ШТЫ́ХАЎ Георгій Васілевіч (н. 14.7.1927, в. Старая Беліца Гомельскага р-на),
бел. археолаг і гісторык-медыявіст. Д-ргіст.н. (1983), праф. (1989). Скончыў БДУ (1956). З 1962 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі (з 1981 заг. сектара, у 1988—2000 заг. аддзела). Вывучае стараж. гарады Полацкай зямлі і курганныя могільнікі ранняга сярэдневякоўя паўн. і цэнтр. Беларусі. З 1982 узначальвае пастаянна дзеючую экспедыцыю па даследаванні стараж. Мінска. Узначальваў экспедыцыі па вывучэнні Полацка, Віцебска, Заслаўя, Барысава, Лукомля, Лагойска, Копысі. Правёў шырокае даследаванне гэтых гарадоў, выявіў гарадзішча стараж. Барысава, правёў раскопкі паселішча на р. Менка, даследаваў больш за 300 курганоў Полацкай зямлі, у т. л.доўгіх курганоў. Вывучаў могільнікі 3-й чвэрці 1-га тыс.н.э., сінхронныя гарадзішчам банцараўскай культуры. Зрабіў вывад, што фарміраванне зах. галіны крывічоў адбывалася на працягу 2-й пал. 1-га тыс.н.э., што гіст. ядром Полацкай зямлі з’яўлялася Падзвінне. Даследаваў стараж. скульптуру. дробную пластыку гарадоў Полацкай зямлі, скарбы сярэбраных і залатых рэчаў (Полацкія 11—12 ст., Гараўлянскі 11 ст.). Адзін з аўтараў кніг «Старажытныя гарады Беларусі» (з П.Ф.Лысенкам, 1966), «Старажытныя скарбы Беларусі» (з П.М.Захаранкам, 1971), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1, 1972), «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Гісторыя Беларускай ССР» (1977), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987), «Нарысы гісторыі Беларусі» (ч. 1, 1994), «Гісторыя сялянства Беларусі» (т. 1, 1997), «Археалогія Беларусі» (т. 2—3, 1999—2000), «Гісторыя Беларусі» (т. 1, 2000), адзін з аўтараў і навук. рэдактараў кнігі «Памяць: Полацк» (2002). Аўтар школьных падручнікаў і дапаможнікаў па гісторыі Беларусі, складальнік «Дакументаў і матэрыялаў па гісторыі Беларусі ў сярэднія вякі (VI—XV стст.)» (1998). Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь (1990).
Тв.:
Галасы далёкіх продкаў. Мн., 1968;
Древний Полоцк, IX—XIII вв. Мн., 1975;
Города Белоруссии по летописям и раскопкам (IX—XIII вв.). Мн., 1975;
Города Полоцкой земли (IX—XIII вв). Мн., 1978;
Ажываюць сівыя стагоддзі. 2 выд.Мн., 1982;
Крывічы: Па матэрыялах раскопак курганоў у Паўночнай Беларусі. Мн., 1992;
Гісторыя Беларусі: Кароткі нарыс: У 5 ч. Ч. 1. Мн., 1993;
Старажытныя дзяржавы на тэрыторыі Беларусі. 2 выд.Мн., 2002;
Дзевяць стагоддзяў Барысава. Мн., 2002 (у сааўт.).
Літ.:
Г.В.Штыхаў: (Да 75-годдзя з дня нараджэння). Мн., 2002.