ІГНАТО́ЎСКІ (Усевалад Макаравіч) (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),
бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад.Бел.АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл.ЦКБел. сацыяліст грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл.ВРКБССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел.АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф.БДУ. Чл.ЦВК і Прэзідыума ЦВКБССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВКСССР у 1924, чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦККП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел.АН, 16.1.1931 пастановай ЦККП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.
Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.
Тв.:
Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;
Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд.Мн., 1928;
Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд.Мн., 1991.
Літ.:
Ігнаценка І.,Кароль А Усевалад Ігнатоўскі і яго час.Мн., 1991;
У.М.Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.М.Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.