ЧАРНА́ЎЧЫЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу ў в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на. Пабудаваны ў 1595 па фундацыі М.​К.​Радзівіла Сіроткі. Аднанефавы мураваны храм зальнага тыпу з рудыментам трансепта і развітай паўкруглай апсідай, да якіх прылягаюць квадратныя ў плане больш нізкія прыбудовы з 1-схільнымі дахамі. З паўд. боку да апсіды прылягае круглая ў плане вежа з шатровым пакрыццём. Да гал. фасада прыбудаваны бабінец. Асн. аб’ём і апсіда накрыты высокім 2-схільным дахам з трохвугольнымі шчытамі на тарцах. Шчыт на гал. фасадзе аздоблены плоскімі прамавугольнымі і круглымі нішамі, тонкімі карнізамі, верт. цягамі.

Атынкаваныя масіўныя сцены (таўшчыня 1,3 м) бакавых фасадаў умацаваны контрфорсамі. Аконныя праёмы паўцыркульныя з прафіляванымі карнізамі. Унутры цыліндрычныя скляпенні на распалубках дэкарыраваны ляпнымі рэбрамі прыгожага геам. малюнка. У інтэр’еры 3 барочныя драўляныя паліхромныя скульптуры 18 ст. У рызніцы захоўваецца арнат, аблямаваны слуцкім поясам. На ПнЗ ад касцёла на высокім цокалі 3-ярусная званіца пад шатровым дахам. У працэсе архітэктурна-археал. даследаванняў устаноўлена, што сакрыстыя, рызніца і вежа прыбудаваны ў 17 ст.

А.​М.​Кушнярэвіч, Л.​Г.​Лапцэвіч, У.​А.​Чантурыя.

т. 17, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮДЗЕ́НІЧ Мікалай Мікалаевіч (30.7.1862, Масква — 5.10.1933),

военачальнік рас. арміі і белага руху на ПнЗ Расіі. Ген. ад інфантэрыі (1915). З дваран Мінскай губ. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1881) і Акадэмію Генштаба (1887). Удзельнік рус.-яп. вайны 1904—05. З 1907 ген.-кватармайстар, з 1912 нач. штаба Казанскай, з 1913 Каўк. ваен. акруг. У пач. 1-й сусв. вайны нач. штаба, са студз. 1915 каманд. Каўк. арміяй. Правёў Трапезундскую, а таксама Эрзурумскую аперацыю 1916. У сак.-крас. 1917 галоўнакамандуючы Каўк. фронтам. З мая 1917 у адстаўцы. Увосень 1918 эмігрыраваў у Фінляндыю, потым у Эстонію. У студз. 1919 т.зв. «Рускі камітэт» абвясціў яго лідэрам «белай справы», А.​В.​Калчак 10.6.1919 прызначыў галоўнакамандуючым войскамі на ПнЗ Расіі (у складзе войск Ю. дзейнічаў 2-і корпус Паўн.-Зах. арміі, камандзірам якога быў С.Н.Булак-Балаховіч). Увайшоў (жн. 1919) у склад створанага пад эгідай Вялікабрытаніі Паўн.-Зах. «ўрада». Пасля няўдалага паходу на Петраград (кастр.—ліст. 1919) Ю. адступіў з рэшткамі войска ў Эстонію. У 1920 эмігрыраваў у Вялікабрытанію.

т. 18, кн. 1, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕМЯШЭ́ЎСКІ Іван Міхайлавіч (н. 25.9.1949, в. Рухча 2-я Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1993), праф. (1996). Скончыў Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1970) і Мінскі пед. ін-т замежных моў (1986). З 1975 у Бел. эканам. ун-це (з 1985 заг. кафедры, з 1992 дэкан ф-та). З 1994 кіраўнік групы саветнікаў прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. З 1999 выканаўчы дырэктар «Белбізнесбанка». З 2001 у Мінскім ін-це кіравання. Навук. працы па фундаментальнай эканам. тэорыі, гісторыі эканам. вучэнняў, тэорыі нац. эканомікі Беларусі, яе фінансах і банкаўскай сістэме. Даследуе актуальныя праблемы трансфармацыі сучасных эканам. сістэм. Гал. рэдактар навук.-практычнага час. «Плюсминус» (1992—96). Пад рэдакцыяй і ў перакладзе Л. апублікавана кн. «Сацыяльная рыначная гаспадарка: Ідэя і развіццё эканамічнага ладу ФРГ» (1994).

Тв.:

История экономических учений. Мн., 1984 (у сааўт.);

Социалистическая предприимчивость. Мн., 1986;

Экономическое самоуправление. Мн., 1992;

Микроэкономика: Теория национальной экономики. Мн., 1994;

Экономическая теория. Ч. 1. Мн., 2002;

Микроэкономика (Экономическая теория). Ч. 2. 2 изд. Мн., 2003.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),

тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс. чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш. Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.

Тэр. Аамыня са стараж. часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.

Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сць тэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар. гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн. гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.

Ю.​В.​Ляшковіч, У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ТРЭ́ЦІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ТЭА́ТР (БДТ-3). Існаваў у 1920—37. У розны час меў назвы: Трупа бел. артыстаў пад загадам У.​Галубка

(Трупа Галубка),

Другая бел. дзярж. трупа (з 1924), Бел. дзярж. вандроўны тэатр (з 1926), з 1932 БДТ-3. Арганізатар і маст. кіраўнік Галубок. Адкрыўся 10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» Галубка. Выступаў у Мінску і па ўсёй Беларусі. Нёс у масы бел. нац. культуру, праводзіў вял. культ.-асв. работу. Пастаноўшчыкам усіх спектакляў быў Галубок, ён жа ствараў маст. і муз. афармленне. Калектыў наследаваў і прадаўжаў традыцыі бел. нар. т-ра, Першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага і Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, укр. труп. Спектаклі былі насычаны музыкай, песнямі, танцамі, нац. каларытам. Ставіліся п’есы Галубка, Ф.​Аляхновіча, Я.​Купалы, Я.​Коласа, М.​Чарота, Л.​Родзевіча, В.​Дуніна-Марцінкевіча, К.​Каганца і інш. Першымі акцёрамі былі сам Галубок і члены яго сям’і, бел. пісьменнікі (І.​Барашка, А.​Дудар, В.​Сташэўскі, М.​Чарот). У сярэдзіне 1920-х г. трупа папоўнілася маладымі акцёрамі (К.​Быліч, У.​Дзядзюшка, С.​Бірыла, А.​Згіроўскі і інш.). Асобныя спектаклі ставілі Е.​Міровіч, У.​Крыловіч, Ф.​Ждановіч, М.​Міцкевіч. У 1928 Галубку першаму ў рэспубліцы прысвоена званне нар. арт. БССР. З канца 1920-х г. з наступам ідэалогіі на мастацтва тэатр трапіў пад вострую афіц. парт. крытыку, яго кіраўніцтва абвінавацілі ў нацыяналіст. ухіле, у нізкім маст. узроўні пастановак. На пач. 1930-х г. адбылася рэарганізацыя тэатра. У 1931 яго маст. кіраўніком прызначаны К.​Саннікаў (Галубок застаўся дырэктарам і акцёрам), у 1932 т-р атрымаў сталую базу ў Гомелі. У 1934 для павышэння кваліфікацыі калектыў быў накіраваны на 3-месячныя курсы ў Маскву. У рэпертуары быў узяты курс на сучаснасць. Ставіліся пераважна тагачасныя сав. п’есы, якія ішлі ў інш. т-рах краіны, а таксама асобныя класічныя творы (А.​Астроўскага, А.​Пушкіна, Ф.​Шылера). У выніку такой перабудовы павысіліся агульны прафес. ўзровень калектыву, пастановачная культура спектакляў, але т-р страціў нац. самабытнасць і непаўторнасць. У 1937 Галубок і вядучы акцёр Згіроўскі былі рэпрэсіраваны, а т-р расфарміраваны.

А.​В.​Сабалеўскі.

Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка.
Да арт. Беларускі трэці дзяржаўны тэатр. Сцэна са спектакля «Суд» У.​Галубка.

т. 2, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ БУДЫ́НКІ,

комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял. Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г. створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.​Іваноў), матэматыкі (арх. А.​А.​Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.​Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.​А.​Воінаў), Цэнтр. навук. б-кі імя Я.​Коласа (арх. Э.​Гальдштэйн).

На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.​Беразоўскі, Ю.​Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.​Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.​Аладава, В.​Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы (арх. А.​Духан, А.​Красоўскі, Л.​Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.​Малышаў, А.​Пецярбуржцаў, Я.​Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.​Вінаградаў, Г.​Гераўкер, Б.​Папоў) і інш. Іл. гл. да арт. Мінск.

С.​А.​Сергачоў.

т. 11, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́МСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на Пд Зах.-Сібірскай раўніны, у Рас. Федэрацыі. Утворана 7.12.1934. На Пд мяжуе з Казахстанам. Пл. 139,7 тыс. км². Нас. 2180 тыс. чал. (1998), гарадскога 67,2%. Цэнтр — г. Омск. Найб. гарады: Ісількуль, Тара, Калачынск.

Паверхня пераважна раўнінная (выш. 100—140 м), на Пн забалочаная, на Пд невял. выцягнутыя ўзвышшы — грывы. Карысныя выкапні: гліна, пясок, мергель, торф; у азёрах мірабіліт і кухонная соль. Клімат кантынентальны, умерана халодны. Сярэдняя т-ра студз. -20 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 300—400 мм за год. Гал. рака Іртыш з прытокамі Ом, Тара, Туй (справа), Ішым, Оша (злева). Шмат азёр. На Пн і ў цэнтр. ч. прэсныя (Тэніс, Ік, Салтаім), на Пд салёныя (Эбейты). Глебы чарназёмныя (на Пд), балотныя і дзярнова-падзолістыя (на Пн і ПнЗ), ёсць саланцаватыя і саланчакі. О.в. размешчана ў зонах паўднёватаежных і мяшаных лясоў, лесастэпу і стэпу. Пад лесам і хмызнякамі каля 25% тэрыторыі. На Пн лясы з кедра, елкі, піхты, далей на Пд бярозава-асінавыя лясы, у лесастэпе — калкі.

О.в. — адзін з найб. развітых раёнаў Зах. Сібіры. Гал. галіна — нафтаперапр. (45,7% кошту прамысл. прадукцыі), прадстаўлена Омскім нафтаперапр. з-дам. Развіты хім. і нафтахім. прам-сць (вытв-сць сінт. каўчуку, пластмас, мыйных сродкаў, медпрэпаратаў, лакаў, фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (вытв-сць матораў, самалётаў, ракет, тэлевізараў, магнітафонаў, газавай апаратуры, збожжаўборачных камбайнаў, трактарных прычэпаў, запчастак для с.-г. машын). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ (4 у г. Омск). На мясц. сыравіне працуюць харч. (масласыраробная, мясная, мукамольная і інш.), дрэваапр. (вытв-сць піламатэрыялаў, дачных домікаў, мэблі), часткова лёгкая (аўчынна-футравая, гарбарна-абутковая, ільняная, швейная, трыкат., дывановая) прам-сць. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых, малочна-мясной жывёлагадоўлі, свіна- і авечкагадоўлі. Пасяўныя плошчы займаюць 3,3 млн. га, у т. л. пад збожжавымі культурамі (яравая пшаніца, жыта, ячмень, авёс) 60% плошчы, тэхн. (сланечнік, лён) — 0,3%, кармавымі — 37,8%, бульбай і агароднінай — 1,9%. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коней, птушку. Пушны промысел (вавёрка, андатра, гарнастай і інш.); зверагадоўля. Даўж. чыгунак 886 км. Асн. чыгункі Транссібірская магістраль, Омск—Цюмень—Екацярынбург. Даўж. аўтадарог 7264 км. Унутр. водныя шляхі складаюць 1667 км. Суднаходства па рэках Іртыш, Ішым. Нафтаправоды Транссібірскі і Ніжнявартаўск—Усць-Балык—Омск.

П.​І.​Рогач.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ТМІКА (ад. грэч. rhythmikos які адносіцца да рытму) у вершаскладанні, 1) рытмічнае разгортванне слоўных адзінак у часе, характэрнае для асобнага верша, твора, цыкла, зборніка або ўсёй творчасці пэўнага аўтара.

2) Раздзел вершаскладання, які вывучае рытмічную будову нац. верша ў яго гіст. развіцці ці ў кантэксце. Звычайна Р. афармляецца ў выглядзе метрычных схем і графікі памераў. Асн. памеры: ямб, харэй, спандэй, пірыхій, дактыль, амфібрахій, анапест. Яны выкарыстоўваюцца для апісання і характарыстыкі рытмічнай пабудовы, аднак гэта сістэма недастатковая. Ствараючы твор, паэт звычайна не кіруецца пэўнай схемай, таму для аналізу верша магчыма выкарыстанне і муз. прыёмаў, прымаючы пад увагу, што Р. ў паэзіі суадпаведная Р. ў музыцы. Есць тэорыя акустычнай метрыкі, якая грунтуецца на аб’ектыўных даных, атрыманых з дапамогай пэўных прыбораў. Але ўсе гэтыя тэорыі не могуць будавацца без уліку семантыкі тэксту, значэння слоў у вершы. Вывучэнне еўрап. Р. пачалося ў антычнасці. Найб. поўна Р., названая «прасодыяй», распрацавана ў эпоху Адраджэння. На Беларусі першыя спробы распрацоўкі Р. звязаны з імёнамі Л.​Зізанія і М.​Сматрыцкага. У 19 — пач. 20 ст. з’явіліся працы Я.​Карскага, І.​Насовіча, М.​Багдановіча. Іх традыцыі працягвалі Я.​Барычэўскі, Ю.​Бярозка, А.​Вазнясенскі, У.​Дубоўка. Сістэматычнае вывучэнне Р. пачалося ў канцы 1960-х г., калі з’явіліся спец. працы М.​Грынчыка, В.​Рагойшы, І.​Ралько, М.​Янкоўскага, А.​Яскевіча і інш. Яны стварылі аснову для вывучэння Р. як эстэт. з’явы, распрацавалі асн. прынцыпы аналізу, хоць і сёння многія пытанні, звязаныя з рытміка-кампазіцыйнай арганізацыяй верша, інтанацыяй, мелодыкай не вывучаны.

Р. ў музыцы, 1) сукупнасць муз. гукаў і іх спалучэнняў, якія характарызуюць асаблівасці рытму ў пэўным стылі (аўтара, эпохі), жанры ці асобным творы і інш. (напр., Р. бел. карагодна-гульнявой песні).

2) Вучэнне пра рытм. Самаст. частка ант. і сярэдневяковай тэорыі музыкі; пазней адзін з важных элементаў вучэння пра кантрапункт і форму музычную. У сучаснай сістэме муз. адукацыі адзін з асн. раздзелаў элементарнай тэорыі музыкі і аналізу муз. твораў.

3) Сістэма маст. выхавання рытмавага пачуцця; вучэбная дысцыпліна, засн. на спец. фіз. практыкаваннях пад музыку. Садзейнічае развіццю муз. слыху і памяці. Выпрацоўвае адчуванне пластыкі муз. руху, яго памеру і тэмпу. Можа выкарыстоўвацца для выпраўлення фіз. недахопаў чалавека (у выглядзе аэробікі). Распаўсюджана ў Зах. Еўропе. Пашыраецца і на Беларусі.

Т.​І.​Шамякіна (літаратура), М.​В.​Шыманскі (музыка).

т. 13, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕТЛАГО́РСКІ РАЁН Размешчаны на Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,8 тыс. км². Нас. 23,9 тыс. чал. (2001), гарадскога 21%. Сярэдняя шчыльн. 13 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Светлагорск. Уключае г.п. Парычы, р.п. Сасновы Бор, 101 сельскі нас. пункт, 9 сельсаветаў: Асташкавіцкі, Баравікоўскі, Давыдаўскі, Казлоўскі, Краснаўскі, Мікалаеўскі, Палескі, Печышчанскі, Чыркавіцкі.

Тэр. раёна знаходзіцца пераважна ў межах Гомельскага Палесся, паўн. ч. — Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая, 95% яе на выш. 130—140 м, найвыш. пункт 160 м (на ПнЗ раёна каля в. Крукі) Агульны нахіл да даліны р. Бярэзіна. Карысныя выкапні: нафта, каменная соль, торф, буд. і сілікатныя пяскі, гліны і суглінкі. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Ала і Сведзь, Іпа з прытокам Віша. Меліярац. каналы: Пажыхарскі, Баравікоўскі, Яланскі, Нізавы канал (ч.). Светлагорскае вадасх. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: тарфяна-балотныя (32,7%), дзярнова-падзолістыя (29,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (23,2%). Пад лесам 53,7% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, дубовыя, яловыя; 25% з іх штучныя насаджэнні, у асн. хваёвыя. Найб. лясныя масівы на Пн. Пад балотамі 1,4% тэрыторыі. У межах раёна заказнікі рэсп. значэння: біял. — Чыркавіцкі, ландшафтны — Выдрыца (часткова); біял. мікразаказнік мясц. значэння — Светлагорскі. Помнікі прыроды рэсп. значэння: дубы чарэшчатыя ў Гарохавіцкім і Коўчыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 68,7 тыс. га, з іх асушаных 31,5 тыс. га. На 1.1.2001 у раёне 6 калгасаў, 10 с.-г. камунальных унітарных прадпрыемстваў (саўгасаў), 29 фермерскіх гаспадарак, міжгасп. прадпрыемства «Прудок», 5 падсобных гаспадарак вытв. прадпрыемстваў. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, птушкагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы, агародніны і насенняводстве збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы мэблевай, металаапр. (запасныя часткі для збожжаўборачных і кормаўборачных камбайнаў — Светлагорскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання), буд. матэрыялаў (цэгла, вырабы з драўніны), харч. (пладова-агароднінныя кансервы, сметанковае масла, цэльнамалочныя прадукты, сухое малако) прам-сці; лясгас. Па тэр. раёна праходзяць: чыгунка Жлобін—Калінкавічы, аўтадарогі Бабруйск—Мазыр, Жлобін—Светлагорск, Акцябрскі—Парычы—Рэчыца. У раёне 17 сярэдніх, 3 базавыя, 1 пач., 2 спарт., 3 дзіцячыя муз. школы, Цэнтр пазашкольнай працы, дзіцячы прытулак, абласны дзіцячы дом, 22 дашкольныя ўстановы, 43 клубы, 35 б-к, 2 бальніцы, 3 амбулаторыі, 29 фельч.-ак. пунктаў, 1 санаторый. Выдаецца газ. «Светлагорскія навіны».

Г.​Я.​Будрэвіч, Р.​Р.​Паўлавец.

т. 14, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯНЦЯ́НСКІЯ ГРА́ДЫ, Свянцянскае ўзвышша,

дугападобная сістэма (з прагінам на Пд) напорных краявых ледавіковых град на ПнЗ Беларусі; фізіка-геагр. раен Бел.-Валдайскай правінцыі (акруга Бел. Паазер’я). Назва дадзена ў 1930-я г. польскімі географамі ад г. Свянцяны (цяпер Швенчоніс, Літва). Працягнуліся ад воз. Дзіснай (Літва) на тэр. Беларусі, дзе накіраваны ў паўд.-ўсх. і паўн.-ўсх. напрамках у паўд.-зах. ч. Віцебскай і паўн.-зах. ч. Мінскай абласцей. Мяжуюць з Полацкай нізінай на Пн, Ушацка-Лепельскім узв. на У, Верхнебярэзінскай і Нарачана-Вілейскай нізінамі на ПдУ і Пд. Выш. да 228 м у межах Беларусі (288, каля г. Швенчоніс, Літва), працягласць з 3 на У 120—130 км, з Пн на Пд 35—45 км. Пл. 2,7 тыс. км². С.г. прымеркаваны да Беларускай антэклізы. Асадкавы чахол складзены з адкладаў дэвонскага, мелавога, палеагенавага ўзросту. Антрапагенавыя ўтварэнні (магутнасць больш за 100 м) дняпроўскага, сожскага і паазерскага зледзяненняў. Рэльеф буйнаўзгорысты і градава-марэнна-азёрны, сфарміраваўся пераважна пад уплывам ледавіка паазерскага зледзянення. У фарміраванні паверхні вял. ролю адыграў актыўны ледавік (марэны напору, гляцыядыслакацыі, адорвені, ледавіковыя лагчыны), а таксама пасіўны («мёртвы»), які ўплываў на ўтварэнне камаў, озаў, тэрмакарставых і падпрудных азёрных катлавін. Адносныя перавышэнні рэльефу да 50—60 м. У паніжэннях і лагчынах паміж марэннымі градамі шмат невялікіх, глыбокіх азёр, размешчаных групамі (Лучайская, Мядзельская, Доўгаўская, Глыбоцкая) і злучаны пратокамі і малымі рэчкамі.

Тут знаходзіцца самае глыбокае на Беларусі воз. Доўгае (глыб. 53,7 м). Па градах праходзіць водападзел паміж бас. рэк Зах. Дзвіна і Нёман. На паўн. схілах пачынаюцца рэкі Мядзелка, Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута; на паўд. — Страча, Сэрвач. Карысныя выкапні: гліны легкаплаўкія, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пясок, торф, сапрапель. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя слаба- і сярэднеападзоленыя; месцамі эрадзіраваныя, у паніжэннях глеістыя, часам карбанатныя. Лясы захаваліся невял. ўчасткамі, займаюць каля 25% тэрыторыі. Пашыраны мяшаныя драбналістыя маладнякі і субаравыя хвойнікі, месцамі дубовыя і шыракаліста-яловыя асацыяцыі. У паніжэннях зараснікі вярбы, бярозы, хвоі, чорнай вольхі. Пад ворывам больш за 40% тэрыторыі, характэрна драбнаконтурнасць с.-г. угоддзяў (пл. 3—4 га). Асаблівасці рэльефу садзейнічаюць праяўленню плоскаснага змыву глеб. У межах С.г. частка нац. парку Нарачанскі; заказнікі: ландшафтны Блакітныя Азёры, гідралагічныя Доўгае і Белае, біял. Некасецкі, Рудакова, Пасынкі.

В.​П.​Якушка.

Свянцянскія грады ў Мядзельскім раёне Мінскай вобл.

т. 14, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)