Сядло́ ’сядзенне для конніка’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), ’частка прасніцы, на якой сядзяць’ (Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’задняя частка штаноў’ (Серб. Вічын), седло́ ’частка прасніцы’ (Уладз.), сюды ж сядла́ць ’накладаць сядло’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Укр.сідло́, рус.седло́, стараж.-рус.седьло, польск.siodło, в.-луж.sedło, н.-луж.sodło, палаб.sedlü, чэш., славац.sedlo, серб.-харв.сѐдло, славен.sédlọ, балг.седло́, макед.седло, ст.-слав.оседълати. Прасл.*sedъlo/*sedъlo роднаснае гоц.sitls ’сядзенне’, ст.-в.-ням.seʒʒal ’крэсла’, лац.sella ’сядзенне’, грэч.έλλά ’кафедра’; з іншай ступенню агаласоўкі: англ.-сакс.sadol, ст.-в.-ням.satul, satal ’сядло’, супраць апошніх супастаўленняў Бязлай (3, 223), які, спасылаючыся на Клюге (626), заўважае, што германцы ў часы Цэзара яшчэ не ведалі сядла. Паводле Мартынава (Лекс. взаим., 108 і наст.; Язык, 25 і наст.), славянскае пранікненне, што дало прагерм.sadula ’тс’. Далей да сядзець, прасл.*sěděti, да і.-е.*sed‑. Супраць рэканструкцыі *sedlo і меркавання аб калькаванні ст.-в.-ням.satal (Ваян (RÉS, 12, 235) Фасмер, (3, 589–590), параўн. укр. і ст.-слав. формы. Гл. яшчэ Мее, 419; Траўтман, 259; Брукнер, 491; Махэк₂, 539; Шустар-Шэўц, 1279–1279; Скок, 3, 213; ЕСУМ, 5, 250–251; ESJSt, 13, 809.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыгу́біца (трэгу́біца, трыгу́бка, тру́біца) ‘рыбалоўная снасць з трох палотнаў (дзве сеткі па баках з рэдкімі вочкамі — рэдзі, а сетка пасярод — густая з вочкам, куды трапляе рыба)’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, Байк. і Некр., Шат., Сцяшк.; ашм., Яшк. Мясц., Скарбы₂; докш., валож., ЛА, 1; мін., гродз., Браім, Рыбалоўства, 45), трогу́біцʼа ‘тс’ (зах.-палес., Дзендзялеўскі, Бел.-укр. ізал., 25), трыгу́біца ‘трохсценная сетка на птушак’ (Чач., Нас., Цярохін, Охота), ‘восці з трыма зубамі’ (Нас.), трыгу́бка ‘тс’ (Байк. і Некр.), ст.-бел.тригубица, трыгубіца ‘рыбацкая сетка (1557 г., ГСБМ), параўн. рус.трегубица, польск.trygubica, tryubica, trubica, drgubica, drygubica ‘трайная сетка на рыб і птушак з густой сярэдняй і рэдкімі бакавымі часткамі’, балг.тра́губа, търгу́ба, търгу́бица ‘сетка з падвойнай ніжняй часткай (пазухай)’, чэш.trýhubka ‘від сеткі для лоўлі птушак’. Прасл.*trьgubica ад *trьgubъ ‘трайны’, або ад *trьgubiti ‘патройваць’, параўн. ст.-слав.трьгоубити ‘тс’, літ.trìgubas ‘трайны’. Пачатак слова Фасмер (4, 95) звязвае з прыставачным ц.-слав.тре‑, параўн. ст.-рус.тресвѣтлое слънце ў “Слове аб паходзе Ігаравым” (гл. трыкляты); другая частка ўзыходзіць да *gubъ (гл. губ) з першасным значэннем ‘складка’ (SEK, 2, 228). Значэнне ‘восці’ другаснае ў выніку атаясамлівання губ = зуб. Гл. таксама Брукнер, 578 (сумненні адносна прынятай этымалогіі); Кодаў, Сп. на БАН, 63, 151; Нізіньска, ZPSS, ser. 3, 1968, 227–232; Карскі 2–3, 99.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ёлуп, ёлоп ’дурань, асталоп, бесталковы тупы чалавек’ (БРС, ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Бяльк., Мядзв., Яруш., Гарэц., Бір. Дзярж.). Укр.йолуп, йолоп ’тс’, рус.смал.ёлуп, польск.jołop. У рускіх і польскіх дыялектах запазычана з беларуска-ўкраінскага арэала, дзе гэта слова можна лічыць інавацыяй. Надзейна вызначыць этымалогію лексемы цяжка. Для яе існуюць некалькі этымалагічных версій. Бернекер (308) выводзіў укр.йолуп з укр.оглуп (апошняе да глупы). Існуе магчымасць выпадзення фрыкатыўнага г у форме оглуп. Параўн. бел.арэх (гл.) < агрэх. Можна таксама выводзіць рус.олух з *оглух (укр.оглух ’той, хто дрэнна чуе’). Брукнер (KZ, 45) звязваў ёлуп з яловы, што яшчэ менш верагодна. Слаўскі (1, 584) гаворыць пра магчымасць усходняга паходжання, але не прыводзіць крыніцы. Апрача гэтых версій, якія зарэгістраваны ў літаратуры, можна разгледзець магчымасць новай этымалогіі, якая грунтуецца на беларускіх дзеяслоўных і прыметнікавых формах ёлупіць ’вытрэшчваць вочы’ (Нас.), ёлуплівы ’вытрашачаны (аб вачах)’, ’дурнаваты’. Калі гэта так, дык ёлуп узыходзіць да *о‑луп. Параўн. лупіць (вочы). Змена пачатку слова (ёлуп < *олуп) таксама мае аналагічныя прыклады (ёлкі < *олъкъ, ён < он і г. д.). Пацвярджае гэту этымалагічную версію бел.валапокі, рус.смал.волопокий ’зіркасты’ (< *волопо‑окий). У волопокий мы выдзяляем волоп‑ (< *олуп). Такім чынам, волопокий: лупаты (ёлуплівы) = вірлавокі: вірлаты (усе лексемы маюць агульнае значэнне ’вірлавокі, лупаты’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КАНА́ДА (Canada),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта абБрыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр. К. насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт абБрыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне абваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн.т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт∙гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн.т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальская газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэн, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Манро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Этвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклер, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліят-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акт пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкту, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Каза́к1 ’На Русі ў XV–XVII стст. — вольны чалавек, з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік; у дарэвалюцыйнай Русі: з XVIII ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанкай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязаны несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй; радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей; ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.), ’пра спрытнага маладога мужчыну’ (ТСБМ); сустракаецца і ў народных песнях (Радч. і інш.). Што датычыць слова казак у асноўных значэннях, то гэта ва ўсх.-слав. мовах запазычанне з Усходу: у тур., крым.-тат., казах., кірг., тат., чагай, мовах казак ’вольны, незалежны чалавек; шукальнік прыгод, бадзяга’, кумык.казак ’аружаносец пры феадале, ваенны слуга, дружыннік’. Шлях распаўсюджання слова ва ўсх.-слав. мовах няясны, у ст.-рус. адзначаецца ў грамаце 1395 г., аднак са значэннем ’парабак, батрак’ і ў форме з ‑о‑. Слаўскі (3, 26) мяркуе (пералічыўшы вядомыя ў большасці славянскіх моў формы), што слова трапіла ў гэтыя мовы з укр. Аднак звяртае на сябе ўвагу, што ў балг.казак (з ‑а‑), відавочна, з рус. мовы, а Ліндэ для польск. прыводзіў як неўжывальную форму kazak (таксама, як бачым, з ‑a‑). Аднак у большасці слав. і зах.-еўрап. мовах прадстаўлена менавіта ўкр. форма гэтага слова. Што датычыць бел., яго статус няясны: хоць у ст.-бел. мове і адзначана форма з ‑о, форма козакъ (і вытворныя), відавочна, з’яўляецца асноўнай. Значэнне ’спрытны, малады мужчына’ вядомае ўкр. мове. Так, Грынчэнка адзначае, што слова казак у народнай паэзіі дапасоўваецца да кожнага маладога чалавека, аднак не выключана, што такое значэнне магло быць не толькі вынікам экспансіі слова рознымі шляхамі, у тым ліку і пры пасрэдніцтве фальклору, але і магло ўзнікнуць самастойна на базе як новых значэнняў (’кавалерыст’ і інш.), так і магчымых старых ’бадзяга’. Параўн. у ст.-польск.kozak ’юнак, зух’, дыял. ’смяльчак, завадатар, хлопец’, рус.дыял.казак ’пра смелага, удалага чалавека’.
Каза́к2 ’народны танец з паступова нарастаючым тэмпам, а таксама музыка да гэтага танца’ (БРС, ТСБМ). Статус слова няясны, магчыма, другаснае ўтварэнне ад казачок, а магчыма, тое ж, што і ўкр.казак ’танец. Што датычыць этымалогіі, то нельга сцвярджаць упэўнена: паходзіць гэта слова ад казак1, ці мае нейкія адносіны да каза ’танец’ (рускія гаворкі, напрыклад, ведаюць слова казак у значэнні ’самец розных жывёл і птушак’, параўн. таксама рус.арханг.казак с казачихой). Паводле лінгвагеаграфіі і экстралінгвістычнай інфармацый, другая версія пакудь што менш надзейная.
Каза́к3 ’лён-даўгунец’ (БРС, Уладз.), ’сорт высокаўраджайнага аўса’ (Сцяц.). Як можна меркаваць па прыкладах, гэта параўнальна новае слова. Сінонім — вельколён: «Простый лʼон пэршы був, а вэлʼколʼун у воjну мыколаjивсʼку поjавывся» (Уладз., 198). Другое значэнне ’авёс’, магчыма, другаснае, перанос назвы паводле прыкметы ’вялікі, ураджайны’. Гаворкі рус. мовы ведаюць слова казак у дачыненні да розных раслін. Улічваючы, што размова ідзе пра яўна культурны тэрмін, ёсць вялікая верагоднасць таго, што ён запазычаны разам з рэаліяй. Тэарэтычна магчымы і іншы варыянт: самастойнае ўтварэнне ад казак ’малады, спрытны мужчына’ (параўн. характэрныя дыял. назвы лёну, аўса: скакун, скочень, ростун) або моўная трансфармацыя (муж. род) каза ’лісце, каліва цыбулі і інш.’ Структура такога тыпу (з суф. ‑ак) вядома як у бел., так і ў іншых слав. мовах, параўн. балг.козак ’расліна Tragopogon majus’, чэш.kozak ’назва грыба’ і інш.
Казаќ4 ’казакін’ (Мат. Гом.), ’жаночае верхняе адзенне, нажытае ў зборкі’ (рас., Сл. паўн.-зах.). Рус.валаг., наўг., казан.казак ’разнавіднасць паддзёўкі са зборкамі, накрытай сукном’ і вядомае на розн. тэрыторыі ’жаночая кофта ў талію, сукенка ў талію і інш.’, асташ., цвяр., ленінгр. і інш. ’верхняе жаночае адзенне’, польск.уст.казак ’кароткі плашч, куртка’, больш новае ’доўгая блузка, якая носіцца паверх спадніцы’, чэш.kazak, славац.kazak ’кафтан’. Бел. слова, зафіксаванае ў розных моўных арэалах, або сведчыць пра інфільтрацыі ў перыферыйныя зоны з гаворак суседніх моў, або ўказвае на запазычанне, якое станавілася архаізмам і, трапляючы ў пасіўны запас, гублялася ці магло выцясняцца іншым словам (казаціна і да т. п.). Не выключана магчымасць і адваротнай дэрывацыі (казак < казакін і пад.). Як культурны тэрмін, казак вядомы на шырокай тэрыторыі; слова лічыцца запазычаннем, аднак крыніца і шляхі распаўсюджання слова няясныя. Слаўскі (3, 27) прыводзіць папулярную версію аб тым, што гэта запазычанне з захаду: франц.casaque ’кафтан, апанча, плашч; упрыгожаная доўгая блузка’, слова вядома з 1413 г., у польск. мове форма kazak адзначаецца пазней. Іншыя аўтары (Гараеў, Дзмітрыеў) мяркуюць аб запазычанні з усходу; Дзмітрыеў (Тюрк. эл., 25) прыводзіць татар., бат. кэзэки ’нацыянальнае верхняе адзенне мужчын Татарыі і Башкірыі’. Супраць такой этымалогіі рэзка, аднак без аргументацыі выступіў Фасмер (2, 158). Можна звярнуць увагу на тое, што ў рус., бел., укр. гаворках сустракаюцца значэнні ’мужчынскае і жаночае адзенне, блузка’, што больш адпавядае версіі аб заходнім запазычанні. Арыстава (Контакты, 59–60) прапанавала ў якасці крыніцы англ.cassock ’туніка ў англійскіх свяшчэннікаў’, аднак па семантычных і інш. прычынах гэта версія не выглядае надзейнай. На жаль, лінгвагеаграфічны крытэрый адзначыць тут вельмі цяжка, паколькі матэрыял не дазваляе меркаваць, што бел. мова была пасрэднікам распаўсюджання слова. Семантыка прыведзеных слоў паказвае, што разглядаць польск. даныя асобна ад рус. (тут бел. факты былі б інфільтрацыямі з суседніх польск. і адпаведна рус. гаворак) нельга. Што ж датычыць уласна этымалагічнага боку, то думка абзах.-еўрап. паходжанні слова найбольш абгрунтавана. Крыніцай франц.casaque лічаць звычайна італ.casacca ’кафтан, апанча’, аднак Слаўскі (3, 27–28) прыводзіць вядомыя с.-лац.casaca ’разнавіднасць убрання’, італ.casaca ’куртка’ і інш.
Каза́к5 ’калаўрот або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Борт.). Да каза1, перанос паводле зааморфных атрыбутаў рэаліі — наяўнасці ручак (рагоў), параўн. рус.пск.баран ’вертыкальны калаўрот’, таксама адзначанае Далем спец. (у мяснікоў) ’калаўрот паміж двух слупоў’; ніжагар. ’разнавіднасць санак з ручным калаўротам’.
Каза́к6 ’грыб масляк’ (Бяльк., Сцяшк.), козяк ’абабак, падбярозавік’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб любы, ядомы, апрача баравіка’ (маст., Жыв. сл.; слон., Нар. лекс.), козяк ’тс’ (кобр., Жыв. сл.). Сцяцко (Дыял. сл.) дае дэфініцыю казякі ’грыбы (агульная назва)’. Паводле ўласных запісаў Сцяцко (Нар. лекс., 49) слова казякі ведаюць у Маст., Слон., Ваўк. раёнах. Аўтар лічыць, што паходзіць слова ад назвы казлякі (казля́к ’масляк’). Тут можна бачыць суфіксальнае ўтварэнне ад каза1, як аб гэтым думае Сцяцко, Афікс. наз., 146, а магчыма, перанос назвы ад казак ’казляня’, параўн. каза, казёл, казялок ’грыб масляк і інш.’. Што датычыцца значэння ’любы грыб (апрача баравіка)’, то тут праблема не вельмі ясная, ці гэта абагульненне назваў канкрэтных «чорных» грыбоў (маслякі, абабкі), ці незалежнае ўтварэнне, якое дэманструе ўжыванне заоніма для характарыстыкі зніжанасці, абазначэння другароднасці такіх грыбоў.
*Каза́к7, коза́к ’рухавы смелы чалавек’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў няма, аднак з іншым значэннем аналагічныя структуры ёсць у некаторых мовах: рус.пячор., арханг.казак ’смелы ўдалы чалавек (пра жанчыну)’, анеж.казак ’пра жанчыну’, магчыма, сюды ж асташ., цвяр., пск., арл.казаки ’гульня ў гарэлкі’. Як паказваюць структурна адэкватныя лексемы (рус.казак ’грыб падбярозавік, Boletus scaber’, ’лекавая расліна’, казаки ’расліна Plantago’, польск., чэш., славац.kozak ’грыб Boletus scaber’, славен.kozák ’разнавіднасць грыба, жука’, польск.kozak ’пастух коз’, славін.kozak ’недарэка і інш.’, чэш.kozak ’пастух коз’). Параўн. таксама іншыя ўтварэнні ў бел. мове (гл. казак), тут дэрыват ад каза1, аб тыпе словаўтварэння гл. Сцяцко, Словаўтв., 146. Да семантыкі можна прывесці рус.мяшч., калуж.козёл ’пра жывога, рухавага чалавека’ і рус.казакаться ’важнічаць, наравіцца’, якое па семантыцы быццам бы не супадае, аднак параўн. рус.козокаться ’наравіцца, важнічаць, сварыцца, круціцца, не стаяць на адным месцы і інш.’, козохаться ’тс’, арханг.козой (з іншым суфіксам) ’упарты, лодыр’, козон ’пра жвавую, вяртлявую жанчыну’, козанок ’пра малое дзіця, якое дрэнна расце’, ’пра жвавага чалавека’, ’пра жвавую дзяўчынку’, ’пра жвавае, смелае дзіця’, козыкаться ’ўпарціцца’ і ’важнічаць’ (пск. і інш.); параўн. яшчэ рус.дыял.козлиться ’гарэзіць, скакаць’, ’упарціцца’, ’сердаваць, злавацца’, козлокать ’скакаць, гарэзіць’. Пры аналізе першай групы рус. прыкладаў неабходна мець на ўвазе магчымыя ўзаемаўплывы дэрыватаў ад коза і козырь, козыриться, а таксама і інш. слоў. Што датычыць бел. слова, уплыў лексемы казак ’вольны чалавек’ і інш. не выключаны, ім можна тлумачыць спарадычнасць утварэнняў з ‑ак‑ суфіксацыяй ва ўсх.-слав. мовах і паслядоўныя запісы рус. адпаведнікаў (казак) з ‑а‑.
*Каза́к8, коза́к ’укладка нарыхтаваных дроў у лесе’ (ТС). Магчыма (гл. казачок ’мера дроў’), суадносіцца з рус.арл., болхаўск. казак ’мера дроў, 1/16 кубічнага сажня’. Як і іншыя ўтварэнні (параўн. казак), мы лічым гэта слова вытворным ад каза1. Што датычыць семантыкі, параўн. рус. малаарханг., арл.складывать в козлы ’складваць адзін кусок торфу на другі, сценкай’, ’складваць цагліны: адны плазам, іншыя стаўма, каб паміж імі засталіся адтуліны для паветра’, укр.усх.-палес.козлік ’укладка торфу’, магчыма, сюды ж шматлікія дэрываты ад каза, казёл — найменні ўкладкі снапоў, як спецыяльных, ад дажджу, так і традыцыйных. Сувязь з назвай жывёлы становіцца яснай, калі параўнаць з утварэннямі, якія называюць Т‑падобныя прыстасаванні, дэталі (што разумеецца або як зааморфная адзнака непасрэдна або ўскосна), або з рознымі ўкладкамі (снапоў і інш.), як устойлівымі канструкцыямі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ВЕ́НА (Wien),
горад, сталіца Аўстрыі. Адм. ц. зямлі Ніжняя Аўстрыя; самастойная адм. адзінка. Размешчана на р. Дунай, каля падножжа адгор’я Усх. Альпаў — горнага масіву Венскага Лесу. 1540 тыс.ж. (1991). Адзін з найб.трансп. вузлоў Еўропы. Рачны порт на Дунаі. Міжнар. аэрапорт Швехат. Гал.прамысл., гандл., фін., навук. і культ. цэнтр краіны. У Вене — больш за ⅓ прамысл. вытв-сці Аўстрыі. Вядучыя галіны: машынабудаванне (эл.-тэхн. і трансп., вытв-сцьпрамысл. абсталявання і с.-г. машын), радыёэлектроніка, дакладная механіка і оптыка, прылада- і станкабудаванне, хім., швейная, паліграф., харчасмакавая прам-сць. Развіта таксама нафтахімія, якая з’яўляецца базай для вытв-сці фотахім., фармацэўтычных і інш. тонкахім. вырабаў. Вытв-сць на экспарт моднага адзення, трыкатажу, капелюшоў, мадэльнага абутку, элегантнай мэблі, муз. інструментаў, цацак і інш. Метрапалітэн. Міжнар. цэнтр ААН (ЮНІДА, МАГАТЭ і інш.). Цэнтр міжнар. турызму.
У 1 ст.н.э. на месцы Вены размяшчаўся лагер рым. легіянераў Віндабон. У 11—12 ст. узнік горад (назва Вена ўпершыню згадваецца ў 881). З 12 ст. рэзідэнцыя аўстр. герцагаў Бабенбергаў. У 1221 атрымала гар. самакіраванне. З 1282 рэзідэнцыя Габсбургаў. У 1365 засн.Венскі універсітэт. З 1469 рэзідэнцыя біскупаў (з 1722 архібіскупаў). У 1529 і 1683 горад вытрымаў аблогі туркаў. Месца заключэння міжнар. дагавораў і трактатаў (1515, 1738, 1809, 1864, 1866). З 2-й пал. 18 ст. адзін з гал.еўрап. цэнтраў культуры і мастацтва. У 1-й пал. 19 ст. значнае развіццё атрымала прам-сць (асабліва выраб фарфору). У 1805—06 і 1809 захоплена войскамі Напалеона I. Месца правядзення Венскага кангрэса 1814—15. У рэвалюцыю 1848—49 у Аўстрыі Вена — цэнтр рэв. барацьбы. У 1867—1918 сталіца Аўстра-Венгрыі, з 1918 — Аўстр. рэспублікі. У 1938 у Вену
ўведзены ням. войскі (гл.Аншлюс). Вызвалена ў ходзе Венскай аперацыі 1945, падзелена на сав., амер., англ. і франц.акупац. сектары. У Вене падпісаны дзярж. дагавор 1955 паміж Аўстрыяй і СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй, Францыяй аб суверэннасці Аўстрыі; месца заключэння міжнар. канвенцый (Венскія канвенцыі 1961, 1963, 1969). У Вене размешчаны Аддзяленне і спецыялізаваныя ўстановы ААН.
Адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Еўропы. Большая ч. горада размешчана на правым беразе Дуная, паміж ім і адгор’ямі Усх. Альпаў (Венскі Лес). Гіст. ядро Вены — Стары, або Унутраны, горад, абкружаны 2 паўкольцамі бульвараў (Рынгштрасэ, 1856—88, на месцы гар. сцен 13—16 ст., і Гюртэль, 1894), захаваў сярэдневяковую радыяльна-кальцавую планіроўку, вузкія крывыя вулачкі. Гатычныя сабор св. Стэфана (1304—1454) з паўд. вежай (выш. 136 м) і царква Санкт-Марыя-ам-Гештадэ (1330—1414); б. рэзідэнцыя Габсбургаў — Гофбург («Швейцарскія вароты», 1552; «Стары Гофбург», цяпер Нац.б-ка, 1723—25, арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах; «Новы Гофбург», 1881—1913, арх. Г.Земпер, К.Газенаўэр); барочныя палацы, нярэдка з тэраснымі паркамі, — Яўгена Савойскага (1695—1724, арх. Фішэр фон Эрлах, І.Л.Гільдэбрант), Даўн-Кінскі (1713—16), Ніжні (1714—16) і Верхні (1721—22) Бельведэр (арх. Гільдэбрант), барочная царква св. Карла Барамея (1716—39, арх. Фішэр фон Эрлах) і інш. За Гюртэлем палац і парк Шонбрун (1695—1749, арх. Фішэр фон Эрлах, Н.Пакасі). Парадная забудова Рынгштрасэ ў духу эклектызму і гіст. стыляў — Опера (1861—69), парламент (1873—83, неакласіцызм), ратуша (1872—83, неаготыка); «Бургтэатр» (1874—88, арх. Земпер, Газенаўэр), «Венскі Сецэсіён» (1897—98, арх. І.Ольбрых) і бальніца Штайнгоф (1904—07, арх. О.Вагнер) — у духу «югендстылю», дом на Міхаэлерплац (1910, арх. А.Лоз), Зах. Вакзал (1950—54), вышынны будынак Рынгтурм (1953—55), універсальная зала Штатгале (1955—58), пабудовы Садовай выстаўкі 1964 і інш.
У Вене універсітэт, АН, Вышэйшая тэхн. школа, Ін-тсусв. гандлю, Акадэмія выяўл. мастацтваў і інш.Нац.б-ка. Музеі: прыродазнаўча-гіст., мастацка-гіст., графічны збор Альберціна, Аўстрыйская галерэя, збор Акадэміі выяўл. мастацтваў, Этнагр. музей, Гіст. музей г. Вена, Музей 20 ст., дамы-музеі Л.Бетховена, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Ф.Шуберта, І.Штрауса. Тэатры: Венская дзяржаўная опера, «Фольксопер», «Бургтэатр» і інш.
Вена. Ратуша.Да арт.Вена. Царква св. Карла Барамея. Арх. І.Б.Фішэр фон Эрлах. 1716—39.Да арт.Вена. Помнік прынцу Яўгену Савойскаму перад будынкам «Новага Гофбурга».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУНД (ад ідыш der Bund саюз),
нацыянальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя яўрэйскіх рабочых у 1897—1939. Засн. ў Вільні як Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы, з 1901 — Усеагульны яўрэйскі саюз у Літве, Польшчы і Расіі. Будаваўся паводле нац. прынцыпу, адносіў сябе да самастойнай паліт. партыі яўр. пралетарыяту, прапагандаваў ідэю нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў. На I з’ездзе РСДРП (1898) увайшоў у партыю як аўтаномная арг-цыя. На II з’ездзе (1903) выйшаў з РСДРП і ўзмацніў барацьбу з яе мясц. арг-цыямі. Напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—07 ішоў з меншавікамі, удзельнічаў у байкоце выбараў у 1-ю Дзярж. думу, заклікаў да ўзбр. паўстання супраць царызму. Пасля IV (Аб’яднаўчага) з’езда РСДРП (1906) зноў увайшоў у партыю, заклікаў свае арг-цыі весці ўнутрыпаліт. барацьбу за перабудову РСДРП на прынцыпах федэрацыі. На Беларусі ў 1910 налічвалася больш за 4 тыс. членаў Бунда, у 1914 было 40 арг-цый (10 у губ., 16 у пав. гарадах, 14 у мястэчках). На VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі (1912) Бунд выключаны з РСДРП. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 Бунд далучыўся да меншавікоў. Падтрымліваў унутр. і знешнюю палітыку Часовага ўрада, удзельнічаў у стварэнні мясц. саветаў, але выступаў за скліканне Устаноўчага сходу. Правыя чл. варожа паставіліся да Кастр. рэвалюцыі 1917, левыя былі схільныя падтрымаць яе, значная частка вагалася. У сувязі з роспускам бальшавікамі 18.1.1918 Устаноўчага сходу Бунд разам з інш.апазіц. сіламі ўдзельнічаў у паліт. забастоўцы ў Віцебску. Неадназначная была пазіцыя Бунда да абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР). Напачатку Бунд падтрымаў ідэю БНР (прадстаўнікі Бунда ўвайшлі ў Раду і Нар. сакратарыят БНР), потым кіраўніцтва Бунда разглядала БНР як фактар магчымага ўціску яўрэяў. На пасяджэнні Рады БНР 25.3.1918 прадстаўнікі Бунда выказаліся супраць 3-й Устаўнай граматы БНР, якая абвяшчала пра разрыў дзярж. сувязей Беларусі з Расіяй. У маі 1919 Бунд выступаў за ўваходжанне БНР у Рас. федэрацыю. На сваёй XI канфер. (сак. 1919) Бунд заявіў аб прызнанні сав. улады, але застаўся «партыяй апазіцыі» да бальшавікоў. Прадстаўнікі Бунда ўваходзілі ў вышэйшыя органы ўлады Сав. Беларусі — ЦВК, выканкомы Віцебскага і Мінскага саветаў. У крас. 1920 Бунд заявіў пра далучэнне да РКП(б). Правыя бундаўцы не прызналі гэтага рашэння і аб’ядналіся ў Віцебску ў с.-д. Бунд. На пач. 1920-х г. Бунд у Сав. краіне знік з паліт. арэны. У 1923 самаліквідаваліся буйнейшыя арг-цыі Бунда ў Віцебску і Гомелі, многія з іх членаў уступілі ў РКП(б). Распадам і самаліквідацыяй спынілі сваё існаванне астатнія арг-цыі. У 1930-я г. былі рэпрэсіраваны б. лідэры Бунда А.Вайнштэйн, М.Рафес, М.Фрумкіна і інш.
У Заходняй Беларусі Бунд як самастойная партыя існаваў да вер. 1939. У 1922 левае крыло Бунда, што аб’ядноўвала каля 73 членаў і стаяла на радыкальных сацыяліст. пазіцыях, выдзелілася ў самастойную арг-цыю — Камуністычны Бунд (Камбунд), які ў 1923 увайшоў у Кампартыю Польшчы. Бунд зблізіўся з Польск. сацыяліст. партыяй (ППС), з 1930 уваходзіў у склад Сацыяліст. рабочага інтэрнацыянала. Бунд і яго друкаваны орган газ. «Фольксцайтунг» вялі ідэалаг. барацьбу супраць Кампартыі Польшчы, КПЗБ, КПЗУ. У 2-й пал. 1937 Бунд адмовіўся ўдзельнічаць у адзіным фронце барацьбы разам з КПП і КПЗБ. Адна з асн. прычын адмовы — паліт. рэпрэсіі ў СССР, якія Бунд асуджаў. Часта выступаў сумесна з «Паалей Цыёнам». Пад уплывам Бунда знаходзіўся шэраг каап., культ. і спарт. арг-цый, яўр. школьная арг-цыя, арг-цыяяўр. жанчын-работніц. Пад яго арганізац. і паліт. кіраўніцтвам знаходзілася маладзёжная арг-цыя Югенд-Бунд «Цукунфт». Бунд спыніў існаванне на тэр.Зах. Беларусі ў канцы 1939 пасля ўз’яднання з БССР, калі дзейнасць паліт. партый, акрамя камуністычнай, была забаронена.
Літ.:
Агурский С.Х. Еврейский рабочий в коммунистическом движении (1917—1921). Мн., 1926;
Бич М.О. Развитие социал-демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 гг.Мн., 1973;
Программы политических партий России, конец XIX — начало XX вв. М., 1995. С. 23—40.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́,
вырашэнне сродкамі ўзбр. насілля эканам., нац., грамадска-паліт., рэліг., тэр. і інш. супярэчнасцей паміж дзяржавамі, народамі, нацыямі і сац. групамі. Гал. сродкі вядзення вайны — узбр. сілы, армія, інш. ваенізаваныя фарміраванні. Вайна, як правіла, вядзе да буйных чалавечых ахвяр, страты матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей, разбуральна ўздзейнічае на грамадства.
У першабытнаабшчынным грамадстве ўзбр. сутыкненні родаў і плямён былі разнавіднасцю барацьбы за выжыванне. З узнікненнем дзяржавы як органа ажыццяўлення ўнутр. і знешняй палітыкі пануючых класаў вайна набыла грамадска-паліт. змест, што запатрабавала стварэння спец. атрада ўзбр. людзей — арміі. Узбр. насілле станавілася ўсё больш дзейсным сродкам узбагачэння, узмацнення эканам. і паліт. панавання, заняволення народаў. Як мера ў адказ на сац. насілле і эксплуатацыю барацьба заняволеных народаў нярэдка набывала форму грамадзянскай вайны або вызваленчай.
Войны класіфікуюць паводле вылучэння найб. істотных падстаў для іх развязвання. Найб. агульныя і найчасцей выкарыстоўваліся сац.-паліт., ваен.-тэхн., маштабныя (колькасныя), гіст. падставы. Паводле сац.-паліт. падстаў войны падзяляюць на роды, тыпы і віды, кожны з іх аб’ядноўвае пэўныя групы войнаў, якія маюць падобныя сац.-паліт. прыкметы. У сучаснай ваен. тэорыі пашыраны падзел войнаў на справядлівыя і несправядлівыя. Да справядлівых адносяць войны народаў за вызваленне ад эксплуатацыі і нац. прыгнёту або для абароны сваёй краіны ад агрэсіі; несправядлівыя войны накіраваны на задушэнне нац.-вызв. барацьбы, захоп чужых тэрыторый, заняволенне і рабаванне інш. народаў і г.д. Сіламі міжнар. рэакцыі падрыхтаваны і развязаны першая сусветная вайна 1914—18, самая вял. і кровапралітная ў гісторыі чалавецтва другая сусветная вайна 1939—45. Састаўной часткай апошняй была справядлівая Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45. У перыяд навук.-тэхн. прагрэсу войны становяцца асабліва разбуральныя. Уступленне чалавецтва ў 2-й пал. 20 ст. ў ядзерны век істотным чынам змяніла змест войнаў, адносіны да іх сусв. супольніцтва. Пагроза ядзернай вайны паставіла перад чалавецтвам пытанне пра неабходнасць выключэння войнаў як сродку вырашэння любых міждзярж. і ўнутрыдзярж. спрэчак. Статут ААН замацаваў прынцып забароны вайны. У 1974 29-я сесія Генеральнай асамблеі ААН прыняла спец. рэзалюцыю «Аб вызначэнні агрэсіі», паводле якой для дзяржавы-агрэсара прадугледжана паліт. і матэрыяльная адказнасць, а асобы, вінаватыя ў планаванні, падрыхтоўцы і развязванні вайны (агрэсіі), нясуць крымін. адказнасць. Такая ж мера пакарання выкарыстана Нюрнбергскім і Такійскім міжнар. трыбуналамі ў 1945 у адносінах да ваен. злачынцаў фаш. Германіі і мілітарысцкай Японіі, якія развязалі 2-ю сусв. вайну.
Сац. і маральны прагрэс з’яўляецца гіст. перадумовай выключэння вайны з жыцця грамадства і ўсталявання трывалага міру і згоды на зямлі. Практыка міжнар. жыцця ўсё больш схіляецца да ідэі мірнага суіснавання, спынення гонкі ўзбраенняў, абмежавання, скарачэння і ліквідацыі назапашаных сродкаў вядзення вайны (гл.Раззбраенне). Ажыццяўляюцца меры па стварэнні матэрыяльных гарантый міжнар. бяспекі; паміж вядучымі дзяржавамі заключаны пагадненні па аслабленні пагрозы вайны. Падзеі канца 1980 — пач. 1990-х г.: аб’яднанне Германіі, спыненне супрацьстаяння блокаў ваенных пасля роспуску арганізацыі Варшаўскага Дагавора 1955, выступленне сіл шматнацыянальнай кааліцыі супраць анексіі Іракам Кувейта, супрацоўніцтва краін у рамках праграмы Арганізацыі паўночна-атлантычнага дагавора (НАТО) «Партнёрства дзеля міру» па спыненні грамадз. вайны ў Босніі і Герцагавіне і г.д., — зрабілі ўплыў на ўсю структуру сучасных міжнар. адносін, павысілі аўтарытэт і ролю ААН, АБСЕ, выявілі значэнне міжнар. супрацоўніцтва ў справе процістаяння войнам і агрэсіі. Аднак у розных рэгіёнах свету не затухаюць ваен. канфлікты, гінуць людзі, знішчаюцца матэрыяльныя і культ. каштоўнасці, а на ваен. падрыхтоўку затрачваюцца вял. сродкі.
Тэр. Беларусі з-за яе геагр. становішча неаднаразова на працягу апошніх стагоддзяў станавілася арэнай самых актыўных ваен. дзеянняў, якія прывялі да вял. матэрыяльных і людскіх страт (у 2-ю сусв. вайну Беларусь страціла каля 2,5 млн. жыхароў). Пасля набыцця незалежнасці і прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 у знешняй палітыцы Беларусі перш за ўсё замацаваны прынцыпы роўнасці дзяржаў, непрымянення сілы або пагрозы сілай, мірнага ўрэгулявання спрэчак, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў. Рэспубліка Беларусь ставіць за мэту зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай. Прапаганда вайны, паводле нац. заканадаўства, з’яўляецца злачынствам і праследуецца ў крымін. парадку.
Літ.:
Фуллер Дж.Ф. Вторая мировая война 1939—1945 гг.: Пер. с англ.М., 1956;
Вержховский Д.В., Ляхов В.Ф. Первая мировая война 1914—1918 гг.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЬКАЎШЧЫНА, Айчына, Радзіма,
1) гіст.-культуралагічнае і філасафічнае паняцце, якое азначае пэўную этнакультурную супольнасць, адносіны чалавека да яе, патрыятызм; сінонімы — родная краіна, родная зямля. У гісторыі бел. грамадскай думкі і л-ры прайшло шматвяковую эвалюцыю, зместам і формай адпаведную канкрэтна-гіст. умовам. У стараж. пісьмовых крыніцах паняцце Бацькаўшчына перадавалася выразамі «зямля», «руская зямля», «атчына», «атчызна», радзей — «материзна». Па меры фарміравання цэнтралізаванай дзяржавы, узмацнення этнакансалідацыйных працэсаў пашыраўся і паглыбляўся змест паняцця «айчына» як увасаблення агульнадзярж., агульнаграмадскіх інтарэсаў: «отчызна наша Великое князство Литовское» (Устаўная грамата вял. князя Аляксандра 1501); ужываліся і сінанімічныя выразы: «панство», «гаспадарства», «княства». У афіц. практыцы феад. грамадства ідэя Бацькаўшчыны найчасцей атаясамлівалася з ідэяй дзяржавы, народа ў іх саслоўна-прывілеяваным разуменні.
З актывізацыяй гуманіст. думкі на Беларусі ў эпоху Адраджэння пашырылася і дэмакр. канцэпцыя паняцця Бацькаўшчына, заснаваная на прынцыпах раўнапраўя людзей розных сац. станаў, нац. і канфесійнай прыналежнасці, на ідэі самаахвярнага служэння чалавека сваёй Радзіме. У творчасці Ф.Скарыны вылучаецца ідэя справядліва арганізаванага грамадства на аснове гарманічнасці асабістых і супольных інтарэсаў, усебаковага сац., культ.-духоўнага развіцця народа, адданасці ўсіх і кожнага роднай зямлі. Скарынаўская патрыят. традыцыя знайшла працяг у творчасці і грамадскай дзейнасці С.Буднага, В.Цяпінскага, Ф.Кміты-Чарнабыльскага, Л.Сапегі, Ф.Еўлашоўскага, Я.Цадроўскага, аўтараў Хронікі Быхаўца, Баркулабаўскага летапісу, «Прамовы Мялешкі», Магілёўскай хронікі і інш.
Паняцце Бацькаўшчыны паглыблена і ўзбагачана ў канцы 18 — пач. 20 ст., у эпоху нац. кансалідацыі, змагання за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску (гл. ў арт.Беларускі нацыянальна-вызваленчы рух). У новай бел. л-ры («Песня беларускіх жаўнераў», творы В.Дуніна-Марцінкевіча, А.Вярыгі-Дарэўскага, К.Каліноўскага, нарадавольцаў групы «Гоман», Ф.Багушэвіча, А.Абуховіча, К.Каганца, пісьменнікаў-нашаніўцаў) выказаны адвечныя патрыят. імкненні, абуджэнне гіст., нац. свядомасці бел. народа, замілаванне сваёй Бацькаўшчынай, рашучасць бараніць яе. Рознабаковы, цэласны змест паняцце Бацькаўшчына, з улікам гал. кампанентаў (геагр.-тэр. абшар, народ, дзяржава, паліт. і эканам. лад, культура, мова, гіст. спадчына), набыло пасля рэвалюцыі 1905—07. Пад сцягам адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі кансалідаваліся літ., культ.-асветныя, парт., сац.-рэв. аб’яднанні, плыні, рухі, што праявілася ў дзейнасці Беларускай сацыялістычнай грамады, газ.«Наша доля»; «Наша ніва», бел. выдавецкіх суполак, Усебеларускага з’езда 1917 і інш. Барацьба за нац. адраджэнне Бацькаўшчыны ўкаранавана абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі, затым Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі. Паняцце Бацькаўшчыны як спрадвечнага абшару ў этнічных, дзярж. межах бел. народа, як свабоднага дэмакр. грамадства, уладкаванага паводле сац.-паліт. і нац. раўнапраўя, бесперашкоднага духоўнага развіцця, прыязнасці з суседнімі і ўсімі інш. народамі свету, грамадства, гарантаванага ў сваіх правах і жыццёвых інтарэсах уласнай незалежнай дзяржавай, стала кансалідуючай ідэяй бел. адраджэнскага руху (гл. ў арт.Адраджэнне нацыянальнае). Яна знайшла сваё адлюстраванне ў творах А. і І.Луцкевічаў, А.М.Уласава, В.Ю.Ластоўскага, Я.Коласа, М.Багдановіча, Цёткі, З.Бядулі, А.Гаруна, Л.Гмырака, М.Гарэцкага, Я.Лёсіка, І.Канчэўскага, асабліва Я.Купалы. У купалаўскай публіцыстыцы далей развіты скарынаўскі ідэал Бацькаўшчыны — справядлівай маці ўсіх людзей краіны, незалежна ад іх нацыянальнасці, веравызнання, што пры нац. і канфесіянальнай неаднароднасці бел. грамадства мела і мае прынцыповае значэнне. Ідэя Бацькаўшчыны адыграла ролю ў змаганні народа супраць падзелу бел. зямлі паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921, за ўз’яднанне падзеленых частак краіны ў адзінай бел. дзяржаве, супраць ням.-фаш. захопнікаў у гады 2-й сусв. вайны, служыла і служыць незаменным духоўным стымулам у процідзеянні нацыянальна свядомых сіл грамадства асіміляцыі бел. народа з боку парт.-наменклатурнай дыктатуры. З канца 1980-х г. дзеля новага адраджэння Бацькаўшчыны-Беларусі, адбудовы яе паліт.-дзярж. незалежнасці і суверэнітэту, пераадолення сац.-эканам. крызісу, заняпаду бел. мовы, нац. культуры гуртуюцца патрыят. сілы бел. этнасу, уключна з бел. эміграцыяй. Нац.-адраджэнскай ідэяй прасякнуты Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Рэспублікі Беларусь (27.7.1990), Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (1994), праграмныя дакументы бел.дэмакр. партый і арг-цый.
2) Родны куток, месца, дзе нарадзіўся і вырас хто-небудзь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км². Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.