МІ́СТЫКА, містыцызм (ад грэч. mistikos таямнічы),

рэлігійна-філас. плыні, якія прызнаюць магчымасць непасрэдных зносін і яднання чалавечай душы з Богам (абсалютам) на прынцыпах звышпачуццёвага сузірання і індывід. экстатычнага перажывання. У гэтым плане М. супрацьпастаўляецца схаластыцы, якая звязвае шлях спасціжэння Бога з логікай разважання, г. зн. з прынцыпамі рацыяналізму.

Вытокі М. ў стараж. таямнічых рэліг. арг-цыях і культах, якія па-рознаму праяўляліся ў розных рэліг. сістэмах і тэалагічных дактрынах народаў свету. У Стараж. Грэцыі існавалі містычныя культы орфікаў, Дыянісія. Ісіды, Мітры; у Стараж. Кітаі М. праяўлялася у даасізме, у Стараж. Індыі — у будызме і брахманізме, у Іране — у суфізме. Найб. пашырэнне М. атрымала ў эпоху сярэднявечча. У філас.-тэарэт. плане М. абгрунтавана ў працах неаплатонікаў і раннехрысц. багасловаў (Арыген, Афінагор, Аўгусцін і інш.), якія распрацоўвалі паняцце трансцэндэнтальнага абсалюту, спрабавалі высвятляць праблемы духоўна-містычнага «яднання» чалавека і гэтага абсалюту. Адрозніваюць М. артадаксальную і неартадаксальную. Артадаксальная М. прызнавалася хрысціянскай царквой. Яе прадстаўнікі (Бернар Клервоскі, Гуга Сен-Вікторскі і інш.) пры тлумачэнні шляху спасціжэння Бога зыходзілі з вучэння Аўгусціна аб звышпачуццёвым азарэнні чалавечай душы па літасці божай. Неартадаксальная М. (Іаан Скот Эрыўгена, Мікалай Кузанскі і інш.) прызнавала тоеснасць прыроды душы і Бога і ў нейкай ступені змыкалася з пантэізмам, які адвяргаўся царквой. Выступленне прыхільнікаў гэтай плыні за індывід. шляхі богапазнання ў канчатковым выніку прыводзіла да апазіцыі ў адносінах да іерархічных рэліг. ін-таў, свяшчэнных і царк. аўтарытэтаў (напр., містычны пантэізм Т.​Мюнцэра, які спалучаўся з элементамі рацыяналізму і атэізму). У Расіі, акрамя рэліг. арг-цый, М. прапагандавалася славянафіламі, масонамі, філосафамі-ідэалістамі (У.​Салаўёў, М.​Бярдзяеў). Ідэі М. распаўсюджваюцца ў неатамізме, персаналізме, экзістэнцыялізме, прагматызме, неапратэстантызме.

Т.​І.​Адула.

т. 10, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЫ́ЖСКАЯ О́ПЕРА (L’Opéra de Paris),

«Гранд-Апера» (Grand Opéra; афіц. назва Нацыянальная акадэмія музыкі і танца; Académie Nationale de musique et danse), оперна-балетны тэатр у Парыжы; адзін з вядучых цэнтраў франц. муз.-тэатр. культуры. Засн. ў 1669, адкрыты ў 1671 як Каралеўская акадэмія музыкі (да 19 ст. назвы мяняліся). У 1713 пры т-ры створана балетная школа. З 1875 працуе ў будынку, пабудаваным арх. Ш.​Гарнье (рэканструяваны ў 1936; размалёўка плафона М.​Шагала, 1963—65), і наз. «Гранд-Апера». Дзейнасць тэатра звязана з увасабленнем на сцэне твораў розных жанраў нац. франц. оперы: лірычная трагедыя, опера-балет, вялікая опера, лірычная опера і інш. Ставіліся творы Ж.​Б.​Люлі (у 1672—87 кіраўнік тэатра), Ж.​Ф.​Рамо, К.​В.​Глюка, Дж.​Расіні, Дж.​Меербера, Г.​Берліёза, Г.​Даніцэці, А.​Адана, Ш.​Гуно, Дж.​Вердзі, Р.​Вагнера, Ж.​Маснэ, К.​Сен-Санса, Л.​Дэліба і інш., некаторыя з іх у тэатры пастаўлены ўпершыню. Склалася франц. школа класічнага танца. Акрамя опер і балетаў франц. кампазітараў у рэпертуары сусв. класіка, у т. л. руская (творы М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, П.​Чайкоўскага, І.​Стравінскага, С.​Пракоф’ева). У тэатры выступалі і выступаюць вядомыя спевакі, у т. л. М.Ф.Малібран, П.М.Віярдо-Гарсія, Джулія Грызі, Д.​Дзюваль, М.Калас, Э.Каруза, Ф.Шаляпін, А.​Няжданава, Ц.Гобі, М.Геда; артысты балета М.Тальёні, К.Грызі, Л.​Дарсанваль, Л.​Дэйдэ, В.Ніжынскі, С.Перэці, С.Атанасаў, П.​Бар; сярод балетмайстраў Ж.Ж.Навер, Л.​Петыпа, С.Ліфар, М.Фокін, М.Бежар, у 1985—89 маст. кіраўнік балетнай трупы Р.Нурыеў; дырыжоры Ш.​Ламуро, Э.​Калон, П.​Манцё, Р.​Дэзарм’ер, Ш.​Мюнш, Л.​Фарэсцье, П.Булез і інш. З 1990 працуе балетная сцэна, у будынку на пл. Бастыліі — оперная.

Л.​В.​Календа.

т. 12, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАСТЫ́ЧНЫЯ МА́СЫ, пластмасы, пластыкі,

матэрыялы на аснове палімераў, якія пры фармаванні іх у вырабы знаходзяцца ў вязкацякучым ці высокаэластычным стане, а пры эксплуатацыі — у шклопадобным або аморфна-крышталічным. У састаў П.м. акрамя палімераў уваходзяць напаўняльнікі: цвёрдыя (паводле іх прыроды адрозніваюць арганапласты, азбапластыкі, борапластыкі, вугляродапласты, графітапласты, металапалімеры, шклапластыкі) ці газападобныя (гл. Газанапоўненыя пластыкі), стабілізатары (антыаксіданты, антыпірэны і інш.), пластыфікатары, фарбавальнікі і пігменты. Паводле фіз. і хім. ператварэнняў, што адбываюцца з палімерам пры фармаванні вырабаў падзяляюць на тэрмапласты (найважн. на аснове поліэтылену, полівінілхларыду, полістыролу) і рэактапласты (найб. пашыраны від — фенапласты).

Перапрацоўка рэактапластаў у вырабы адбываецца адначасова з ацвярдзеннем палімераў, пры гэтым пластык страчвае здольнасць пераходзіць у вязкацякучы стан. Пры фармаванні вырабаў з тэрмапластаў матэрыял цвярдзее пры ахаладжэнні расплаву без хім. сшывання макрамалекул і захоўвае здольнасць да шматразовых пераходаў у вязкацякучы стан. П.м. бываюць аднафазнымі (гамагеннымі) і мнагафазнымі (гетэрагеннымі кампазіцыйнымі) матэрыяламі; у гамагенных палімер з’яўляецца асн. кампанентам, які вызначае ўласцівасці матэрыялу, у кампазіцыйных выконвае функцыю дысперсійнага асяроддзя (сувязнага) у адносінах да інш. кампанентаў. Найважн. добрыя якасці П.м.: малая шчыльнасць, нізкі каэф. трэння і малы знос пры эксплуатацыі, высокая хім. ўстойлівасць, выдатныя дыэлектрычныя і аптычныя ўласцівасці, шырокі спектр дэфармацыйна-трываласных уласцівасцей, прывабны знешні выгляд вырабаў. Асн. прамысл. метады перапрацоўкі тэрмапластаў — ліццё пад ціскам, экструзія, вакуум-фармаванне, пнеўмафармаванне; рэактапластаў — прасаванне і ліццё пад ціскам.

Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах прам-сці і сельскай гаспадаркі ў якасці матэрыялаў рознага прызначэння (канстр., ахоўнага, электратэхн., дэкаратыўнага, фрыкцыйнага і інш.). На Беларусі пластмасавыя вырабы выпускае Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, мінскі завод «Тэрмапласт». Гл. таксама Высокамалекулярныя злучэнні.

Літ.:

Кацнельсон М.Ю., Балаев Г.А. Полимерные материалы: Свойства и применение: Справ. Л., 1982.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧЫ,

род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл. Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр. генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн. Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княства Рус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута» пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.

Літ.:

Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;

Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;

Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;

Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.

С.​В.​Пазняк.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІ́СЛАЦКІ ЗА́МАК Існаваў у 12—17 ст. каля в. Свіслач

(цяпер Асіповіцкі р-н Магілёўскай вобл.). Гарадзішча «Замак», звязанае з гісторыяй мяст. Свіслач і Свіслацкага княства (14 ст.),

размяшчалася на мысе правага берага р. Бярэзіна, у якую справа ўпадае р. Свіслач. У сярэдзіне 17 ст. замкавая пляцоўка мела форму прамавугольніка (72,8 × 63,5 м), была аддзелена ад астатняга плато шырокім (каля 15 м) дугападобным ровам і ўмацавана па краі земляным валам. Над узроўнем вады ў Свіслачы замчышча ўзвышалася на 12 м. У 1-й пал. 13 ст. замак быў спалены. Потым яго разам з горадам разбурылі ў 1506 крымскія татары і ў 1535 — рус. войскі. Ужо ў 1501 С.з. меў агнястрэльную зброю, у т. л. гарматы. Паводле плана С.з. (1647), зробленага ўладальнікам Свіслачы кн. Багуславам Радзівілам, у драўляным замку меліся 3 вежы, у т. л. ўязная брама, і 2 участкі сцен-гародняў даўж. 39 м і 35,8 м. На самым мысе С.з. размешчана пабудова ў форме прамавугольніка (верагодна, дом адміністратара). На 2-м плане Радзівіла акрамя замка пазначаны і ўчастак тэрыторыі паміж Бярэзінай і Свіслаччу. У месцы найб. блізкага працякання іх адна каля адной знаходзіліся земляны вал з брамай на ім і абарончы роў, які запаўняўся водамі рэк. Другая размяшчалася з боку моста цераз р. Свіслач. У час антыфеад. вайны 1648—51 паўстанцкі атрад палк. Г.​Бута колькасцю каля 1 тыс. чал. заняў у 1648 Свіслач. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 без вял. намаганняў «Иван Золоторенко город Свислочь взял... в сентябре 1654 г.». З таго часу ў дакументах звесткі пра С.з. больш не сустракаюцца.

М.​А.​Ткачоў.

Свіслацкі замак. Агульны выгляд у сярэдзіне 17 ст. Рэканструкцыя С.​А.​Сергачова.

т. 14, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Балва́н 1 ’балван’ (Касп., Шат., Сержп.), ст.-бел. болван (Гіст. лекс., 140), болван, балван (Бярында). Параўн. яшчэ балва́н ’драўляны слуп пры печы; слуп наогул’ (Нас.). Рус. болва́н, укр. бовв́ан, серб.-харв. ба̀лван і г. д. Прасл. bъlvanъ, bal(ъ)vanъ. Слова няяснага паходжання. Падрабязны агляд шматлікіх версій гл. Фасмер, 1, 186–187. Не пераконвае Шанскі, 1, Б, 154–155. Не выключаецца, што ёсць сувязь з ням. дыял. (альпійскім) Balwe, Balme ’скала’ (так Мацэнаўэр, Cizí sl., 18). Бел. форма не можа паходзіць непасрэдна ад *bъlvanъ (іначай было б *баўван, параўн. укр. бовва́н). Гэта запазычанне з рус. або хутчэй польск. (bałwan; параўн. і ст.-бел. балван). Гл. яшчэ Мартынаў, Зб. Крапіве, 211.

Балва́н 2 ’дурань’ (Нас., Касп., Шат., Сцяц.). Рус. болва́н, укр. бовва́н. Старая метафара ’балван, статуй’ → ’дурань’, што мае месца, як здаецца, толькі ва ўсх.-слав. мовах. Форма ба́лван (Нас.), мабыць, адлюстроўвае польск. bałwan.

Балва́н 3 ’снежная баба’ (Сцяц.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’. Акрамя геаграфіі слова (зах. бел. гаворкі), да гэтага меркавання вядзе і тое, што прасл. слова ў зах. (і паўд.) слав. мовах азначае ’скала, камень, глыба, снежная баба, воблака і да т. п.’

Балва́н 4 ’воблака’ (Янук.). Запазычанне з польск. bałwan ’тс’ (да аргументацыі гл. балван 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тасава́ць 1 ’перамешваць (ігральныя карты)’ (ТСБМ, Янк. 1), та́соваць ’тасаваць (карты)’ (ТС), тасова́ті ’тс’ (Вруб.), тусува́ць ’мяшаць карты’ (Бяльк.), сюды ж тасо́ваны ’перамешаны, пераблытаны’ (ТС). Праз польск. tasować ’перамешваць карты’, ’расстаўляць, распінаць, ставіць’ з франц. tasser ’збіраць у кучу’, звязанае з tas ’куча’ (Фасмер, 4, 26; Брукнер, 566; ЕСУМ, 5, 526).

Тасава́ць 2 ’штурхаць, штыляць’ (Янк. 1), ’штурхаць, біць’ (Мат. Гом.), ’рыхліць, ускопваць’ (Сцяшк. Сл.; карэліц., Шатал.), сюды ж тасыну́ты ’штурхануць, піхануць’ (Клім., Сл. Брэс.). Відаць, роднаснае чэш. tasiti ’сячы; вымаць з похвы’, якое Махэк₂ (637) лічыць ітэратывам ад tesati (гл. цясаць) і параўноўвае з лат. test, якое акрамя ’абчосваць’ мае значэнне ’біць’. Сюды ж, магчыма, ст.-бел. тасоване ’?’: ковалю за тасоване прутов осми и два новых… заплатили (1686 г., КГС). Параўн. таскаць, ташчыць, гл.

Тасава́ць 3 ’зносіць, цягаць, кідаць’ (рагач., Сл. ПЗБ). Няясна. Нагадвае чэш. tasiti ’цягнуць, валачы’, якое Махэк₂ (637) параўноўвае з рус. таска́ть ’цягаць, валачы’ (параўн. таскаць, гл.), роднасным літ. tąsýti ’торгаць, цягаць, валачы’; паводле аўтараў Сл. ПЗБ (5, 92), апошняе магло быць крыніцай слова, што не мае падстаў. Махэк₂ (там жа) лічыць чэшскае слова ізаляваным у славянскіх мовах, паколькі адсутнічае зыходны дзеяслоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАЗІДЫЯ́ЛЬНЫЯ ГРЫБЫ́, базідыяміцэты (Basidiomycetes),

клас вышэйшых грыбоў з асаблівымі органамі размнажэння — базідыямі. У эвалюц. развіцці — сістэматычная група, паралельная сумчатым грыбам. У аснове класіфікацыі базідыяльных грыбоў асаблівасці будовы базідый і пладовых цел. Уключаюць 3 падкласы (гетэрабазідыяміцэты, тэліяспораміцэты, холабазідыяміцэты), 2 групы парадкаў (гастэраміцэты і гіменаміцэты), 20 парадкаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 2 тыс. відаў з 12 парадкаў (агарыкальныя, аўрыкулярыяльныя, афілафаральныя, галаўнёвыя грыбы, гіменагастральныя, дакрыміцэтальныя, дрыжалкавыя, іржаўныя грыбы, нідулярыяльныя, лікапердальныя, склерадэрматальныя, фаляльныя). Да базідыяльных грыбоў належаць мікраскапічныя формы і грыбы з буйнымі пладовымі целамі — макраміцэты. Большасць базідыяльных грыбоў — сапратрофы, мікарызаўтваральнікі, многія — паразіты раслін, узбуджальнікі хвароб с.-г. культур (галаўнёвыя і іржаўныя грыбы), гнілі драўніны (губавыя грыбы, дамавыя грыбы), ёсць ядомыя (апенька, баравік, масляк, падасінавік, сыраежка і інш.), лек. (чага, вясёлка) і ядавітыя (мухаморы). Некаторыя віды (шампіньёны, дрэўнавушка і інш.) уведзены ў прамысл. культываванне.

Для базідыяльных грыбоў характэрна поўная страта спецыялізаваных палавых клетак. Канідыяльнае (бясполае) споранашэнне трапляецца рэдка; палавое споранашэнне — базідыяспоры. Палавы працэс ідзе па тыпе саматагаміі праз зліццё дзвюх вегетатыўных (саматычных) клетак гаплоіднага міцэлію, што вырастае з базідыяспораў. Характэрная марфалагічная асаблівасць базідыяльных грыбоў — наяўнасць спражак — дугападобных структур каля папярочных перагародак, што падзяляюць клеткі гіфы. На дыкарыятычным міцэліі ў большасці базідыяміцэтаў фарміруюцца пладовыя целы, на паверхні або ўнутры якіх утвараюцца базідыі. Пладовыя целы базідыяльных грыбоў розных тыпаў: гіменіяльныя (спараносны слой — гіменій — на паверхні цела) і гастэральныя (гіменій унутры цела, замкнёнага да поўнага выспявання базідыяспораў); формы — плоскія, канічныя, капытападобныя, плеўкавыя, распасцёртыя на субстраце, падзеленыя на шапку і ножку; кансістэнцыі — мясістыя, дравяністыя, шчыльналямцавыя, скурыстыя.

А.​М.​Капіч.

Базідыяльныя грыбы: 1 — развіццё холабазідый і базідыяспораў (а — холабазідыя; б — базідыяспора); 2 — тыпы базідый (а — холабазідыя; б, в, г — гетэрабазідыі, д — фрагмабазідыя); 3 — цыкл развіцця шапкавага грыба (а — базідыяспоры, б — гаплоідны міцэлій, в — дыкарыяфітны міцэлій, г — пладовае цела, д — базідыя з базідыяспорамі); 4 — гіменій (а — цыстыда, б — парафіза, в — базідыя з базідыяспорамі).

т. 2, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯ́РЫ,

1) вышэйшы слой феад. грамадства ў Кіеўскай Русі, пазней — у Рускай дзяржаве. Былі васаламі князя, абавязанымі служыць у яго войску, маглі перайсці да другога князя. Мелі свае вотчыны і васалаў. У 17 ст. розніца паміж баярамі і дваранствам сцерлася.

2) Служылыя людзі ў Рус. дзяржаве, якія ўваходзілі ў Баярскую думу.

3) Ваенна-служылыя людзі ў ВКЛ. Паходзілі з баяр Полацкага, Тураўскага і Смаленскага княстваў, баяр і дружыннікаў вял. князёў літоўскіх. У 13—16 ст. большасць баяр атрымала саслоўныя прывілеі феадалаў. Частка з іх была прамежкавай групай паміж феадаламі і сялянамі. Пачынаючы з Гарадзельскага прывілея 1413, для абазначэння саслоўя феадалаў побач з тэрмінам «баяры» ў афіц. актах ужываўся тэрмін «баяры-шляхта» або шляхта. Большасць баяр былі васаламі гаспадара (вял. князя), частка — буйных феадалаў-князёў, паноў, буйных баяр. Значная колькасць баяр-шляхты мела па некалькі або зусім не мела феадальна-залежных сялян. Акрамя баяр-шляхты існавала значная група ваенна-служылых людзей, куды ўваходзілі не толькі нашчадкі дробных бел. і літ. баяр і дружыннікаў, але і прадстаўнікі вярхоў сялянства. Яны падзяляліся на баяр панцырных, путных баяр або проста баяр (часам іх звалі служкамі), слуг путных, слуг дамовых. Усе яны атрымлівалі надзелы зямлі пры ўмове нясення службы, гал. чынам вайсковай. Значная ч. баяр да канца 16 ст. аформілася як шляхецкае саслоўе. На Беларусі ад назвы сац. групы баяр замацаваліся тапонімы: Баяры, Малыя Баяры, Баяры Дзікушкаўскія і тыпу Баяркі, Баярск.

4) Катэгорыя сялян у ВКЛ у 2-й пал. 17—18 ст. За надзел выконвалі павіннасці, плацілі чынш. Не былі асабіста свабодныя, не служылі ў апалчэнні і, па сутнасці, з’яўляліся прыгоннымі. Да канца 18 ст. многія баяры пераведзены на становішча чыншавых і нават цяглых сялян.

5) У Румыніі — феадалы і памешчыкі. Як клас ліквідаваны паводле закону аб аграрнай рэформе 20.3.1945.

т. 2, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІЯ КАТАЛІ́ЦКІЯ МІ́СІІ за мяжой.

Створаны пасля 2-й сусв. вайны па ініцыятыве бел. вернікаў з дазволу дзярж. улад тых краін, дзе яны жылі, і Ватыкана. Дзейнічалі ў Германіі (з канца 1940-х да пач. 1950-х г.; кіраўнік айцец Міхась Маскалік), Бельгіі (кіраўнік айцец Францішак Чарняўскі), Францыі (з 1946; кіраўнік айцец Леў Гарошка ў 1947—69, адначасова ў 1960—69 кіраўнік Беларускіх каталіцкіх місій Вялікабрытаніі) і Вялікабрытаніі (з 1947; кіраўнік Ч.​Сіповіч да 1960 і ў 1970—81). З 1982 Беларускія каталіцкія місіі Вялікабрытаніі і Францыі ўзначальвае айцец А.Надсон. Для беларусаў-католікаў зах. і ўсх. абрадаў на эміграцыі папа рымскі ўвёў пасаду асобнага Апостальскага візітатара (біскупы Б.​Слосканс з 1952, Сіповіч у 1960—81, У.​Тарасевіч у 1983—86, архімандрыт Надсон з 1986). З канца 1960-х г. (акрамя 1983—86) рэзідэнцыя Апостальскага візітатара знаходзіцца ў памяшканні Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане. Місія ў Вялікабрытаніі супрацоўнічала з Бел. акадэмічным каталіцкім аб’яднаннем «Рунь» (да 1960-х г.), супрацоўнічае са Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі, Англа-бел. навук. т-вам. На сродкі Ватыкана і ахвяраванні вернікаў у Лондане Беларускімі каталіцкімі місіямі куплены і абсталяваны Дом марыянаў (у гонар св. Дзевы Марыі), пры якім створана царква св. Пятра і Паўла, у 1971 адкрыта бел. бібліятэка імя Ф.​Скарыны. Па ініцыятыве Беларускіх каталіцкіх місій ў Лондане дзейнічала бел. школа для хлопчыкаў імя св. Кірылы Тураўскага (1961 — пач. 1970-х г.), у якой выкладалі уніяцкія святары Гарошка, Я.​Германовіч, Надсон, Р.​Тамушанскі, яны ж удзельнічалі ў выданні бел. рэліг.-грамадскага час. «Божым шляхам». Надсон выдае час. «Весьнік Беларускага каталіцкага душпастырства» (з 1986).

Л.​У.​Языковіч.

Да арт. Беларускія каталіцкія місіі за мяжой. Шыльда перад уваходам і інтэр’ер царквы св. Пятра і Паўла пры Доме марыянаў у Лондане.

т. 2, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)