторыя Беларусі. Ч. 1. М.; Л., 1924;
Основные моменты исторического развития Западной Украины и Западной Белоруссии. М., 1940;
Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве. 2 изд. М., 1958;
Белоруссия и Литва, XV—XVI вв. М., 1961;
Пытанне аб вышэйшай школе на Беларусі ў мінулым. Мн., 1991.
Літ.:
Славяне в эпоху феодализма: 100-летию В.И.Пичеты. М., 1978;
Академик В.И.Пичета: Страницы жизни. Мн., 1981;
В.И.Пичета: Биобиблиогр. указ. Мн., 1978;
Брачев В.С. «Дело историков» 1929—31. СПб., 1997;
Иоффе Э.Г. Академик В.И.Пичета (1878—1947) // Новая и новейшая история. 1996. №5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІ́РМУНТЫ,
шляхецкі род уласнага герба (з 19 ст. герба «Дуб») у ВКЛ і Рас. імперыі. Выводзілі сябе ад легендарнага летапіснага кн. Скірмунта. Верагодна, паходзілі з Упіцкага пав. Пачынальнік пінскай лініі роду Богуш С. у 1543 быў падстаростам давыд-гарадоцкім. Найб. вядомыя:
Аляксандр (? — да сак. 1746), пінскі абозны, скарбнік з 1720, гараднічы з 1726. Аляксандр (? — да чэрв. 1801), сын Баніфація, пінскі каморнік гранічны з 1779, мастаўнічы з 1793, харунжы. Каспар Вінцэнт (4.1.1775—?), сын Аляксандра, пінскі падсудак у 1799—1805, падкаморы ў 1820—26. Сымон (1751—?), сын Ігнація, пінскі мастаўнічы з 1776, мечнік з 1790, падчашы з 1793, маршалак брэсцкі ў 1799, дэп. Трыбунала ВКЛ (1776), з 1790 пасол на Чатырохгадовы сойм 1788—92. Адам (? — да студз. 1820), сын Міхала, пінскі канюшы з 1765, суддзя земскі з 1790, падкаморы з 1811, пасол на соймы 1773—75 і 1793, з 1794 чл. Пастаяннай рады. Аляксандр Ізідар [1(21?).1.1799, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 22.7.1870], сын Сымона, маршалак пінскі ў 1832—34, камергер (1834). У 1830 заснаваў цукр. ф-ку ў Моладаве, у 1836 — суконную і цукровую ф-кі ў Парэччы, свечачную і мылаварную ф-ку ў Альбрэхтаве, ф-ку с.-г. прылад у Дастоеве, паравы млын у Пінску. Займаўся вінаградарствам у Крыме і Італіі. Алена (1827—74), гл.Скірмунт А. Канстанцыя (1852, в. Калоднае Столінскага р-на Брэсцкай вобл. — 23.1.1934), дачка Казіміра і Алены С., публіцыстка, гісторык. Аўтар кн. «Гісторыя Літвы, выкладзеная ў нарысе» (1886), «З найстаражытнейшых часоў літоўскага племені» (1892), «Паданні: Даміндоўгавы часы. Гісторыя старажытнай Прусіі» (1903), «Міндоўг — кароль Літвы» (1909). Належала да краёўцаў, як публіцыст выступала ў час.«Край», газ. «Przegląd Wileríski» («Віленскі агляд»), «Виленский вестник». Канстанцін (30.8.1866, в. Моладава — 24.7.1949), сын Генрыка, дыпламат. Адзін з заснавальнікаў Краёвай партыі Літвы і Беларусі (1907). У 1909—17 чл.Дзярж. Савета. У 1919—21 польскі пасол у Італіі, у 1921—22 міністр замежных спраў, у 1922—34 пасол у Вялікабрытаніі. Аўтар мемуараў. Генрык (1868, в. Моладава — 20.9.1939), сын Генрыка, паэт (пісаў на польск. мове), кампазітар. У 1898 выдаў зб. «З вершаў і песень Генрыка Скірмунта», у 1903—12 — зб. «Паэзія» (т. 1—2). Аўтар оперы «Пан Валадыёўскі» (пастаўлена ў 1902 у Львове). З 1920 гаспадарыў у Моладаве. Расстраляны сав. ўладамі. Раман Мар’ян (1868—1939), гл.Скірмунт Р.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫ́НДБЕРГ (Strindberg) Юхан Аўгуст (22.1.1849, Стакгольм — 14.5.1912),
шведскі пісьменнік, гісторык, этнограф. Вывучаў філасофію ва ун-це г. Упсала, працаваў настаўнікам, журналістам, акцёрам, бібліятэкарам У 1860—70-я г. зазнаў уплыў экзістэнцыялісцкай філасофіі С.К’еркегора, пазітывісцкай гістарыяграфіі Х.Т.Букле і натуралістычных твораў Г.Брандэса. У 1883—98 у эміграцыі. У першых творах — драме «Вальнадумец» (1870), трагедыях «Герміёна» (1871) і «Адрынуты» (1876) ідэя проціпастаўлення асобы асяроддзю; у гіст. драмах «Местэр Улуф» (1872), «Сакрэт гільдыі» (1880) і інш. праблема ўзаемаадносін простага чалавека і бязлітаснай цывілізацыі. Маст.-псіхал. аналіз прадстаўнікоў творчых і дзелавых колаў Стакгольма ў рамане «Чырвоны пакой» (1879). У зб. натуралістычна-рэаліст. навел «Лёсы і прыгоды шведаў» (т. 1—4, 1882—92), этнагр. працы «Шведскі народ» (т. 1—2, 1882) тэма народа як творцы гісторыі. Палеміка з тагачаснымі сац. утопіямі ў зб-ках навел і памфлетаў «Новая імперыя» (1882), «Утопіі і рэчаіснасць» (1885), зб. «Вершы» (1883). Зб. прозы «Шлюбныя гісторыі» (ч. 1—2, 1884—86) уласціва антыфемінісцкая скіраванасць. У раманах «Людзі з вострава Хемсё» (1887), «На ўзбярэжжы» (1890), п’есах «Бацька» (1887), «Фрэкен Жулі» (1888) Í інш. натуралістычныя тэндэнцыі; у аўтабіягр. кнігах «Сын пакаёўкі» (1886), «Споведзь вар’ята» (1888), «Пекла» (1897), «Легенды» (1898), гіст. драмах «Густаў Ваза», «Эрык XIV» (абедзве 1899), «Карл XII» (1901), «Крысціна» (1903) і інш. праблемы маральна-псіхал. выбару. Новы этап у творчасці С. адзначаны сімвалісцка-містычнымі драм. творамі: трылогія «Шлях у Дамаск» (ч. 1—3, 1898—1904), «Адвент» (1899), «Танец смерці» (1901) і інш. Гэту традыцыю прадоўжыў у п’есах «Навальніца», «Саната прывідаў», «Пелікан» (усе 1907), «Вялікі гасцінец» (1909), напісаных для заснаванага разам з рэж. А.Фалькам у 1907 стакгольмскага Інтымнага т-ра. Для раманаў «Самотны» (1903), «Гатычныя пакоі» (1904), «Чорныя сцягі» (1907) характэрны сац.-крытычныя матывы. Аўтар дзённікаў «Блакітная кніга» (т. 1—4, 1907—12), гіст. мініяцюр, дарожных нататак, публіцыст. і літ.-знаўчых прац. На бел. мову асобныя навелы С. пераклаў В.Буйвал. Брэсцкі т-р драмы і музыкі паводле яго п’есы «Фрэкен Жулі» паст. «Начную санату для мужчыны, жанчыны і троля» (1993).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШТЫ́ХАЎ Георгій Васілевіч (н. 14.7.1927, в. Старая Беліца Гомельскага р-на),
бел. археолаг і гісторык-медыявіст. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1989). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі (з 1981 заг. сектара, у 1988—2000 заг. аддзела). Вывучае стараж. гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга сярэдневякоўя паўн. і цэнтр. Беларусі. З 1982 узначальвае пастаянна дзеючую экспедыцыю па даследаванні стараж. Мінска. Узначальваў экспедыцыі па вывучэнні Полацка, Віцебска, Заслаўя, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі. Правёў шырокае даследаванне гэтых гарадоў, выявіў гарадзішча стараж. Барысава, правёў раскопкі паселішча на р. Менка, даследаваў больш за 300 курганоў Полацкай зямлі, у т. л.доўгіх курганоў. Вывучаў могільнікі 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э., сінхронныя гарадзішчам банцараўскай культуры. Зрабіў вывад, што фарміраванне зах. галіны крывічоў адбывалася на працягу 2-й пал. 1-га тыс.н.э., што гіст. ядром Полацкай зямлі з’яўлялася Падзвінне. Даследаваў стараж. скульптуру. дробную пластыку гарадоў Полацкай зямлі, скарбы сярэбраных і залатых рэчаў (Полацкія 11—12 ст., Гараўлянскі 11 ст.). Адзін з аўтараў кніг «Старажытныя гарады Беларусі» (з П.Ф.Лысенкам, 1966), «Старажытныя скарбы Беларусі» (з П.М.Захаранкам, 1971), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Гісторыя Беларускай ССР» (1977), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Археалогія Беларусі» (т. 2—3, 1999—2000), «Гісторыя Беларусі» (т. 1, 2000), адзін з аўтараў і навук. рэдактараў кнігі «Памяць: Полацк» (2002). Аўтар школьных падручнікаў і дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, складальнік «Дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XV стст.)» (1998). Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь (1990).
Тв.:
Галасы далёкіх продкаў. Мн., 1968;
Древний Полоцк, IX—XIII вв. Мн., 1975;
Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;
Города Полоцкой земли (IX—XIII вв). Мн., 1978;
Ажываюць сівыя стагоддзі. 2 выд.Мн., 1982;
Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. Мн., 1992;
Гісторыя Беларусі: Кароткі нарыс: У 5 ч. Ч. 1. Мн., 1993;
Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002 (у сааўт.).
Літ.:
Г.В.Штыхаў: (Да 75-годдзя з дня нараджэння). Мн., 2002.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮХО́ Іосіф (Язэп) Аляксандравіч (н. 19.3.1921, Мінск),
бел. юрыст, гісторык права. Д-рюрыд.н. (1982), праф. (1983). Скончыў Мінскі юрыд.ін-т (1949). У 1949—51 нар. суддзя Варашылаўскага р-на Мінска. З 1952 у Ін-це філасофіі і права АНБССР. У 1961—64 нам. старшыні юрыд. камісіі пры СМБССР. У 1956—60 і з 1964 у БДУ (праф., заг. кафедры). Заснавальнік навук. школы па вывучэнні гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Адзін з ініцыятараў і аўтараў перавыдання энцыкл. даведніка «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588» (1989), адзін з аўтараў першага «Юрыдычнага энцыклапедычнага даведніка» на бел. мове (1992), каментарыяў да выдання «Статута Вялікага княства Літоўскага 1566» (2003). Распрацаваў гістарыяграфію дзяржавы і права Беларусі дасавецкага перыяду, удзельнічаў у распрацоўцы праекта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994, інш.заканад. актаў. Навук. працы па праблемах тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, структуры і кампетэнцыі дзярж. устаноў, прававога становішча народа, крыніц права і прававых сістэм, што дзейнічалі на тэр. Беларусі ад стараж. часоў да нашых дзён. Абгрунтаваў, што статуты ВКЛ былі першымі ў Еўропе дасканалымі зборамі законаў. Пачаў распрацоўку дзярж.-прававых поглядаў Ф.Скарыны, якія прапанаваў уключыць пры складанні і рэдагаванні Статута ВКЛ 1529. Даследаваў жыццё і дзейнасць А.Т.Б.Касцюшкі. Распрацаваў канцэпцыю паходжання дзяржаў на тэр. Беларусі і назвы «Беларусь».
Тв.:
Правовое положение населения Белоруссии в XVI в. Мн., 1978: За вольнасць нашу і вашу: Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1989;
Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991;
Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992;
«Нарадзіўся я ліцьвінам...»: Тадэвуш Касцюшка. Мн., 1994 (разам з У.П.Емяльянчыкам);
Дзяржаўнасць і права Беларусі са старажытных часоў да канца XVI ст. Ч. 1. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мн., 1999;
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000 (разам з В.А.Круталевічам);
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Ч. 1. Мн., 2000;
История юридической науки Беларуси. Мн., 2000 (разам з С.Ф.Сокалам);
Гісторыя канстытуцыйнага права Беларусі. Мн., 2001 (разам з Р.А.Васілевічам і Т.І.Доўнар);
Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. 2 выд.Мн., 2003 (разам з А.Ф.Вішнеўскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНАТО́ЎСКІ Усевалад Макаравіч (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),
бел.гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл.ЦКБел.сацыяліст. грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл.ВРКБССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел.АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф.БДУ. Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВКСССР у 1924, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦККП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел.АН, 16.1.1931 пастановай ЦККП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.
Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.
Тв.:
Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;
Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд.Мн., 1928;
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991.
Літ.:
Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час.Мн., 1991;
У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),
сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш.), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангеллепач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-тДзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус.пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл.«Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш.бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.
Літ.:
Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;
Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.